Ян Баршчэўскі

Душа не ў сваім целе

Разлеглы абшар Валыні1 ў большай частцы пакрыты лясамі, на захадзе ж вачам адкрываюцца стэпы і зусім іншыя краявіды. Праз ваколіцы і мястэчка Цуднаў2 плыве Цецераў; на заходніх і ўсходніх берагах гэтае рэчкі ўздымаюцца высокія дзікія скалы, нібыта руіны даўніх часоў, і здаецца, што іх накшталт сценаў узнесла сама прырода, каб адмежаваць Палессе ад тлустае і ўрадлівае зямлі. Ад Цуднава аж да межаў Падолля3 - паўсюль улетку можна бачыць нівы, засеяныя буйною пшаніцаю; тут зямля без вялікіх намаганняў аратага дае багаты плён. Хоць жыхары гэтых ваколіцаў забяспечаны ўсім, што толькі трэба дзеля іхніх выгодаў, аднак і сярод іх слёзы, трывога, пакуты сустракаюцца як і ўсюды; няма праўдзівага шчасця, няма раю на гэтай зямлі.

Халера, цяжкая азіяцкая хвароба, ахапіла ўсходнюю частку Еўропы і ў 1847 годзе, пераходзіла з месца на месца, імкнучыся на поўнач і на захад; і гэтай кары Божай паўсюль папярэднічала надзвычайная трывога. У пачатку чэрвеня 1848 года4, у самую спёку, з'явілася яна на Валыні і была ў асобных мясцінах жудаснаю; у мястэчку Цуднаве і ў ваколіцах пасля гэтае страшэннае бяды шмат засталося няшчасных удоў і сірот.

Увосень, калі небяспека тае страшнае эпідэміі знікла, у доме шляхціца Н. сабраліся суседзі, і сярод іх пан Зянон, які, вандруючы па гэтым краі, пазнаёміўся з ветлівым гаспадаром. У гэтай грамадзе пачалася размова пра халеру, пра нябожчыкаў і пра тых, хто ачуняў; госці, нібыта мараходы на беразе пасля жахлівае марское буры, успаміналі сяброў і знаёмых, што зніклі ў вірах, і тых, каму Бог дазволіў выплыць на бераг, каб яшчэ працягваць пілігрымку свайго жыцця.

- Шкада Саматніцкага, - прамовіў адзін з гасцей. - Добры быў чалавек! Як ён стараўся дапамагаць тым, хто пакутаваў ад гэтае хваробы, а сам памёр без догляду, бо жыў у адзіноце на хутары, дзе толькі дрэвы шумяць над дахам.

- Адкуль, Мацею, у цябе такія весткі? Саматніцкі і цяпер жыве на тым жа хутары, я нядаўна сам яго бачыў.

- Я ведаю, што хтосьці там жыве, але не ён, бо знаў яго добра. Быў гэта мужчына высокага росту, светлавалосы, досыць прыгожы, а гэты - зусім іншы, ростам значна меншы, худы, чарнявы і, здаецца, нават старэйшы.

- Гэта Саматніцкі. Праўда, ніжэйшы, іншы з твару, бо ён цалкам перамяніў цела, а як гэта сталася, ведаю толькі я.

- Дзіўныя рэчы ты апавядаеш, пане Мікола, - сказаў гаспадар. - Усім нам цікава ведаць, якім гэта чынам можа чалавек змяніць сваё аблічча.

- Рэч немагчымая, незразумелая, надзвычайная і нечуваная, але так было.

- Аднак растлумач жа нам гэтую загадку! - закрычалі ўсе госці. - Бо ніхто з нас адгадаць яе не можа.

- І я таямніцу не зразумеў ва ўсіх дэталях, але пра тое толькі раскажу, што бачылі, і пра тое, што ён сам нядаўна расказваў.

У часе тае лютае халеры, ведаеце самі, Саматніцкі быў смялейшы за саміх лекараў, рызыкаваў, на любы кліч ляцеў, абы толькі даць ратунак людзям: хворых націраў нейкімі таямнічымі лекамі і штосьці даваў выпіць, ды такія гэта мела добрыя вынікі, што аніводзін не памёр з тых, каго ён наведаў.

Цуднаўскі мешчанін, адзін з маіх знаёмых, расказаў мне пра такое дзіўнае здарэнне. Ягоная жонка раптоўна адчула моцны боль у сярэдзіне, і зараз жа з'явіліся ўсе прыкметы тае страшнае хваробы; дык ён паспяшаўся да нашага цудоўнага лекара прасіць дапамогі. Калі ён прыбег на хутар, то аслупянеў, уражаны незразумелым відовішчам: на панадворку перад самаю брамаю ўбачыў Саматніцкага; той выглядаў нябожчыкам: рукі і ногі былі не падуладныя яму, вочы адкрытыя, твар бледны; мёртвае цела, адарваўшыся ад зямлі, рухалася, і здавалася, што нейкая нябачная сіла кідала гэты труп ва ўсе бакі. Мешчанін хацеў ужо ўцякаць адтуль, але пачуў голас: «Пачакай хвіліну, спачатку трэба, каб ты маё цела намазаў лекамі і выратаваў ад пошасці, тады буду гатовы ісці з табою». Праз колькі хвілінаў цела стала на ногі, здаровы Саматніцкі аправіў на сабе вопратку і сказаў: «Ну, цяпер пойдзем, ведаю, чаго ты прыйшоў: жонка твая ачуняе». І сапраўды, таемнымі сваімі лекамі ён выратаваў яе за пару гадзін.

А вось якім чынам гэты дзіўны лекар, што засцерагаў сябе і ратаваў іншых, трапіў у вялікае няшчасце. Пэўнага дня, калі ён, маючы намер ісці да хворых, намазваў сваё цела, каб засцерагчыся ад пошасці, адна асоба, якую ён моцна кахаў, недзе ў далёкім краі цяжка захварэла на халеру. Саматніцкі гэта ўбачыў, бо кажуць, што душа, калі яе не абцяжарвае цела, далёка бачыць і чуе. Быў ён вельмі ўзрушаны, і нават забыўся, што з целам ягоным можа здарыцца няшчасце, калі не схаваць яго ў зацішным кутку. Пакінуўшы цела ля брамы хутара, паляцеў, каб як хутчэй паспець з таемнымі лекамі. Пасля выратавання мілае яму асобы і вяртання дахаты, ён ужо не ўбачыў свайго цела, якое людзі знайшлі ды пахавалі, лічачы, што ён памёр ад пошасці. Няшчасны Саматніцкі без цела быў нябачны, нікому не мог і слова сказаць, бо, чуючы ягоны голас, усе жагналіся ад страху, мяркуючы, што здань з імі размаўляе. Не маючы мажлівасці даведацца пра сваё цела, ён блукаў доўгі час незаўважаным, нарэшце знайшоў на дарозе нейкі труп, з якога толькі што душа вылецела, прымусіў сваімі таемнымі лекамі цыркуляваць кроў, улез у чужое цела, вярнуўся на свой хутар і цяпер жыве там самотна: ніхто яго не пазнае, усе лічаць яго нябожчыкам.

- Лепш бы зрабіў, - прамовіў гаспадар, - калі б ужо адышоў назаўсёды на той свет, чым блукаць па зямлі ў чужым целе.

