epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Зло — не заўсёды зло

Цэлае лета вісеў Жолуд на старым дубе.

Бог ведае, як далей, а пакуль ён быў малы, вялікага гора зазнаць яму не прыйшлося. Праўда, на яго тады ніхто не зварачаў і ўвагі: як быццам яго і на свеце не было. Толькі сонейка, выглянуўшы з-за лесу, узіралася ў яго і песціла сваім цяплом, бы тая маці.

А калі, бывала, яно прыпякала надта горача — любоў часта пераходзіць свае граніцы,— маленькі Жалудок хаваўся ў цяньку густых лістоў, як пад парасонам, і яму заўсёды было добра.

Так і вісеў ён непрыметна.

Але ж, урэшце, вісець яму абрыдла.

Яно такі і праўда: як бы там ні было добра, але калі гэтае дабро цэлы век застаецца без усякай змены, дык яно перастае быць дабром. Гэтак было і з Жолудам: захацелася яму іншага жыцця, так і цягнула яго саскочыць з галіны і пакачацца па мяккай зямлі. Не раз ужо ён парываўся зрабіць гэта.

Сказаўшы праўду, трохі Вецер у гэтым вінаваты. Бывала, ледзь узыдзе сонца, гэты жартаўнік і штукар Вецер зараз і падкрадзецца, але так, каб не чуў стары Дуб, і пачне баламуціць Дубовых сынкоў. Што казаў Жолуд — не ведаю.

Вецер быў смялейшы і гаварыў грамчэй. Вось што ён шаптаў раз Жолуду:

— Дурны ты! Я пражыў на свеце болей вякоў, як лістоў на гэтым дубе, і кажу табе: калі ў цябе ёсць сілы, ты заўсёды знойдзеш спосаб жыць на свеце і прабʼеш сабе дарогу. — Што жывое, жывым і застанецца.

А стары Дуб тым часам гаварыў так:

— Сынок! Патрывай яшчэ трошкі, падрасці, уздужай. О! Ты яшчэ не ведаеш, як цяжка жыць на свеце. Паслухай мяне, старога.

Вядома, бацька: шкада яму сына.

— Не пускае бацька, — ціхенька шаптаў Жолуд на намову Ветру.

І трэба ж было, каб пра гэтую гутарку прачулася свіння! Раз, ужо зусім пад восень, Жолуд убачыў, як пад дуб, рохкаючы, трушком падбегла лапавухая асоба. Углядзеўшыся добра, Жолуд абамлеў: на зямлі ляжала шмат такіх жа, як і ён, жалудоў, і свіння хрумстала іх без усякай літасці. На тое ж яна і свіння, даруй Божа грэх.

З вялікага страху бедны Жолуд задрыжаў, вылузаўся з місачкі і ўпаў на зямлю ў двух кроках ад свінні! Але ўпаў ён якраз у тую яміну, што вырыла свіння сваім доўгім лычам.

І вось што выйшла: свіння хацела паесці жалуды — і памагла вырасці аднаму Жолуду, вырыўшы яму пасцельку. Жолуд на другі год прарос і стаў дубком, а свінню людзі закалолі, і яна стала мясам.

1912


1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7