epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Закліканне вясны

Ты прыйдзі, вясна жаданая,

Прыйдзі!

Гукам жыцця, песняй працы

Загудзі.

 

На узгоркі, на нізіначкі

Зірні,

Сон трывожны, сон цяжкі наш

Разгані.

 

Ты нясі нам радасць, сілачку

        Нясі,

Нашу ленасць і нядбаласць

Атрасі.

 

Ты ляці на крыллях выраю

Скарэй,

Абласкай цяплом пахілых,

Абагрэй.

 

Наша жыцце, нашу долечку

Пабач,

Над жытамі цёплым дожджыкам

        Заплач.

 

Пракаціся громам-грукам

Угары.

Ты ідзі, нясі цудоўныя

Дары.

Узбагаць ты добрым засевам

Наш край.

Ты прыйдзі і з намі дружна

Заспявай.

 

Ўскалыхні ты струны сэрцайка

        Жывей,

Каб было нам жыць на свеце

Весялей.

 

Дык ідзі да нас, жаданая,

Ідзі,

Раскатурхай нашу дрэму,

Абудзі!

 

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938