epub
 
падключыць
слоўнікі

Ян Вісліцкі

Пруская вайна

Заахвочвальны верш Яна Вісліцкага да Музы магістра Паўла Русіна, поўны яго ўсхваленняў, да складання эпіграмы ў кнігі, напісаныя пра Прускую вайну
Шаноўнаму і славутаму мужу, магістру Кракаўскага універсітэта Паўлу Кросненскаму, сябру паэтычнай суполкі і паважанаму настаўніку, Ян Вісліцкі [жадае] здароўя і шчасця
Аргументы1 кніг “Прускай вайны”
  Аргумент першай кнігі:
  Аргумент другой кнігі:
  Аргумент трэцяй кнігі:
Ода чытачу1
Пруская вайна
  Кніга першая
  Пачынаецца кнiга другая
  Пачынаецца кніга трэцяя
Ода Яна Вісліцкагада Найяснейшага Уладара Жыгімонта,караля Польшчы і г. д., прысвечаная яго вайне са скіфамі і шчасліва атрыманай перамозе над імі 8 верасня, або ў самы дзень нараджэння /Панны/ Марыі ўгод збавеннага ўцелаўлення Панскага 1514
Да найпаважанейшага ў Хрысце айца і пана Пана Пятра Таміцкага з ласкі Божай біскупа Перамышльскага і найшаноўнейшага віцэ-канцлера Каралеўства Польскага архілохавы ямбічны трыметр Яна Вісліцкага дзеля рэкамендацыі яго кніг Каралеўскай Вялікасці
Элегія да Багародзіцы Панны Марыіз просьбаю пра ўтаймаванне чумы
Эпіграма на зайздросніка
Дадатак
  Элегія магістра Паўла Кросненскага Русіна да Яна Вісліцкага, аматара Піэрыдаў, вучня, не вартага ўшчування
  Верш Валянціна Экія Філірыпалітанскага
  Пра сённяшнюю Прускую вайну
  Боскаму Жыгімонту, непераможнаму каралю Польшчы
  На войска германцаў, што ўцякае ад палякаў
Каментарыі да перакладу
  Заахвочвальны верш да Музы магістра Паўла з Кросна
  Прадмова “Шаноўнаму і славутаму мужу, магістру Кракаўскага універсітэта Паўлу Кросненскаму”
  Аргументы кніг “Прускай вайны”
  Ода чытачу
  Паэма “Пруская вайна”. Кніга першая
  Паэма “Пруская вайна”. Кніга другая
  Паэма “Пруская вайна”. Кніга трэцяя
  Ода да караля Жыгімонта
  Верш да Пятра Таміцкага
  Элегія да Багародзіцы Панны Марыі
  Дадатак. Элегія магістра Паўла Кросненскага Русіна да Яна Вісліцкага
  Дадатак. Верш Валянціна Экія
  Дадатак.Пра сённяшнюю Прускую вайну Боскаму Жыгімонту, непераможнаму каралю Польшчы
  Дадатак.На войска германцаў, што ўцякае ад палякаў
Кароткі слоўнік антычных і сярэднявечных намінацый*


Хочаш дазнацца пра вынікі Прускай вайны? Паспяшайся,

Каб са спагаднай душой твор гэты тут прачытаць –

Песню сармата, які, аянійскімі продкамі слаўны,

Сэрца сваё напаіў кволым натхненнем пакуль.

 

Заахвочвальны верш Яна Вісліцкага да Музы магістра Паўла Русіна, поўны яго ўсхваленняў, да складання эпіграмы ў кнігі, напісаныя пра Прускую вайну

 

У Геманійскай зямлі стаіць Пеліён знакаміты,

    Там, у пячоры пустой, ён Філірыда ўзрасціў;

Той жа быў спрытны не толькі ў эпідаўрыйскай навуцы –

    Пальцам ці плектрам граць на кіфары любіў.

Там навучаў ён Пеліда ўсім правілам розных мастацтваў;

    Менетыяд ад яго звычаі Марса спазнаў.

Помнілі догмы настаўніка-паўчалавека падлеткі,

    Ды Дуліхійца падман іх ля Пергама згубіў.

Сведкі таму – і Рэтэйскае поле, і воды Скамандра,

    Дый пагалоска яшчэ – Чутка-вяшчунка зямлі.

Праз юнакоў тых узвышаны быў і Хірон двухаблічны:

    Кожны настаўнік заўжды славіцца вучнем сваім.

Гэтак праславіўся ты ў далёкай Сармацкай краіне,

    Павел! Вядомасць набыў сам між сармацкіх мужоў.

Слава табе! Гэтак годнасцю ззяе твой розум і талент,

    Што й Касталійка сама зайздрасць не можа стрымаць.

Хай Эякід фесалійскі, і сябар яго, і ўся Оса,

    Пелетранійцаў хвала, славяць бясконца таго1;

Твой жа Дантышак і Сухцень цябе хай уславяць, а з імі –

    Кросна русінаў – яна ёсць у Сармацкай зямлі.

Той праз дваіх стаў вядомы – цябе праслаўляюць аж трое

    Вучняў. Між імі цяпер трэцім хацеў бы я быць.

Шмат хто імкнуўся ўзысці на гару Геліконскую – толькі

    Ім перашкодай была старасць ці гор вышыня;

Вось для цябе чарадзейнымі вуснамі ўсе Пегасіды

    І Аяніды пяюць боскія песні свае;

Радасна Феб для цябе б’е плектрам бліскучым па струнах;

    Вопытны ў справе сваёй Бромій прыносіць віно.

Бакха натхняльны напой цяпер пі, калі ласка, на шчасце,

    Песню ж маю ўганаруй вершам цудоўным сваім.

Большая веліч заўсёды – у вершах падпітых паэтаў,

    Бо паэтычны запал – віннаму хмелю сваяк.

Ззяе сама Тэрпсіхора цяпер перад Паўлам-паэтам,

    Нібыта Веспер, які ў небе вячэрным гарыць,

Потым схіляецца да іберыйскага ўзмежжа марскога

    І зіхаціць яшчэ больш паміж усходніх краін, –

Хай жа яна акрыяе ў багатай краіне палякаў –

    Там, дзе імклівасцю хваль велічна Вісла шуміць,

Бо ў нашых кнігах яшчэ не спявала яна аніколі

    І не прынесла вянкоў гэтым вось “Прусам”2 маім,

Хоць і гатова яна загучаць на радзіме з трыумфам,

    Каб аянійскі нектар стаўся аздобай для ўсіх.

Толькі ў трагедыях Марса спяваюць пра войны народа,

    Хай для Радзімы й сябе песні дапіша яна3.

Нават калі й пагарджае ў бясконцай апецы Мінервай,

    Хай не адмовіць, малю, скласці двуверш для мяне.

Пышна квітнеў ён заўжды ў нашых кнігах і там заставаўся –

    Так, каб заўсёды я мог бачыць, настаўнік, цябе:

Як падарункі каханка ласкава пільнуе сяброўка,

    Я гэтаксама твой верш буду заўжды зберагаць.

 

Канец 4

 

Шаноўнаму і славутаму мужу, магістру Кракаўскага універсітэта Паўлу Кросненскаму, сябру паэтычнай суполкі і паважанаму настаўніку, Ян Вісліцкі [жадае] здароўя і шчасця

 

Яшчэ не вычарпаўшы да дна ўсе шматлікія турботы маёй цяжкай працы, нібы капітан карабля, што нясецца па хвалях вірлівага мора воляю звар’яцелага Эўра, пакутуючы ў цяжкіх душэўных разважаннях аб няшчаснай пераменлівасці Фартуны, – я імкнуўся за спачынкам да Геліканід, найпрывабнейшых карміліц, нібыта да найбольш надзейнага сховішча. О высокаадукаваны муж! Я радаваўся ім, пакуль яшчэ быў малады, і, уражаны сугуччам іх славутых нашчадкаў, аслеплены найяснейшым ззяннем невыразнай славы, крыху перавёў дух, затрыманы іх вывучэннем, ды захаваў у душы вешчуноў і іх паслядоўнікаў, якія дасягнулі вышэйшых ступеняў майстэрства. Нясмелы і нявопытны, трымаючы шлях зводдаль ад іх слядоў, разважаючы пра тую славуцейшую перамогу, якую палякі атрымалі над германцамі ў межах Прусіі з дапамогаю Марса, я ўзяўся падрабязна абдумваць у сэрцы адметны вынік яе. Ён, варты большай славы, магчыма, мог бы быць дасканала апісаны большым пяром, – [але ж] я, народжаны ў самым амаль што цэнтры далёкага краю, не настолькі добра напоены з крыніцы Аянід, з усіх маіх пільных намаганняў ясна даў зразумець, што вынік [маёй] бяссоннай працы павінен будзе з’явіцца як першыя спробы першых крокаў маіх Геліканід, – каб з апісаннем яе1 з’явілася якая-небудзь занатаваная памяць, якая б нават па прашэсці часу палымнела для ворагаў яшчэ больш сурова і жорстка, мацуючыся імкненнем да славы Радзімы.

Гэтая падзея, магчыма, будзе асветлена не дэталёва, бо час ужо амаль сцёр яе, засыпаўшы даўніною стагоддзя. Аднак жа, каб гэткі славуты подзвіг, не ўпрыгожаны піэрыйскімі гукамі і зусім не выяўлены, не загінуў з прычыны змрочнага маўчання, дый проста з прычыны бяздзейнасці паэтаў, – я сабраў усё ў адно: часткова з таго, што знайшоў у кнігах, крыху з твораў храністаў, часткова з пагалоскі і ўспамінаў пра тыя славутыя падзеі, якімі наўкола ахоплена ўся Польшча, прычым сабраў даволі шчасліва, зразумела, пры такім натхняльніку, па волі якога мы ўсе дакранаемся з відавочным даверам да той бліскучай перамогі над ворагамі, якая была дасягнута тады з асо бага найвышэйшага наканавання Бога-Стваральніка, які ўганараваў мяне за мае клопаты ў такой цяжкай працы стаць аўтарам кнігі пра гэтую бліскучую перамогу.

Я прысвяціў яе2 шчыра Жыгімонту, непераможнаму каралю Еўрапейскай Сарматыі, а таксама Польскай айчыны, гадаванцам якой я сябе прызнаю, у якасці энкомія3. Бо так прынята (і пра гэты звычай я даведаўся ад лепшых і адукаванейшых людзей), што вялікія і маленькія творы, прыхільна і вытанчана ўпрыгожаныя багатымі на бесперапыннае хараство крыніцамі Муз, так ці інакш ахвяруюцца ў гонар караля, уладара або сената. І я таксама імкнуся да гэтага, няхай нават умацаваны нязначнай жылкай даравання, аднак жа абаронены ўхваленнем ад твайго таленту, о, славуцейшы муж. Перадаю найперш табе нашу кнігу для прачытання або, калі былі зроблены нейкія памылкі, для выпраўлення, – табе, чые вусны абмытыя паўнаводным ручаём цэлай энцыклапедыі, хто паўсюдна высока ўслаўляецца за свой талент і здольнасці і адзінагалосна лічыцца вельмі дасведчаным чалавекам.

