epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Захад сонца

У полі цішае. Лес засцілаецца памалу лёгкаю, рэдкаю сеткаю змроку, стаіць, не скалыхнецца ні адною галінкаю, ні адным пажаўцеўшым лістком сваім. Над зямлёю ўздымаецца белы пар і лёгкаю пялёнкаю дыму звісае над полем на вышыні палавіны лесу. Народ пачынае схадзіцца ў вёску то па адным, то па два, то цэлымі кучамі; ідуць, моцна гавораць, смяюцца і напаўняюць ціхае поле вясёлым смехам і гоманам.

Стадкі ідуць з поля. Бягуць трушком свінні, рухкаюць, падымаюць па вуліцы пыл і рассыпаюцца па дварах. За імі ідуць авечкі, бляюць усякімі галасамі, а ззаду важна ступаюць кароўкі, жуючы жуйку (жвачку). Дзеці аж гіжаць на вуліцы, ганяюць авец, громка смяюцца і пераклікаюцца. Вёска зноў ажывае. Заскрыпелі калодзезі, падняліся высока роўнымі слупкамі дымкі з комінаў. Голас людскі, мыканне кароў і бляянне авец – усё злілося ў адзін гул і гоман. На траве і лісці няўзнаку выступаюць чысценькія капелькі расы.

А сонца зусім нізка, здаецца, адным сваім краем упіраецца ў зямлю. Патух яго яркі днеўны бляск, і само яно зрабілася чырвонае, круглае, вялікае. Вось ніжняя часць яго ўрэзваецца ў вузкую тонкую палоску хмаркі і выплыла, перарэзаўшы яе. Палоска, як абручык, як паясок, прыходзіцца ўжо пасярэдзіне. Вось яно хаваецца глыбей і глыбей у зямлю. Адну толькі палавіну яго відаць, ды і тая ўсё звужаецца, і вось адзін толькі яго беражок блішчыць над зямлёю. Яшчэ мінута – і ён схаваецца, патухне, як апошняя іскарка на вугольчыку, зыдзе, як апошні вясёлы смех з чыстага твару добрага чалавека. Толькі роўны, светлы слупок уздымаецца над ім, ды і той скора меркне, бляднее, расплываецца, зліваецца з светла-чырвонаю палоскаю неба. І ўвесь Божы свет накрываецца чорнаю коўдраю ночы. З-за лесу чуць-чуць выразаюцца чорныя хмары няроўнымі грудамі рознай формы, з яркімі, як абцягнутымі залатою тасемкаю, краямі.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5