epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Забастоўшчыкі

Акт першы
Акт другі


 

 

АСОБЫ:

 

Бас-Грэнка — тутэйшы настаўнік.

Падбрэхіч-Гарнак

Хрушч-Булыга Жывуць разам у школе.

Насенка

Пясецкі

Шумяка

Нічыпар

Лясун

Прут Настаўнікі з другіх школ,

Лукашык моладзь па 20-25 г.

Агата Гарэльская

Надзея Баханок

Настаўнікі.

Довід, крамнік.

Прыстаў, 35 г.

Ураднік, з сіваю барадою, тонкі, высокі.

Паліцэйскія стражнікі.

 

 

Акт першы

Кватэра настаўніка ў вясковай школе. Невялікі пакой. Каля аднае сцяны стаіць шафа з кнігамі. На шафе відаць глобус. Пасярэдзіне, бліжэй да аднае сцяны, насупраць акна, стаіць стол і канапа. На сцяне вісіць геаграфічная карта, каля яе скрыпка.

З боку ад скрыпкі на жалезным кручку нанізаны паперачкі рознага фармату. Некалькі простых крэслаў. На канапе пад прасціною спіць Булыга. Відны толькі валасы і ногі ў белых панчохах. Каля канапы яго камашы. Спіць нераздзеты.

 

Шумяка (уваходзіць з кіем, спыняецца на парозе, аглядае пакой). А дзе ж яны? Няўжо яшчэ не паўставалі?.. Э, там хтось ляжыць! (Ставіць у куток кій, ціхенька падыходзіць да канапы.) Каторы ж гэта з іх? А! Ды гэта ж Хрушч-Булыга!.. Пастой жа, брат: я цябе зараз падыму! (Казыча пальцамі ступні. Булыга парывіста прымае нагу. Шумяка прысядае, хаваецца за канапу.) Спіць!.. Мусіць, нядаўна з вячорак прывалокся. Хрушч! (Становіцца ў позу, громка дэкламуе.)

 

          Я пришел к тебе с приветом

          Рассказать, что солнце встало,

          Что оно горячим светом

          По листам затрепетало.

 

Ты яму хоць з гарматы страляй, не пачуе. (Знімае са сцяны скрыпку, становіцца над вухам.) Стой жа, брат, заспяваю табе з боскага што-небудзь. (Водзіць смыкам па скрыпцы і спявае.)

 

          Душе моя! душе моя!

          Восстани, что спиши?

          Конец приближается!

 

 

Булыга (заварушыўся, не падымаючы галавы). Каго там чэрці дрэнчаць? Пайшоў ты к чорту — спаць хачу!

Шумяка. Не, брат, дудкі: уночы трэба было спаць. Я, пане мой, ужо восем вёрст пехатою адтрапаў, а ён не выспаўся! Уставай ты, абібок! (Сцягвае прасціну.)

Булыга. Ты, Падбрэхіч! Вымятайся к чортавай галаве!

Шумяка (кладзе на стол скрыпку). Прадзяры свае лупы ды паглядзі, хто стаіць перад табою!

Булыга. А, вось чорт! Адкуль ты ўзяўся? Здароў, брат. (Здароўкаюцца.) А я гляджу, хто гэта такі. Думаў, што Гарнак.

Шумяка. А чаго ты ляжыш нераздзеты? Ці не з вячорак ты, брат, часам?.. Эх, Хрушч ты, Хрушч! Згубяць цябе бабы.

Булыга. Якія там у чорта вячоркі і якія там у ліха бабы! Мы, брат, за нач абход вялікі зрабілі: абышлі сёл з восем... Ёсць у цябе курыць? (Шумяка дастае папяросы.) Мы, брат, абкурыліся тут. У доўг залезлі к Довіду. І цяпер, як толькі згледзім яго рыжую бараду і доўгую канторскую кнігу пад пахаю, дык уцякаем ад яго, як ад Тамерлана,— хто куды: плаціць няма, брат, чым!

Шумяка (рагоча). Ах вы, галадранцы! Агалела ваша сябрына... А які ж вы абход рабілі?

Булыга. Гэ, брат: нічога ты не ведаеш!

Шумяка. Лісткі раскідалі?

Булыга. У нас тут цэлая машынэрыя заведзена... Жывеш ты там, як воўк, адзін.

Шумяка. Так, голубе, я трохі адзічэў. З прыродаю жыву адным жыццём... А дзе ж Алесь, Сымон?.. Дзе ваша камуна?

Булыга. Пазвалакаюцца зараз... Па гумнах туляюцца... А вось там тухкае нехта. Напэўна Грэнка ці Гарнак.

 

За дзвярыма тупат. Уваходзіць Сымон Гарнак.

 

Гарнак (да Шумякі). Шуміла! Вось маладзец, што прыйшоў. А я, брат, без цябе зусім замаркоціўся!

Шумяка. Ну?! Браток ты мой! Сваім прызнаннем ты мне проста душу ўскалыхнуў! Як маешся, мудрэц?.. Ці не хочаш і ты часам закурыць?

Гарнак (бярэ папяросу). Чорт яго, брат, ведае, як я маюся. У гурце нічога, а застануся адзін, дык моташна робіцца... Тфу, паскудства! Ты ведаеш, брат, які я сніў гадкі сон?

Булыга. Можа, зноў сніў, што без штаноў на курсы ў Мінск паехаў?

Гарнак. Не, брат, горш яшчэ... Тфу!

 

Шумяка і Булыга рагочуць.

 

Шумяка. Калі яшчэ горш, то напэўна дрэнны сон.

Гарнак. Паскудны сон! І трэба ж гэтакай гадасці звярзціся! Вы ведаеце, што я сніў? Здаецца, вуха адкусіў у нашага ўрадніка і еў!

Шумяка і Булыга. Ха-ха-ха!

Булыга. А бадай ты скіс разам са сваім сном!

Гарнак. Далібог! Жую, жую, а яно цвёрдае, як падэшва коўзаецца і на зубах рыпіць! Тфу!

Шумяка. А чаму ты босы, браце мой Сымоне?

Гарнак. Па-першае, і сам Хрыстос хадзіў босы, па-другое — хадакі свае стаптаў і па-трэцяе — босаму спрытней: больш маю шансаў ад Довіда ўцячы.

Шумяка. І даўся ж гэты Довід вам у знакі. Ён — проста нейкі ўладар вашых дум.

Гарнак. Ён, брат, быў раз аблажыў нашу камуну, але мы ў вокны кінуліся ды ў каноплях пахаваліся. Адзін толькі Бас-Грэнка ў палон папаўся, і Довід з гадзіну чытаў яму нашы распісачкі.

Булыга (падымаецца з канапы, бярэ камашы, разглядае іх). Эх, выскалілі зубы, камашыкі мае! Скора і мне прыйдзецца браць прыклад з Хрыста... Галота ты, галота настаўніцкая! Ні мыш, ні пацук не могуць каля нас пажывіцца... І праўда, брат: няма культуры там, дзе трудна жыць настаўніку... Слухай, Сымон: а што ў нас будзе сёння на абед?

