epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З. Жылуновічу

Ноч сляпая, ноч-аблога

Зданню чорнаю астрога

Прыдушыла ўсё жывое.

 

Нікла ў цемрадзі дарога,

Даль глядзела злосна-строга,

Нібы ліха насланое.

 

Але выйшаў ты ў пуціну,

Каб за родную краіну

Цвёрда сцяг падняць чырвоны,

 

Каб да працы, да змагання

Клікнуць смела ўсіх дазвання,

Хто насіў ярмо прыгону,

 

Хто ў панурых нізкіх хатах

Век меў працу на багатых,

Сам галодны, сам бяздольны.

 

Ты іх ведаў, жыў іх доляй,

Ты гаіў іх сэрца воляй,

Свет паказваў новы, вольны.

 

Праўдай сталі твае мары,

Злыбедзь знішчана ў пажары

Гневу бурнага людскога.

 

Пасвятлела ў нашай хаце,

Але працы яшчэ, браце,

Засталося многа, многа!

 

[1923]


[1923]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938