Паколькі падобныя творы, адзначаныя слаўным імем каралёў або князёў, абаронены ўсюды іх вышэйшай уладай і літасцю, іх аўтарытэт супрацьстаіць зайздроснікам і насмешнікам, падобна таму, як парма служыць абаронаю ад стрэл. Звыш таго, гэта настолькі прыстойна, што так прынята ў любой справе: тое, што ўсхваляюць, узносяць і апякаюць каралі і магнаты, узносіцца і нават ушаноўваецца простым людам. Аднак, як бы гэта мяне ні ахоўвала, мне ледзь удаецца выратавацца ад брахлівых пашчаў зайздроснікаў, што ганяць твор нашай працы; да таго часу, пакуль ён яшчэ дастаткова будзе распаўсюджаны і вядомы, хто-небудзь са смяротных будзе апантаны імкненнем да таго, каб узвесці на яго публічны або прыватны паклёп.

Усё ж такі гэты твор, колькі б ён, так сказаць, наўмысна ні прыніжаўся, колькі б ні цярпеў ад ганьбаванняў заілаў, змог бы пераадолець гэты цяжар толькі адным чынам: калі б ніколі не быў створаны і апублікаваны. Я ж, безумоўна, напісаў гэта не для непрыхільных і варожых, а для тых, хто мае ў сэрцы любоў да славы Айчыны, і я ўвесь час разважаю сам-насам, што лаянка насмешнікаў – нішто, што іх неўтаймаваны язык так ці інакш можа атрымаць адпор пры жаданні, калі эгіда будзе выстаўлена замест шчыта, пацвярджаючы вядомыя словы сатырыка: хацець чагосьці ўласціва кожнаму, ды аднаго жадання мала. Але няхай будзе так: тыя, хто гэта чыняць, у хуткім часе пакаштуюць ад нас палінодыю, роднасную гукам Архілоха4.

 

Аргументы1 кніг “Прускай вайны”

 

Аргумент першай кнігі:

 

Першая кніга за тэмаю следам малітву змяшчае

    Панне Марыі, пасля блізкія польскай зямлі

Землі апісвае, Крака2 ўслаўляе, прыгожую Ванду,

    Кажа пра гібель яе, вартую скрушлівых слёз,

Потым прамову Тымбрэйца змяшчае, нарэшце – развагі,

    Як радавод каралёў польскіх ярчэй паказаць.

 

Аргумент другой кнігі:

 

Кніга другая пакажа літоўцаў з лясістага краю –

    Слаўны народ той, адкуль мужны Ягайла пайшоў;

З горада Пталемаіды Сірыйскай згадаўшы нашэсце

    Браццяў Марыі, яна кажа пра войны далей.

 

Аргумент трэцяй кнігі:

 

Трэцяя кніга – пра тое, як грозны Юпітэр з багамі

    Раіўся ў небе, каго ў жонкі аддаць каралю

(Раіўся шчэ й пра нашчадка Ягайлы, славутага вельмі) –

    Панну-русінку багі дружна абралі яму.

Лёсам прызначана ёй каралёў нарадзіць для дзяржавы.

    ...Якар, рассёкшы ваду, дно вастрыём зачапіў.

 

Ода чытачу1

 

Каго вядуць багіні свяшчэнныя2,

Каму цудоўны спеў Апалонавы

    Душу ўпрыгожвае натхненнем

        І красамоўным сваім запалам,

Каго так вабіць Марса крывавы бой,

Айчыннай славы ззянне бясконцае

    Ці веліч дзіўнай перамогі,

        Памяць яшчэ аб вайне мінулай, –

Хай знойдзе тут імёнаў бліскучых шмат,

Высокай даўняй славы магутны спеў,

    Вянкі магутнага паляка

        За перамогу ў крывавай бітве,

Якія ён прыдбаў, а знамёны ўсе

Пыхлівых прусаў кінуў пад ногі ім,

    Атрады іх, харугвы знішчыў

        Дый шчэ засады ліхога Марса.

Ні ліра вершапісцаў былых часоў,

Ні шэраг вельмі мудрых сівых айцоў

    Не ўзнеслі ў найвышэйшых словах

        Кніжак сваіх і вучоных твораў

Высокі гонар славы бясконцай той,

Якой заззяла мілая Польшча ўся

    Сярод магутных, ваяўнічых

        Уладароў акіяна й сушы.

А наш барбіт з цудоўнаю песняю

Няхай гучыць шчасліва па ўсёй зямлі

    І ў краі родным уваскрэсіць

        Гонар вялікі нязгаснай славы.

І Муза наша будзе цяпер спяваць,

Уславіць гучнай песняй айчынны край.

    Прымі ж, чытач, з прыхільным сэрцам

        Твор гэтай кніжкі маёй маленькай.

 

Найсвятлейшаму Уладару і Пану, Пану Жыгімонту, з Божай ласкі каралю Польшчы, Вялікаму князю Літоўскаму, гаспадару і спадкаемцу Русі і Прусіі і г. д.

 

Пруская вайна

ў трох кнігах, якія складзены Янам Вісліцкім у год 1515 ад нараджэння Хрыстовага1

 

Кніга першая

 

Слаўная чутка, прыйшоўшы ад зорнага полюса свету,

О, неадольны кароль, пра надзвычай суровую бітву

Гучна з крывавым трыумфам азвалася, каб узвялічыць

Подзвігі мужнага продка2 твайго аж да самых нябёсаў.

Ззяючы імі паўсюдна, ляціць тая шчасная чутка

 

Да акіянскіх ускрайкаў – туды, дзе румянае сонца

Промні вымае з вады і найперш асвятляе індусаў;

Потым туды, дзе каней Фаэтона агністыя вёрсты

Нікнуць ля Ніла пясчанага – там, дзе аплакваюць мёртвых;

Потым туды, дзе раскінуўся ўзрошчаны хлеб, сапсаваны

 

Снегам рыфейскім і ўжо для крывога сярпа непрыдатны;

Можа, й туды, дзе, стамлёны ад цяжкіх шляхоў, перашкодаў,

Пасвіцца на берагах травяністых Этон хутканогі,

Покуль на захадзе ў хвалі імклівыя Феб не знікае.

Воклічам Стэнтара подзвігі тыя ў вяках адгукнуцца,

 

Слава бяссмертнага продка твайго даляціць аж да зораў:

Сам ён вышэй за герояў і волатаў даўняга часу,

Спрытных атлетаў і Марсавых вояў жахлівых, вышэй ён

За Сцыпіёнаў і Дэцыяў, за Этэоклава войска –

Тых, каго некалі Рым або Фівы на свет спарадзілі.

 

Чутка пра слаўнага продка знікаць пачала паступова,

Нібы ў тумане, аднак яе неслі сівыя стагоддзі,

Быццам даспехі герояў, што, жоўта-чырвоным металам

Аблямаваныя, перламі з Індыі і з Карфагена,

Ззяюць у храмах святых, палымнеюць стракатым убраннем.

 

Многа людзей састарэлых і юных надзвычай высока

Тых ушаноўваюць, з кім была доблесць адважнай Палады,

Каб захаваць гэты ўзор непахіснасці ў справах ваенных,

Вартыя памяці подзвігі, годнасці прыклад дастойны,

Каб пасля смерці іх неслі нашчадкі далей тую чутку,

 

Што пачалася ад слаўнага продка твайго, валадару,

І паляцела праз землі і хвалі бясконцага мора.

Доўга пра тыя падзеі маўчалі старыя паэты

Ў кнігах сваіх, не хацелі празрыстай крыніцай Фацыды

Ці паэтычнаю лірай уславіць з дэлоскім натхненнем

 

Подзвіг дастойны з прычыны маўчання іх продкаў далёкіх.

Подзвігам гэткім між тым ганарыўся б і Рым ваяўнічы,

Што ўвекавечаны славай цароў і князёў гераічных,

І Карфаген непахісны сідонскі магутнай Элізы,

Мемфіс таксама шматлюдны, што ў межах зямлі егіпцянаў.

 

Славу хачу аднавіць – хай маўчаць старажытныя сонмы

Вечных багінь, што жывуць між вяршыняў сівога Парнаса,

Нават Тымбрэец не мкнецца да струнаў з лагодным напевам,

Дый Пегасіды бяруцца за песні нядбайна, забыўшы

Скласці аповед пра дзеі таго караля і ўваскрэсіць

 

Гучны трыумф, што прынёс ён, калі атрымаў прадказанне

Пра перамогу над прусамі – жорсткім, бязлітасным войскам,

Войскам надзвычай варожым да цэлага роду сарматаў,

З імі – харугвы германскіх князёў, што таксама ўзняліся

Супраць палякаў тваіх, о кароль, радавітых і годных,

 

Толькі спачылі цяпер, ваяўнічыя, іх перамог ты

Моцнай дзясніцай сваёй пры падтрымцы Найвышняга Бога

І пры святой дапамозе тваёй, о, патрон найяснейшы3:

У блаславёным касцёле вісяць у твой гонар штандары4

Войска варожага, мутнай крывёю залітыя ў бітве.

 

Тыя штандары ў суровым баі ратавала ад прусаў,

Ворагаў дзікіх і лютых, прыведзеных Марсам крывавым,

І ад навалы, што доўжылася шмат гадоў несупынна,

Доблесць ваенная продка твайго, Жыгімонце, а з ёю

Моцная ў бітве дзясніца твайго санавітага бацькі5.

 

Некалі Рым наймагутнейшы гэтак жа знішчыў пунійцаў,

Вечную славу прыдбаўшы сабе на вайне той крывавай,

У Карфагене прыгожым збурыўшы высокія вежы,

Для пераможаных тут жа свае ўсталяваўшы законы.

Так вось і Прусія знішчана моцнай сармацкай дзясніцай

 

I, абнясілеўшы, прагна тваіх пастановаў чакае;

Шыі свае пад ярмо падстаўляючы, польскім законам

Стала пакорнай цяпер, караля называе патронам –

Сёння ў дзяржаве яго ты кіруеш законнай уладай.

Вісла цудоўная, ў водах глыбокіх схаваўшы навечна

 

Княжацкіх мноства шчытоў і воінскіх шлемаў, крывёю

Поўніла воды свае, бегучы ва ўлонне Дарыды,

Хвалі празрыстага мора фарбуючы гнойнаю жыжай.

Так, не іначай, і Ксанф, што цячэ па палях іліёнскіх,

Мноства магутнейшых вояў з Еўропы і Азіі цэлай,

 

Тых, што загінулі ў бітве, у водах тапіў Гелеспонта, –

Леды дачка бессаромная гэтаму стала прычынай.

Гэта злачынства мінуўшчыны; я ж разважаю, што часта

Войны грымяць бессэнсоўна, дзіўлюся, чаму так упарта

Сталі да Марсавай звады імкнуцца народы, у змову

 

Супраць дзяржавы тваёй уступіўшы, між імі – дружына

Рэйнцаў адборных, а з імі – саюзнікі ў страшным злачынстве:

Раці паўночнага племя, таксама – цымбрыйцы, нібыта

Фрыгія ўся, у Аўлідзе ў змову ўступіўшы з суровым

Войскам пеласгаў, пайшла, зруйнаваць каб Прыамава царства.

