epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З падарожжа

Ты прыстаеш, вандроўнік, у дарозе?

Ну, што ж?! Прысядзь, спачынь

Ды вокам даль акінь, —

Твой скончан шлях, і ты ўжо на парозе.

 

Было ўсяго за часы вандравання:

І бур, і навальніц,

І радасных дзянніц,

Нягаданых відовішч і спатканняў.

 

І шмат збіраў ты скарбаў невідомых

        З людскіх сардэц і душ,

З палёў сваіх і пушч,

І нёс ты іх к свайму прытулку-дому.

 

А з скарбаў тых, як ткач з ніцей суровых,

Тканіну ткаў сваю —

Ці ў лесе, ці ў гаю,

Ці ў шуме ніў, ці ў зацішных дубровах.

 

Не ўсё ж дабро, набытае гадамі,

Сабранае трудом,

Данёс ты у свой дом:

        Шмат знішчана халоднымі вятрамі!

Не аднавіць яго, бо часу мала,—

Не вернеш сваіх страт!

Не падай духам, брат,

І новы скарб збірай старанна, дбала.

 

Ідзі з жыццём, вандроўнік, нага ў ногу,

Бо шмат ёсць маладых

Вандроўнікаў такіх, —

Благаславі ты іх у пуць-дарогу!

 

8/Х 1945


08.10.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 3 : Вершы, 1939―1945