epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Заклад

I
II


I

 

 

Сабраліся вечарам хлапцы. Гаварылі аб тым і сім. У канцы зайшла мова пра страхі. Многа страшных здарэнняў гаварылі хлопцы.

– Усё гэта выдумкі! – кажа адзін хлапец – Апанасам зваўся.

– А ты хіба не баішся? – абярнуліся к яму хлопцы.

– А вось і не баюся! – смела прамовіў Апанас.

– А калі ты і ўзапраўду смелы, то схадзі на могілкі.

– А то мо і не пайду?

Хлапцы паспорылі і залажыліся на кварту гарэлкі.

– Ну, дык бяры гвоздзь і сякеру і прыбі яго да крыжа.

Узяўшы цвек і сякеру, Апанас пайшоў. Могілкі былі не вельмі далёка ад сяла. Адышоўшыся троху, Апанас пачуў нейкі невядомы страх. Ён крэпіцца і ідзе далей. Чорная ноч ляжала кругом. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся ў полі на пясчаным узгорку і нудна пазіралі скрозь густую цьму сваімі пахіліўшыміся старымі крыжамі, каторыя смутна вырэзываліся ў пацёмках. Пераскочыўшы вал, каторым абведзены былі могілкі, Апанас стаў, аглянуўся ўкруг, прыслухаўся. Усё было ціха. Падышоў Апанас пад адзін крыж і стаў убіваць цвек. Убівае, а самому здаецца, што нехта працягівае да яго рукі. Кроў прыйшла яму ў галаву. «Цяк-цяк-цяк!» – стукае сякера па галоўцы цвека. Адагнуўся Апанас, каб ісці – дзержыць яго нехта за палу. «Ай!» – дзікім голасам закрычаў ад страху Апанас. Пачулі хлапцы і кулем кінуліся на могілкі ратаваць сябра.

– Чаго ты?

– Трымае нехта, браткі, за палу.

Хлапцы падышлі бліжэй. І што ж яны ўбачылі?

Апанас са сполаху прыбіў да крыжа сваю палу.

Хлапцы адчапілі яго і прывялі дахаты.

Як расказалі яны пра гэту штуку, дык дзяўчаты чуць верацёнамі не запаролі беднага Апанаса. А смеху было, смеху! Нават сам Апанас нарэшці не вытрымаў і стаў смяяцца сам над сабою.

– Ось, каб ты згарэла! От табе і страх.

 

 

II

 

Проста-такі не шанцавала нашаму Апанасу ў гэты вечар!

Як толькі ўсё ўгаманілася ў хаце, Апанас, каб апраўдацца, кажа, што каб ён не закладаўся, то нічога гэтага не было б. Закладацца ў такіх выпадках ніколі не трэба, бо пэўна спалохаешся.

– А то ж, няможна! – кажа Алена, самая смелая і шустрая дзяўчына ў сяле. – Закладацца-то можна, але не такім хвато́м, як ты.

Меж Апанасам і Аленаю завязалася спорка. Хлапцы і дзяўчаты ўзялі руку Алены.

– Ну, Алена, не паддайся Апанасу!

– І не паддамся! Хоць вот цяперачкі йду ў заклад на што хочаце, – крычыць Алена.

– Ся! – кажа Апанас. – Калі ты такая смелая, то пайдзі прынясі вады з тае крыніцы, што за цэрквай.

– А мо не прынясу?

Другі заклад.

Кінула Алена прасніцу, за збан і пайшла.

Апанас ціхачом за ёю, узлажыўшы белы кажух. Прытуліўся ён за вуглом, чакае Алену.

Алена, як і не было таго, зачарпнула вады і йдзе...

Шусь Апанас ёй насустрэчу і стаў на дарозе.

Алена як дзяржала збанок з вадою, дык і выліла яго ўвесь на белы кажух Апанасаў.

– Дзе ж твая вада? – пытаюць Алену.

– На Апанаса выліла ўсю.

Брыдка было Апанасу і ў хату паказацца.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5