epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Жніўныя песні

Жарыць сонца без літосці,

Варам пыша ад палёў,

Трэцца жыта ў пыл на просце,

Зерне сыплецца далоў.

 

Хоць бы хмарка дзе на небе,

Хоць бы рэдзенькі цянёк!

І без часу ў цвёрдай глебе

Спее грэчка і лянок.

 

Душна ў полі і маркотна.

Постаць жоўтая хлябоў

Ціхім шолахам гаротна

Просіць жнеек і сярпоў.

 

Вось прыйшлі і жнейкі ў поле.

Заскакаў крывы сярпок,

І панёсся на прыволлі

Жнейчын звонкі галасок,

 

Сакавіты і пявучы,

Як вясенька, малады,

А тон жаласны, цягучы,

Поўны жальбы і нуды.

 

І панёсся ён мяжою,

Вольны будзячы прастор,

Потым скаргаю-слязою

Ў неба вырваўся, замёр.

 

Колькі смутку ў песні жніва!

Хто той смутак парадзіў?

Ці жыцця лёс нешчаслівы,

Ці журба сялянскіх ніў?

 

Ці ты, поле, грунт няплодны,

Горам песню абвілі,

Каб аб краі нашым родным

Мы забыцца не маглі?

 

1/VIII 1912


01.08.1912

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 2 : Вершы 1911―1938