epub
 
падключыць
слоўнікі

Якуб Колас

Жывая вада

I
II
III
IV


I

 

Даўно-даўно, не за нашу памяць было гэта.

Шчаслівы то быў куточак Божага свету.

Вольна жылося людзям у тым краі. Ніхто іх не гнаў, ніхто іх не крыўдзіў, нікому яны не належалі. Багатая, урадлівая была іх зямля. Шырока раскінуліся палі, зялёныя травы сенажацей калыхаліся на ветры. Ціха і весела смяяліся кветкі, нахіляючы свае пахучыя галоўкі і пазіраючы ў раку, якая паіла ўвесь той кут і тых, хто жыў і рос там, і давала ім жыццё. Усё жыло каля ракі, гэту раку людзі называлі Жывою Вадою. Усё жывое і нежывое любіла яе, і песні волі разліваліся па ўсіх кутках шчаслівай старонкі.

Але не доўга застаецца шчасце на адным месцы. Пакінула яно і той слаўны куточак Божага свету.

Нешта страшнае і незразумелае для чалавека зрабілася там. Нейкая цёмная сіла пазайздросціла шчасцю людзей.

У тым месцы, адкуль выцякала Жывая Вада, зямля стала ўспучвацца. Борзда, як грыб, вырастала гара. А Жывая Вада пачала павольна мялець і хутка зусім згінула дзесьці ў зямлі. Толькі след, дзе цякла яна, надоўга застаўся на зямлі і гаварыў людзям пра даўнейшае жыццё.

Гара ўсё расла. Праходзіў час, пусцела зямля, з гары сыпаўся жоўты пясок і засцілаў ураджайны грунт. Людзі збяднелі, птушкі разляцеліся. Не чутно ўжо было там вясёлых песень. Толькі арлы ды каршуны вілі свае гнёзды на высокай гары, што ўсмактала ў сябе Жывую Ваду.

 

 

II

 

Бяднеў год ад году колісь багаты край. Урадлівая глеба засыпалася пяском. Многа працавалі людзі, многа пралівалі поту, а праца іх прападала, і скупа плаціла зямля за работу і пакуту. Развяліся чэрві на агародах — не было каму зніштажаць іх, бо каршуны і ястрабы разагналі птушак.

Расказваў бацька сыну пра даўнейшае жыццё — пра багацце іх краю, пра гару, якая глынула іх Жывую Ваду, сама стала расці, а жыццё ўсяго краю прысудзіла да маруднай смерці. Глухая злосць на праклятую гару падымалася ў сэрцы людзей, бо памяць аб Жывой Вадзе не забывалася.

Нямала знаходзілася смелых людзей, якія ішлі на гару шукаць Жывой Вады.

Бралі яны рыдлёўкі, акопвалі гару. Але з гары сыпаліся на іх каменні, разбівалі ім галовы. Каршуны і ястрабы зляталіся хмарамі, выдзёўбвалі ім вочы. А пугач і сава ўночы спявалі ім «вечны спакой» сваім жудасным крыкам.

Многа, многа людскіх касцей валялася навокал гары, а каршуны і крумкачы разносілі іх па ўсіх кутках спустошанага краю. І людзі празвалі сваю старонку Мёртвым Полем.

Дзіка і пуста стала ў Мёртвым Полі. Людзі хадзілі, як цені, галодныя, прыгнечаныя. Птушкі даўно перасталі там спяваць песні. Толькі каршуны кружыліся ў небе, каркалі крумкачы і наганялі нуду на душу людзей, невядомым страхам палохалі сэрца, розум.

Нават лес змяніўся: старыя дрэвы даўно згнілі і ляжалі ў зямлі, а новыя былі нізкія, крывыя, няўдалыя — як сухотныя. Рэдка заглядалі туды хмары, і мала калі праходзіў дождж.

