epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Выбар старшыні

Ужо з самага ранку крычалі выбарныя. Многа выпілі гарэлкі, а яшчэ больш піва.

У воласці я застаў пісара і яго памочніка. Заглядаў сюды такжа дзед-стораж з чырвоным носам – табаку зажываў ды ў гарэлцы быў не дурань. Ён здзьмухваў пыл, прыбіраў, як перад Калядамі. Чакалі земскага.

А на «зборнай», як на кірмашы, гаманіў сход.

– Ось хіба сягоння пілі дык пілі! – кажа памочнік. – Гарэлку не чаркамі лічылі, а шклянкамі. Старшыня адразу даў дваццаць пяць рублёў, а калі выберуць яго, то яшчэ, казаў, дасць гэтулькі.

У нас ужо такі парадак: хто больш паставіць гарэлкі, той старшыня. А хто ж больш паставіць, як не багаты. Сяляне нашы таго не помняць, што гэтую выпіўку старшыня пасля ў тры разы верне. У нас яшчэ і так бывае: выберуць старшыню, а назаўтра тыя самыя, што выбіралі яго, прыходзяць цалаваць яму рукі.

– Дзын-дзын-дзын! Дзын-дзын-дзын! – земскі прыехаў.

Старшыня і пісар разам пабляднелі.

– Здраствуйце!

– Здравя жалаем, ваша сіяцельства!

Адзін выбарны здароўкаўся асобна. Усё ўжо сціхла, а ён, пʼяны як зямля, заікаецца, крычыць:

– Здраввя жжжалаю, ввваша пппббблагародддзе!

– Ну, каго хочаце мець старшынёю?

– Таго, хто і быў! – крыкнулі разам.

– Ладна! – кажа земскі.

Я думаю, што «ладна»! Калі б я быў на яго месцы, то і я сказаў бы «ладна»...

Старшыня стаяў белы як снег. Згорбіўся ў дзве пагібелі, як свіны татка.

Я бачыў яго да сходу: такі бравы, як генерал які. Я пазіраў на яго ды думаў: няўжо ж гэта той самы чалавек? Быць не можа! Той быў роўны, а гэты – як абаранак. Той хадзіў па воласці, як сам цар, крычаў, аж шыбы бразджалі, а гэты сагнуўся, як жабрак, і маўчыць, як немка, – толькі вачыма лыпае. Той быў таўсты, а гэты на цэлы пуд худзейшы. Як толькі пачуў ён моц сваю, павесялеў чалавек, выбраў мінуту, міргнуў пісару і язык высалапіў.

Земскі стаў нешта пісаць.

Здаецца, усё зрабілася добра. І трэба ж выскачыць якраз цяпер Піліпу, селяніну з чорнай барадою. Піліпа ў воласці не было, як выбіралі старшыню – выпіваў з сябрам.

Убег ён у воласць, як куля, стукнуў дзвярыма.

– Грамада! Ужо выбралі? Апанаса Кветку? Каб вам дошкі сабралі! Каго вы выбралі? Яшчэ мала выпіў у вас крыві?

– Ціха! – кажуць. – Тут жа земскі!

– А што мне ён? Але вы абармоты! Га-ааа? Ты старшынька? Сто рублёў прапіў! Каму трэба – падсунуў? Зноў кроў будзеш піць?..

Земскаму і старшыні хоць вазьмі засадзі туды вочы, дзе яны ніколі не сядзелі, а каб і сядзелі, то свету б не бачылі. А сход пазірае, як баран.

Беднага Піліпа пасадзілі ў халодную.

Гэтак пазалетась выбіралі старшыню каля Пінска. Паглядзім, як гэта цяпер будуць у нас выбіраць дэпутатаў у Дзяржаўную думу?

[1906]


[1906]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5