Шумяка. Квашаніна з урадніцкіх вушэй!

Гарнак. Я ўжо ўночы наеўся, а вы сабе як хочаце.

Булыга. То кепскі ж з цябе бунтаўшчык, калі ты гэтак разважаеш.

 

Чуваць тупат. Уваходзяць Грэнка і Пясецкі.

 

Булыга. Смірна! Ідзе наш правадыр, вялікі дэмакрат!

Грэнка (басам). Го-о-о! (Здароўкаецца з сябрамі. Да Шумякі.) Мы, брат, тут намазваем калёсы: сёння штук з сорак адозвачак да сялян параскідалі. Няхай чытаюць.

Пясецкі. Няхай чытаюць і розуму набіраюцца.

Шумяка. А дзе ж вы іх узялі?

Пясецкі. Самі фабрыкуем.

Грэнка. Самі складаем і самі друкуем.

Булыга. І самі разносім.

Гарнак. Мы ўсё: пачатак і канец... Ты ведаеш, брат Шумяка, якая гэта была слаўная хвіліна! Ноч. Цішыня. А мы прыйшлі на бераг Нёмана, раздзеліся напалавіну і ўброд. Вада напірае на твае ногі і штось шуміць, як бы сярдуе за тое, што парушылі яе вольную плынь. І так гэта здорава адчуваеш сябе! Шыбуем у сёлы і раскідаем свае лісткі так, каб ні адзін з іх не прапаў... Прыемна, ведаеш ты, сама гэтая думка, што робіш справу добрую, і ў той жа час яна ёсць справа беззаконная з пазіцыі начальства.

Шумяка. Ён, браткі, расказвае, як паэт. Проста зайздросна мне.

Пясецкі. Го, наш Сымон! Яго, брат, не возьмеш за руб дваццаць.

Грэнка. А ведаеш што: пайшлі гутаркі паміж людзей.

Пясецкі. Забастоўшчыкі, кажуць, зʼявіліся, і скора пачнуцца пажары. Гутаркі пайшлі. Будзьце асцярожны. (Да Гарнака.) Да таго ж ты яшчэ і кудлаты.

Гарнак. Ну і чорт іх бяры з кудламі: не трэба будзе цырульніку плаціць.

Грэнка. Чуеш, што кажа наш Сымон?

Шумяка. Зʼеўшы ўрадніцкае вуха, і не так яшчэ скажаш.

Грэнка. Вуха? Ха-ха-ха! Якое вуха?

Пясецкі (да Гарнака). Ці не сасніў ты зноў чаго-небудзь?

Гарнак. Сніў, няхай яно прападзе. Сніў, што адкусіў вуха ў нашага ўрадніка і жаваў яго, а яно, падла, жорсткае, валасатае, аж хрыбусціць. (Плюе. Усе смяюцца.)

Пясецкі. Ён, як той біблейны Ёсіф, сніць прарочыя сны.

Булыга. А ну вас к ліху! Трэба лепш пайсці ды самавар паставіць. Добра таму, хто вуха зʼеў. (Выходзіць.)

Гарнак. Ідзі, Булыга, паклапаціся, брат. Няхай будзе над табою благаславенне даўнейшага Бога!.. А ведаеце вы, хлопцы, што? Ці не пападзем мы ў няволю да фараонаў? Ці не было гэта якое відзенне прарока Ісайі?.. Трэба запісаць. (Бярэ з шафы лісток паперы, садзіцца, піша.)

Грэнка. Ён у нас такім стаўся філосафам, што і самога Спінозу за пояс заткне. Унь бачыш? (Паказвае на кручок з паперачкамі.) На кожны дзень піша якую-небудзь мудрасць або афарызм і вешае на кручок. У яго там цэлая скарбонка мудрасці... Ну, што ты напісаў?

Гарнак. Чакай, брат! Не перашкаджай! (Гарнак піша, а ўсе пазіраюць і смяюцца ўголас.)

Гарнак. Ну, слухайце! Прароцтва Падбрэхіча.

Пясецкі. Булыга! Хадзі слухаць прароцтва Сымонава.

Булыга ўваходзіць.

 

Гарнак (чытае). Тако глаголе Падбрэхіч: «І прыйдуць на вас дні, калі ўрадніцкія вушы будуць вашаю страваю. Але закалоціцца сэрца ваша, і пабяжыце вы ў каноплі. Пад крыллямі рыз Довідавага лапсердака будзеце шукаць вы прытулку. І нападзе страх на вас, і трэпет напоўніць вашы косці».

Грэнка. А няхай цябе качка стопча разам з тваім прароцтвам.

 

Гарнак падыходзіць да кручка і вешае «прароцтва».

 

Шумяка. Весела тут у вас, хлопцы, хоць і бесталкова.

Гарнак. У нас тут «дом крамолы і бязбожніцтва».

Шумяка. Калі так, то давайце адслужым акафіст. Маю новы акафіст, напісаны спецыяльна для вашай парафіі.

Усе. Ану, давай, памолімся!

Шумяка. Дайце мне коўдру замест рызы ды пашукайце чаго-небудзь, чым бы можна было замяніць кадзіла.

 

Усе заварушыліся, бягуць шукаць патрэбных прыладаў. Грэнка нясе коўдру. Гарнак знайшоў на кухні стары старажоўскі лапаць замест кадзіла. Смех, шум, малады задор. Шумяка выбірае месца.

 

Шумяка. Калі я скончу літанне, то вы спявайце:

 

          Што рабіць нам з Мікалаем?

          Калі ж яго пахаваем?

          Ці сёлета, ці налета?

          Калі збудзем ліха гэта?

 

 

Спявайце на матыў «Житейское море». (Становіцца ў постаць папа, падымае вочы ўгору.)

 

 

          Як свет наш зʼявіўся,

          Людзьмі засяліўся,

          Ад сівага веку

          Не знаў чалавека,

          Магу пабажыцца,

          У заклад пабіцца,

          Каб ён так маліўся!

 

          Адслужым малебен,

          Ці ж цар нам патрэбен?

          Патрэбен ён, братцы,

          Як прус у аладцы,

          Як у мосце дзірка,

          Як з пілавін зацірка,

          Як лата на шапцы.

 

 

Прыпеў.

 

      Шумяка. Вечная пагроза,

          Цар — наша заноза.

          Цар завёў ахранкі,

          Думы-абяцанкі,

          А жандары-служкі

          Гнуць народ у дужкі.

          Лупяць скуру з Янкі.

 

          Хваліўся бясконца,

          Йдучы на японца,

          З мікады смяяўся,

          Усім выстаўляўся

          І кідаў мільёны

          На цэрквы, на звоны,—

          Без флоту застаўся.

 

 

Прыпеў.