- Хоча ці не хоча, - сказаў Мікола, - аднак мусіць пакутаваць на зямлі і чакаць, пакуль праб'е гадзіна, прызначаная Богам.

Калі яны так размаўлялі, адчыніліся раптам дзверы, і ўвайшоў незнаёмы: твар цёмны, пануры, зусім бяскроўны, аніякага пачуцця на ім, нос тонкі, пакрыты сухою скураю, вусны без колеру, вочы без выразу, і, здаецца, імгла нейкая іх ахутала. З плячэй незнаёмца спадаў сурдут, ахінаючы яго схудалае цела.

- Так, пане Мікола, - пачаў ён працяглым і манатонным голасам, - я той самы Саматніцкі, пра якога ты толькі што казаў. Чужое цела - цяжар мне на гэтым свеце, не варта яно маіх клопатаў, але вочы душы далёка бачаць і вушы далёка чуюць: ведаю, пра што ты цяпер гаварыў; дзякуй, што пра мяне ўспамінаў; чалавек у маім стане не сустрэне на зямлі ні знаёмых, ні сяброў.

Усе моўчкі пазіралі на маркотную, нябачаную дагэтуль постаць. Маўчанне парушыў Мікола:

- Ратуючы іншых ад смерці, ты сам трапіў у большае няшчасце, чым смерць.

- Ніхто з іх не вінаваты, што я так пакутую.

- Я калісьці ў Вільні ведаў Саматніцкага, - сказаў Зянон. - Можа, ты маеш там кузена?

- Гэта я сам, але не такі, якім быў колісь.

- Ці даўно жывеш у гэтым краі?

- Ужо некалькі гадоў; і туды, дзе быў, не вярнуся: цяпер ніхто мяне там не пазнае. І яна не пазнае, - не паверыць, не пашкадуе, смяяцца будзе, як з вар'ята.

- Шмат розных выпрабаванняў было ў тваім жыцці?

- Даследчык шукае таямніцы, бяда шукае даследчыка. Зяноне, калі верыш, што я той самы, якога ты знаў колісь у Вільні, прыйдзі заўтра ў маю хаціну - у мяне ёсць пра што расказаць і пра што прасіць. Бывайце. Думайце пра мяне, як вам заманецца.

Пасля ягонага адыходу госці ў задуменні пазіралі адзін на аднаго, не разумеючы, што гэта значыць: з гаворкі здаецца ён тым самым Саматніцкім, знешнасць жа зусім іншая.

- Бачыце, суседзі? - прамовіў Мікола. - Як вам гэты госць? Усё спраўджваецца, аб чым я вам нядаўна казаў: твар, вусны, нос, вочы, валасы і ўсё тое, што мае гэтае цела, - не ягонае ўласнае, але ён той самы Саматніцкі, бо і сам сябе так назваў і тое, што я казаў, пацвердзіў.

- Але здаецца, - сказаў Мацей, - што яго не прынялі на тым свеце, дык мусіў зноў вярнуцца на зямлю, бо ён нібы нябожчык. Няма ў ім жыцця.

- Дзіўны госць, - сказаў гаспадар. - Я не затрымліваў яго, бо, кажучы шчыра, ягоны прыход, быццам з таго свету, выклікаў у мяне нейкае незразумелае пачуццё.

Увесь той вечар суседзі гаманілі пра Саматніцкага.

 

* * *

 

Дзень быў восеньскі, неба хмурнае, шумелі дрэвы над счарнелым дахам хутара, вецер падымаў у паветра жоўтую лістоту. Саматніцкі нерухома сядзеў ля акна, нібы драўляны ідал. Зянон зайшоў у хату, спыніўся і доўга глядзеў на гаспадара, нарэшце, каб абудзіць яго, госць папытаўся голасна:

- Як маешся, пане Саматніцкі?

І той раптоўна, нібы сон адагнаўшы, ускочыў з месца і прамовіў:

- Дзякуй, што мяне наведаў. Я не прывітаў такога добрага госця, бо быў у гэты час вельмі далёка.

- Пэўна, дзесьці ў далёкай мінуласці, прыемна сяды-тады той край думкаю адведаць.

- Праўда, тут горш, але там, дзе быў, мінулае і сучаснасць заўсёды аднастайныя: Адэля са спакойным тварам, з мілаю ўсмешкаю бавіцца ў сябрыне вясёлых гасцей - гэты расказвае ёй, што чуў, той - шту прачытаў, які новы твор выйшаў з друку, пра знакамітых пісьменнікаў, пра літаратурную славу, як круціцца то сюды, то туды Кола Фартуны, шту дзеецца ў вялікім свеце. І ніхто там пра мяне не ўспомніў, і Адэля, размаўляючы то з гэтым, то з тым, пра мяне - ні слоўца.

- Гэта звычайная рэч: час сцірае надпісы на цвёрдым мармуры, а людскую памяць лёгкі ветрык развее, малая хмарка заслоніць.

- І я гэтага хацеў, ды лічыў, што ў далёкіх краях новыя мясціны, маляўнічыя краявіды ды выпрабаванні зменяць мае думкі і жаданні: пабываў у стэпах, бачыў цуды, узіраўся ў таямніцы прыроды, - аднак хмары і стэпавыя вятры не развеялі, не засланілі маіх успамінаў.

- Ты не перамяніў сваіх пачуццяў, але, пэўна, скарыстаў розныя адкрыцці гэтага краю, які раней не ведаў; хацеў бы і я штосьці даведацца з гэтых адкрыццяў.

- Якія выгоды я меў тут? Бачыш, які я цяпер? Калі я трапіў у гэты край, то ўпадабаў лагодны клімат, разлогі ўрадлівых ніваў, раскошу расквітнелых садоў, ветлівасць і дабрыню жыхароў. Аднак праз некалькі месяцаў захацелася мне болей пазнаць: я перш-наперш прагнуў пабыць ва Умані5, пабачыць пекны Сафіеўскі сад, так услаўлены ў паэзіі Трамбецкага6, бо ён у маім уяўленні маляваўся зямным раем; я вандрую, як звычайна, без вялікіх выдаткаў, і напрыканцы траўня пабачыў ужо разлеглыя стэпы Ўкраіны. Знаёмячыся з вуліцамі горада Умані, я згадваў пра тыя страшныя зверствы, якія чыніліся тут у часе нападу гайдамакаў.

Шукаючы сад, я даведаўся ад тамтэйшых жыхароў да яго дарогу і пайшоў туды праз высокую браму прыгожай архітэктуры, заўважыў сажалку, якая з двух бакоў была закрытая гарыстаю мясцовасцю, лясным гушчаром і зіхацела ў цішы, нібы люстра. Паўзіраўшыся на статуі з белага мармуру, што стаяць ля вады, я пайшоў правым бокам далей, любуючыся шторазу новымі краявідамі; прыемна глядзець на расквітнелую ўвесну прыроду, а тым больш, калі яе мастацтвам, стараннем і выдаткамі даводзяць да ідэальнае прыгажосці; там усё ў той час вабіць чалавечае вока. Бачыў высечаныя ў дзікіх, зарослых лесам скалах гроты, бачыў гаманкія крыштальныя воды на імшыстым дзікім каменні, бачыў аграмадны граніт, што ледзь трымаецца на абломках скалы, палохаючы людзей, бачыў у чыстай крыніцы рыбу, якая зіхацела золатам і срэбрам. Там лугі і ўзгоркі ўкрыты прыгожымі кветкамі, у кустах чуваць пошчак салаўёў, бачыў там чароўны палац Псіхеі ды прыгожы востраў багіні Каліпсы; там сустрэнеш усё, што толькі можа стварыць уяўленне паэтаў.

