epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зіма ў вёсцы

Выйшаў першы снег і таўстым слоем закрыў зямлю. Выйшлі мужчыны з хаты з лапатамі і давай прачышчаць сцежкі к хаце, к гумну і хлеву. Кончылі сваю работу калёсы і стаяць дзе-небудзь пад паветкай або ў гумне да самае вясны. Іх замяняюць сані. Дастаюць іх мужычкі з вышак; апраўляюць заваратні, круцяць новыя з лазовых дубцоў або з куска вяроўкі; прымайстровываюць аглоблі. Прыбраўшы і наладзіўшы, едуць у лес па дровы ці ў зарабаткі, праціраюць першыя зімнія дарогі. Сані нячутна плывуць у мяккім снезе, весела хрыпяць і пырхаюць коні, дружна бягуць, толькі белыя кумячкі снегу ляцяць ва ўсе староны з-пад іх капытоў.

Жонкі ў хаце робяць сваю работу. Прадуць кудзелю, лён, воўну. Кароткія зімнія дзянёчкі. Толькі што развідніцца як мае быць – глядзіш, ужо поўдзень, а там і вечар. Дзяўчаты з прасніцамі збіраюцца вечарамі дзе-небудзь у хаце прасці кудзелю. Колькі смеху і шуму там, дзе збярэцца маладзёж! А прыйдуць яшчэ хлопцы – жарты і смешкі не зводзяцца ні на мінуту. А то пачнуць спяваць песні, казаць казкі. Акружаць дзяўчаты якую-небудзь старэнькую бабку. «Цётачка, раскажы нам казачку!» – просяць яны старую. А старая на першых парах не згаджаецца, потым пачне доўгую-доўгую казку, за ўвесь вечар не дойдзе нават да канца. І часам такіх нагаворыць страшных казак, што дзеўкі дадому баяцца ісці.

[1906-1907]


[1906-1907]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5