 

Так спадзяваўся той сход вераломны германскага люду

Знішчыць кляйноты славутыя польскіх усіх самадзержцаў,

Род іх святы скасаваць, насадзіўшы ліхія законы,

І авалодаць стырном той вайны, каб сабе падначаліць.

Цымба мая выпраўляецца сёння ў бясконцае мора,

 

Вёслаў не маючы, і эалійскім вятрам хуткакрылым

Хоча даверыцца; я аддаю свае ветразі водам

Бурным тваім, о, Няптун, і, як Тыфіс, кіруюся ў мора;

Шчыра ўскладаю малітву сваю аб прыхільнай падтрымцы:

Панна Марыя, ты чыстага неба цудоўны пачатак,

 

А для паэтаў убогіх натхнення струмень невычэрпны!

Будзь літасцівай, прашу, да мяне, сваім светлым абліччам

Ззяючы, нібыта Геспер у цемры начной, для нясталых

Тых маракоў, што імкнуцца стрымаць бурапеннае мора.

Воля святая твая становіцца моцнай падтрымкай:

 

Кліча ў марскую прастору ці ў бітву крывавага Марса –

Шчодра квітнее яна міласэрнасцю вечнай і дорыць

Шчыра сваю дапамогу смяротным слабым у іх дзеях.

Дапамажы ж ты і нашаму твору, Найчыстая Маці,

І правядзі мае ветразі праз нечаканыя штормы,

 

Ростру майго карабля, што па хвалях імклівых нясецца,

Абарані, каб прайшоў ён шчасліва праз бурныя воды

Мора Тырэнскага і Сіцылійскага з лёгкім павевам

Аўстра лагоднага і напаткаў свой жаданы прыстанак.

Слаўная тая зямля пад мядзведзіцаю Лікаонскай,

 

Што ахапіла прастору бязмежную і валадарства,

Многія землі ў сабе замыкае з адрозным найменнем.

Тытул даўнейшы – Сарматыя – даў ёй сусед, бо не ведаў:

Лёсам прызначана ёй па заслугах Палоніяй звацца.

Люд, што сябе на мове спрадвечнай палякамі кліча,

 

Тут свае нівы абходзіць, і шмат гарадоў знакамітых

Служаць кароне тваёй і законам тваім, Жыгімонце!

Тыя, каго ўжо няма, каралеўскаю воляй святою

Славу сабе здабылі, перамогшы варожыя раці.

Тут распасцерліся землі траякіх русінаў6, якія

 

Аж да намадаў і мызаў на Понце Эўксінскім сягаюць,

Да Танаіса, яшчэ да шырокіх прастораў лівонцаў;

Тут жа і тыя, што косяць лугі ў паўднёвым напрамку

Ад гарамантаў і бачаць крутыя вяршыні Карпатаў,

Ну, а ў заходнім напрамку з Панонскай краінай мяжуюць;

 

Тыя, што бачаць на захадзе Гадэсі горы Атланта

I адчуваюць павевы пяшчотныя ветра Зефіра:

Там валадараць яны на квітнеючых нівах, якія

Ты адраджаеш штогод паўнаводдзем ракі шумнацечнай;

Тыя яшчэ, што гамоняць сапраўднай рыфейскай гаворкай

 

Там, дзе лютуе мароз паміж скіфскіх снягоў неаглядных.

Дзікае племя Мазовіі, людзі суровыя вельмі,

Побач жылі з ганарыстымі прусамі. Тыя й другія

Марсавай сілай былі падначалены польскаму роду –

Ён жа магутнай уладай народамі правіў, што мелі

 

Розныя мовы і норавы, розныя войскі і зброю.

Лех быў стваральнікам і ўладаром самым першым краіны,

Следам за ім – найславуцейшы Крак, знакаміты і годны,

Быў красамоўцам сапраўдным дый воінам мужным таксама

Грознага Марса, ўпрыгожаны талентам непараўнальным,

 

Шчыра адданы патрон свайго краю, народа і ўлады.

Вельмі высока узнёс ён сваю каралеўскую годнасць,

Бо захапіў гарады непадступныя блізкіх народаў

З грукатам Марсавай зброі, сярод навальніцы ваеннай:

Як Македонец, які ўсе краіны сабе падначаліў,

 

Ці Тырынфіец магутны, славутасць часоў старажытных,

Што ўшанаванне святое сабе заслужыў пасля смерці,

Ззяючы славай высокай за дзейнасць сваю для дзяржавы.

Ён гарады штурмаваў і народы сабе падначальваў –

Гэтым навечна здабыў ганаровы вянок неўвядальны,

 

Для суайчыннікаў мужных – Радзімы сваёй абаронцаў –

Горад цудоўны стварыўшы, што стане сталіцай дзяржавы,

Кракавам горад назваў ад імя свайго Крак, збудаваўшы

Там, дзе разлёгся шырокі прастор Герцынійскага лесу7,

Што дакранаецца выгібам доўгім да плодных палеткаў;

 

Выгіб жа той утварыўся адно з дапамогай цячэння

Віслы шырокай, якая шуміць мнагаводнаю плынню.

Кракаў высока шануе адвечныя творы Платона8,

Блізкага да Тэспіядаў: на іх нам указвае неба,

Што адгукаецца ўздоўж галасамі руплівых паэтаў.

 

Горад цудоўны, як Атыка, слаўная ў цэлым сусвеце,

Тая, што ззяла калісьці вучонасцю мудрых Афінаў,

Ці як Італія, слаўная грэцкай і рымскай скульптурай,

Што зіхацела вучонасцю і красамоўствам патронаў.

Краку магілаю служыць зямля пад высокім курганам,

 

Што верхавінай сваёй пазірае на поўдзень Лівійскі.

За гарадскою сцяною ў тваіх, Казімір, уладаннях

Крак узвялічаны быў у шматлікіх краінах дачкою,

Хай ён узвысіцца славай яе пасля смерці жахлівай,

Бо валадарыла спраўна дзявочай рукою ў Айчыне

 

Тая, што стала славутай на сотні гадоў каралевай.

Землі суседніх народаў сабе здабывала ў крывавых

Войнах, таксама і горы, і рэкі з імклівым цячэннем

Годная, слаўная Ванда з мужчынскаю доблесцю ў сэрцы,

Ты да адважнай Камілы падобная з племені вольскаў,

 

Што турбавала нярэдка сваім ваяўнічым нападам

Анхізіяда, які ваяваў тады ў землях лацінаў;

Ці да царыцы Таміры, ваяркі са Скіфскага краю,

Той, што пазнішчыла многія тысячы Кіравай раці.

Ты авалодала многімі землямі розных народаў,

 

Ды, нешчаслівая, раптам жахлівую смерць напаткала.

Мусім успомніць і мы пра яе недарэчную гібель,

Пра найвышэйшы таксама трыумф пры журботным зыходзе.

Марыла Ванда правесці жыццё, як вясталка, цнатліва,

Каб у дзявоцтве ніякага плоду не мець, не развязваць

 

Пояс Венеры, спавіты святой чысціні прыгажосцю.

Кажуць, што нейкі ўладар, спадкаемец германскага роду9,

САМ загадаў выбіраць ёй: ці шлюб і вянкі Гіменея,

Ці недарэчнасці Марса, пакуты ваеннай навалы.

Ванда з нянавісцю шлюбны саюз адвяргае і ў бітву

 

Войска кіруе сваё; не паходні вясельныя – стрэлы

Шле жаніху, выклікае яго на крывавую сечу.

Воляй шчаслівага лёсу адолела дзева германца

І атрымала за бітву вянок ганаровы, што лісцем

Лаўравым быў упрыгожаны згодна з традыцыяй продкаў.

 

Ды нешчаслівы быў лёс той дзяўчыны: з-за бітвы крывавай

Страціла розум яна, адступіла ад Боскае волі

І ад яго бласлаўлення, падобна Сафо ліхадзейнай,

Цела якой, патануўшы, у водах ляжыць леўкадзійскіх,

Апанаваная, як і яна, тэнарыйскай гарачкай,

 

Ванда падобную смерць прыняла, аддала сваё цела

Німфам марскім, калі скочыла з мужнасцю ў сэрцы,

Істула, ў хвалі твае, дзе бурлівым магутным патокам

Князевы ты аддзяляеш муры ад муроў каралеўскіх10.

Так каралева няшчасная жудаснай смерцю сканала.

 

Мёртвае цела гаротнае з жалем вялікім, з тугою

Людзі дасталі тутэйшыя з цёмных пагібельных хваляў.

Вечную славу ўладарцы прызначылі ды неўміручую памяць

Дзеяў яе ўшанавалі, курган учыніўшы высокі:

Ён і дагэтуль стаіць і навечна магілаю будзе

 

Чыстай, бязвіннай душы спадкаеміцы мужнага Крака.

Ён узвышаецца там, дзе красуюцца моцныя сцены

Тумбы11 славутай, якая штогод зелянее лістотай

Пушчаў сваіх і бруіцца празрыстай крынічнай вадою.

Там, пад курганам, о Крак, і дачку тваю смерць пахавала,

 

З ёю паклаўшы канец усяму твайму слаўнаму роду.

Ну, а цяпер, старажытная Слава, што можа магутнасць

Даўніх часоў прыгадаць, успомніць князёў з каралямі

І абвясціць гучным голасам слаўныя подзвігі вояў;

Ты, Каліопа, паэтаў карміцелька, што дазваляеш

 

Мовай складаць мілагучнай эпічныя творы і можаш

Так расказаць пра былое, нібы пра сучасныя дзеі, –

Слаўных мужоў пакажы, што трымалі вышэйшую ўладу

У польскай дзяржаве – пра іх жа маўчаць вунь сівыя стагоддзі.

Так разважаў я, калі сам натхняльнік паэтаў Цынтыец,

 

Той, што ў Ліцыйскай зямлі ўсхваляецца, у слаўных Патарах

І на Дэлосе, што ў цэнтры Цыкладаў Эгейскага мора,

У атачэнні сваіх Пегасідаў, з чароўнай кіфарай,

З лукам таксама ў руках, мне падаць захацеў дапамогу.

Так, у цудоўным абліччы, ён выступіў перада мною

 

У час, калі я разважаў пра князёў з каралямі, і сам жа

Выпусціў словы наступныя з вуснаў сваіх ціхамірных:

“Годзе, юнача, ужо радавод каралеўскі сармацкі

Тут выяўляць: не пасуе бо ўзросту твайму маладому

Справа такая, і ты не адолееш гэткіх вышыняў;

 

Спадзеючыся на розум дасціпны, ты стомішся хутка,

Нібы Ікар, што, ўцякаючы з царства Міноса на поўнач,

Шляхам птушыным узняўся ў высокае неба, на волю

Лёгкіх імклівых павеваў нябесных Эолава каўра.

Ды не прызначана лёсам было яму ўбачыць Халцыду12,

 

Горад жаданы: бяздумна не слухаў бацькоўскай парады,

Саманадзейны, хаця добра ведаў юнак той няшчасны,

Што ён не мае надзейнай апоры на спрытныя ногі; –

Ты ж, хоць у неба не рвешся, аднак пахвалы і ўслаўленні

Трохі спыні, аднаўляючы продкаў далёкіх заслугі.