Самотны, блукаў я па зацішках гэтага саду. Дзень быў ясны, і ўсё квітнела, нібы ў раі, толькі мае думкі ахапіла скруха. Будучае і мінулае, быццам дзве чорныя хмары, віселі перада мною і за мною, нейкае журботнае прадчуванне ўпляталася ў мае мары; я хацеў бачыць толькі цярноўнік, лічачы, што на адно толькі тое і нарадзіла яго прырода, каб я спыняў на ім свой позірк праз усю пілігрымку майго жыцця.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі замоўк, і здавалася, зноў здранцвеў: знерухомела ягоная постаць, і на твары, быццам драўляным, не было аніякага руху. Зянон, не бачачы прыкметаў жыцця, пазіраў на яго з трывогаю; нейкі час яшчэ доўжылася маўчанне, нарэшце, нібы абудзіўшыся з летаргічнага сну, той пачаў зноў апавядаць:

- Быў я далёка, але і там спаткаў ля кветак калючы цярноўнік. Аднак вярнуся да свайго апавядання. Прысеўшы і абапёршыся рукою на дзікую скалу, я аддаўся сваім тужлівым мроям; раптам нейкі жыд з сухім, панурым, змучаным тварам, худы, у доўгай вопратцы, набліжаючыся да мяне, сказаў:

- Я - музыка, без інструмента граю на габоі; падарожнічаў па многіх краінах, і ўсюды маё гранне прымалі з вялікім захапленнем. Можа, пан дазволіць зайграць яму што-небудзь?

- Грай, што табе падабаецца, - адказваю.

Ён скрывіў вусны, прыціснуў праваю рукою надзьмутыя грудзі, па твары прабеглі канвульсіўныя дрыжыкі - зайграў нейкі жалобны марш. Слухаючы гэтую журботную музыку і гледзячы на канвульсіі твару і на ягоныя грудзі, я не мог заставацца абыякавым: аддзячыў як мог і папрасіў, каб не граў болей, не падрываў сваё здароўе; ён узяў плату, аднак зірнуў на мяне так, быццам быў пакрыўджаны.

- Ты ведаеш лепш за мяне гэты сад, - кажу, - ці ёсць тут кусты цярноўніку?

- Навошта шукаць кусты цярноўніку, - адказвае, - глянь уверх, над галавою расце велізарнае дрэва.

Я ўзняў вочы ўверх і ўбачыў высокую акацыю з вялікімі вострымі калючкамі; я хацеў яму нешта сказаць, але ўжо музыкі каля мяне не было.

Нейкі час я яшчэ блукаў па садзе, забіраўся ў цёмныя гроты, узіраўся ў струмені вады, у дзікія граніты, у мармуровыя статуі; нечакана пачало цямнець, зашумеў вецер у гушчары дубоў; убачыўшы на небе хмары, я паспяшаўся вярнуцца ў горад.

Зяноне, людзі рознымі шляхамі ідуць да Вечнасці, але пра ўсё, што бачылі і перажылі на гэтай зямлі, пра свае забавы, мары, пра шчаслівыя ды нешчаслівыя сны, якія мроіліся ім у падарожжы таго жыцця, яны расказваюць наступным пакаленням.

Заснавальнік Сафіеўскага саду, валодаючы велізарнымі маёнткамі, мільёнамі лічачы свае скарбы, не ведаючы пакутаў жабрацтва, не думаючы ні пра што іншае, як толькі пра прыемныя забавы, хацеў гэты сад з яго крышталёвымі водамі і квяцістымі далінамі зрабіць пенатамі грэцкіх багіняў; і гэта сталася сярод разлеглых стэпаў Украіны, дзе раней воку не было за што зачапіцца.

Ёсць за некалькі міляў ад Умані і за некалькі вёрстаў ад мястэчка Тэпліка яшчэ адзін сад - Гайнароўскі, як назвалі яго тутэйшыя жыхары. Заснавальнік гэтага саду, пан Гайнар, пасяліўшыся ва ўкраінскіх стэпах, інакш глядзеў на свет. Ідучы праз панурую пустыню жыцця, не марыў ён ні пра залаты век, ні пра рай на зямлі, не збіраўся нікога здзівіць чароўным краявідам, не дбаў пра славу; іншыя ў яго былі думкі, іншая мэта.

Вандруючы там і чуючы няраз жарты, розныя меркаванні і дзіўныя апавяданні пра той сад, я наважыў паглядзець усё ўласнымі вачыма, пазнаёміцца з гаспадаром і зразумець ягоныя думкі.

Сярод стэпу відаць каля вады высокія дрэвы адзінокага хутара; наблізіўшыся да гэтае мясціны, я не заўважыў аніякае агароджы, не спаткаў аніводнага чалавека, нават сабака не абазваўся каля самотнае хаціны, а ў цяні садовых дрэваў паўсюль панавала ціша, толькі часам шумелі кранутыя ветрам галіны. Ля самага ўваходу, у вішняку я заўважыў некалькі пчаліных калод, каля іх адпачываў у засені дрэваў нейкі чалавек, побач на траве сядзеў хлопец: заўважыўшы мяне, ён адразу ж разбудзіў гаспадара. Быў той ужо ў гадах, апрануты ў белую палатняную вопратку, худы, твар шчуплы, смуглы; з-пад густых броваў праніклівым вокам ён пазіраў на мяне; падышоўшы да яго, я папрасіў дазволу агледзець сад і пазнаёміцца з мясцовасцю.

- Мой сад, - сказаў ён, - нагадвае дзікі лясны гушчар, тут аніводзін краявід не прывабіць вока.

- Наследаванне прыродзе, - адказаў я, - больш слаўны занятак, чым усялякія вытанчаныя аздобы.

- Пра іх я зусім не думаў, у мяне іншыя намеры.

- Значна больш можа быць карысці ад таго, што абвесціць Вышэйшая думка і Вышэйшае імкненне, чым наследаванне чаго-небудзь. Я, упершыню наведаўшы гэты край, хацеў бы запомніць тое, што не сустрэнеш у іншых мясцінах.

- У іншых мясцінах - іншыя патрэбы ў жыхароў; дык я буду тлумачом маіх думак, бо не разумеючы іх, людзі рознае мяркуюць і дамышляюць. Ды тут вельмі вузкія і стромкія сцежкі, я пайду паперадзе, буду правадніком.

Я ішоў за ім у засені асінаў; вузкая сцяжынка, нібы ў лабірынце, вілася перад намі, з абодвух бакоў былі глыбокія канавы і ямы, берагі якіх зараслі густымі кустамі лазы і густою высокаю травою; у асобных мясцінах была відаць пакрытая зялёнаю цвіллю вада, а ў іншых, зацененых густымі галінамі, велізарныя п'яўкі снавалі сюды-туды; нейкая імгла вісела над панурай і дзікаю прастораю; у паветры была надзвычайная вільгаць, быццам пасля нечаканага дажджу, хоць дзень быў спякотны.

