epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

З турмы

Цесна мне тут, горка мне:

Просіць сэрца волі.

Плачуць думкі па вясне,

Хочуць лепшай долі.

 

Гэй ты, лес, хваёвы бор,

Бор густы, высокі!

Неба сіняга прастор,

Стэп яго шырокі!

Я да вас хачу, каб збыць

Ўсе мае нягоды

І свой голас разам зліць

З песнямі прыроды.

 

Люб мне поўдзень, цішыня

Раніцы прахладнай,

Крык у небе каршуна,

Ў высі неагляднай,

 

Луг шырокі над ракой,

Долы і паляны.

Рвуся к вам я ўсёй душой,

Родныя курганы!..

 

Гэй ты, лес, зялёны бор,

Бор густы, высокі!

Неба сіняга прастор,

Стэп яго шырокі!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910