 

Не гавары пра цароў, даўніною ссівелай забытых,

Слава і годнасць якіх і ваенная доблесць вядомы

Добра, і ззяюць яны над зямной і марскою прасторай,

Як і ўсе тыя, каго нарадзіла траянская маці,

Ці знакаміты Хааспавы13 бераг, ці землі Прыама.

 

Не дакучай ты цяпер, я прашу, сваёй песняй Мінерве:

Ёсць жа і будуць паэты – яны нам пазней і пакажуць

Тых каралёў, што суровы сармат услаўляе. Ты ж лепей

Продка славутага польскага валадара апявай нам,

Слаўныя дзеі яго знакамітага дзеда, якія

 

Прусія ў бітвах крывавых адчула сваім паражэннем.

Гэтымі словамі ўзрушаны моцна, кароль неадольны,

Я напішу пра прычыны суровай вайны, пра пачатак

Гэтай навалы, пра продкаў славутых дастойных нашчадкаў.

 

Пачынаецца кнiга другая

 

Ёсць нязведаны край, славуты сваімі лясамі,

Ён уладанні шырока раскінуў да скіфскіх прастораў;

Плодны, квітнее лугамі, цячэ ў ім струмень меданосны:

Край на народы багаты, таксама й на вояў адважных.

Простым найменнем – зямлёю Літоўскай – краіну назвалі

 

Продкі мясцовага люду. Яны лемяшом зацвярдзелым

Цвёрдую глебу рыхлілі ў багатай сваёй гаспадарцы.

З гэтага краю паходзіць і той валадар знакаміты –

Продак твой велічны з імем вядомым Ягайла –

Слава суровага Марса і лютых спаборніцтваў ратных.

 

Зведала іх найбуйнейшая частка вялізнай Еўропы

Ў час, калі падалі ў бітве шматлікія войскі германцаў –

Армія іх палягла ў самым цэнтры зямлі сваёй Прускай,

Там забурлілі крывёй каламутныя ўсе ручаіны:

Воінаў, Марсам забітых, шпурляючы, ў мора панеслі.

 

Сілаю Марса свайго ўсталяваў ён уладу літоўцаў

Там, дзе народы за сіняй прастораю вод Барысфена

Побач жылі: вось тартбрыкі, ці, па-другому, намады,

Спрытна валодаюць хуткімі стрэламі, выгнутай шабляй;

Іншы народ – масагеты1 суровыя, іх аддзяляюць

 

Хвалі Балтыйскага мора, што водамі пеніцца бурна;

Беларусіны яшчэ, вельмі слаўныя мужнасцю ў войнах.

Мудрага князя2 палякі паклікалі ў край свой айчынны,

Каб па законе яму перадаць каралеўскую ўладу.

Шчасны Ягайла тады кіраваў той магутнай краінай,

 

Ён мацаваў сваю ўладу пад покрывам міру – аж раптам

Конрада, што валадарыў у землях куяваў3 , на сечу

Кліча ганебны народ, пра даброты былыя забыўшы,

Кліча на лютую бітву крывавага Марса, хоць сам ён

Меў абавязак той край бараніць ад нападнікаў лютых.

 

Нашыя продкі звычайна тых ворагаў гетамі звалі,

Ды неўзабаве змянілі імя і назвалі іх – прусы4.

Гэты народ у часы Фрэдэрыка Другога (бо гэтак

Звалі таго імператара) плодныя прускія нівы

Сам засяліў, а таксама ўзбярэжжа навокал Саблоза

 

(Ён у цячэнні сваім дасягае водаў бясконцых

Мора Брытанскага, цягнецца аж да зарніцы усходняй;

Тут недалёка імклівая Істула звілістай стужкай

Хутка да Гдана бяжыць, а цячэ ад узвышшаў сармацкіх

Праз неабсяжныя нівы палякаў, між тым і для прусаў

 

З двух берагоў сваіх многа карысці прыносіць);

Мірным сваім земляробам чыніў ён вялікія страты,

Тайна спаборніцтвы ладзіў у гонар крывавага Марса.

Вось, каб суняць той народ, што да рокашаў лютых імкнуўся5,

Ён папрасіў дапамогі ў суседняга войска лівонцаў.

 

Праўда, ніякай карысці не меў для сябе і для справы:

Тыя лівонцы няздатнымі сталіся ў Марсавых дзеях.

Дзікасць квітнела даўней – тыранія цара Магамета,

Што кіраваў, як хацеў, у Лівійскай зямлі і ў Сірыйскай, –

Дзе раскашуюць палацы славутага Ерусаліма;

 

Варагаваў ён з усімі, але называўся ў народзе

Веры святой патрыярхам, і так ушаноўваўся славай

Ён у дзяржаве сваёй, як правіцель святы Алімпійскі.

Пад абаронаю святасці чыстай, пад крыжам жалобным

Тыя браты, што ўпрыгожаны шорсткай былі барадою,

 

Пталемаіду Сірыйскага царства тады засялялі,

Богу маліліся згодна сакральнаму звычаю продкаў.

Ды зненавідзеўшы тую славутую веру, пазбавіў

Іх Магамет і дамоў, і маёмасці, выгнаў з сядзібаў.

Шляхам сваім дасягнулі тады бурапеннага Рэйна

 

Тыя браты-хрысціяне, выгнаннікі з мілай Айчыны –

Там пражывалі ў той час фінікійцаў і верпаў плямёны.

Цяжкі прыпынак зрабілі яны і пакрочылі далей

Цмянай дарогай сваёю, не маючы ў свеце прытулку.

Чутка крылатая тут даляцела да князя6 пра тое,

 

Што дасягнулі святыя браты з той сірыйскай краіны,

З Марсавай смеласцю, межаў шумлівага Рэйна.

Князь папрасіў у братоў дапамогі ў вайне з апантаным

Войскам раз’ятраных варвараў. Тыя згадзіліся. Ён іх

Сам накіроўвае ў бітву, дае на мяжы для падтрымкі

 

Ім абарону надзейную, узяўшы свяшчэнную клятву:

Колькі б пакут ні цярпела іх мужнасць у Марсавым шэсці,

Толькi багацці, ўладанні ўсе і паланёныя людзі,

Нівы, пакосы, сядзібы і вёскі, таксама й сяляне

Мусяць падзелены быць справядліва ў належным парадку.

 

Воі згадзіліся з тым. Пачалася крывавая сеча

Ў гецкай зямлі: там рабуюць людзей і знішчаюць палеткі,

Там пазбаўляюць маёмасці, селішчаў, з Марсам у згодзе.

Воіны ўсе пры падтрымцы дзясніцы ўладарнага пана

Цалкам зямлю зваявалі – айчыну дзікунскіх плямёнаў.

 

Потым яны ўсталявалі сваю хрысціянскую веру,

Моцныя крэпасці і гарадскія муры збудавалі,

Склалі законы суровыя для апантанага люду,

Каб не было і памкнення да страшных і гнюсных злачынстваў,

Не памнажаліся дрэнныя ўчынкі, каб годная доблесць

 

Непераможнай была і квітнела ў цудоўным абліччы.

Ззяе набожнасць, квітнее і слава былая і гонар,

Шчырасць і годнасць людская, вялікая сіла народа,

Славай сваёй асвятляючы ўскрайкі ўсходняга мора,

Межы рыфейскага ветру… Ды раптам пачварная схільнасць

 

Пераўтварылася ў моцную прагу ўладання, у сквапнасць.

Вось ненажэрная лютасць, варожая міру, і з ёю

Ўлады празмерная прага, і пыха, і збройная сіла

Тут прывяла іх да князя7 і, здрадзіўшы клятве, дамове,

Пра дапамогу забыўшы, ў ганебным імкненні да звады

 

Гэты народ у вайне пагубіць таго князя імкнецца.

Боскі кароль! Паглядзі, як, рабуючы польскія землі,

Дзікае племя народы краіны тваёй вынішчае,

Кліча цябе, ўладара і патрона, на грозную сечу

Ў межах тваёй жа айчыны на радасць драпежнаму Марсу,

 

Многія тысячы вояў вядзе супраць моцнага пана,

Зноў на крывавыя бітвы кіруецца люд апантаны

З тых, што абходзяць палеткі ля водаў парывістай Альбы,

З тых, што пакосамі мецяць лугі гаваркога Віяда;

Я ўжо не буду казаць пра другіх жыхароў ваяўнічых

 

Земляў бязмежнага Рэйна, яшчэ пра народы Габрыты8

І Густалістай Луны9, пра плямёны гельветаў і фрызаў,

Свебаў суровых, нястрымных брытанцаў з ускрайкаў сусвету.

Погалас даўні пра гэтых мужоў: гэта племя ліхое

Прагне крывавай вайны. Дык няхай мая Муза так доўга

 

Больш не трывожыць вушэй чытача, і скажу карацей я пра тое:

Гэта была ўся Германія, сіла сукупная люду,

Меў ён на мэце адно: каб германскую кроў узвялічыць.

Чутка звястоўная ўздоўж сармацкіх прастораў ляцела

Мноствам вялікіх шляхоў гарады і людзей аблятала.

 

Голасам смутным нясла яна рэха вайны той страшэннай,

З ёю – бязлітасны гнеў, звар’яцелая Марсава лютасць,

Здрада і звада, нязгода, крывавая бітва, пагрозы.

Гэткаю лютасцю прусаў душу караля ўсхваляваўшы,

Чутка загадвае ўзняцца на бітву магнатам, народу

 

Польскаму дух уздымае, збірае ўсіх на абарону

Мілай айчыны, каб толькі суняць гэты люд беззаконны.

Славу дурную набыў сабе люты народ неўзабаве,

Толькі злачынствы і жорсткасць яго распаляліся болей.

Вось міласэрны й магутны кароль, што ў зямлі Лікаонскай

 

Роўных не меў сабе ў мужнасці духу і ў сіле вайсковай,

Быў перад лёсамі Марсавых войнаў суровых бясстрашны,

Супраць нахабнага дзёрзкага люду збірае на бітву

Тых, каго ён падначаліў сабе і над кім валадарыў

Сам у Сарматыі, поўнай шматлікага Марсава войска;

 

Разам – i тыя народы, якiя так часта на бiтвы

Брат яго Вiтаўт вадзiў i, праслаўлены ў сечах шматлiкiх,

Зваўся “маланкай вайны”; непахiсны i вельмi рашучы,

Ратныя лейцы ў Лiтоўскай зямлi ён утрымлiваў моцна –

Там, дзе багата балотаў, дзе высяцца цёмныя пушчы:

 

Русаў нястрымных, гатовых пацэліць з напятага лука,

З імі суровых і лютых намадаў, узброеных дзідай,

Што паспрачацца рашылі на конях сваіх хуткакрылых

З грознай варожай фалангай у гонар суровага Марса,

Прагнучы моцна пачварнай спажывы й крыві чалавечай;

 

З імі яшчэ масагетаў – няхай невялікую частку –

Вояў рашучых і мужных не меней у бітве суровай.

З братам магутным ён вывеў на сечу ўсе тыя атрады,

З імі й другія, якія злічыць немагчыма дакладна.

