epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З днеўніка пана Жылака

Запіскі С-га іграка

1 мая
2 мая
3 мая
6 мая
9 мая
30 мая


 

Пана Жылака зналі не толькі ў нашых тутэйшых закутках, але і далёка навокала. Гэта быў чалавек, каторы аставіў ва ўсіх надоўга, каб не сказаць на ўсё жыццё, памяць. Яго будуць памятаць і нашы і не нашы. Нават такі чэрствы і шорсткі чалавек, як наш крамнік Давід Рэзгін, і той уздыхне і пачухае патыліцу ўсякі раз, калі хто ўспамяне імя нябожчыка. Праўда, наш вялікі знавец душы чалавека, Гаронім Цыбаты, гаворыць, што ўздохі і пачухі патыліцы Давіда Рэзгіна маюць на гэта свае асобыя прычыны: нябожчык пакінуў Давіду шмат неаплачаных квіткоў, бо меў звычай браць напавер. Але не мае граніц людская злосць і лёгка кінуць чорную пляму на добрае імя чалавека; ды і сам наш душавед, Цыбаты, не сыскаў з нябожчыка 7 руб. 35 кап., каторыя той прайграў яму ў карты. Жылака хавалі з вялікім пыхам, а ўвечар таго дня яго сябры ўстроілі хаўтуры, і ўсю ноч звон чарак далёка нёсся поруч з душою нябожчыка, праводзячы яе туды, дзе ўжо спрадвеку прыгатавана ёй месца і адкуль ужо ніколі не знойдзе яна дарогі назад.

Я так патрэсены яго смерцю, што мой язык не можа сказаць і ценю таго, што выяўляў сабою нябожчык. Каб хоць крыху пазнаёміць вас з яго натураю, я скажу тут тыя словы, каторыя ўвечар былі сказаны нашым прамоўцам Антосем Гладышом. Навярнуўшы на званковага караля 10 кап. медзякамі, 10 срэбрам і падсунуўшы яшчэ залатоўку пад жывот каралю – «мазу» (якраз гралі ў тэхталя), Антось Гладыш падпадняў шклянку піва, нахмурыў лоб, затуманіў вочы і сказаў:

«Паноўе! Ці трэба казаць вам, якога сябра згубілі мы, якую страту панесла наша кампанія? Гэта быў няўтомны баец за «зялёным сталом». Ён аддаваўся картам усёю душою. Не задумваючыся, прайграваў ён грошы і ўсю пенсію за цэлыя месяцы ўперад. Ён гатоў быў прайграць усё, пачынаючы сурдутам і канчаючы порткамі. Гэта была натура, каторая не любіла спыняцца на палавіне дарогі...» Шкада толькі, што наш прамовец не скончыў сваю прамову: ніхто яго не слухаў, кожны пазіраў на свае карты. А ў гэтым месцы мовы Антосевай якраз выйшаў яго званковы кароль у чацвёртым радзе, і Антось Гладыш сам спыніў сябе, адвярнуўшы караля і гукнуўшы: «Руп сорак!»

Мяне бярэ крыўда за зневажэнне памяці нябожчыка. А мне хочацца паказаць вам нябожчыка ва ўвесь яго рост. Часта, як быў жыў, чытаў мне нябожчык свой дняўнік, куды ён запісваў усё, што было вартае ўвагі. Аднаму мне даверыў ён сваю тайну, тайну свайго пісьменства, і я не магу стрымацца, каб не падзяліцца з вамі яго багатай спадчынай, адкуль вы самі ўбачыце, якая душа тулялася ў яго кволым целе.

Вечны спакой табе! Няхай будзе так лёгка табе зямля, як была цяжка твая ігроцкая доля!

«Табе адной, мая кніжачка, давяраю я мае думкі, радасць і гора, – так начынаецца дняўнік Жылака. – Ты адна – мой лепшы друг. Нікому не скажаш ты нічога, хоць на кожнай страніцы я пакінуў часць самога сябе. Эх!..»

 

 

1 мая

Сягоння я ўвесь дзень вясёлы. Цэлую ноч ігралі ў карты ў Г. Выйграў 4 руб. 20 кап. Кладучыся спаць, я абмацаў у камізэльцы тры рублі. Не памятаю, як яны там апынуліся. Усё роўна як знайшоў іх на вуліцы. З радасці зайшоў да Пратаса і выпіў дзве бутэлькі піва.

 

 

2 мая

Чытаў я, не помню калі і не ведаю дзе, як лісіца ўхапіла курыцу. Вясёлая і давольная, падбягала яна да сваёй нары. Але нагнаў яе каршун і выхапіў яе дабытак. Гэтак сягоння здарылася і са мною: тое, што ўчора нагабляваў, сягоння спусціў Тамашу – ды яшчэ і сваіх прылажыў пяць рублёў. Мне такі і не хацелася садзіцца – усё роўна як чуў. Але нагналі чэрці гэту акулу. Ну, што ж? Адыграюся! Дома перамацаў усе кішэні: чакай, браце, Пятра – будзем сыр есці. Знайшоў адзін толькі медны траяк. Трэба адыграцца ды кінуць карты.