 

      Шумяка. Вось ліха наперла,

          «Крамола» не змерла;

          Не жыць з залатоўкі,

          Пайшлі забастоўкі;

          Мужык жа рахманы

          Зрабіўся паганы,—

          Паліць паноў лоўка.

          Цар напужаўся,

          За Віту схаваўся,

          Пабеглі Рыманы, Міны,

          Царскія скаціны;

          Нагайкі, расстрэлы

          І лес штыкоў цэлы,—

          Цягнуць людзей на асіны!

 

          Пануй, Мікалае:

          Часіна такая,

          Трымайся прастолу,

          А будзе вас гола.

          Закончан малебен,

          Ты нам непатрэбен,

          Другі і апошні Мікола!

 

Прыпеў.

 

Шумяка (зачынае новы прыпеў, усе дружна падхватваюць).

 

 

          «Святый боже» по речке плывет,

          Аллилуйя перепархивает.

          Ой жги, ой жги, говори!

          Аллилуйя перепархивает!

 

 

Усе пускаюцца ўпрысядкі. Смех, шум. Адчыняюцца дзверы. Уваходзіць Насенка. Спыняецца на парозе, аглядае вясёлую кампанію. Трасе скруткам абаранкаў.

 

Насенка. Сей день, его же сотвори таракан, возрадуемся и возвеселимся в онь!

Гарнак. Ура, Насенка!

Булыга. Няхай жыве Насенка з абаранкамі!

 

Кідаюцца да Насенкі і гушкаюць.

 

Грэнка. Шкада, брат, што ты спазніўся, а мы тут такі малебен адслужылі, што аж небу горача было... Ну, хлопцы, будзем чай піць!

 

Усе заварушыліся, кінуліся па шклянкі, нясуць самавар, садзяцца за стол, пʼюць чай, распытваючы Насенку, дзе ён дастаў абаранкаў.

 

Грэнка (калі шум крыху ўлёгся). А нам, хлопцы, трэба было б сурʼёзна абмеркаваць нашу справу. Праўда, мы сабраліся гатавацца да навукі, але і гэтае работы не трэба кідаць. Работа наладжваецца. Грунт для работы ёсць добры. Сялянства прагавіта прыслухоўваецца, што робіцца ў дзяржаве, чакае змен і любіць гутаркі на палітычныя тэмы... Работу можна распачаць шырокую.

Шумяка. Гэта так. Але саму работу трэба павесці не такім шляхам, як мы вялі дагэтуль: кожны на свой розум. У аснову работы трэба палажыць нешта іншае. Затым трэба вызначыць і самую работу. Мы перш за ўсё — работнікі ў школе. Дык як быць: ці павесці работу праз школу, работу павольную, але пэўную, ці нам проста перанесці яе ў народ?

Пясецкі. А якую ты работу будзеш весці праз школу? Дзяцей агітаваць, ці што?

Грэнка. Нам проста трэба склікаць зʼезд, трэба самім арганізавацца і на зʼездзе вырашыць гэтыя пытанні.

Шумяка. Я з гэтым згодзен. Треба перш за ўсё прыцягнуць настаўніцтва, згуртаваць яго. Тады мы будзем — сіла.

Булыга. Усё гэта добра, але ці многа вы знойдзеце такіх настаўнікаў. Нічога з гэтага не выйдзе.

Пясецкі. Ну, як не выйдзе? І настаўнікі знойдуцца. Вось я ведаю такіх—Піліпчык, Баханок.

Насенка. Лукашык, Прут, Куль, Бязмен.

Грэнка. Ды знойдуцца хлопцы, аб гэтым няма чаго і гаварыць.

Гарнак. Я, браткі, у гурце на што хочаце пайду. Гатоў не толькі ўрадніцкія вушы грызці — гатоў усім прыставам паадкусваць іх. А вось як зашыюся ў сваё Заямнае, дык мяне і няма: пачынаю містыкаю займацца.

Шумяка. Запомні ты маё слова, Падбрэхіч, што ты некалі ў манастыр пойдзеш і там душу Богу аддасі.

Падбрэхіч-Гарнак. Не спрачаюся: і гэта магу зрабіць, бо людзі вельмі мала ведаюць саміх сябе. Але давайце, хлопцы, падкурым царскі лад, каб аж ад яго пыл пайшоў... Склікаць зʼезд!

Галасы. Так, трэба склікаць.

Грэнка. Ну, давайце! Перш за ўсё: дзе склікаць? Калі і якім парадкам склікаць?

Шумяка. Зʼезд можна правесці тут. Сяло наша досыць глухое, паліцыя далёка... Трэба выбраць бюро і даручыць яму апавясціць настаўнікаў, людзей пэўных і надзейных.

Грэнка (аглядае таварышаў). Ну, што? Хіба так і зробім? Давайце выбіраць бюро! Каго ў бюро?

Булыга. Грэнка, Пясецкі і Шумяка. Трох і хопіць.

Шумяка. Лепш выберыце Гарнака або Насенку ці Булыгу: вы тут разам жывяце, вам зручней.

Грэнка. Аб гэтым і спрачацца няма чаго. Няхай сабе я, Пясецкі і Гарнак.

Гарнак. Згодзен служыць грамадзе і жывот свой палажыць за другі свая!

Грэнка. Дык так і пастановім. А вы, хлопцы, нам дапамагайце. Трэба даць дараду, каго паклікаць. І вось аб настаўніцах — ці варта іх заклікаць: сярод іх мала ёсць свядомых. Хіба, можа, з вас хто ведае?

Насенка. Можна знайсці і добрых настаўніц. Не ведаеш ты іх... Го, брат, ёсць слаўныя дзяўчаты!

Шумяка. Хоць мала, але ёсць. Сярод іх ёсць не толькі з чырвоненькімі шчочкамі, але і з чырвоненькім душком.

Гарнак. «Не ўводзьце ў храм крамолы ні жанчыны, ні дзяўчыны, бо пойдуць сваркі паміж вамі», так напісана ў мяне на кручку.

Грэнка. Не, хлопцы! Мы заснуем моцную арганізацыю настаўніцтва на Беларусі. Мы першыя паложым камень у аснову гэтага вянца, і наш саюз разрасцецца ў моцную палітычнуго сілу. Мы захістаем апоры самаўладства!

Гарнак. Не захапляйся, Бас! Не будзь тым мужыком, што збіраўся лавіць зайца, каб прадаць яго і купіць свінню.

Грэнка. К чорту жарты! Няхай жыве настаўніцкая злучнасць!

Усе. Няхай жыве! Няхай жыве!

 

Уваходзіць Довід і спыняецца на парозе. Настаўнікі ўзварухнуліся.

 

Довід. Здрастуйце вам!

Насенка. Здароў, Довід, бацька ты наш родны! Каб ты ведаў, як рады мы цябе бачыць! Ну, проста як бы сонца выплыла з-за хмары! Як жывеш? Як гадуешся? Ці вялікі вырас?