Шчырасці гожай святло і бязмежнае высакародства,

 

Палкая прага да міру, яшчэ і спагада да прусаў,

Дзёрзкіх і жорсткіх, у сэрцы таго караля зіхацела, –

Так, быццам раніцай Феб на сваёй залатой калясніцы

Фарбамі дзень аздабляе, пакуль ад шумлівага ветру,

Хмар дажджавых Аквілона цудоўнага ззяння не скрые, –

 

Так і святая душа караля зіхацела любоўю,

Большай за гэтае войска людзей неразумных і хцівых,

Большай за ўсе павароты фартуны і жорсткага лёсу.

Вось міласэрны кароль, не жадаючы крывапраліцця,

Смела кіруе паслоў, каб стрымаць тую прагу да войнаў:

 

Можа б, з народамі ўсімі ў ваенны саюз уступілі,

Можа б, згадзіліся жыць з імі вечна ў сяброўскіх стасунках?

Ды адхіляюць яны караля прапановы аб міры,

Шлюць у адказ грозны знак: два мячы, што абмыты крывёю,

З імі загады пыхлівыя, словы ганебных пагрозаў.

 

Толькі кароль гэтых слоў не пужаецца: выклік прыняўшы,

Кліча на бітву прыхільных да Марса. І вораг тым часам

Войска склікае, з гатоўнасцю ў лютую сечу імкнецца.

Вось ап’янёны натоўп, як калісьці пад схіламі Гема,

Зноў палымнее ў душы і, ахоплены згубным жаданнем,

 

Прагна кідаецца ён у забойствы, да горшай спажывы.

Гэтак імкнуўся да бітвы народ ваяўнічы, хоць, зрэшты,

Быў ён адно для князёў выканаўцам вайны той крывавай.

Час быў спякотны, калі па палях урадлівых разносіць

Ліпень штогод падарункі Цэрэры і шчодрую працу

 

Для земляробаў з касцамі. Тым часам і Марс размясціўся

Ў Прускай зямлі: патрасаючы зброяй, то ў наступ кіруе

Войска магутнае, то прымушае заняць абарону.

Войны бязлітасныя для палякаў і прусаў ён кліча,

Смерці крывавыя ім прадракае, вялікае мноства

 

Жорсткіх спаборніцтваў ратных, збірае на бітву народы.

Лютасць кіпела між тым, і ўваскрэслая зноў з Флегетонта

Смерць завалодала зброяй, над полем ляціць, адзначае,

Быццам змяя, што наносіць крывавыя раны, забітых,

Каб у бязмежную ноч, у стыгійскія воды іх зрынуць.

 

Так вось палала для многіх народаў бясконцаю бітвай

Прусія ўся, напаўнялася чэргамі панцырных вояў.

Гнеў бессардэчнага Марса тады прымушаў адгукнуцца

Зброю злачынную грукатам дзікім і неўтаймаваным,

Нішчыў маленькіх дзяцей, разбураючы шлюбы святыя.

 

Лютасць ваенная звычкі дзядоў праганяла, ляцела

Ўздоўж па зялёных лугах са смяротнаю бледнасцю ў твары.

Дух апантанай вайны ўсе народы да зброі паклікаў.

Шмат ваяроў адусюль кіраваліся ў бітву – кагосьці

З іх заахвочваў запал камандзіраў, другіх – ваяводаў.

 

Вось на чале з князем Вітаўтам першымі выйшлі намады,

Лукі дасталі з калчанаў і коней сваіх хуткакрылых

Гоняць у наступ, са свістам страшэнным пускаюць

Стрэлы смяротныя ў ворагаў: бы ўсемагутны наш Ойча

Лейцы на хмарах сваіх дажджавых паслабляе і градам,

 

Ліўневай моцнай лавінай руйнуе сусвет навакольны, –

Так Аквілонава бура сваволіць на гожых палетках,

Страты прыносіць палям, хлебным нівам і долам шырокім, –

Гэтак ляжалі разбітымі прусаў кагорты; іх целы

Бы прамянелі, прабітыя стрэламі дзікіх намадаў.

 

Разам з намадамі ў наступ пайшлі і суровыя русы,

З імі – літоўцы з сагнутымі шаблямі і масагеты –

Воі магутныя, здольныя ў справе ваеннай спрадвеку, –

З мужнасцю ў сэрцы руйнуюць варожыя войскі германцаў.

Там – ударам на ўдар – і ўдарамі вобзем кідаюць

 

Многія целы загінуўшых – нашых і ворагаў – вояў.

Войскі сыходзяцца ў сечы, і кроў паўсюдна бруіцца:

Гэтыя гінуць ад дзіды, а тыя – стралою працяты, –

Разам усе яны душы свае адпраўляюць у Тартар.

Свішча каменне, і сыплюцца стрэлы, што лівень, як быццам

 

З хмары жалезнай на небе; паветра чарнее ад дзідаў,

Вось на зямлі няма месца ад стрэл; застаецца ўся зброя

Ў ранах крывавых. А Марс ненажэрны раве аглушальна, –

Так з навальнічнае хмары Юпітэр грыміць перунамі

Ці завывае ў лясах густалістых, у кронах цяністых.

 

Злая фартуна, якая, як кажуць, адною рукою

Робіць ліхі паварот і нясе ў марным часе змяненні,

Воляй сваёй накіроўвае ўсё і выносіць прысуды, –

Раптам пакінула русаў адважных і дзікіх намадаў,

З імі – літоўцаў тваіх, княжа Вітаўце, іншага люду

 

Шмат з ліку вояў тваіх, дый самога цябе, – а спрыяе

З поглядам ветлым, спагадным варожаму войску германцаў,

Дапамагае яму, вераломная ў зменлівым лёсе.

Прусы наперад ідуць, наступаюць харугвы магістра.

Вось трыумфуе Тэўтон і крыжа старажытнага слава,

 

Цешацца воіны ў панцырах – хто на кані, а хто пешы.

Роспач і сполах у тварах тваіх ваяроў, княжа Вітаўт,

Лёс сарамотны ў вайне засмучае, гняце і няславіць

Коннікаў ды пехацінцаў тваіх, што ва ўцёках ганебных

Мусяць шукаць паратунку ад гэтай суровай навалы.

 

Хутка бягуць ратаборцы, галовы панурыўшы, моўчкі…

Так правадыр наш ваенны пазведаў, што лёсы раптоўна

Могуць прынесці бяду. І калі ён убачыў, што гінуць

Людзі яго на пацеху злачыннаму Марсу, на золку

Хутка кіруецца ў стан караля і людзей заклікае

 

На дапамогу сабе, караля дакарае, гаворыць:

“Хіба ж не бачыш ты, браце: разгромлены нашыя войскі;

Хіба не чуеш ты конскага ржання і гоману ўцёкаў,

Не заўважаеш, што ворагі перамагаюць у бітве?

Ты ж тут тым часам узводзіш алтар і рыхтуеш малебен.

 

Досыць ужо пакланяцца святым у сакральным абрадзе!

Што за відовішча тут – недарэчы ўрачыстая служба,

Месца малітвам няма! Уставай і загадвай нарэшце,

Каб і палякі твае супраць ворага рушылі ў бітву”.

Ды знерухомеў у шчырым маленні кароль, хоць пачуў ён

 

Брата прамову, але не спяшаецца скончыць малебен.

Вось што сказаў у адказ на суровыя Вітаўта словы:

“Браце шаноўны! Стрымай ты шалёны парыў свой душэўны,

Мірам дазволь жыватворным цяпер суцяшацца ў спакоі.

Не замінай жа, малю, мне каля алтара служыць Богу,

 

Ты пачакай заканчэння ўрачыстай імшы ў яго гонар.

Толькі тады, – не раней, – калі скончыцца богаслужэнне,

Я загадаю, каб разам з табою і нашы палякі

Ў бітву ўступілі, аддам я загад і прышлю дапамогу.

Зараз жа рэшту збяры сваіх вояў і лагер ахоўвай,

 

Ды пастарайся стрымаць наступленне імклівых тэўтонцаў”.

Вітаўт у гневе загады прыняў, зноўку рынуўся ў сечу.

Тут справядлівы й набожны кароль у слязах, да нябёсаў

Рукі ўздымае свае, вымаўляючы гэткія словы:

“Божа, Стваральнік людзей, міласэрны Айцец наш нябесны!

 

Ты над усімі жывымі пануеш дзівоснай уладай;

Моры, і рэкі, і горы, лясы, а таксама народы

Воляй святою захоўваеш, Божа, на вечныя векі;

Ты ўціхамірваеш бунты людскія і войны спыняеш,

Ратнікам мужным у бітве ты вечную славу прыносіш,

 

А пераможаным воям падтрымку даеш і надзею;

Ты супакойваеш нораў ліхой Прэнестынскай багіні,

Мудра кіруеш усім адпаведна свайму разуменню.

На караля ж паглядзі сваім позіркам, поўным спагады.

Злітуйся, Божа, над людам тваім, нада мною, няшчасным,

 

Абарані мой народ, непахісныя душы і сэрцы

Мужныя ў бітве з варожаю сілай, з кагортамі Марса.

Перамагаць навучы іх, камандуй слабым гэтым войскам,

Арміі нашай харугвы, штандары цяпер накіроўвай

Супраць шматлікіх германскіх палкоў, незлічоных атрадаў”.

 

Раптам з’явілася ў недасягальных нябесных вышынях

Светлая біскупа здань10 – адусюль яе бачыў ён добра,

Постаць яго ахіналася ззяннем нябесным і зорным.

Голас чароўны гучаў каралю суцяшэннем у жальбе –

Гэткія словы патолі яму дасылаў ён прыхільна:

 

“Моцны Айцец спачувае слязам тваім горкім і скрушным,

Смутным маленням – цяпер павярнуўся да вас Ён спагадна.

Узнагародзіць Ён лёсам шчаслівым цябе, тваё войска.

Будзе па волі Яго: пераможаным вам пераможцы,

Братава войска разбіўшы, саступяць усё ж такі ўрэшце.

 

Сілай магутнай сваёй захапі іх харугвы – хай потым

Купал касцёла майго дарагія кляйноты ўпрыгожаць;

Ты ж да магілы маёй прынясі і ўмацуй там надзейна

На мануменце шчыты і харугвы князёў з каралямі.

Сам, упрыгожаны лаўрам, шчаслівы свой час напаткаеш,

 

Прыкладам годнасці будзеш для высакародных нашчадкаў,

Ззяючы славай сваёю бясконцай далёка-далёка.

Рухайся ж, хопіць чакаць! Прыпыні свае слёзныя рэкі,

Зброю і вояў збірай, выстаўляй шэраг ратнікаў грозны.

Хай уздымаюць харугвы на бітву твае ваяводы.

 

Сам павяду тваё войска, зраблю цябе верным Ахатам,

Пойдзеш ты следам за мной па суровых шляхах ратаборчых”.

Так ён сказаў – і святлом пурпуровым заззяла аблічча.

