Я хворы, нядужы, прыкован к пасцелі,
Зачынен мне свет,
Няўжо мае песні і дні адшумелі,
І сам я адпет?
У пару клятушак прастор мой замкнёны,
Спыніўся мой воз.
Халодныя шыбы, як дзед утрапёны,
Заткаў мне мароз.
І бачу я цьмяна, як гойдаюць хвоі
Тканіну галін...
Дык як жа ты будзеш у добрым настроі?
Адзін ты, адзін...
Ляжу ці сяджу я, ці проста шнурую,
Як воўк у смугу.
Забыць жа Былінку, дружачку старую,
Ніяк не магу.
І ўсюды ж, усюды і заўжды я з ёю –
І ў яве і ў сне...
Ці помніш, Былінка, будзь шчырай са мною,
І ты аба мне?
25/ХІІ 1947