- Праца ці прырода, - запытаўся я, - надалі гэтым мясцінам такі пануры ды дзікі выгляд? І якія могуць быць з гэтага выгоды?

- Глянь на неабсяжныя стэпы Ўкраіны і шырокія засеяныя нівы - тут урадлівая і шчодрая зямля, але ад клімату часта бывае недарод. У гэтых мясцінах пануюць вятры і незвычайная гарачыня, сонца выпальвае не толькі пасевы, але і травы ў нізкіх ярах, ды так, што няма пашы, і ўлетку жывёла без корму і вады. Я працаваў шмат гадоў, капаючы гэтыя ямы і канавы, саджаючы дрэвы і кусты, каб затрымаць вільгаць; і ўжо шмат зрабіў, вада з майго саду, разліваючыся далей, забяспечвае патрэбы ваколіцы і мястэчка Тэпліка. Чалавек, які нязменна ідзе да мэты, не толькі зямлю, але і атмасферу можа змяніць; гэтая вільготная імгла, якую ты бачыш зараз у маім панурым садзе, збірае дажджавыя хмары з усходу і захаду ды поіць вільгаццю сасмяглыя стэпы: глядзі, і цяпер над нашымі галовамі скупчыліся цёмныя воблакі і не рушацца з месца; удалечыні відаць яснае сонца, а мы тут - у засені.

Так апавядаючы пра свае думкі і намеры, ён вёў мяне ўсё далей і далей вузкімі сцежкамі ў дзікім лабірынце; там, дзе шырокая канава адмяжоўвала гэтыя мясціны ад стэпу, я заўважыў нейкі лёх, што вёў пад зямлю, уваход у яго быў прыкрыты густымі кустамі.

«Навошта патрэбна гэтае цёмнае падзямелле?» - спытаў я. «Тут, - адказаў пан Гайнар, - лёх і падземны пераход з аднаго месца ў іншае; яны служаць не толькі дзеля ахалоджвання паветра ды збірання вільгаці, але і іншая. Ды няхай таго ніколі не будзе. Ты чытаў пра страшэнныя зверствы Гонты і Жалезняка, ведаеш пра напады ягоных гайдамакаў, якія лілі кроў па ўсёй Украіне; у выпадку такіх нападаў лабірынт і таемныя лёхі ў маім садзе могуць служыць схованкаю для няшчасных жыхароў. Але гэта толькі пры нагодзе; хадзем далей, пакажу яшчэ, зробленае мною».

Мы выйшлі на больш адкрытую мясцовасць у другой частцы саду, спыніліся каля квадратнае сажалкі, што мела ў шырыню і даўжыню блізу дзесяці сажняў, а празрыстая вада была цёмна-жоўтага колеру, накшталт задымленага тапазу; тут я ўбачыў кусты нейкіх раслін, з вельмі цёмнай зелянінай.

- Тут фармуюцца мінеральныя воды, - працягваў расказваць гаспадар, - хоць яны цёмна-жоўтага колеру, але празрыстыя, як найчысцейшы крышталь, і няма ў іх тых страшных істот, што можна ўбачыць праз павелічальнае шкло ў кожнай кроплі звычайнае вады. Жыхары Ўкраіны часта наведваюць Адэсу: адны, каб прадаць пшаніцу, а іншыя - дзеля марскіх ваннаў; збываючы прадукты, маюць карысць, а вось шукаючы здароўя на берагах Чорнага мора, - толькі множаць непатрэбныя выдаткі: падарожжа няблізкае і салёная вада мала дапамагае хворым, а гэтая крыніца будзе выратоўваць ад усіх немачаў; я добра ведаю гэтую мясцовасць.

- І я, - кажу, - маю намер у гэтым годзе наведаць Адэсу, але толькі з цікаўнасці.

- Едзеш у Адэсу? Я вельмі рады гэтай нагодзе, бо хачу паслаць туды сёе-тое; вазьмі, калі ласка, адну невялічкую рэч.

- З вялікаю ахвотаю, калі не зойме шмат месца.

- Невялікія рэчы няшмат займаюць месца.

Сказаўшы гэта, пан Гайнар паклікаў да сябе хлопца, загадаў яму прынесці чатыры маленькія бутэлечкі і папяровае пудэлка, пасля павёў мяне ўглыб яру; мы ішлі між кустоў ды высокае травы; у засені гушчару з-пад узгорка выцякалі дзве чыстыя крынічкі, нібы дзве стужкі з чыстага срэбра, і праз колькі крокаў зноў хаваліся пад зямлёю. Спачатку ён напоўніў дзве бутэлечкі з аднае крынічкі, усыпаў нейкіх парашкоў - і вада раптоўна стала сапфіравага колеру, пасля з другое крынічкі наліў астатнія дзве бутэлечкі, і, калі сыпнуў іншы парашок, вада набыла прыгожы кармінавы колер; потым добра закаркаваў усе чатыры бутэлечкі і падаў мне са словамі:

- Калі будзеш у Адэсе, пазнаёмішся там з панам Рыльцам; гэта чалавек вельмі вучоны, ён прысвяціў сваё жыццё даследаванням таямніцаў прыроды. Я пасылаю яму дзве бутэлечкі гэтай каляровай вадкасці, а дзве з такою ж вадою вазьмі сабе; вялікая ад іх карысць і вялікая хаваецца ў іх таямніца; аднак даведаешся пра гэта не ад мяне, а ад пана Рыльца.

Мы яшчэ доўга хадзілі па берагах іншае сажалкі, на якой былі маленькія астраўкі, засаджаныя дрэвамі. Пан Гайнар апавядаў мне пра розныя гатункі траваў, якія выраслі ў ягоным садзе, пра іх чарадзейную сілу. А калі сонца схілілася за небакрай, я развітаўся з садам, падзякаваўшы гаспадару за ласкавы прыём і абяцаючы аддаць пану Рыльцу давераныя мне вадкасці.

Пакінуўшы ўкраінскія стэпы, я завітаў на Падолле; у гэтым краі ёсць усё, што патрэбна для жыцця. Тут і там дзівосная прырода, прыгожыя краявіды: у гарах зелянеюць дубровы і густыя грабавыя лясы, гаі нагадваюць сады з пладовымі дрэвамі, на шырокіх і ўрадлівых нівах гайдаюцца, быццам на моры, хвалі каласоў, квітнеюць даліны, зарослыя буйною травою, свецяцца, як люстры, ставы празрыстае вады, каля якіх бялеюцца вёскі і пышныя маёнткі, на берагах рэчак уздымаюцца сцены і піраміды скалаў, нібы рэшткі руінаў велізарных старажытных замкаў.

