epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Каспровіч

У свет

З польскай — Я. Каспровіча

 

Эй, зямелька, загон ты мой чорны!

Рые плуг, барана твае кветкі;

Ў табе спяць ураджайныя зёрны,

А мы — ў свет, твае родныя дзеткі.

 

Свісне коска ў тваёй сенажаці,

Бразне серп па загоне паспелым,—

А прад намі прасвіту не знаці,

Непагодай спавіты свет цэлы.

 

О вы, зёрны, о сноп умалотны,

О ты, жніў залатая мінута!

Жаль, нуда з намі ўслед плыве слотна,

А прад намі — маркотнасць, пакута.

 

Жаль, нуда заляглі, як туманы

Хмар над нашай зямелькаю-маткай,

А загон яе ў скібы з’араны,

А ў самой у ёй дрэмлюць зярняткі.

 

Хто пасмее зямельку вініці,

Наракаць на цябе хто пасмее,

Што ў бадзянні нам страшна так жыці,

Што ў жалобе мы гэткай марнеем.

 

Жаль, нуда хай ідуць перад намі,

І маркотнасць, і любасць бясконца,

А ты, маці, сваймі каласкамі

Шумі, цешся і смейся да сонца.

 

Эй, зямелька, загон ты мой чорны!

І у нас яшчэ ўцеха загосце;

Яшчэ будзем збіраць твае зёрны,

Яшчэ зложым свае ў табе косці.

 

1909


1909

Пераклад: Янка Купала
Тэкст падаецца паводле выдання: Поўны збор твораў. У 9 т. - Т. 2. Вершы, пераклады 1908-1910. - Мн.: Маст. літ., 1996. -342 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан