epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зіма

 

Эх ты, зімэнька-зіма!

Непагодная была:

Ні праехаць, ні прайці,

Ні коніка правесці!

(З народных песень)

 

 

 

Крэпка скаваў мароз голую зямлю, зрабіў яе цвёрдай, як камень. Вымерзлі лужынкі, высахла гразь; халодная кара лёду крэпка легла на рэкі і азёры. Цвёрдую пасцельку прыгатаваў мароз для мяккага белага снегу. Чакае ўсё гэтага снегу, каб закрыцца хоць гэтай халоднай коўдрай ад пякучага марозу.

Вось падуў сівер, і папаўзлі па небе снегавыя хмары, сівыя, лёгкія, як дым, халодныя, непрыветныя, і завалаклі ўсё неба. Вось, ціха лётаючы па ветру, закружыўся белы, лёгкі пушок, камячок снегу, перавярнуўся некалькі разоў, памкнуўся з аднае стараны ў другую, як бы выглядаючы лепшае мейсца, і нячутна лёг на мёрзлую зямлю. За ім паказаўся другі, трэці, і ўсё часцей, усё гусцей залёталі гэтыя белыя, халодныя матылёчкі зімы і пасыпаліся на зямлю. І як жа многа іх закружылася ў небе! Аж пабялеў воздух, і белая сетка сплятаецца з іх. Валяць і валяць белыя сняжынкі; адзін аднаго пераганяюць гэтыя харошанькія камячкі, злепліваюцца ў воздусі і кладуцца на зямлю. Борзда бялее зямля. Снег роўнаю пялёнкаю кладзецца на хаты, на гумны, на парканы, на плоты, на шулы, на ўсё, што ні сустрэне прад сабою.

Назаўтра, праз ноч, выходзіш на двор. І пазнаць трудна Божы свет: так адмяніў яго снег! Гляньце на шулы! Дапраўды, аж смешна: стаяць усе ў рад і ў кожнай наверсе па белай шапцы-кучомцы; стаяць, назіраюць, усё роўна як у госці прыйшлі. На стрэхах ляжыць цэлы слой снегу, як хто палотны парассцілаў. Куды ні кінь вокам, усюды бела і бела, аж вочы адбірае. Вун стары лес. Адзеўся, прыбраўся, як у свята, і глядзіць, як немаведама хто. Проста дзіваў натварыў гэты снег-жартаўнік: цэлае войска прывёў за ноч старых баб і дзядоў!

Прыціхла рэчка, і закрыў яе зусім снег, так што і берагоў не відаць. Усюды, куды ні глянь, адна белая пялёнка снегу. І луг, і поле, і горкі – усё засыпана белым халодным пухам.

Весела выскачылі на вуліцу з хаты дзеці. Рады яны першаму снегу. Бегаюць, крычаць, пхаюць адзін аднаго ў гурбы, кідаюцца снегам. Але з зімою малыя жарты: шчыпне яна і за нос, за вушы, і бягуць дзеці са двара ў хату.

– На печ лезьце! – крыкне на іх бацька ці маці.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5