Довід (дабрадушна). Х-хе-хе! Жыву памаленьку. Як маюцца гаспада настаўнікі?

Булыга. Злавіў ты нас, Довід, і ўцякаць нам няма куды, і цяпер мы — твае пакорлівыя слугі. (Уздыхае.) Але грошай, брат Довід, у нас няма, далібог няма.

Довід. Ну, то будуць, то будуць! Няма цяпер — будуць у чацвер.

Гарнак. А я, Довід, павінен табе падзякаваць: каб не ты, дык на свеце было б адным афарызмам меней.

Довід. Ну, і што гэта такое афарызм?

Гарнак. А гэта разумна выказаная думка, якая жыла ў галаве філосафа, а цяпер будзе вісець на кручку мудрасці. (Садзіцца пісаць.)

Довід. Ну, вы ведаеце навуку. (Дастае з-за пазухі доўгенькую кнігу і бляшанку ад цукерак, дзе зложаны распісачкі.) З гаспадзіна Грэнкі — пяць рублёў трыццаць сем капеек, з гаспадзіна Гарнака — два з палавінаю рублі, з гаспод Булыгі і Пясецкага — па чатыры рублі і з гаспадзіна Насенкі — тры рублі васямнаццаць капеек, а ўсяго — дзевятнаццаць рублёў пяць капеек.

Грэнка. Брыдка нам, брат Довід, перад табою! І доўг невялікі, і вядзецца даўно, але цяпер няма ні капейкі.

Довід. А можа, дасцё даручэнне на пенсію?

Булыга. Не бойся, Довід: усё заплацім. Пэвен будзь!

Довід. Я не баюся! Я не баюся! Я ведаю, што заплаціце.

Пясецкі. Праз месяц заплацім усё як ёсць.

Довід. Ну, праз месяц — то праз месяц... А можа, вам трэба добрага тытуню? Папярос? Уй, папяросы! Сам Лабоцкі іх купляе, пан Лабоцкі! (Дастае тытунь і папяросы.)

Булыга. Ну, нам на Лабоцкага напляваць, але хіба, брат, дай напавер.

Галасы. Напавер, Довідка!

Довід. Ну, напавер — то напавер. (Запісвае ў кнігу, устае, кланяецца, выходзіць.)

Пясецкі. Няхай табе ваш Іегова здароўя дасць. Ты адзін трымаеш нас на свеце.

 

Довід запыняецца, усміхаецца, ківае галавою, выходзіць.

 

Гарнак (чытае з лістка). «Калі ў доме сабралася шэсць чалавек, дык няхай пяць гавораць, а шосты на варце стаіць».

 

ЗАСЛОНА

 

Акт другі

 

Той самы пакойчык. За сталом сядзяць Грэнка, Гарнак, Пясецкі і Шумяка.

 

Шумяка. Многа вы чакаеце настаўнікаў на зʼезд?

Гарнак. Заклікалі трыццаць шэсць чалавек. А колькі іх прыедзе — не ведаю.

Пясецкі. Хоць бы палавіна прыехала — і то было б добра.

Грэнка. Збярэцца не меней дваццаці. А гэта ўжо, брат, лічбіна. І дванаццаць чалавек досыць, каб залажыць аснову саюза. А там далучыцца іх многа.

Гарнак. А мне нейк трохі страшна, але разам з тым і прыемна. Люблю я хадзіць над бяздоннем, каб зірнуць яму проста ў вочы. А ў нашым гэтым зʼездзе ўсё ж такі ёсць вялікая рызыка.

Грэнка. Трэба рабіць так, каб гэтай рызыкі было меней. І добра мы зрабілі, што паставілі вартаўнікоў. А покі яны на варце, мы можам быць спакойнымі.

Гарнак. А скажыце, хлопцы, праўду: няўжо ў вас няма ніякага страху? Не веру я. І якія з нас, кажучы праўду, рэвалюцыянеры?

Шумяка. Каб быць рэвалюцыянерам, трэба рабіць рэвалюцыйную справу.

Грэнка. Ты, брат Сымон, як бы на задворкі адыходзіш.

Гарнак. Не гарачыся, Бас. На задворкі я не адыду. Але мяне цікавіць наша псіхалогія: чаму мы робім іменна так, як збіраемся рабіць? І ці ёсць гэта сапраўднае развязанне задачы?

Грэнка. Глупства ты гаворыш! Калі над кожным пытаннем гэтак разважаць, то тады трэба прызнаць, што чалавеку не варта і на свеце жыць... Маўчы ты лепш.

Гарнак (смяецца). Мы яшчэ толькі збіраемся за волю ваяваць, а ты ўжо зачыняеш мне рот. Мяне цікавіць больш у гэтым выпадку, кажу, наша псіхалогія.

Пясецкі. Якая псіхалогія? Дайце разгарнуць філосафу таямніцы яго душы.

Гарнак (жартліва). Не, дыктатары! Не выкажу я вам мае думкі, бо грунт для яе цяпер неадпаведны. Я напішу яе ў форме афарызма, павешу на кручок, а вы потым прачытаеце. Той кручок ёсць родны кут мае мудрасці. А на сваім сметніку і певень гаспадар.

 

Уваходзяць Лукашык і Лясун.

 

Грэнка. Го-о! Прыляцелі першыя ластавачкі.

Лясун. Здарова, малайцы!

Лукашык. Здарова, запарожцы! (Аглядае пакойчык.) Дык вось яно, тое гняздо, адкуль вылятаюць моцныя, як арлы!.. А скажыце праўду, запарожцы: не сцапае тут нас паліцыя часам?

Грэнка. Не, смелы будзь: у нас вартаўнікі стаяць. Калі што — дадуць нам знаць. Булыга і Насенка на варце.

Гарнак. А калі і сцапае, дык не цябе ж аднаго. Трэба ж каго-небудзь сцапаць. На тое ж яна і паліцыя.

Лукашык. Так ці іначай, а ты мяне заспакоіў. І ты кажаш праўду: трэба ж і ёй на свеце жыць і хлеб есці.

Гарнак. Філосаф філосафа з паўслова зразумеў, што паміж філосафамі бывае вельмі рэдка.

Убягае Насенка.

Насенка. Гэй, хлопцы, ура! З Сярэдняй гары спускаецца армада педагогіі. Ідуць і песні зажарваюць. І, здаецца, Нічыпар іх вядзе. І дзве настаўніцы з імі.

Сярод настаўнікаў рух.

 

Грэнка. Бачыце, хлопцы, справа наша ідзе... Не, браткі, трэба толькі разварушыцца, шчыра аддаўшыся рабоце, тады можна многа чаго зрабіць.

Гарнак. Трэба іх спаткаць дастойна, а Нічыпара ўшанаваць.

Грэнка (грозна). Кінь, Сымон, свае жарты. Нідзе ты без іх не можаш абысціся. Тут справа сурʼёзная, і да яе трэба адносіцца сурʼёзна. Не траба камедыянцтва!

