epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З перапіскі прыстава і ўрадніка

Прыстаў піша да ўрадніка за № 100013:

 

С а к р э т н а:

 

За апошнія часы, як я бачу, вы там нічога не робіце, і можна чакаць, што вы зараз нават забудзецеся, на якой вялікай стаіце вы службе, забудзецеся, што вы павінны абараняць усё царства ад унутраных непрыяцеляў. Такім парадкам, можна падумаць, што ў вас папраўдзе ўсё спакойна, але гэта няпраўда, бо тады не патрэбны былі бы і вы з усімі вашымі стражнікамі. А тым часам да майго ведама даходзіць тое, чаго вы і не бачыце. У нядзелю на кірмашы мой сакратар зайшоў да Янкеля. Там сядзелі пяць хлопцаў з вашага ўчастка, пілі піва і на ўсю хату рагаталі. Толькі сакратар падышоў да іх, як яны ўсе разам сціхлі. Ён адразу ўбачыў тут нешта падазрыцельнае і стаў прыглядацца. Усе маўчком пілі піва, а Пятрусь Цыбук так хітра падсмехваўся, што мой сакратар тады ж і дагадаўся, што той Цыбук і ёсць глаўны загаворшчык. А дзеля таго прадпісваю зрабіць вобыск у Петруся Цыбука і ў тых, з кім ён сябруе. Калі будуць яны спрачацца і бунтавацца, то арыштаваць іх і прыгнаць да стану.

Падпісваю наглядаць за вашым вучыцелем і напісаць мне, што ён робіць і ці не ходзіць да мужыкоў. Поп казаў, што ў цэркві ён бывае. Але я думаю, што гэта з яго стараны хітрасць, і тым большы трэба за ім дагляд, бо не трэба забывацца, што ў ціхім балоце водзяцца чэрці.

 

Прыстаў Кулачынскі

 

Ураднік піша да прыстава за № 2457:

 

Прадпісанне Вашага Благародзія я споўніў, аб чым маю чэсць данясці. Як я прыйшоў да Цыбука, дык яго не было дома, а ў хаце сядзела жонка з бацькам. Я іх выселіў, а хату да часу запячатаваў. Пайшоў я да яго сяброў. Усе яны былі на гулянцы, толькі аднаго знайшоў дома, бо той быў хворы. У яго я і зрабіў вобыск. У скрынцы знайшоў дзесяцірублёвую бумажку, сарочку, двое портак і таму падобныя падазрыцельныя рэчы.

Ураднік Нагайкін

Да вучыцеля я прыставіў коннага стражніка, і той шмат ужо бачыў цікавага. Зранку вучыцель пайшоў на вёску. Пастух гнаў быдла і зняў яму шапку; вучыцель нешта пастуху сказаў, але стражнік не мог падслухаць. Тодар Тычынка, сустрэўшыся з вучыцелем, развітаўся. Трэба будзе ў гэтага мужыка зрабіць вобыск. Увечар вучыцель доўга чытаў, а потым нешта пісаў, я так думаю – ці не ў газету? Хаця стражнік увесь час стаяў пад акном, але ніяк не мог даведацца, што вучыцель чытае і піша.

Прыйшоўшы дахаты пасля вобыску ў Цыбука, я разглядзеў, што арыштаваў у яго не дзесяць, а ўсяго пяць рублёў золатам, каторыя маю чэсць прадставіць Вашаму Благародзію з усімі другімі падазрыцельнымі рэчамі.

Ураднік Нагайкін

[1907]


[1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5