Зяноне, трэба пабываць там, трэба паглядзець той край, зірнуць на высокія і скалістыя берагі Буга і Днястра, дзе прырода адбудавала аграмадныя гмахі з велізарных каменных камлыгаў, пад якімі чарнеюць пячоры і лёхі - вечнае жытло цемры, вечныя сховы начных духаў; трэба пабачыць тыя скалістыя, дзікія ды таямнічыя руіны, вяршыні і схілы якіх пакрываюцца панурымі ценямі густога кустоўя; там усюды адкрываюцца вачам дзівосныя краявіды. На берагах гэтых рэчак добра думаецца, там госці вядуць размовы пра гістарычныя здарэнні, пра фантазію люду, пра розныя навуковыя адкрыцці ад часоў патопу аж да нашых дзён.

Я ўпершыню быў у гэтым краі - невядомы нікому і сам ні з кім не знаёмы. Я адзін вандраваў па берагах Буга і Днястра,і, самотны, няраз змардаваны падарожжам і дзённаю спёкаю, перад захадам сонца, абапёршыся на абломак скалы, узіраўся ў чарадзейныя і таямнічыя краявіды і туга распірала мае грудзі, вока блукала бязмэтна, а думка ляцела далёка-далёка, каб спаткаць позірк Адэлі, у якім адлюстроўваецца яе чыстая душа, што мае болей хараства і прывабнасці, чым усе цуды прыроды.

Пасля гэтага Саматніцкі зноў нейкі час сядзеў нерухома, нібы ў ім ужо не было іскрынкі жыцця; Зянон глядзеў на яго колькі хвілінаў, потым, каб абудзіць з гэтага летаргічнага стану, запытаўся:

- І ў тым зямным раі не знайшоў ты забыцця?

Ён раптоўна прахапіўся і сказаў:

- І ў пакутах не знайду.

- Я б хацеў пабачыць той гожы край.

- Хто мае душэўны спакой, той усё бачыць у прыгожых колерах.

- Ці доўга ты быў на Падоллі?

- Першымі днямі верасня я падаўся далей, ішоў праз дзікія і пустыя стэпы. Зазнаўшы шмат невыгодаў і смутку, я дабраўся да Чорнага мора, да Адэсы.

Адэса - горад, пабудаваны па новай модзе: вуліцы шырокія, ходнікі для пешаходаў зручныя, дамы і касцёлы пекнае архітэктуры; наведваючы парты, рынкі ды розных гандляроў ва ўсіх кутках горада, я хацеў як хутчэй пазнаёміцца з панам Рыльцам, але ні ад каго не мог даведацца, дзе ён жыве. Нават і жыд-фактар, добра ўзнагароджаны, пытаючыся і адных і другіх, не змог мне дапамагчы; я ўжо пачаў адчайвацца, мяркуючы, што не пабачу яго і не даведаюся пра таямніцу каляровых водаў, якія я так старанна захоўваў у часе доўгай і цяжкай вандроўкі.

Паблізу мае кватэры на грэцкай вуліцы быў тракцір7, дзе штодня і ва ўсялякі час можна было бачыць мяшчан, якія збіраліся дзеля камерцыйных інтарэсаў. Бываў і я там, і, як у тэатры, любіў прыглядацца да прадстаўнікоў розных народаў; у кожнай грамадзе, за кожным сталом гучала іншая мова, вялася гаворка па-нямецку, па-грэцку, па-італьянску.

Чытаючы пры гарбаце газеты, я слухаў перамовы купцоў, камісіянераў ды рознагалосыя апавяданні чужаземцаў. І вось зайшоў чалавек з задумлівым тварам, сярэдняга росту, каржакаваты, густабровы, і хоць з выгляду яму было за пяцьдзесят, хоць яму можна было даць за пяцьдзесят гадоў, выглядаў ён здаровым і дужым. Незнаёмец загадаў прынесці гарбаты, расклаў перад сабою паперы, на якіх было нешта намалявана, абапёрся на руку і, узіраючыся ў тыя паперы, паглыбіўся ў думкі; некаторыя, заўважыўшы гэта, падыходзілі да ягонага стала, з цікаўнасцю пазіралі на малюнкі ды на чалавека і адыходзілі, адны са здзіўленнем, іншыя з усмешкаю. Ён жа, падумаўшы нейкі час, пацёр лоб і прамовіў:

- Больш выпрабаванняў, больш пакутаў; некалі былі адны дзівосы, у будучым - будуць іншыя.

Сказаўшы гэта, ён склаў паперы і пачаў наліваць сабе гарбату. Сядзячы побач і чуючы з ягоных вуснаў польскія словы, я, каб даведацца, хто гэта такі, загаварыў з ім:

- Пан прыезджы ці тутэйшы жыхар?

- Я жыхар-падарожнік, як і ўсе людзі, а ўжо гадоў дзесяць вяду размову з гэтым краем.

- Не магу, - кажу я, - знайсці кватэру пана Рыльца, ніхто яго тут не ведае.

- Гэта спакайней для чалавека, калі яго ніхто не ведае; а навошта ты яго шукаеш? - сказаў ён, прыглядаючыся да мяне, нібы жадаючы пазнаць альбо нешта выпытаць.

- Быў на Ўкраіне ў садзе Гайнара і маю ад яго нейкія каляровыя воды для пана Рыльца.

- Я - Рылец, - паведаміў ён, і твар ягоны праяснеў. - Ты быў на Ўкраіне, пазнаёміўся з Гайнарам, бачыў ягоны сад? Ну, што раскажаш мне пра гэта. А тыя каляровыя воды вельмі мне патрэбныя. Калі ласка, хадзем у хаціну: прыемна мне будзе даведацца пра ўсё падрабязна.

Сказаўшы гэта, ён паспяшаўся выпіць гарбату; потым мы выйшлі з тракціру. Ён узяў у мяне на кватэры дзве бутэлечкі каляровых водаў, і мы селі на дрожкі; не даехаўшы да херсонскае рагаткі, завярнулі да марскога берагу.

Дом пана Рыльца стаяў наводшыбе, за паўвярсты ад горада, ад паўночных і ўсходніх вятроў быў заслонены гушчаром акацый. Мы ўвайшлі ў пакой, дзе было некалькі старых крэслаў, дзве старасвецкія дубовыя шафы і два дубовыя сталы; на адным з іх ляжалі нейкія груды пяску рознага колеру, кавалкі вапны з закасцянелымі ракавінамі, рыбаю і гбдамі, косці, шкілеты нейкіх звяроў ды птушак, нейкія малюнкі страшных пачвараў, дзіўных і нябачаных стварэнняў; на другім стале - кнігі ў старой і новай аправе. Пан Рылец пачаў гаворку:

- Вось гэта маё самотнае жытло; у вакне - малюнак бурлівага мора; я люблю тут часам слухаць шум хваляў, глядзець на гэтыя чорныя пеністыя валы і на чароды белых крачак, што падымаюцца ў паветра; я люблю часам чытаць і паэзію нашых украінскіх вешчуноў. У мяне ёсць кніжка Багдана Залескага8, з якім ніхто не параўнаецца ў лёгкасці і пекнасці верша; ёсць чуллівая народная аповесць Мальчэўскага9 «Марыя»; ёсць вершаваныя творы Гашчынскага10, народныя песні Падуры11; ёсць вершаваныя творы Канстанціна Піятроўскага12, яго аповесць «Юля Патоцкая», дзе ў страшных, але праўдзівых малюнках паказаны казацкія войны, ёсць поўныя чуцця вершы і яго пераклады асобных санетаў Шэкспіра на польскую мову - у іх захавана ўся чароўнасць арыгінала і з вялікім талентам пераадолены цяжкасці гэтага роду верша. Аднак паэтаў чытаю, толькі каб развеяць маркотныя думкі, звычайная ж мая праца - даследаванне прыроды мінулага; дапамагаюць мне ў гэтым груды зямлі, косці, шкілеты, чарапы, усялякія акамянеласці. Каляровыя вадкасці, якія ты прывёз, мне вельмі патрэбныя: вось сапфіравая - гэта вада холаду, яна ўсё збірае ды сціскае; чырвоная вадкасць - вада агню, яна ўсё ажыўляе. Заўтра пачну выпрабаванні, калі табе будзе цікава ўбачыць дзівосы, прыходзь да мяне, ты даведаешся пра таямніцу водаў і цудоўную іх моц.