Голас святога пачуўшы, кароль загадаў, каб палякі

Бітву ўзнавілі хутчэй па суровых ваенных законах,

 

Кліча збірацца на бой і, мячом апяразаны, тут жа

Сам на кані хутка скача на ратнае поле, да бітвы

Войска ўздымае, сяброў падбадзёрвае – так ім гаворыць:

“Кім у душы авалодае страх недарэчны – няхай той

Згіне адразу ў вайне. Напамінам для вас хай паслужаць

 

Высакародныя родзічы вашыя, слаўныя продкі –

Вечная памяць для іх ад людзей і айчыны! – дык будзьце ж

Годнымі ў бітве, палякі, бо ўсім баязліўцам – няслава.

Тут, на вайне, патрабуецца толькі адвага, якая

Высакародныя душы ўпрыгожвае подзвігам ратным.

 

Помніце гэта, прашу вас – ужо набліжаецца бітва;

Злосна смяецца тэўтонец: адолеў ён братава войска.

Дык падрыхтуйце ж сваю цяпер зброю, малю вас. Калі вы

Моцнымі духам калісьці былі – то й цяпер імі будзьце.

Толькі ж ваюйце, прашу, бо прызначана нам перамога

 

Тая, што войскі намадаў пакінула і масагетаў.

Хто якім будзе – пазней атрымае такую й пашану”.

Потым сігналіць трубой і загадвае рушыць харугвам;

Войска, што рвецца на бой, супраць ворагаў сам ён склікае.

Рушылі разам, кароль – на чале свайго войска, ён першы

 

Націскам моцным кагорты крушыць пачынае і многіх

Моцнай рукою сцінае, кідае паўсюдна навокал

Целы шматлікія вояў, нібыта на сфінксавых скалах

Мужны, суровы Айнід або як ваяўнічы той Гектар,

Што ратаборцаў найлепшых данайскіх забіў апантана

 

Перад сцяной небасяжнай высока узнесенай Троі.

Гэтак жа грозны кароль наш вялізнае войска германцаў

Нішчыць і губіць, шчаслівы на Марсавым полі крывавым.

Многія тысячы конных палякаў з ім поруч імчацца,

Прагаю Марсавай звады палаючы ў сэрцы, нарэшце

 

Ў наступ ідуць, уздымаюць рукою спічастыя дзіды,

Грудзі, убраныя ў панцыр, бліскучым шчытом прыкрываюць,

Самі ж мячом напалам рассякаюць варожыя целы,

Множаць ударамі ўдары, наносяць крывавыя раны,

Зброю і вояў сцінаюць; і многія душы германцаў

 

У калаўроце шматлюдным да змрочных далін флегетонскіх

Хутка мячом накіроўваюць; ратнікаў мужныя сэрцы

Смерці ў ахвяру нясуць, Эўменідам жахлівым кідаюць.

Вось над народам лунае раз’ятраны Марс і жаданне

Бітвы, бразгочуць мячы, а шчыты іх удар адбіваюць,

 

Чуецца коннікаў лямант і коней пужлівых іржанне,

Бой рукапашны ідзе, заліваецца поле крывёю,

Поўныя трупаў канавы, трасецца зямля ад падзення

Целаў забітых, ад ганьбы… Адсвечвае яснае неба

Водбліскам зброі жалезнай. Ляціць да вышыняў нябесных

 

Лямант ды ляскат вайны, – і наўрад ці даносіўся гэткі

З нетраў знясіленай Этны з-пад молатаў Бронта й Стэропа.

Вітаўт, пачуўшы пра гэта, душой акрыяў, схамянуўся,

З рэштаю войска свайго невялікай памчаўся ў атаку,

Сам узначаліў атрады намадаў і з левага флангу

 

Крышыць калоны германцаў; ідуць за ім з воклічам мужным

Іншыя воі ў даспехах, з мячом абасечным, з калчанам.

Ранамі множачы раны, яны паражаюць у грудзі

Многіх байцоў у жахлівым спаборніцтве крывапраліцця.

Як Арыён апантаны палі ці высокія горы

 

Воднай віхураю б’е ды шуміць разам з ветрам паўднёвым, –

Самыя моцныя сцены трашчаць ад такой навальніцы,

А на палях і дарогах бялеюць высокія гурбы

Граду, якія папоўняць шматлікія рэкі ў далінах, –

Так па шырокіх палях, на зялёным пяшчотным мурозе

 

Целы забітых ляжаць ваяводаў варожых няшчасных,

З іншых разрубленых целаў байцоў расцякаецца гнойная жыжа.

Чутны аднекуль пакутлівы енк са скрываўленых вуснаў.

Цяжкапараненых кінуўшы, вораг да сховаў імкнецца:

Хто да высокіх валоў, хто пад покрыва цёмнага лесу.

 

Конным атрадам кароль загадаў падбірацца паволі,

Каб нечакана напасці на ворагаў лютых фалангі, –

Іншых жа ратнікаў годных вядзе ў наступленне на золку,

Сам накіроўвае смела харугвы святога патрона.

Брат яго слаўны – за ім, узначальвае войска намадаў,

 

Ён, яшчэ больш апантаны крываваю Марсавай доляй,

Хутка да стомленых ворагаў ён падбіраецца з тылу;

Тут пачынае страшэнную сечу, смяротныя раны

Сам барадатым тым прусам наносіць, вядома ж – крыжакам.

Ну а цяпер, Аянійкі, нябесныя слаўныя панны11,

 

Дзеі сівой даўніны ўваскрашайце і песню спявайце.

Трэба пачуць мне, якою была тая бітва, якою

Стала пасля перамога і як жа паляк апантаны

Перамагаў і германцаў, і прусаў варожых – між імі

Правадыроў, палкаводцаў і многа магутнага люду.

 

Дык узнавіце ж у песнях, багіні, ўзнавіце, о панны,

Подзвіг вялікі, хвалу да нябёсаў дадайце, якая

Перасягне і бясконцыя межы пустыннага мора

Дый неабсяжныя ўсе далягляды зямлі пладаноснай.

Толькі калі быў нікчэмны тэўтонец акружаны ўрэшце

 

З розных бакоў, зразумеў ён: знясілела войска – і ўведаў,

Што ваяўнічых палякаў атрады цяпер перамогуць.

Страх працінае магістрава сэрца, па душах панурых

Ўсіх палкаводцаў германскіх віхураю змрочнай нясецца…

Вусны бляднеюць, дранцвеюць ад страху і рукі, і ногі

 

Так прадчуванне ганебнага выніку ў сэрцы ўзрастае.

Кожны германец каня панукае свайго дый імкнецца

Выратаванне жыццю адшукаць ва ўцёках імклівых,

Толькі дарэмна бяжыць: адусюль ён акружаны войскам

Мужных палякаў і дзікіх магутных намадаў.

 

Вось разбягаецца войска германцаў куды толькі можа,

Бо спадзяецца ратунак здабыць для сябе такім чынам.

Нібы ад псоў маласійскіх імклівы алень уцякае,

Следам за ім – і ўся зграя наперад ляціць апантана

Прэч ад цяністай даліны да горных вышынь паднябесных,

 

Сховішчаў лесу, праз церні, кустарнік, па скалах, цяснінах –

Перад смяротнай пагрозай яна ні на што не зважае, –

Гэтак жа страх перад смерцю пагнаў і германцаў на ўцёкі.

Толькі жахлівы іх лёс не прыносіў ім больш паратунку.

Войска асуджаных смерцю! Дзе ж сёння злачынная пыха

 

Племя ліхога твайго? Дзе крывавая зброя, якою

Вы з караля наймацнейшага гэтак пакпіць рызыкнулі?

З Конрадам хіба не вы заключалі калісьці дамову?

Вы ж прысягалі яму! Ці не ён дапамог атрымаць вам

Так незаслужана многія югеры прускіх надзелаў?

 

Вы пакараны сурова няўмольнасцю гэткай паляка,

Запанавала яна ў сваёй помсце над прускаю пыхай ганебнай;

Сёння ж уладна пануе і ўтрымліваць будзе навечна

Крэпасці, вёскі, людзей, гарады, і маёнткі, і порты.

Лёс і нябёсы прыхільна цяпер уплывалі на тое,

 

Каб канчаткова палякі разбілі атрады германцаў.

Хутка лятала над войскам палякаў сама перамога,

Славай шматгучнай звінела, дафнійскіх вянкоў і гірляндаў

Мноства сплятала яна ў падарунак усім пераможцам;

Для ваяводаў яна трыумфальныя песні складала

 

Ды суцяшала тугу па загінуўшых воях адважных.

З іншага ж боку змяіным вянком Эўменідаў спавіта,

Прускае войска бянтэжачы, злая ляціць Тызіфона,

Стукае страхам ліхім тэнарыйскім у смутныя душы

Вояў у вобразе жудаснай смерці, надзею на ўцёкі

 

Ім падае, а сама сваёй зброяй жахлівай грукоча.

Воклічам жудасным гучна стагнала тады наваколле,

Грукат вайны напаўняе нябёсы, палі і пячоры…

Што ж – перавагу ад продкаў у доблесці маюць палякі,

Бо пабіваюць шматлікую раць і сабе забіраюць

 

Мноства варожых сцягоў пераможцы шчаслівыя ў бітве.

Польскія ўсе ваяводы, князі аж дагэтуль ніколі

Так не палалі ў вайне, не змагаліся так апантана.

Вось і няшчасны магістр спаткаў сваю смерць нечакана.

З бледнасцю ў змучаным твары і з целам дрыжачым, у цэнтры

 

Сечы крывавай, між трупаў, акружаны войскам гаротным

Гэты дастойны ваяр незвычайнай адвагі і славы

Страціў жыццё, калі нехта адцяў галаву яму раптам,

Потым даспехі яго ганаровыя ўздзеў і забраў яго зброю,

Славай вялікай заззяўшы сярод ваяўнічых палякаў,

 

Славай, якая дайшла і да межаў чужынскіх народаў12.

Рэшткі германцаў, якія згубілі цяпер ваяводу,

Абнемагліся ад ран і, знясілеўшы ў бітве крывавай,

Бегчы хацелі – аднак адусюль ім шляхі перакрыты

Доблесным войскам суровага Марса. Вось з тых, хто застаўся,

 

Частка падставіла шыі свае пад ярмо, а другія,

Перамяшаўшыся з мёртвымі, імі сябе прыкрываюць.

Іншыя, сумна узняўшы абедзве рукі, да суровых

Вояў брыдуць, надарэмна рыхтуючы скрушныя словы.

Не, не было тут спагады да слёз і малітваў чуллівых:

 

Пыха германская ўзрушыла моцна суровых палякаў,

Іх абурыла дасланне мячоў тых скрываўленых вельмі.

Так было знішчана войска таго ганарыстага люду;

Ратнікаў зброя, шчыты палкаводцаў з харугвамі разам,

Што здабывалicя ў бітве, над слаўнай магілай прыбіты,

 

Ззяюць пад купалам храма ў твой гонар, святы Станіславе!

Мужны сармат-пераможца прынёс іх з вайны той жахлівай,

Гноем прасмердлыя, кроўю залітыя, ўзняў іх угору

І заявіў, што прынёс гэты велічны скарб у твой гонар.

Ледзьве трымаюць там сцены мазаікі13 гэткай аздобу

 

З тонкім арнаментам і адмысловай мастацкай чаканкай.