Гарнак. Вялікае і малое, трагічнае і смяхотнае поруч ходзяць.

З двара даносіцца песня.

 

 

          Всё, чем держались их троны,—

          Дело рабочей руки;

          Сами набьём мы патроны,

          К ружьям привинтим штыки.

 

 

У пакой уваходзяць настаўнікі, чалавек дзесяць.

 

Нічыпар. Здарова, хлопцы. (Бярэ за рукі настаўніц.) А гэта вось... Настаўніцы — па адной на тысячу. Знаёмцеся, хто не знаёмы. Агата Гарэльская; за яе гаворыць яе прозвішча, яна гарыць агнём рэвалюцыі. Баханок Надзея, але не ўсім яна надзеі падае.

Гарэльская. Нашто так урачыста? Мы людзі ўсе свае. Здарова, калегі!

 

Здароўкаюцца, знаёмяцца. Насенка падносіць настаўніцам крэслы. Грэнка пакашлівае баском, падае наперад грудзі, прымае больш кавалерскую постаць. Пакойчык напаўняецца настаўнікамі. Пэўны час стаіць шум, тупат, разбіраюць крэслы, прысаджваюцца, некаторыя стаяць.

 

Грэнка. Сядайце, сябры, дзе пападзецца, у нас тут не дужа многа мэблі. Але, паціснуўшыся, месца знайсці можна.

Насенка. Няхай жывуць настаўніцы! Толькі поплеч з жанчынамі і можна перавярнуць дагары нагамі царскі трон.

Прут. Жанчына — душа мужчыны; яна наша натхненніца на вялікія справы.

Нічыпар. Няхай жыве рэвалюцыя! Няхай жывуць рэвалюцыянеры!

 

      Шумяка. Разбурым крэпасці і троны,

          З астрогаў мы сабʼем замкі.

          З парфіры царскай залачонай

          Пашыем мы сабе парткі!

 

Галасы. Брава! Брава!

 

Агульны шум. Грэнка, Шумяка, Пясецкі і некалькі прыезджых настаўнікаў аб чымся ціха размаўляюць.

 

Лукашык. Сябры! А можа, мы не будзем зводзіць час? Прыступім да справы, бо многія з нас не могуць доўга заставацца — на поезд спяшаюцца.

Пясецкі. Таварышы! Дазвольце слова! (Шум ціхне.) У нас ёсць ужо дзевятнаццаць чалавек. Я думаю, што болей не будзе.

Галасы. Не будзе болей!

Пясецкі. Дык, можа, мы і прыступім?

Галасы. Просім! Просім! А дзе будзе адбывацца зʼезд?

Нічыпар. Як дзе будзе адбывацца? Тут!

Лясун. А можа б, мы пайшлі куды-небудзь у лес, у месца больш спакойнае і зацішнае?

Нічыпар. Не быў бы ты Лясун! Цябе ўсё ў лес цягне. Якога чорта цягацца туды? Ты думаеш, на цябе ўжо ўся паліцыя глядзіць? Тут будзем — і баста.

Гарнак. Маладзец, Нічыпар! Не дарма ж ты з японцамі ваяваў — так і відаць ваяку!

Грэнка. Таварышы-калегі! Меры забяспекі намі прыняты. У нас варта прызначана. А наша сялянства — народ свядомы: добра ведае, што настаўнік — не вораг яму, і ліха нам ніхто не зробіць.

Гарнак (напаўголасу). Не пераскочыўшы, не кажы гоп!

Грэнка. Ну, разумеецца, за кожнага паручыцца нельга. І вы, едучы сюды, я думаю, не хваліліся, куды і чаго едзеце?

Гарнак. Цямна вада ва облацэх.

Грэнка (да Насенкі). Таварыш Насенка, станавіся на варту.

Голас. Хутчэй, хлопцы! Будзе вам антымонію разводзіць. Тут дык тут.

Пясецкі. Тады дазвольце мне, як сакратару нашага бюро па скліканні на зʼезд, абвясціць наш першы арганізацыйны настаўніцкі зʼезд адчыненым. Прашу абраць старшыню і сакратара. З свайго боку, я лічу патрэбным назваць кандыдатуру Грэнкі. Па-першае, зʼезд гэты склікан па яго пачыну; па-другое — ён тут гаспадар і па-трэцяе — «калач» ён цёрты: сам на зʼездзе быў, праўда, на дваранскім, але прадстаўніком ад сялянства. І на зʼездзе выявіўся з лепшага боку: узбунтаваў усе воласці Мінскага павета супраць дваран.

Галасы. Грэнка! Грэнка! Старшыня — Грэнка, а сакратар — Пясецкі.

Пясецкі. Хто за Грэнку, прашу падняць рукі. (Падымаюць усе.)

Пясецкі (афіцыйна да Грэнкі). Таварыш Грэнка! Прашу весці наш сход.

 

Грэнка займае месца. Яго сустракаюць воплескамі. Ён сурʼёзны, усхвалёваны.

 

Грэнка. Шчыра вам дзякую, сябры, за гэты гонар, што вы мне аказалі, за гонар быць старшынёю першага ў гісторыі беларускага настаўніцкага зʼезда. Перш чым прыступіць да работы, прашу, сябры, устаць і заспяваць «Вихри враждебные».

Усе ўстаюць і спяваюць.

 

Грэнка. Нам трэба выбраць сакратара — весці пратакол зʼезда. Прашу назваць кандыдатаў.

Нічыпар. Просім Пясецкага. Ён ужо быў сакратаром бюро, сакратарскую справу ведае, піша добра, гаворыць складна...

Галасы. Пясецкі! Пясецкі!

Грэнка. Стаўлю на галасаванне.

Галасы. Нашто тое галасаванне?

