epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Журба па вясне

Шкода мне прыгоды Божай,

Маладой вясны прыгожай,

Шкода мне вясны!

 

Мне дзянькоў вясёлых шкода,

Жыцця радаснага ўсходу,

Неба глыбіны.

 

Залатога бляску сонца,

Што скрозь хмарак валаконцы

Кідала лучы.

 

    Грозна хмары падымалісь

І грамамі адклікалісь,

Ў небе плывучы.

 

Змоўклі песні веснавыя,

Збеглі хмары грамавыя

Ў невядомы край.

 

Ссохлі травы, звялі кветкі,

Зніклі пташкі неўзаметкі,

Глухне, ціхне гай!

 

Шкода жыцця маладога,

І так смутна, так убога

Праняслось яно!

 

І паніклі ў сэрцы мары,

Як ў блакітным стэпе хмары

Белае руно.

 

Ох, прайшлі дзянькі любыя.

Немяцежныя, святыя,

Іх няма, няма!

 

І на душу смуткам ляжа,

Смуткам сэрца апяража

Горкая дума.

 

Тускла, моладасць, прайшла ты!

Сагнаў віхар злы, пракляты

Маю весну ўдаль.

 

І прайшла ты незаметна

У змрок ночы беспрасветнай...

Жаль вясны мне, жаль!

 

26/VII 1910


26.07.1910

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910