 

 

III

 

Насталі сухія гады. Апошні выдаўся такі год, што ні разу не было дажджу за ўсё лета. Кожны дзень неба заставалася чыстым, ясным, гарачым. Усходзіла сонца, борзда сушыла расу, што блішчала ранкам, як слёзы, на лісцях раслін. А сухі вецер гуляў над зямлёю, падымаў гарачы пясок, высмоктваў апошнія сокі з зямлі. Лес, поле, луг з гаротнаю мальбою пазіралі на неба, прасілі вады прагнаць смагу. Дрэвы глуха шумелі, шум зліваўся ў адну доўгую, невядомую людзям песню. Жаласна ківаліся каласы ў полі, то кланяліся зямлі, то падымаліся да неба, нібы просячы ратунку.

Ніхто не ішоў ім на дапамогу, і яны без пары старэлі, жоўклі і без жыцця хісталіся на сухіх сцяблінках. Трава і кветкі ціхутка шапталі ветру аб сваёй нядолі. Цярплівыя камяні і тыя нылі ад спёкі і лопаліся. Сама зямля зморшчылася, як бабулька, пакалолася і плакала. Яе слёзы апошнімі кропелькамі расы выступалі наверх, яе просьба белаватым туманам звісала над лесам і разносілася вятрамі па свеце. Пакутавалі людзі, сумавала зямля і ўсё, што расло і жыло на ёй. Неўзаметкі падымаліся да неба іх слёзы, падымаліся не год і не два, а цэлыя вякі, а там недзе сплываліся ў адно месца. Тыя слёзы, горкія скаргі, усё гора зямлі — змяшаліся разам і звіслі над ёю страшнаю чорнаю хмараю.

 

 

IV

 

А дзе ж дзелася Жывая Вада?

Яна была пад гарою, яна паціхеньку размывала гару, прабівала сабе дарогу на Божы свет. Ніхто гэтага не ведаў. Не ведала і гара, што вісела над бяздонніцаю. А Жывая Вада чакала толькі шчаслівага здарэння, каб скінуць з сябе цяжар — праклятую гару, што з шчаслівага кутка зрабіла Мёртвае Поле.

І настаў такі час, што пралітыя слёзы перапоўнілі неба і паліліся назад на зямлю. Не ў сілах было само неба стрымаць тыя слёзы. Самі яны рваліся туды, дзе нарадзіліся, патроху падымаліся ўгору.

Людская жальба, гора, пакута, усё няшчасце зямлі, што збіраліся тысячамі гадоў, паліліся цяпер са слязьмі адной хваляй.

Адвечная скарга цяпер грымела ў небе страшным голасам Бога і скалынала ўсю зямлю; стогны людскія, якіх дагэтуль ніхто не чуў, блішчалі маланкамі, а слёзы цяклі халоднымі, чыстымі ручаямі на зямлю і ажыўлялі яе. Вада збіралася ў адну раку і дружна стала напіраць на гару.

Зрушылася гара; моц яе — каменні, градам сыпаліся наніз. Арлы, каршуны, крумкачы, ястрабы, совы пазляталі з гары, каб запыніць ваду.

Пачула і Жывая Вада, што робіцца над ёю. Сабрала яна ўсе сілы свае і ўскалыхнула гару, як купіну. Яе падхапіла дажджавая рака. Страшны шум пайшоў па Мёртвым Полі.

Усё жывое дрыжала ад страху і чакала пагібелі. Але згінула адна гара. Пяском і пылам развеялася яна па полі.

Гневалася неба, бушавала вада, трэслася зямля. Ліліся рэчкі па кожнай разоры і зліваліся з Жывой Вадою.

Прайшоў страшны момант, і стала спакойна. Вада ўся злілася ў старое рэчышча Жывой Вады, і жыццё, затрыманае праз доўгі час гарою, зноў пайшло сваёю дарогаю, і ажыло Мёртвае Поле.

1907


1907

Тэкст падаецца паводле выдання: Якуб Колас. Т. 7