Грэнка. Сябры, захоўвайце парадак! Хто за Пясецкага, падыміце рукі. (Усе, як адзін, падымаюць рукі.) Таварыш Пясецкі, прашу сюды. (Пясецкі садзіцца за стол, бярэ паперу.) Сябры! На нашу долю выпала быць сведкамі вялікіх сацыяльных зрухаў. Мы перажылі хвалю забастовак, зямельных бунтаў і мяцяжоў у самой апоры самаўладства — сярод войска. Захісталася карона на царскай галаве, і быў момант, калі здавалася, што гэтая карона вось-вось спадзе з галавы. Але выйшлася не так. Стары, спарахнелы парадак знайшоў яшчэ сілы абараніць сябе і заліць агонь рэвалюцыі крывёю. Мы ведаем імёны царскіх генералаў: Арлова, таго, што папсаваў усю справу царскіх стратэгаў пад Мукдэнам і прывёў да паражэння армію; Гершэльмана, Думбадзе і другіх «ісцінна рускіх» гасільнікаў святла і новай праўды. Мы ведаем таксама, што і настаўніцтва не было глухім у гэтым змаганні. Мы ведаем, што многа настаўнікаў пасаджана ў астрогі і выслана ў Сібір. Але ці могуць гэтыя кары запалохаць нас? Ці могуць яны стрымаць бурлівыя крыніцы новага жыцця? Няхай не цешыць сябе стары лад тым, што дзявяты вал мінуў! Рэвалюцыя прыдушана, але не задушана. (Воплескі.) І мы, настаўнікі, цела ад цела і косць ад косці народа, павінны спытаць сябе: што ж нам рабіць? Да якога стану далучыцца нам? З кім нам ісці: з народам ці з тымі, хто ідзе супраць яго дамаганняў? Сябры! Трэцяе дарогі нам няма. І калі мы скажам: у нас ёсць свая справа ў школе, мы будзем несці святло ў цемру народа, а народ, асвечаны праз школу, сам вызначыць свой лёс, дык мы ўпадобімся страусам, што хаваюць галовы ў пясок падчас небяспекі, і, выбраўшы такі шлях, мы адыдзем ад народа. Хістання тут не можа быць: або з народам, або супраць народа. Мы павінны на нашым зʼездзе падумаць аб гэтым і сказаць сваё слова. Тое настаўніцтва, што вырвана з нашых радоў, паказвае дарогу, па якой павінна ісці наша работа. Гэта — дарога змагання, дарога рэвалюцыі. (Воплескі.) А каб гэта работа была больш спорная, яна павінна весціся па пэўным плане, а гэты план у нас толькі будзе тады, калі мы будзем абʼяднаны ў настаўніцкім саюзе... Няхай жыве настаўніцкі саюз! (Воплескі.) Хто хоча выказацца да гэтым пытанні?

 

Усе маўчаць. Лукашык чухае галаву, хоча штось сказаць, але не адважваецца.

 

Гарэльская. Дазвольце мне.

Грэнка. Будзьце ласкавы.

Гарэльская. Наш старшыня ў сваёй прамове вельмі ясна акрэсліў нам дарогу. І мне здаецца, што мы, не трацячы на гэта многа слоў, павінны вынесці пастанову такую: зʼезд прызнае патрэбным арганізаваць настаўніцкі саюз і прыняць актыўны ўдзел у палітычнай рабоце. А затым, каб сама работа стала больш плённай, мы павінны звязацца з пэўнай палітычнай арганізацыяй, якая ўжо даўно вядзе такую работу і мае ў гэтым сэнсе і практыку, і сілу, і сродкі і можа значна нам дапамагчы. Вось такая мая думка. (Воплескі.)

Лукашык. Дазволь і мне слова.

Грэнка. Слова мае сябра Лукашык.

Лукашык. Так-то яно так, але трохі і не так. Усё гэта добра. Але калі мы ўвойдзем яшчэ ў зносіны з якой-небудзь арганізацыяй, як нам тут кажуць, і гэта стане вядома «властем предержащим», — а што яно стане вядома, аб гэтым не можа быць і спрэчкі,— дык ад нас не застанецца і пылу. І гэтым самым мы так пашкодзім справе, што потым і не паправіш. Далей. Я не згодзен і з сябрам Грэнкам, які даводзіць, што калі мы павядзем культурную работу, дык адыдзем ад народа. Наадварот, такая работа толькі і патрэбна, толькі ў гэтай рабоце і можна быць карысным. Што ж мы можам рабіць? Чытаць газеты...

Гарнак. «Гражданіна» манархіста князя Мяшчэрскага. (Смех.)

Прут. «Свет» Камарова.

Голас. З Грынгмута што-колечы. (Смех.)

Лукашык. Ёсць газеты і лепшага гатунку.

Шумяка. Напрыклад, «Знамя» Крушаванава.

Лукашык. Мне, урэшце, усё роўна, але праўду сказаць трэба. (Змаўкае і хаваецца.)

Гарнак. Брат філосаф! Не давёў ты сваёй філасофіі да канца. Напішы і павесь на мой кручок мудрасці. (Смех.)

Нічыпар (рашуча). Я хачу сказаць!

Грэнка. Слова належыць сябру Нічыпару.

Нічыпар. Аб чым тут доўга церабіць языкамі? Трэба нам саюз? Трэба! Дык давайце так і пастановім. А што гаворыць Лукашык, дык таго і слухаць не варта. Раз ты ідзеш у саюз, дык усё роўна шыбануць цябе, калі дазнаюцца аб гэтым. А што ты газеты хочаш чытаць, дык чытай колькі ўлезе, не чытай толькі тых, што тут называлі. І няма ўжо чаго хітрыць: пусціўся Мікіта ў валакіту, дык ідзі і назад не азірайся. Вось я як мыслю! (Шумныя воплескі.)

Прут. Сябра старшыня, дайце слова.

Грэнка. Слова мае сябра Прут.

Прут. Сябры! Мы сабраліся не дзеля таго, каб разважаць, якія газеты чытаць, а якія не чытаць. Мы раскіданы па вёсках, па глухіх кутках. Паміж намі няма ніякіх зносін, няма таварыскага абʼяднання. Ці ж можам мы, раскіданыя па адным, уяўляць сабою якую-небудзь грамадскую сілу? Адзін у полі, кажуць, не воін, але трэба зрабіць так, каб і адзін у полі стаўся воінам, воінам за пэўныя грамадскія ідэалы. Так, сябры, кіснуць, як кіслі мы дагэтуль, нельга. Прыспеў час, калі настаўнік павінен сказаць сваё слова. Трэба расчыніць вочы народу і паказаць яму, каго ён носіць на сваім карку і што бярэ за гэта ў адплату. А калі мы можам зрабіць гэта? Толькі тады, калі мы, як правільна казалі тут, будзем абʼяднаны, калі кожны з нас за сваёю спінаю будзе чуць падтрыманне сяброў, калі мы будзем, хлопцы, граць у адну дудку. Усе за аднаго і адзін за ўсіх! Нам тут казалі, і мы гэта самі ведаем, што нашага брата многа сядзіць у астрогах. А што зрабілі мы, каб падтрымаць сваіх калег? Чым дапамаглі мы ім? Нічым. А чаму? Таму, што мы — клёпкі тае бочкі, на якой няма абручоў. Такім абручом і можа быць наш саюз. Гэты саюз — патрэба, вымаганне жыцця. Дык давайце ж, сябры, злучымся ў гэтым саюзе, вызначым свае задачы і прыступім да работы цеснымі радамі! (Воплескі.)

Грэнка. Мне здаецца, сябры, што гэтае пытанне ўжо досыць высветлена.

Гарэльская. Прашу слова для прапазіцыі.

Грэнка. Будзьце ласкавы.

Гарэльская. Я прапаную прыняць такую пастанову: настаўніцкі зʼезд прызнае патрэбным утварыць саюз настаўнікаў, паставіўшы сабе пэўныя заданні,— аб іх мы будзем потым гаварыць,— і далучыцца да ўсерасійскага саюза настаўнікаў.

Баханок. Я далучаюся да гэтай прапазіцыі.

