Белым снегам замятае
Вецер чорныя палі,
Нібы вопратку ўздзявае
Шыр прасторная зямлі.
Мяккі снег лятае пухам,
І канца яму няма,
І нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.
Зачыняйце шчыльна хату,
Каб не дзьмулі халады,
На акно пляціце мату,
Каб не клаў мароз сляды.
Даставайце з вышак сані –
Гайда сцежкі праціраць
І па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!
Ды кладзіце рукавіцы –
Дзе з марозам жартаваць!
Рады белай мы зіміцы,
Рады з ёю ваяваць.
Гэй вы, коні, гэй, малыя!
Што заснулі? Весялей!
Гэй, у скочку, залатыя!
Варушыцеся жывей!
1906–1907