epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Жніво

Сялянскім жанчынам

Рэдкае збожжа, травы палавіна,

Колас не гнецца зярном да зямлі.

Знаць, нешчасліва была та часіна,

Як кідалі зерне сяўцы па раллі.

 

Выйшлі на поле вось жнеі з сярпамі,

Ў лапцях лазовых, а хто без лапцей;

Ніва пустымі шуміць каласамі,

Ніва не цешыць жаночых вачэй.

 

Цяжка ўздыхнуўшы, збанкі пастаўлялі,

Клункі на межы паклалі жанкі.

Бабы старыя свой твар пажагналі,

Моўчкі за працу ўзяліся дзяўкі.

 

Горача ў полі. Эх, жар дакучае,

Праца марудна, бясконца цяжка!

Спіну і плечы ім боль адбірае,

Аж дзервянее у жнеек рука.

 

Збэрсана жыта, чапляецца колас;

Жменю нажне – разагнецца жняя,

Жыта паложыць на скручаны пояс...

Цяжкая, жнейка, работа твая!

 

Ціха на полі у поўдзень гарачы!

Хоць бы дзе кусціка рэдзенькі цень.

Толькі ў калысцы плач чуеш дзіцячы,

Толькі над вухам звініць авадзень...

 

[1908]


[1908]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910