epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

"Вылез з дзебраў звер лютушчы..."

* * *

 

Вылез з дзебраў звер лютушчы,

Выскачыў, клыкаты.

Застагналі нашы пушчы,

Нашы нівы, хаты.

Нібы чорны пыл з-пад хмары,

Рушыліся фрыцы.

Памутнелі ў смужнай гары

Рэкі і крыніцы.

Засвяціліся нябёсы

У злавесным бляску.

Біч вайны сеў на калёсы

І пагнаў каляску.

Дзе праедзе, — там руіны,

Попел, кроў і трупы,

Небу шле зямля навіны

Дыму чорным слупам.

 

[Жнівень 1942]


[08.1942]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945