Потым мы доўга яшчэ размаўлялі з панам Рыльцам пра Ўкраіну, пра Гайнара і ягоны сад і пра мае вандроўкі па Падоллі. Ён прыгадваў даўнія знаёмствы ў тых краях, апавядаў пра розныя здарэнні ў сваім жыцці, якім чынам трапіў у Адэсу і якая выпала яму тут доля; так размаўлялі мы да позняга вечара.

На другі дзень у прызначаны час я прыйшоў да пана Рыльца; ён працаваў з каляровым пяском і рознымі акамянеласцямі, якія тоўк, перабіраў, аддзяляў ад іх нейкія часткі ды раскладаў на стале. Ён папрасіў мяне дапамагчы. Я прасяваў пясок, прамываў дробныя часткі вапны ды перасыпаў іх у шкляныя слоікі; так доўжылася наша праца аж да самага захаду сонца. Калі ўжо звечарэла, мы селі каля вакна, нібы адпачыць; асенні вецер шумеў у густой акацыі, хвалявалася мора, а пан Рылец, пазіраючы на чорныя валы, што разбіваліся аб бераг, так пачаў гаварыць:

- Гэтыя салёныя хвалі, разбушаваўшыся колісь, выйшлі з высокіх берагоў, залілі ўсю прастору зямнога шара і пакінулі вадзяных істотаў на вечны ўспамін у тоўшчы зямлі, у вапнавых скалах і на высокіх гарах. Даследчыкі, сустракаючы гэтыя дзівы, бачаць сляды мінулага жыцця і паглыбляюцца ў таямнічую мінуўшчыну; і кожны з іх паводле свайго разумення стараецца прачытаць ды вытлумачыць гэтыя іерогліфы; час мераюць яны тысячагоддзямі; сягаюць у самую сівую даўніну, каб розумам ахапіць усе варункі існавання гэтага свету. Але дарэмныя іхнія намаганні: глыбіні зямлі, горы ды скалы - гэта трупы мінулых стагоддзяў, халодныя і нямыя, яны не раскажуць ім ні пра пачатак, ні пра поступ стагоддзяў, ні пра перамены ў жыцці, ні пра канец свой; каб убачыць даўно мінулы свет, трэба ўваскрэсіць, ажывіць даследаваць яго таямніцы, знайсці пачатак і канец усяго. У кожную эпоху прырода - непрачытаная кніга; шчаслівы, хто добра разгледзеў свет, у якім жыве, і ўваскрэсіў частку мінуўшчыны; каб расказаць пра ўсе цуды - мала слоў у чалавечай мове.

З паўгадзіны размаўлялі мы пра розных істотаў, што жывуць на сушы, у моры і ў паветры, пра тое, як змянялася іхняя форма, чаму зніклі асобныя віды, рэшткі якіх можна знайсці толькі ў тоўшчы зямлі, у бурштыне і ў вапнавых скалах. Пасля пан Рылец падняўся з крэсла, запаліў дзве свечкі, выняў з шафы шкляныя слоікі рознае формы і памераў, парашкі паклаў на стол (адны з іх былі з нейкім металічным бляскам, іншыя - з крышталёвым, яшчэ былі шэрыя, чорныя, чырвоныя) і сказаў мне:

- Цяпер будзем даследаваць таямніцу ды моц каляровых вадкасцяў, што ты прывёз мне ад пана Гайнара: убачыш іх моц, убачыш цуд ўваскрашэння істотаў, якія тысячы гадоў ляжалі некранутыя ў сваіх скалістых магілах; убачыш і такіх, што чалавечае вока не заўважае, а мікраскопы ледзь толькі прыкмячаюць іхні рух ды форму.

Сказаўшы гэта, ён выйшаў за дзверы і хутка вярнуўся з хлопцам, якому было, можа, крышку болей за пятнаццаць гадоў: бледнатвары, нос сплюснуты, тоўстыя губы, густыя, як шчацінне, натапыраныя валасы.

- Гэта мой лёкай, глухі і нямы, - сказаў гаспадар. - Увогуле, мне такі і патрэбны: не чуе маіх размоваў і не раскажа тым, каму гэта не трэба ведаць; я рады, што знайшоў сабе такога памочніка.

Ён загадаў хлопцу напоўніць вадою падрыхтаваны посуд, а пасля пачаў даследаванні. Спачатку паставіў на стол міску, у якой была салёная марская вада і дзве запаленыя свечкі; я падступіўся бліжэй, каб лепей бачыць, што будзе тут рабіцца. Вучоны сыпнуў у міску жменю патоўчанае вапнавае скалы, якая складалася з акамянелых ракавінаў ды іншых марскіх істотаў; нейкі час ён моўчкі ўзіраўся ў ваду, змешаную з вапнаю, потым уліў туды некалькі кропляў сапфіравае вадкасці - і, ў місцы нечакана заварушылася, забурліла; праз колькі хвілінаў ён дадаў туды кроплю чырвонае вадкасці і сказаў:

- Глядзі цяпер.

Я ўбачыў жывых вустрыцаў і ўсялякіх слімакоў: яны раскрывалі і закрывалі свае шкарлупкі; нейкія вадзяныя павукі, рыбкі, маленькія ракі і жукі розных колераў снавалі сюды-туды.

- І ў моры цяпер шмат што змянілася, - патлумачыў ён, - рыба, вустрыцы, слімакі ды іншыя стварэнні сталі ўжо не такія, як раней.

Пасля даў знак хлопцу, каб замест міскі паставіў медніцу, у якой было крыху вады, і ўліў туды нейкія шэрыя ды зялёныя вадкасці, дадаў нейкага тлушчу ды нейкага густога, накшталт смалы, алею, усыпаў дзве жмені зямлі і дзве жмені тоўчанае вапнавае скалы, перамяшаў усё і ў гэтую мікстуру капнуў некалькі кропляў сапфіравае вады. Бурліла ў медным посудзе, уздымаліся ды лопаліся ў паветры пухіры; газ, прыкры, аж не стрываць, напоўніў паветра; ён дадаў туды яшчэ некалькі кропляў чырвонае вады - выбухнуў агонь, пачуўся шум і сыканне. А калі затухла полымя, я ўбачыў поўную медніцу жахлівых гадаў; іхнія вочы свяціліся крывавым бляскам. Гледзячы на гэтых жудасных пачвараў, пан Рылец сказаў:

- Гэта страшыдлы мінулага, у іх абудзілася жыццё, з'явілася і атрута смяртэльная; бяда, калі дакранешся да іх рукою: ад асобных з іх застаюцца невылечныя раны, іншыя забіваюць насмерць. Зло і дабро існавалі ад пачатку свету, аднак ёсць перамены як у фізічным, так і ў маральным свеце, а ўваскрашаць гэтых монстраў мінуўшчыны трэба дзеля таго, каб, параўноўваючы з цяперашнім пакаленнем, лепей пазнаць свет новы і стары.