 

 

3 мая

Доўга не мог заснуць учора. А заплюшчыш вочы, – ось так і стаіць уваччу хрэставы ніжнік, вінная дзесятка і чырвенны кароль. Усю ноч сніліся карты, куча срэбра. Кажуць, сніць срэбра кепска: слёзы! Нёж я буду плакаць? І чаго бы? У Базыля, здаецца, збіраецца кампанія. Хіба паваражыць на пальцы, ісці ці не... Вываражылася ісці.

 

 

6 мая

Не люблю я іграць, калі банк трымае Андрэй Нагнётка. Як начне габляваць карты, як стане выкладаць іх! Проста як бы жылы выцягвае з цябе. Тыя карты, што застануцца ў калодзе, разложыць на стале і тады ўжо пачынае выкладаць рады. Паложыць і перш пазірае, сваю ці здаў. Калі і папраўдзе свая возьме, ён з такою любоўю адкідае яе. А не дай Божа, свая выйдзе ў апошнім радзе! «А кацянётка ты маё!» – гукае весела ён, скача і цалуе карту, а мы ўсе злосна шпурляем свае карты, бо кожнаму хочацца ўзяць дзевяты рад. Сягоння мне шанцавала, але я – дурань: не ўмеў ставіць, памажаш, але не тую. Быў выйграў 12 рублёў, потым спусціў, засталося толькі 35 кап. Добра, што хоць сваіх не прасадзіў.

 

 

9 мая

Мікола! Даў Бог добрую памяць: якраз успомніў, што сягоння імяніны ў нашага пісара. Павінен жа скора зʼявіцца Ёсель. Пашлю праз яго паздароўканне. (Ад аўтара: Ёсель у мястэчку С. – нешта падобнае да швейцара або, як у салдатах, да веставога: трэба каго паклікаць ці паслаць куды або папільнаваць адзежы, без Ёселя тут не абыдзешся.)

Вечарам у пісара сабралася цэлая кампанія. Былі тут пані і паненкі... Божа мой! Якія нашы пані! А паненкі! Эх, брат Жылак! закруціла табе голаў пісарава швагерка... Але ось ты маўчы: няхай сабе твая хата будзе з краю! Сабраўшыся, усе сядзелі моўчкам, як бы Бог змяшаў усім нам языкі, хоць мы і не думалі строіць вежу да неба. Ніяк не знаходзілі, аб чым гаварыць. Я пазіраў на кампанію. Бачу, кавалеры і дамы ўсё паціскаюцца ды пазяхаюць; так і відаць, што чагось-то не стае, але ўсе крэпяцца і маўчаць. Урэшце Міхась Заноза не стрываў. «Што бы? – кажа ён, – каб «абразікі» («абразікамі» ў нас завуць карты), то пачалі б габляваць». Занозу дружна падтрымалі. Прыняслі карты. Усе ажывіліся, на тварах засвяцілася жыццё. Селі за стол. Зараз усе забразгалі кецкамі, дастаючы грошы. Гралі ў дваццаць адно. Усякі раз, як да мяне прыходзіла чырвенная дама (пісарава швагерка), я йшоў па банку і ўсякі раз выйграваў. Кажуць, калі шанцуе ў карты, то не шанцуе ў любошчах. Чорт іх бяры з любошчамі! После вячэры – а за вячэраю выпілі багата – ігра пайшла яшчэ жывей: сталі рызыкаваць. Быў тут на імянінах якісь панок з двара. Ён трымаў банк. Антосю Гладышу здалося, што панок махлюе. Нічога не гаворачы, плясь ён яму ў морду! Панок рынуўся на Гладыша. Уся справа кончылася тым, што панок, каторага трымалі некалькі мужчын, плюнуў праз стол на Гладыша і апляваў яму нос. Па праўдзе сказаўшы, і трудна так плюнуць, каб не папасці яму ў нос: Бог не скрыўдзіў нашага Гладыша носам, – як шчыт, сядзіць ён на сваім месцы і закрывае сабою ўвесь твар. Не думаю, каб ён надта здаволены быў сваёю долею.

 

 

30 мая

Учора ўся наша кампанія моцна пажывілася. Заехаў сюды адзін чыноўнік. Чалавек ехаў у Мінск і вёз крыху грошай у казначэйства. Селі іграць у карты. Чыноўніка падпаілі. Як пайшоў ён іграць! Якая-то была ігра: як хто хацеў, так і махляваў. Назаўтра чыноўнік пазычыў у свайго знаёмага на дарогу грошай і паехаў. Эх, каб яшчэ Бог прывёў хоць са тры такіх чыноўнікаў! Ну, што ж? «У карцішкі няма брацішкі».

 

Рукапіс пана Жылака цягнецца яшчэ праз сорак страніц. Многа там выказана ўсялякіх разумных мыслей і думак. Але там найболей наш пісьменнік гаворыць аб сабе самім, і гэта можа даць матэрыял для цэлага расказа. Дык адложым хіба да другога разу.

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5