epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Скрыган

На вячэры

У даведніку «Пісьменнікі Савецкай Беларусі» пра Сымона Куніцкага сказана вельмі коратка: нарадзіўся ў вёсцы Гарані Заслаўскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і; скончыў літаратурнае аддзяленне педфака Беларускага дзяржаўнага універсітэта; працаваў у Інстытуце мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР. Памёр 14 красавіка 1940 года.

Такая скупасць тлумачыцца трыма акалічнасцямі: першае, што для літаратуры Сымон Куніцкі памёр вельмі рана, не паспеўшы акрэсліць сваіх абсягаў; другое, што яго творы не сабраны і не вывучаны; і трэцяе, што Куніцкі быў надзіва сціплы чалавек.

Памятаю нашы гады навучання ў універсітэце. Як гэта бывае звычайна, кожнае асяроддзе падзяляецца на пэўныя групкі сяброўства. Гэтыя групкі былі і ў нас. Адных, што прыйшлі ў універсітэт пасля многіх гадоў настаўніцтва, ядналі інтарэсы прафесіі, другіх — проста любоў да навукі, трэціх — яшчэ якія ідэалы. Мы ж — Пятрусь Броўка, Алесь Пальчэўскі, Сымон Куніцкі ды яшчэ колькі хлопцаў — здружыліся на тым, што любілі літаратуру.

Сымон Куніцкі сярод нас паявіўся неяк нечакана і непрыкметна. Памятаю, мы разыходзіліся з заняткаў і дзяліліся ўражаннямі ад лекцый Піятуховіча, трошкі пацяшаючыся з таго, што ён шапялявіць.

— Але ж знае свой прадмет і любіць яго,— сказаў Сымон Куніцкі.— Я сам бы хацеў так многа ведаць.

Вось гэтае жаданне «многа ведаць» і вылучала Куніцкага сярод нас. Не скажу, што мы ўсе не хацелі многа ведаць, але ў нас гэта выходзіла неяк бязладна, з нейкім бунтам і партызанствам. Мы, асабліва Макар Шалай і Апанас Сідарэнка, заспрачаўшыся па якой кнізе ці па якім пытанні эстэтыкі, маглі забыць на абед, на вячэру, хапацца за чубы, праседзець усю ноч, плаваючы ў сінім дыме і навальваючы на стале цэлыя горы недакуркаў. Куніцкі ж скрозь быў спакойны. І ў спрэчкі ўмешваўся толькі тады, калі нешта сам для сябе выясніў. І ніякія наскокі і цытаты з Пісарава, Бялінскага і Дабралюбава, якімі мы вельмі любілі размахвацца, не маглі збіць яго з панталыку. Бачачы, што спрэчкі пераходзяць у спорт, ён надзяваў шапку і развітваўся.

Хоць Куніцкі ўспамінаецца найбольш у такіх нашых студэнцкіх паядынках, але ён якраз менш за ўсё і любіў гэта. Ён як бы шкадаваў часу на такое марнатраўства. Ён ішоў дадому або ў бібліятэку або проста выбіраў дзе лавачку на скверы і стараўся пабыць з кніжкаю ці абдумаць нейкую тэму.

Я кажу «абдумаць нейкую тэму», бо Куніцкі, нікому не прызнаючыся, пісаў. Перш рэцэнзіі на новыя кніжкі, а потым артыкулы — тэарэтычныя ці па творчасці якога-небудзь пісьменніка. Пачаўшы з невялікіх рэцэнзій, ён дайшоў да шырокіх абагульненняў, напісаўшы працы пра творчасць Янкі Купалы, Якуба Коласа, Андрэя Александровіча, Сымона Баранавых, Барыса Мікуліча, Хвядоса Шынклера.

Куніцкі быў вельмі памяркоўны. Памяркоўнасць была ў яго хадзе — павольнай, як бы нясмелай,— у прысадзістай, плячыстай фігуры, у шыракаватым і адкрытым твары з рэзка акрэсленымі лініямі губ, у манеры гаварыць — спакойна і абдумана. У нейкім сялянскім спакоі. Ніколі нічым ён не любіў хваліцца або выставіцца напаказ. Ніхто не заўважыў, калі ён надрукаваў першую рэцэнзію, а пасля першы артыкул. Ніхто не ведаў, што ён многа чытае, і кніжка, якая бадай што заўсёды была ў яго пад пахаю, аніяк не гаварыла пра яго вучонасць. Ніхто не заўважыў, што ён пайшоў на работу ў Акадэмію навук, і нават блізкія сябры не адразу даведаліся, што ён працуе вучоным сакратаром Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва.

І таксама мала хто заўважыў, што артыкулы яго пачалі паяўляцца ўсё радзей.

Па нейкай нагодзе ў Доме пісьменніка была наладжана ўрачыстая вячэра. Я сядзеў поруч з Сымонам Куніцкім. Недалёка ад нас, размахваючы пляшкаю, перад тым як наліць пустую паднятую чарку, гаварыў прамову Лукаш Бэнда. Ад яго прамовы, як і заўсёды, халадзела ў сэрцы.

Я павярнуўся да Куніцкага:

— Нешта ты мала, Сымоне, пачаў друкавацца.

— Хто яго ведае, мабыць, я перавучыўся. Ці не давучыўся. Не патраплю, як трэба пісаць. Ты бачыш, як ён весела дырыжыруе, як на парадзе,— кіўнуў ён на Бэнду.— Тут нехаця пачуеш сябе невукам.

Бэндаў голас хрыпата весяліўся над залаю, і я вельмі блізка разумеў душэўную разгубленасць Сымона Куніцкага.

1965


1965