Сказаўшы гэта, ён паклаў на стол аркуш белае паперы, рассыпаў на ім зроблены з розных фарбаў парашок (такі дробны, як найдалікатнейшы пылок), папырскаў сапфіраваю і чырвонаю вадою - і на папяровым аркушы, як на воблаку, з'явіліся прыгожыя вясёлкі. І раптам адтуль узляцелі цудоўныя рознакаляровыя матылі: яны снавалі ў паветры, пасля абляпілі сцены ды вокны і сядзелі, як найпрыгажэйшыя кветкі. Пан Рылец сказаў:

- Гэта прыгажосць і аздоба маладога свету; матылі чаруюць, захапляюць вока; перлы, рубіны і дыяменты зіхацяць на крылах; некалі ў іх не было такіх прыгожых колераў. Свет фізічны змяніўся, і ў маральным свеце цяпер іншыя жаданні, іншыя мары.

Амаль да поўначы з дапамогай тых каляровых вадкасцяў ажыўляў пан Рылец усё новыя і новыя істоты: сярод іх я бачыў станогіх, ставокіх, стогаловых, жудасных, дзівосных; апісаць іхнія страшныя рухі ды дзіўныя постаці - рэч немагчымая.

- Я ўваскрэсіў, ажывіў прыроду дапатопных стагоддзяў, - працягваў далей вучоны, - ты бачыў марскія істоты, бачыў ядавітых гадаў, бачыў прыгожых матылёў. Глядзі цяпер, у што зноў усё гэта ператварылася: замест ракавінаў, жамяры і страшных гадаў зямля ды кавалкі вапнавае скалы; дзе ж тыя залатыя, зіхоткія ад дарагіх камянёў матылі? Толькі пылок застаўся ад іх: тое, што перажыло свой век, жыць не можа; непераадольны час уладарыць над гэтым светам. Адна, адна толькі Саламандра бяссмяротная, яна - чысты агонь, і святло гэтага агню вечна свяціць будзе. Але той, хто даследуе прыроду, павінен уваскрашаць яе хоць на кароткі час - гэтая навука ў самотным маім жыцці найпрыемнейшая для мяне забава. Такім чынам я хаваюся ад натоўпу, бо ў грамадзе тутэйшых жыхароў размовы толькі пра гандлёвыя выгоды і набыццё скарбаў, а паненкі і кабеты гэтага краю нагадваюць флейты і кларнеты, - добрыя, калі граюць ды спяваюць, але пагаманіць з імі няма пра што. Аднак у мяне тут ёсць сябры, з якімі я часам дзялюся думкамі; у наступную нядзелю запрашу іх на вечар, прыходзь і ты да мяне, прыемна правядзём час сярод добрых людзей.

Мы так размаўлялі аж да поўначы; і я, позна вярнуўшыся дахаты, доўга не мог заснуць: перад вачыма стаялі гбды, жывая жамяра ды матылі.

На другі дзень я падняўся рана, паставіў на стол дзве бутэлечкі гайнараўскіх водаў, пачаў глядзець на іх жывыя, пекныя колеры, разважаючы пра іхнію моц, якую не так даўно бачыў у дзеянні; з прыемнасцю марыў пра таямніцы, пра цуды, якія можна паведаміць свету з дапамогаю гэтага скарбу. Салодкія мары авалодвалі мною і падчас праходкі па горадзе, па беразе мора. Але ах! Не прадбачыў я таго, што чалавечая мудрасць, якая раскрывае таямніцы свету, можа скончыцца вялікаю бядою, вялікімі пакутамі.

Сказаўшы гэта, Саматніцкі некалькі хвілінаў сядзеў як скамянелы, пасля раптоўна крануўся з месца і зноў пачаў гаварыць:

- Я бачыў Адэлю; яна заўсёды аднолькавая - шчаслівыя кабеты! Яны не сочаць за рухам планетаў на небе, не даследуюць таямніцаў прыроды; іх прывабліваюць прыгожыя строі, вясёлая забава, новае сяброўства...

Прыйшла нядзеля, настаў прызначаны вечар; я паспяшаўся да пана Рыльца. Ішоў туды пешкі; было сем гадзін: на цёмных вуліцах сям-там цьмяна свяцілі ліхтары; неба было пагоднае, толькі халодны вецер дзьмуў з мора; падыходзячы да ягонае хаціны, пачуў я страшны шум марскіх хваляў, а ў вокнах заўважыў святло запаленых свечак. Увайшоў у хату, сустрэў мяне нямы лёкай, адчыніў дзверы - і тут дзіўнае відовішча адкрылася перад вачыма: пяцёра гасцей высокага росту, сталых, шосты - пан Рылец стаялі ля стала, трымаючы ў руках поўныя келіхі нейкага пітва, з якога бухаў агонь, пры гэтым усе разам крычалі: «Няхай славіцца Саламандра!» Яны перакулілі келіхі, а мне здалося, што выпілі чыстае полымя; убачыўшы мяне, гаспадар сказаў:

- Ты спазніўся і не выпіў з намі полымя ў гонар Саламандры, жменя попелу якое - звяно, а ўваскрашэнне і жыццё - бясконцы ланцуг.

Сказаўшы гэта, ён наліў келіх, падпаліў яго, і я, усклікнуўшы: «Няхай славіцца Саламандра!», выпіў, абы не адрознівацца ад іншых гасцей і дагадзіць волі гаспадара.

Потым пан Рылец дастаў з шафы каляровыя вадкасці Гайнара, загадаў нямому хлопцу наліць медны ды іншы посуд вадою і ў прысутнасці сваіх гасцей зноў пачаў з зямлі і патоўчанае вапнавае скалы ўваскрашаць ракавіны, гадаў, матылёў ды іншую жамяру; калі ўсе са здзіўленнем убачылі ажыўленыя дапатопныя істоты, ён загадаў змяніць ваду, прынесці лісця з дрэваў і травы.

- Паглядзім цяпер на сучаснасць, - сказаў ён, - адна вадкасць чырвонага колеру пакажа нам найдрабнейшыя істоты лепей, чым самыя дасканалыя мікраскопы.

Ён уліў адну кроплю ў медную пасудзіну з марскою вадою, і там на нашых вачах з'явілася мноства дзіўных і жахлівых істотаў, якія ўвачавідкі павялічваліся; потым даставаў адтуль страшэнных пачвараў, клаў на стол: яны нагадвалі рыб, марскіх звяркоў, яшчарак і кракадзілаў. Гэта ж учыніў потым з крынічнаю вадою - іншыя з'явіліся монстры. Расклаўшы на стале лісце з дрэў і траву, ён пакрапіў усё чырвонаю вадою, і тут паказаўся нябачны свет у надзвычайных, фантастычных постацях: крылатыя цмокі, сфінксы, кентаўры і гідры пачалі кружыць па шырокім стале; трывога працяла сэрцы гледачоў.

Гэтыя і іншыя выпрабаванні доўжыліся да самае поўначы, пасля пачалася гаворка пра развіццё розных навукаў і разгляд твораў нямецкіх ды сучасных польскіх філосафаў; доўга разважалі пра Трантоўскага13, Быхаўца14, Бохвіца15 ды іншых; найбольш мне запомніліся словы пана Рыльца:

- Я з большым задавальненнем чытаю старажытных грэцкіх філосафаў; яны шчыра шукалі святла праўды, і часам асобным з іх удавалася хоць здалёку ўбачыць прамень вечнага святла. Цяпер, калі нябеснае сонца Евангелля свеціць усяму свету, яны блукаюць у цемры і самі не ведаюць, чаго шукаюць; назвалі чалавечую душу часткаю Бога, а яна ж - стварэнне Божае, як і іншыя ўсе душы.

Гэтыя размовы доўжыліся да позняе ночы, а калі прабіла дзве гадзіны, закончыліся літаратурныя забавы, і мы ўсе разам выйшлі; я адзін вяртаўся дахаты па пустых і цёмных вуліцах, думаючы пра ўсё тое, што бачыў і што чуў.

У часе майго знаходжання ў Адэсе я яшчэ некалькі разоў наведваўся ў дом пана Рыльца, бо мяне цешыла ягоная таварыскасць і вучоныя размовы; калі перад выездам з горада я прыйшоў да яго апошні раз, каб развітацца ды падзякаваць за ласку, ён, даючы мне дзве бутэлечкі са спіртавым настоем, дзве з алеямі, некалькі сваіх парашкоў, перасцярог:

- У цябе цяпер воды Гайнара і ўсё, што патрэбна для даследавання прыроды - уваскрашай жа мінуўшчыну, выклікай з магілаў памерлыя істоты; вывучай таямніцы ўсіх мінулых стагоддзяў і цяперашняга свету, - і ўсюды ўбачыш цуды, якія іншым і не сніліся; убачыш руку Творцы, але не пераступай межаў, не даследуй дух, бо тут патрэбна вышэйшая сіла, тут патрэбна яснабачанне; не забывай, што ты чалавек, не аддаляйся ад свайго цела без волі Таго, хто цябе з ім злучыў, і вокам твае душы не ўзірайся ў іншую душу, якая створана, як і твая.

Зяноне! Я не паслухаўся, пакінуў без увагі гэтыя перасцярогі, зрабіў інакш; той скарб, які ёсць у мяне, тую моц каляровых водаў я выкарыстаў на іншае; я забыўся пра мінулае і пра будучае, хацеў ужо сёння быць у раі ў гэтым жыцці, на гэтай зямлі хацеў бачыць Духа ў постаці анёла; я пазнаў Адэлю, яна стала для мае душы тым богам, тым ідэалам, якога шукаў на гэтым свеце; блукаючы ў стэпах і па дзікіх скалах на беразе Цецерава, думаў я пра яе, пра яе марыў; душа мая без яе спакойнаю быць не можа, я аддзяліўся ад цела, забыўся пра сваё цела, забыўся і пра зямное жыццё, - загубіў сябе. Зяноне, у далёкім краі, калі хто з маіх даўніх знаёмых запытаецца пра мяне, скажаш, што жыве, ды жыццё яго жахлівае. Але і сам я хутка пакіну гэты край ды пакіну гэтае чужое цела дзе-небудзь на чужой зямлі.

Саматніцкі замаўчаў; Зянон пазіраў на яго з жалем у сэрцы; не мог нагадаць яму пра надзею, бо ягоная надзея згасла назаўсёды; паабяцаў толькі выканаць тое, што ён прасіў, і зноў выправіўся ў падарожжа.

 

 

Каментары

 

Упершыню надрукавана на польскай мове ў кнізе : Proza і wіerszy. Kіjow, 1849. Cz.1.

 

1. Валынь - гістарычная частка Вялікага Княства Літоўскага. Сваю назву атрымала ад г. Валынь, якога сёння няма. Уключае ў сябе беларускае і ўкраінскае Палессе.

2. Цуднаў - сёння гэта ўкраінскі горад Чуднаў.

3. Падолле - гістарычная частка Вялікага Княства Літоўскага, гвалтоўна далучаная ў 1569 г. да Польшчы. Ахоплівае тэрыторыю сучаснае Ўкраіны па рэках Днестр і Паўднёвы Буг.

4. Паводле тагачаснае перыёдыкі эпідэмія халеры на Валыні лютавала таксама ў 1848 г. А г. зн., што Франц Савіч, які жыў у той час там (мястэчка Янушпаль) ды ратаваў людзей ад пошасці, памёр у 1848, а не ў 1845 г., як сцвярджаецца ў нашым літаратуразнаўстве.

5. Умань - горад на Ўкраіне, дзе ў 1786 г. казацкія атрады Гонты і Жалезняка выразалі ўсё насельніцтва.

6. Трамбецкі Станіслаў (1739-1812) - прыдворны паэт апошняга караля Рэчы Паспалітае Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пісаў байкі, сатыры, оды, паэмы, панегірыкі. Адзін з самых славутых ягоных твораў - «Сафіеўка».

7. Тракцір - карчма. У Адэсе, пэўна, ужо ўсталяваліся расейскія найменні.

8. Залескі Юзаф Багдан (1802-1886) - польскамоўны паэт-рамантык, для якога Ўкраіна і ейны люд сталі прадметам любові і настальгіі.

9. Мальчэўскі Антон (1793-1826) - польскамоўны паэт-рамантык. Паходзіў з Валыні. Аўтар выдадзенае ў 1825 г. паэмы «Марыя», названай ў падтытуле «ўкраінскаю аповесцю».

10. Гашчынскі Севярын (1801-1876) - польскамоўны паэт-рамантык. Родам з Украіны. Самы славуты ягоны твор - паэма «Канёўскі замак», у якой апавядаецца пра часы гайдамаччыны.

11. Падура Тамаш (1801-1871) - польскамоўны і ўкраінскамоўны паэт. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўкраінскі фальклор.

12. Піятроўскі Канстанцін - польскамоўны паэт і перакладчык. Аўтар выдадзенага ў 1836 г. у Бярдзічаве зборніка вершаваных твораў. Добры сябра Я.Баршчэўскага.

13. Трантоўскі Браніслаў Фердынанд (1808-1869) - папулярны тагачасны філосаф. У сваіх творах выказваў ідэі месіянізму.

14. Быхавец Юзаф (1778-1845) - філосаф і літаратар. У сваіх працах развіваў вучэнне Канта ў духу антрапалагічнага ідэалізму.

15. Бохвіц Фларыян (1794-1856) - філосаф. Выступаў з крытыкаю матэрыялізму і антырэлігійных настрояў. Свае творы выдаваў у Вільні.



Tłumaczenie: Мікола Хаўстовіч

Беларуская Палічка: http://knihi.com