Лясун. Тут трэба акрэсліць больш пэўна тыя заданні, аб якіх гаворыцца ў прапазіцыі.

Шумяка. Давайце мы прымем прапазіцыю ў аснове, а прэзідыуму даручым зрабіць канчатковую рэдакцыю. А потым мы заслухаем яе і зробім тыя ці іншыя папраўкі.

Грэнка. Тут фактычна дзве прапазіцыі: прапазіцыя і прапазіцыя да прапазіцыі.

Гарнак (напаўголасу). Наш галава вашаму галаве галавою галаву разбіў.

Грэнка. Тады дазвольце паставіць на галасаванне прапазіцыю Гарэльскай. Хто за гэтую прапазіцыю, падыміце рукі.

 

Усе падымаюць рукі.

Грэнка. Прапазіцыя прынята. Цяпер хто за тое, каб даручыць прэзідыуму канкрэтна вызначыць задачы нашага саюза?

Падымаюць рукі.

Грэнка. Прынята. Цяпер, сябры, нам трэба мець нейкі кіраўнічы апарат нашага саюза, сталае бюро, якое б вяло справы нашага саюза,— словам, прыдаць яму нейкі юрыдычны твар. Гэтае бюро трэба выбраць на доўгі тэрмін, самае меншае на адзін год, у складзе: старшыні, сакратара, па адным намесніку іх і скарбніка, а ўсяго пяць чалавек. Можа, у каго ёсць другія праекты?

Нічыпар. Мне здаецца, што досыць і трох чалавек,— тым болей, што саюз наш покі што невялікі, а з часам бюро можна будзе і павялічыць.

Галасы. Даволі будзе трох!

Грэнка. Ёсць дзве прапазіцыі: выбраць сталае бюро з пяцёх чалавек — мая прапазіцыя, і прапазіцыя сябра Нічыпара — з трох чалавек. Галасую сваю прапазіцыю. Хто за тое, каб бюро выбраць з пяцёх чалавек, падыміце рукі. (Лічыць.) За маю прапазіцыю шэсць чалавек. Хто за тры? Ну, большасць за тры. Значыць, бюро будзе з трох чалавек. Прашу назваць кандыдатаў.

Галасы. Грэнка! Шумяка! Гарэльская! Пясецкі!

Пясецкі. Нічыпар! (Запісвае.)

Грэнка. Ужо ёсць пяць кандыдатаў.

Галасы. Просім галасаваць!

Грэнка. Першая мая кандыдатура. Сябра Пясецкі, прагаласуй! (Збіраецца выйсці.)

Гарэльская. Я прашу маю кандыдатуру зняць.

Галасы. Просім! Просім не адмаўляцца.

Гарэльская. Я буду прасіць зʼезд уважыць маю просьбу і маю кандыдатуру зняць. Я лічу, што, жывучы далёка, я не буду магчы працаваць акуратна. А тут у вас ёсць злітнае ядро.

Грэнка. Нам было б вельмі пажадана, каб вы былі ў складзе нашага бюро; гэта мела б уплыў на далучэнне ў наш саюз настаўніц.

Гарнак. Не так настаўніц, як настаўнікаў.

Грэнка. Як лічыць зʼезд: ці можна ўважыць просьбу таварыша Гарэльскай?

Прут. Я, сябры, лічу, што наогул у склад бюро павінны ўвайсці тыя, хто бліжэй жыве, каб лягчэй маглі збірацца. З гэтае прычыны просьбу Гарэльскай трэба ўважыць.

Грэнка. Хто за тое, каб зняць кандыдатуру таварыша Гарэльскай?

 

Галасаваннем кандыдатура Гарэльскай знімаецца. Грэнка выходзіць.

 

Пясецкі. Хто за Грэнку, падыміце рукі. Выбраны аднагалосна. Паклічце сябра Грэнку.

 

Грэнка ўваходзіць, яго сустракаюць воплескамі.

 

Грэнка. Цяпер галасую Пясецкага.

 

Пясецкі збіраецца выйсці.

 

Нічыпар. Навошта гэта цыганская цырымонія? Усё роўна выберам, я ўжо вось падымаю дзве рукі.

Галасы. І мы!

Грэнка (махае рукою). Выбраны. Хто за Шумяку? (Усе падымаюць рукі.) Ітак, у бюро выбраны: Грэнка, Пясецкі і Шумяка. (Воплескі.)

Нічыпар. А ўжо ролі свае вы размяркуеце самі: хто скарбнік, хто старшыня і сакратар. Затым, ці нельга было б зрабіць невялічкі перапынак?

Грэнка. Паступіла прапазіцыя зрабіць перапынак. Таварышы! Нам засталося яшчэ абмеркаваць памер членскіх узносаў. Нам грошы патрэбны будуць на розныя справы. Я думаю — мы скончым гэтае пытанне, тады і зробім перапынак.

Галасы. Давайце так!

Грэнка. Я думаю, сябры, што членскі ўзнос павінен быць не менш трох рублёў у год.

Галасы. А калі грошы ўносіць?

Грэнка. Першы ўзнос, я думаю, трэба зрабіць на працягу месяца. Дык як, сябры, па тры рублі не будзе многа?

Галасы. Заплацім! Унясём.

Грэнка. Другіх пытанняў няма?

Галасы. Няма!

Грэнка. Абвяшчаю перапынак на пяць хвілін. Далёка не расходзьцеся, сябры. За гэты час прэзідыум падрыхтуе пратакол зʼезда, а потым у нас будзе сяброўская закуска.

 

Настаўнікі ўстаюць, частка выходзіць, частка застаецца. Каля настаўніц збіраецца гурток. Чуецца смех, жарты. Настаўніцы выходзяць. Грэнка і Пясецкі застаюцца за сталом. Да іх падыходзіць Шумяка. У пакоі застаюцца Гарнак і адзін з прыезджых настаўнікаў.

 

Пясецкі. У мяне пратакол, можна сказаць, гатовы.

 

Утрох чытаюць, радзяцца паціху, папраўляюць.

 

Нічыпар (уваходзячы). Дзівак гэты Лукашык. Я думаў, ён хлопец нішто сабе, аж ён здорава дрэйфіць.

Прыезджы. А што ж ты думаў? Тут, брат, калі што, па галоўцы не пагладзяць.

Нічыпар. Дык не было чаго і ехаць. А то хоча быць рэвалюцыянерам і ў начальства пашану мець.

Гарнак. Лагоднае цялятка дзвюх каровак ссе.

Сыходзяцца настаўнікі. Некаторы час шум.

 

Грэнка. Сябры, увага! Сакратар прачытае пратакол.

Пясецкі (устае). Пратакол першага настаўніцкага зʼезда 9 ліпеня 1906 г. На зʼездзе было 19 чалавек. Выслухаўшы даклад аб сучасным палітычным стане ў дзяржаве і аб ролі настаўніцтва, якую яно павінна выпаўніць, зʼезд пастанавіў:

1. Арганізаваць настаўніцкі саюз. Саюз ставіць сваёю бліжэйшаю задачаю абʼяднанне ўсяго актыўнага настаўніцтва на Беларусі.

