epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Злавіў!

 

Запісаўшы апошні радок прызыўных спісаў, пісар Павал Дурундовіч разагнуў спіну і далёка працягнуў пад сталом ногі.

– Канец, і Богу слава! – сказаў пісар і шпурнуў на стол ручку. Зірнуўшы на гадзіннік, ён борзда падняўся, сказаўшы:

– О-о-о!

Было каля поўначы. Стораж Грыгор даўно ўжо спаў, разваліўшыся на падлозе зборнай каля дзвярэй. З таго кутка, дзе ён спаў, вылятала столькі ўсялякіх зыкаў, што трудна было паверыць, каб усе яны выляталі з аднаго чалавека.

Цяпер толькі пісар звярнуў на гэта ўвагу і, зачыняючы шафу, сказаў, зірнуўшы ў бок стоража:

– Маладзец: сам іграе і сам сабе ўторыць! Ігрышча, дый годзе!

У спальні пісара даўно ўжо чакаў ложак з мяккім матрацам і з высока ўзбітымі падушкамі. Запаліўшы свечку, пісар раздзеўся і лёг у пасцель, гайдануўшыся разоў пару.

– Харашо, чорт вазьмі! – сказаў пісар, пацягваючыся, і прыемнае адчуванне агульнага здавалення ахінула ўсё яго цела.

Патушыўшы свечку, пісар да грудзей толькі нацягнуў лёгкую коўдру, бо на дварэ і ў хаце было душна, як у лазні.

Колькі мінут пісар ляжаў спакойна, думаючы аб сім і тым. Яму было добра: непрыемная работа – прызыўныя спісы – закончана, – земскі начальнік знайшоў усё ў парадку; рэвізія таксама нічога кепскага не адшукала. Адным словам, папаў у тую паласу жыцця, калі чалавеку шанцуе і ўсё ідзе, як па пісаным. І сон, салодкі сон, з мінуты на мінуту гатоў быў замкнуць яму вочы.

Але чуць толькі стаў ён драмаць, як па спіне борздзенька прасунулася маленькая, чорная, жвавая жывёлка, усё роўна як там закраўся чарток і паказытаў каласком.

Пісар цапнуў усёй жменяй па тым месцы, дзе прапоўз няпрошаны госць, моцна націснуўшы на спіну. Маленькі вораг пстрыкнуў і прапаў.

Трошкі счакаўшы, зноў пачуў пісар лёгкі сверб, ужо на назе, як бы хто запускаў туды павольненька тонкую голачку. Прыгнуўшы нагу, каб спрытней было злавіць скочку, пісар раптам накрыў пальцамі свярбеўшае месца і, крэпка націснуўшы, павёў па назе. Праклятая жывёлка зноў уцякла. Не паспеў ён як мае быць пачухаць нагу, як засвярбеў адразу і карак і бок, цяпер ужо шмат мацней, як бы яго секанулі крапівою. Сон пісараў адразу прапаў.

– Бадай вас агонь высмаліў, як вы смаліце! – сказаў пісар, з сілаю хапаючыся за карак.

Пісараў карак быў валасаты. Ловячы скочку, ён незнарок скрабянуў сябе за валасы, ды так моцна, што чуць не крыкнуў ад болю. Гэтак, бывала, калі ён быў малы, нябожчык дзядзька паказваў яму, як «даюць квасу». Уся гэтая гісторыя скончылася тым, што пісар узлаваўся.

– А каб вас маланка папаліла! – сказаў ён і падняўся.

Абмацаўшы на століку запалкі, пісар запаліў свечку і адвярнуў коўдру. Жвавыя скочкі разам скаканулі ва ўсе бакі і пахаваліся; толькі адна разы тры кульнулася па падушцы, і пісар разы тры накрываў яе, але спрытная скочка кожны раз шчасліва выкручвалася ад сярдзітай пісаравай рукі. Ператрос ён усе бэбахі на пасцелі, але нічога не злавіў. Хоць бы адна гадаўка папалася, хоць бы злосць спагнаў. Абрэвізаваўшы пасцель і ўласныя пазухі, пісар зірнуў на сцяну. Там павольна, не спяшаючыся, поўз клоп. Здавалася, што ён сабраўся ў вялікую дарогу, толькі што не было ў яго палкі і клумка.

– А, гад! А пашпарт у цябе ёсць? – спытаўся пісар і падскварыў яго свечкаю.

Падняўшы свечку ўгору, пісар азірнуў увесь пакой. Праз вокны глядзела чорная ноч. Вакол было ціха. Толькі з другога ложка чулася мернае сапенне яго жонкі, ды з-за сцяны Грыгор не пераставаў спраўляць ігрышча.

– І скочкі іх не кусаюць! – пазайздросціў пісар і зноў патушыў свечку.

Колькі моманту пісар ляжаў з адкрытымі вачыма. Сон ужо не ішоў да яго. Але памаленьку пісар зноў пачынаў сцішвацца; напалоханыя скочкі прытаіліся і покуль што не чапалі, і ён ужо забываў пра іх. Як бы гэтага толькі яны і чакалі: толькі што ён павярнуўся на другі бок, як нешта крэпка-пякуча ўкусіла яго за жывот. Пісар аж падскочыў.

– Ах, каб на вас Бог халеру напусціў! – вылаяўся пісар.

А тут за сцягняк як утне!

– Бадай вас маланка папаліла! А бадай вас пярун пабіў! – сярдзіта бубніў пісар і варочаўся, як мянёк на скаварадзе. Цяпер пісар не паспяваў чухаць пакусаныя месцы. Усюды яго цялі: за ногі, за рукі, за спіну і бакі. Павёўшы праваю рукою па левым баку, пісар абмацаў нешта і крэпка прыдушыў пальцам.

– Трасцу ты цяпер выкруцішся! – зларадасным голасам прагаварыў пісар.

Схапіць у пальцы ён не адважыўся, бо чуў, што варта толькі зрушыць палец, як яго здабыча ўцячэ. А пусціць – шкада: яна адна можа дваццаць разоў укусіла яго. Трэба злавіць брыду і хоць паздзекавацца з яе.

Якраз прачнулася і жонка.

– Ты не спіш, Оля? – спытаў пісар жонку, не здымаючы рукі.

– Не.

– Дык устань, брат, запалі свечку і падыдзі сюды.

– Што там у цябе?

– А вось ідзі – будзеш ведаць.

Жонка паднялася з пасцелі.

Запаліўшы свечку і зірнуўшы, як пісар трымаўся за бок, жонка была спалохалася. Але ён быў здароў, бо пазіраў весела, як і ўсякі, хто злавіў злодзея.

– Ты ведаеш, Оля, качаюся гадзіны дзве, ніяк не засну. Скочак у нас, як пяску. А цяпер я нешта злавіў, і чорт яго ведае што.

– Адкуль тыя скочкі? Хіба клешч, бо ты ж любіш гэтыя маёўкі ў лесе. Пакажы!

– Свяці ж сюды!

Сабраўшы ўсе сілы, пісар яшчэ раз прыдушыў свайго ворага і паволі стаў браць пальцамі. Увабраў. Пацягнуў – не адрываецца.

– Клешч, каб ён згарэў! – сказаў пісар.

– Пакажы, – прамовіла жонка і нагнулася, а пісар адняў руку.

– Ну?

– Цьфу, дурань, гэта ж бародаўка!

[1913]


[1913]

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 5