Гэтыя скарбы дзясніца твайго ваяўнічага продка,

Непераможны кароль, узняла з найвялікшым трыумфам,

Што зіхаціць на вякі і сягае за межы ўладанняў

Яснага Феба, каб зноў аднавіць непахісную годнасць,

 

Ратную велічнасць і старажытную славу Радзімы.

Часта Германія знішчыць хацела яе вераломна

Пры наймацнейшай падтрымцы злачынных сваіх легіёнаў,

Каб пладаносныя прускія нівы й мястэчкі пазбавіць

Ад ненавіснай даніны і ўладніцтва Польскай дзяржавы;

 

Толькі прыйшла ў заняпад ад такога праціўніка тая,

Што паражэнні цярпела ад дзеда твайго і ад бацькі, –

Як паляўнічы няўдалы, паранены моцна зубамі

Дзікага рыжага льва або кіпцямі лютага тыгра,

Кроўю сцякае, бляднее, слабее ад раны смяротнай,

 

Ды прадзіраецца ўсё ж праз гушчар, хоць не бачыць напрамку;

Туфы шурпатыя14 зверху над ім навісаюць, а сам ён

Думае з жахам адно: не сустрэцца б з імклівым звяругай, –

Гэтак Германія, помнячы тыя суровыя бітвы,

Хоць намагалася тысячай спосабаў тайна нашкодзіць,

 

Толькі, застрашаная, нібы той паляўнічы, маўчала,

Зведаўшы некалі жорсткі разгром каля межаў дзяржавы, –

Так, як і дзікае племя валахаў, што ўзворваюць землі

Блізу русінаў, або як суровыя вельмі намады

Тыя, што польскія землі таемна рабуюць няшчадна;

 

Як і Васіль, уладар вераломны са скіфскага краю,

Што ваяваў на бязмежных прасторах Літоўскай дзяржавы

З мноствам вялікім і конных, і пешых ваенных атрадаў…

Ён, пераможаны ў бітве, уцёк за Рыфейскія горы,

Потым дайшоў да Каўказа і земляў сумежных, якія

 

Сам цымярыйскі Басфор абмывае вадою, таксама

Шчэ й мэатыйскія хвалі, і хвалі шматводнага Істра15.

Гонар вялікі прыносіць табе, о кароль справядлівы,

Вечная слава твая, што з вякамі ўзрасце для нашчадкаў

З рэхам магутным вайны той суровай, дзе ты параўнаўся

 

З ратным геройствам твайго знакамітага продка – пры ім жа

Столькі гадоў ваяўнічая ў страху трымцела Еўропа;

Сам той Ягайла між тым, як маланка з пахмурнага неба,

Мечам сваім бліскацеў пад аховаю вояў і зброі

Ў гушчы магутных кліноў вельмі моцнага прускага войска.

 

Шчасны цяпер той Ягайла, бо з гэткаю славай ваеннай

Подзвігі продкаў далёкіх намнога цяпер перавысіў,

Талентам перасягнуў сваіх мужных дзядоў знакамітых,

Перамагаючы ў дзеях ваенных на Марсавым полі.

Не прыраўноўвай яго ты, о, Рым, да Камілаў, Марцэла,

 

Фабіяў слаўных тваіх і да Цэзара велічных дзеяў,

Гектара мужнага, Троя, твайго і Ахіла, Ларыса,

Да Ганібала твайго, Карфаген непакорны і храбры!

Тыя цары і вяльможы, якіх праслаўляюць арабы,

Персы, парфяне і грэкі шматмоўныя, не дасягаюць

 

Славы яго, надзвычайнай адвагі і подзвігаў ратных.

 

 

Пачынаецца кніга трэцяя

 

Вышні ўладар паднябесных палацаў магутны Юпітэр,

Што чалавечыя ўчынкі і справы вялізнага свету,

Мора, нябёсы, зямлю накіроўвае ўладай сваёю,

Ўбачыў з вышыняў сваіх караля ў шаноўным узросце,

Бацьку, не меўшага плоду, хоць тройчы ўжо быў ён у шлюбе.

 

Той жа, хто меў дастаткова дзяцей, сваякоў паслухмяных,

Склікаў багоў найвышэйшых да ясных пакояў нябесных,

Даўшы наказ, каб усе прынялі яго волю святую:

Так па загаду яго ўсе багі і багіні сышліся,

Хутка яны напаўняюць пакоі прасторнага неба,

 

Боскі чароўны сталец абступаючы разам наўкола,

Словамі ціхімі перамаўляюцца паміж сабою:

“Што за прычына таемная змусіла нашага Бога

Ўсіх нас сабраць тут над купалам поўначы снежнай?”

Тут Грамавержац убачыў, што з розных бакоў абступілі

 

Хутка яго ўсе багі. Ён дазволіў ім сесці сукупна

Ды загадаў супакоіцца ўзмахам рукі непрыкметным.

Тут цішыня ўсталявалася і супакоіла душы,

Разам пазбавіўшы гоману шаты высокага неба;

Бог міласэрны, з якім разам крочылі спрытнай хадою

 

Добрыя лёсы – у хуткай часіне, ліхія – здалёку1

Голас падаў грамавы сярод ціхай гамонкі, сказаўшы:

“Тая Мядзведзіца2, што ў акіян не сягае ніколі,

Змёрзшы ў халодных снягах, між ільдоў, у інеі белым,

Стаўшы высока на ўскрайку краіны сваёй, апякае

 

Сівавалосага там караля, які плоду не мае,

Хоць паспытаў ужо тройчы ў жыцці ён твой шлюб, Гіменею3

Дый фесцэнінскія4 ўцехі таксама, каханая жонка.

Вось і Венера яго састарэлым зрабіла у гневе,

Што столькі год ён у шлюбах пражыў, не аплодніўшы жонак.

 

Бог5 з непахіснай хадою яму прапануе на свеце

Жыць, як і ён – у суровым імкненні да войнаў жахлівых:

Цёплай крывёю бруяцца й цяпер яшчэ прускія землі,

Косці забітых людзей напаўняюць там нівы і рэкі…

Наша ж любоў да яго прынясе яму гонар з нашчадкам,

 

Бо бессмяротныя лаўры здабудзе унук яго моцны,

Што Жыгімонтам пазней назавецца, і з гонарам Марса

Слава яго з маёй волі па ўсім белым свеце заззяе.

Ён з Танаіса нап’ецца, ракой паплыве Барысфенам,

Тартар, кайданамі скуты, чакаць яго будзе загадаў;

 

Ён з каралеўскай аздобай адновіць і родны свой горад6.

Каб жа той гонар дзіцяці, пазней – караля – не зглуміўся,

Хай цяпер кожны дадасць, што здаецца яму неабходным”.

Ззяючы тут між усіх сваім светлым абліччам, Юнона

Велічная да свайго Грамавержца звярнулася гэтак:

 

“Муж мой каханы і браце шаноўны, усе твае словы

Слухала я з захапленнем і, ў сэрцы разважыўшы ўдумна,

Стала прыхільнай і я да гонару слаўнага ўнука –

Вусны святыя твае ўжо шмат гаварылі пра тое.

Гэтаму хлопчыку я абяцаю шчаслівую ўладу,

 

Перасягне ён багаццем і золатам іншых манархаў. –

Тут да Палады звярнуўшыся, так ёй сказала: – Багіня,

З чэрапа мужа майго ты, магутная, выйшла калісьці.

Дык паспрабуй з галавы яго мудрасць пазычыць, каб хлопчык

Талентам велічным мог перавысіць астатніх, – зрабі так!”

 

Марс ваяўнічы падняўся з вялізнаю дзідай – навокал

Бледныя Фурыі з лютаю Смерцю стаяць у шарэнгу,

З імі й ваенная слава мячом патрасае крывавым,–

Рэха з грудзей грамавы яго голас панесла паўсюдна:

“Хлопца таго, пра якога прадвесці шчаслівыя чую,

 

Я пераможцам славутым у войнах зраблю назаўсёды,

Будзе у бітвах заўжды разбіваць ён імклівыя турмы,

Я навучу яго ратным законам крывавае сечы”.

Тут і Кіпрыда, з высокіх грудзей выпускаючы стогны, –

Хто б апісаў яе вусны румяныя, белую шыю,

 

З водарам тонкім бальзаму яе валасы залатыя! –

Светлы свой твар залівае слязьмі і ўздыхае глыбока:

“Гэтулькі часу я злобу трымала на слаўнага мужа –

Сёння ж я каюся ў гэтым гаротным учынку – і нават

Не растлумачу прычыны дастойныя гневу сляпога.

 

Словы, Юнона, твае і Юпітэра мне падказалі,

Каб я узвысіла мужа, які дасягае Алімпа

Родам высокім сваім і славай грыміць па ўсім свеце.

Прыкладам Бога і я прынясу яму добрыя весткі,

Зноўку зраблю маладым пры нашай спрыяльнай падтрымцы. –

 

Выцерла слёзы з вачэй і далей прадаўжае прамову: –

Ёсць у мяне чароўная німфа ў краіне русінаў,

Боская німфа – яна прыгажэйшая ў свеце дзяўчына.

Імем адметным – Соф’яй7 – яе суайчыннікі клічуць,

Перавышае яна гераіняў часоў старажытных

 

Славай сваёй прыгажосці, выключным яшчэ красамоўствам.

Дам яе ў жонкі яму, сама абвяшчу іх вяселле

Ды ашчасліўлю яго на ўвесь свет я жаданым нашчадкам”, –

Так Аматунтка сказала. Кіўнуўшы, магутны Юпітэр

Кліча свайго выхаванца Тэгейца і гэтак гаворыць:

 

“Хутка ідзі ў каралеўства паўночнае пад Валапасам8

Ты да Сармацкай зямлі, да саміх каралеўскіх пакояў;

Там узвышаецца горад цудоўны славутага Крака,

Вістула бурным патокам навокал яго абцякае.

Знойдзеш старога ты там караля; абцяжараны векам,

 

Ён закон справядлівы прынёс для суровых палякаў –

Імем Ягайла завуць яго людзі на мове айчыннай,

Ты перадай яму наша рашэнне у словах наступных:

“Старац шаноўны! Найвышні ўладар залатога Алімпа

Бачыць у скрусе нягоды, якія ты ў старасці церпіш,

 

Горкія дні ў бясплоддзі ліхім, без жаданых нашчадкаў.

Ён ад нарады багоў дасылае падтрымку прыхільна:

Соф’ю ад нас атрымаеш, цудоўнага сэрца дзяўчыну,

Здатную вельмі да шлюбу, да роду твайго прадаўжэння,

Што пражывае ў прасторнай краіне магутных русінаў,

 

Двух каралёў народзіць яна з цудоўным абліччам,

Памятным імем сваім прынясуць яны славу навечна,

Род абяссмерцяць Ягайлавы годны на многа стагоддзяў,

Колькі яшчэ існаваць будуць землі, і воды, і зоры.

Успадкаеміць адзін – Казімір – каралеўскую ўладу

 

Ў роднай краіне, і многа гадоў пражыве ён у шчасці.

Дзевяць ён будзе таптаць пяцігоддзяў зямлю пад нагамі9.

Будзе ён мець знакамітых сыноў і сыноўніх нашчадкаў,

Тых, што ў шматлікіх краінах праславяцца велічным імем,

Голавы ўздымуць высока свае, вышэй за сузор’і

 

Яснага неба, ўзрастаючы ў велічных дзеях.