2. Каб работа саюза ішла ў згодзе з работаю ўсерасійскага саюза настаўнікаў, зʼезд пастанавіў далучыцца да ўсерасійскага саюза настаўнікаў.

3. Задачаю сваёй чыннасці зʼезд ставіць: змаганне з царскаю ўладаю ў інтарэсах вызвалення народа з-пад уціску дваранства і капіталістаў; вызваленне школы ад яе старых традыцый і ўхілаў, нязгодных з патрэбамі часу і інтарэсамі народа.

4. Для кіравання справамі саюза выбраць бюро ў складзе трох асоб тэрмінам на год. Бюро склікае зʼезды настаўнікаў па меры патрэбы.

5. На расходы па справах саюза рабіць членскія ўзносы ў размеры 3 рублёў у год. (Садзіцца. Воплескі.)

Грэнка. Якія папраўкі хто хоча зрабіць?

Галасы. Прымаецца.

Насенка (уваходзячы). На гарызонце нідзе ніякага чорта не відаць. Усё спакойна.

Грэнка. Сябры, прашу падпісаць пратакол.

Гарнак. Каму абрыдла жыць на свеце, ідзіце і падпісвайцеся.

Пясецкі. Мне як сакратару трэба было б распісацца апошнім, але я распішуся першым. А той, хто распішацца апошнім, будзе палічан за сакратара. (Падпісваецца.)

 

Настаўнікі збіліся каля стала.

 

Гарнак. Пусціце настаўніц распісацца, вахлакі! Ніякае ў вас пашаны да кабет!

 

Настаўніцы падпісваюцца і выходзяць. За імі ідзе Булыга.

 

Грэнка. Сябры! Праз паўгадзіны будзе вячэра. Будзьце ласкавы, прыходзьце вячэраць.

 

Застаюцца Нічыпар, Пясецкі, Гарнак, Шумяка, Грэнка, Лясун і некалькі прыезджых настаўнікаў. Пратакол ляжыць на стале.

 

Гарнак (разглядае подпісы). Не распісаўся адзін Булыга.

Грэнка. Ну, чорт яе бяры з паліцыяй: сваю справу мы зрабілі. Абы-толькі пратакол у рукі ім не папаў... Ну, хлопцы, трэба ж нам да вячэры гатавацца.

 

Дзверы з шумам і парывіста адчыняюцца. Высокі, тонкі, худы, як кашчэй, ураднік з крыкам: «Ні з месца!» кідаецца на пратакол. Пясецкі прабуе схапіць таксама, але пратакол застаецца ў руках урадніка. Следам урываецца 10 паліцэйскіх стражнікаў і прыстаў. Крыкі: «Рукі ўверх!» Грэнку стражнікі з двара прыводзяць у пакой.

 

Грэнка (да прыстава). Якое маюць права вашы слугі прыкладамі біцца?

Прыстаў. Во-первых, не мои слуги, а во-вторых, кто вам велел в окно кидаться?

 

Гарнак стаіць з паднятымі ўгору рукамі. Яго трасуць стражнікі. Другія стражнікі выкідаюць з шафы на стол кнігі і паперы. Ураднік знімае з кручка афарызмы Гарнака, чытае і перадае прыставу.

 

Прыстаў (прабягае іх вачыма і чытае ўголас). «Урадніцкія вушы будуць вашаю страваю». Гм! Это пахнет максимализмом!.. К делу! (Перадае стражніку.)

Гарнак. Ці нельга, гаспадзін прыстаў, да гэтага прароцтва дабавіць яшчэ адно?

Прыстаў. Что вы хотите добавить?

Гарнак. Самы канец: «І меч архангела загародзіць вам дзверы раю».

Прыстаў. Это теперь и так ясно. (Чытае далей.) «Калі ў доме сабралася шэсць чалавек, дык няхай пяць гавораць, а шосты на варце стаіць». Совет разумный. (Зласмешна.) А вас девятнадцать человек собралось, а вы ни одного караульного не поставили!.. Вот как оно бывает! (Чытае другі лісток.) «Калі ўсякая ўлада ад Бога і калі прыстава лічыць за ўладу, дык скажу вам, другі мае, усунуў Бог уладу, як у пень яловы». (Прымае позу абурэння.)

Голас. Праўда!

Прыстаў. Н-да! Не особенно проникнуты здесь уважением к законной власти. (Чытае далей.)

 

 

          Ганчакамі па Русі

          Прыставы лятаюць

          І цкуюць: «Кусі-кусі!»

          І людзей страляюць.

 

 

Это — оскорбленне агентов правительственной власти, честных слуг отечества!.. Да, гнездышко, доложу вам! (Злосна.) Не гоняя вас, бунтовщиков и крамольников, сам рискуешь быть загнанным в тюрьму!

Ураднік. Адседава, ваше высокоблагородие, исходит всяческая крамола и прокламации.

 

Урываецца Булыга.

 

Булыга. Насілу давёў гэтым вось дулупетням, што я — крамольнік: не хацелі пускаць мяне сюды... А дзе наш пратакол? (Аглядаецца.) Дзе, пытаюся, пратакол? Я ж яшчэ не распісаўся! Гаспадзін прыстаў, дазвольце пратакол! (Бярэ пратакол ад урадніка, садзіцца і распісваецца, робячы вялікі росчырк.) Наце вам пратакол і ведайце, які я слаўны чалавек. (Варочае пратакол.)

 

Нічыпар перахватвае пратакол і ў момант вока рве яго і кідае кускі ў розныя бакі. Стражнікі кідаюцца да Нічыпара, настаўнікі скубуць шматкі пратакола, некаторыя бяруць у рот кусочкі паперы.

 

Прыстаў. Собрать клочки протокола!

Ураднік. Ваше высокоблагородие! Они их скушали.

Прыстаў (у злосці). Сволочи! Перестреляю, как собак!.. А вы, подлецы, как упустили такой важный документ? Негодяи!.. Арестовать крамольников!

 

Паліцыя акружае настаўнікаў.

 

Прыстаў. Ведите их!

Нічыпар. Хлопцы! Паходную песню. (Падхватваюць разам: «Смело, товарищи, в ногу!»)

Прыстаў (замыкаючы працэсію). Заткнуть им глотки!

 

Каля школы зʼяўляецца натоўп сялян. Паліцэйскіх, што канваіруюць настаўнікаў, акружаюць варожа настроеныя сяляне.

 

Селянін. Невадок закінулі? Не чапаць нікога. Вон! Арыштаваць нашых настаўнікаў не дазволім.

 

ЗАСЛОНА

[1924]

 

 

 

 

 


[1924]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Якуб. Збор твораў: у 20 т. Т. 15: Пʼесы. - Мінск: Мастацкая літаратура, 2011. - 788, [3] с.