epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Жыта

Неспакойна зашумела

Маладое жыта

І штось боязна шапоча,

Ды няўцямна-скрыта.

 

І калоссі мнагазначна

Хіляць, гнуць галовы,

Нібы іх чым устрывожыў

Душны дзень ліпнёвы.

 

І гамоняць ды гамоняць

    З срэбранай саломкай,

І шумяць, шумяць загоны

Сцішанай гамонкай.

Што варожыш ты нам, жыта,

Гнешся траўкай ніцай?

Ці бяду ты прачуваеш,

Подых навальніцы?

 

Неба з захаду цямнее,

Крые даль смугою.

Шэпча жыта, нібы стогне

    Здушанай тугою.

 

«Што то будзе? Што то будзе?» —

Шэпча ў полі жыта.

Цісне хмара, хмара-цемра,

Гром гудзе сярдзіта.

 

Ідзі ў чыстае ты поле,

Градавая хмара,

І злітуйся над жытамі —

Над сялянскім дарам!

 

[1909]


[1909]

Тэкст падаецца паводле выдання: Колас, Я. Збор твораў: у 20 т. Т. 1: Вершы, 1898―1910