epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Выглядаеш ты яснай вясной..."

* * *

 

 

Выглядаеш ты яснай вясной,

Наша маці, краіна Саветаў!

А зірнеш на цябе, і з табой

Маладзее ўся наша планета.

Колькі слынных дарог ты прайшла!

Колькі велічных спраў учыніла!

Пад узмахамі крылляў арла

Твая творчая вырасла сіла.

І пад зрокам арліных вачэй

Ты скідаеш з дарог перашкоды,

Бо вядзе нас прарок чарадзей,

Каго славяць сягоння народы.

        Не сатруць і вякі тых страніц,

                Што ў гісторыю войн ты ўпісала,

І тваіх невычэрпных крыніц

Не запыніць чужая навала.

Няхай сыкаюць гады-вужы –

Ім не ўсплысці на шумныя хвалі.

Перад намі ж гараць рубяжы,

Ясным сонцам умытыя далі.

Перад намі бязмежны прастор,

З намі моладасць сілы юначай.

Дык да сонца, краіна, да зор

        З нашай вераю цвёрдай, гарачай!

Выглядаеш ты светлай зарой,

Наша маці, краіна Саветаў!

А зірнеш на цябе, і з табой

Маладзее ўся наша планета.

 

11/Х 1946


11.10.1946

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 4