Іншы ўладарыць пачне ў Панонскай і Польскай краіне,

Уладзіслаў, непахісны ваяр у спаборніцтвах ратных.

Ён і закончыць нібыта жыццё сваё ў войнах жахлівых, –

Толькі маўчу, бо суровыя Паркі снуюць свае кросны”.

 

Гэта пачуўшы, Тэгеец крылаты адправіўся хутка

Ў горад да старца і там перадаў яму ўсе як належыць;

Скончыўшы справу, вярнуўся назад да нябесных вышыняў.

Усхваляваны цудоўным прадвесцем ад Маі нашчадка,

Старац заплакаў у радасці, верачы ў лёс свой шчаслівы,

 

Роду свайго прадаўжэнне; пасля ён падумаў разважна

Пра найдастойнейшы шлюб і нявесту – узор прыгажосці.

Залатаносную раду ён склікаў і выказаў тайну

Сэрца свайго, папрасіўшы ад іх бласлаўлення да шлюбу.

Аднагалосна ўсе пагадзіліся радасна з гэтым,

 

Каб, ужо стомлены, ён ажаніўся са сціплай нявестай.

Хутка па розных шляхах паляцела звястоўная чутка,

Каб караля састарэлага шлюб абвясціць, і паўсюдна

Бедны народ распявае вясельныя песні, у вёсках

І па гасцінцах шматлюдных нявесту ўсхваляюць, якую

 

Наканаваннем шчаслівым прынёс каралю з Божай ласкі

Факеланосны Гімен да ягоных паўночных палацаў.

Б’юць у тымпаны наўкол, жабракі навіну абвяшчаюць,

Гукі кіфары і ліры разносяцца звонка навокал.

Людзі збіраюцца гуртам бясконцым, вялізным натоўпам.

 

Дзіўна ўпрыгожана золатам, ззяе каштоўным каменнем

Світа, што едзе з надзвычай прыгожай нявестай-русінкай.

Дзева цудоўная да залатога стальца падыходзіць,

Што чырванее квяцістым радном з пурпуровай тканіны.

Вось маладую дзяўчыну пяшчотна абняўшы, Ягайла

 

Моцнай дзясніцай уводзіць яе у палац каралеўскі,

Разам з пяшчотнаю жонкай і з мноствам князёў знакамітых,

Світай у строях прывабных за стол урачысты сядае.

Водар ад страў уздымаецца, пеняцца ў кубках каштоўных

Віны масійскія – іх юнакі ў цудоўным адзенні

 

Хутка нясуць, наліваючы ўсім да сталоў разубраных.

Час наступае, аднак, каралю атрымаць асалоду

З любай дзяўчынай – да гэтага вабіць і месяц вільготны,

Што узыходзіць, акружаны покрывам цёмнае ночы.

Вось шчаслівы кароль па сканчэнні вясельнага піру

 

Цела сваё аддае ціхмянаму сну і спачынку,

З легкім душэўным уздымам мілуе пяшчотную жонку

Ноччу таемнай, якая дастойна была б больш узнёслых

Твораў; была б яна вартая вершаў паэта-андыйца10,

Гэтая ноч, што пад зоркай шчаслівай цягнулася долей

 

Ночы падоўжанай волата, Амфітрыёнава сына11.

Гэтаю ноччу кароль спарадзіў разам з любаю жонкай

Гонар навечна для роду свайго і дастойных нашчадкаў.

З дзевай цудоўнай стварыў ён дваіх каралёў знакамітых,

Подзвігам Марса па ўсім белым свеце праслаўленых гучна.

 

Іх гераізм праявіўся ля снежных Балканскіх вяршыняў

(Помняць пра тое фракійцы), калі чырванелі крывёю

Слаўная Варна й магутны Стрымон у балгарскай краіне,

Люты тады Гамурат12, караля асадзіўшы падлетка,

Пры дапамозе падману злачыннага стаў пераможцам,

 

Знішчыў бяздушна таго юнака13 разам з войскам палякаў.

Ён атрымаў ад панонскіх князёў, што жылі без манарха,

Знак каралеўскай улады – карону бліскучую, толькі

Быў ён пакінуты імі, калі атрымаў паражэнне

Ад Магаметава войска. Успомнім злачынства ліхое –

 

Ах! – не мінае туга, хоць цураецца сэрца самоты.

Потым утрымліваў лейцы вышэйшай улады ў краіне

Грозны кароль Казімір, што ўтаймоўваў у бітве суровай

Прусаў мяцежных14, як некалі бацька ў вайне векапомнай.

Гэты выдатны ўладар, што велічных меў спадкаемцаў,

 

З жонкай аўстрыйскай сваёй нарадзіў сыноў знакамітых15,

З імі й прыгожых дачок, што народзяць магутных унукаў,

Іх нам успомніць належыць і ў песні апець мілагучнай.

Дык прыгадай жа сыноў і цудоўных дачок, о Багіня16

І, прыгадаўшы, ўзляці з урачыстаю песняй да неба:

 

Ён нарадзіў шэсць братоў і сямёра сясцёр найпрывабных,

Слава якіх квітнее, апетая Музай германскай:

Княжацкі шлюб спазналі яны ў краіне Вяледы;

Не захацела, аднак, некаторым з іх славу падоўжыць

Бледная смерць і ва ўлонне зямлі абцяжаранай скрыла17.

 

Вось жа і тыя, што славаю ззялі пад купалам зорным

Ды пазіралі ў нябёсы на залатакудрага Феба,

Тыя, што скіпетр моцны шчасліва трымалі ў дзяржаве:

Першым з іх Ян быў Альберт, што прыняў ганаровую ўладу

На каралеўскім стальцы пасля смерці шаноўнага бацькі:

 

Быў ён магутны атлет між усіх каралёў і герояў,

Волатам быў на вайне (хаця пад нядобраю зоркай)18.

Брат Аляксандр прыняў ад яго каралеўскую ўладу,

Муж красамоўны, сваёй дабрачыннасцю слаўны таксама,

Велічнай дзевы Астрэі надзейны і верны прыхільнік;

 

Лёс караля не хацеў, каб застаўся навечна бясслаўным

Ён, пераможца, – і вось, калі межаў жахлівае смерці

Ўжо дасягаў той кароль, то з трыумфам над ворагам лютым

Накіраваў яго лёс да нябесных вышыняў Алімпа.

Дзёрзкі татарын адчуў яго сілу ў межах літоўскіх –

 

Гэта вядома для ўсіх, таму доказ — цвярдыня пад Клецкам19.

Паркі жахлівыя ім абарвалі жыццё без нашчадкаў,

Лютая смерць падштурхнула іх душы ў высокае неба.

Трэці магутны ўладар у краіне багемцаў і гунаў, –

Уладзіслаў найшаноўнейшы20, што каралеўскiя знакi

 

Нёс з найвялiкшай пашанай; а сын яго слаўны, Людовік21,

Быў спадкаемцам улады ў панонскай краіне й багемскай.

Моцным заступнікам, верным патронам Хрыстовага статка

Быў Фрэдэрык22, між епіскапаў слаўны, высокага кліру

Цвёрды аплот; за дзве лейцы трымаў ён царкоўную ўладу,

 

На галаве яго гладкай зіхцела святая тыяра.

Трэба яшчэ прыгадаць аднаго юнака, што быў слаўны

Высакародствам выключным сваім і годнасцю вартай,

Гэта твой брат Казімір, якога Венера ніколі

Гнюснай раскошай сваёй не прывабіла, не спакусілі

 

Ні маладзіцы, ні нават дзяўчыны панадлівым словам,

Бо ён цураўся з агідай вяселляў, пажадлівых шлюбаў

І ў чысціні дасягнуў паднябесных вышыняў Алімпа;

Пахкія мошчы святыя яго нікчэмным смяротным

Сілу прыносяць, а многім пакутуючым – суцяшэнне23.

 

Так і цяпер, о юнача святы, дай жа сілы палякам,

Край барані свой айчынны, таксама й шаноўнага брата,

Што з маскавітамі грознымі ў бітвах змагаецца лютых24.

Вось да цябе падыходжу цяпер, Жыгімонце, айчыны

Польскай краса, Казіміравай славы дастойная частка;

 

Ты заслужыў сабе гонар з пашанаю між іберыйцаў

І гарамантаў-качэўнікаў, перасягнуўшы пенаты

Феба з Аўрорай, таксама і воды бурлівай Дарыды,

Бо ў небяспецы вялікай, у грозным становішчы, мужна

Пад навальніцаю Марса, пад зоркай ліхою, якая

 

Ўвесь белы свет закруціла ў смяротнай віхуры, радзіму,

Што без грабца разгубілася ў водах бязмежнага мора,

Як карабель, што наблізіцца хутка да страшнай Малеі,

Ты, о прадбачлівы Тыфіс, прывёў у спакойную гавань.

Межы айчыны трымаеш ты моцна свяшчэннай дзясніцай,

 

Польскім народам кіруеш ва ўлонні ўцешнага міру,

А за народ свой гатоў ты панесці любыя пакуты,

Выпрабаванні, нібыта з руном залатым25, і нядолю,

З поўнай адказнасцю ты на сябе небяспеку ўскладаеш,

Войскі збіраеш нястомна, вядзеш у крывавыя бітвы

 

На абарону айчыны, хоць часам з-за доблесці мужнай

Церпіш ліхія нягоды, хвалюешся моцна, трывогу

Чуеш, калі бурным полымем Сірыус дыхае моцна

Ці калі люты Барэй бушуе над снежнай прасторай.

Клопаты меў ты яшчэ й да пачатку вайны той суровай:

 

Скіфскія турмы26 мячом ваяўнічым цябе адагналі

Прэч ад высокіх смаленскіх муроў, – і тады ў Барысфене

Афарбаваліся гноем страшэнным празрыстыя воды,

Поўныя трупаў забітых жаўнераў: на бераг вільготны

Хвалі кацілі чырвоную кроў са стагнаннем жахлівым.

 

Потым той верасень быў27, што табе пераможныя лаўры

Шчодрай рукою прынёс: ты адолеў шматлікае войска

Скіфскага князя вялікага, многа ваеннай здабычы,

Многа варожых харугваў з палоннымі хутка даставіў

Ты да высокіх муроў тваёй велічнай Вільні Літоўскай28.

 

О, пераможца славуты, айцец нашай польскай айчыны,

Доўга жыві, поўны сіл, сваёй славаю велічных дзеяў

Перасягнуўшы сівыя вякі старажытнай вяшчунні,

Мудрай эўбейскай Сібілы, таксама й Пілоскага старца.

Дзякуй табе за апеку, хвала твайму мужнаму сэрцу!

 

Выйдзі з суровай вайною да земляў далёкіх і блізкіх,

Што амываюцца водным бязмежжам глыбокага мора, –

Чорны індус, назамон – пагроза на моры, парфянін

І македонец, яшчэ егіпцянін абходзяць там нівы;

Ты прывядзі іх да ўлады сваёй, а другія дзяржавы

 

Хай дасылаюць галіну аліўкі табе са спагадай29,

Дзіўныя хай гарады для цябе адчыняюць вароты,

Плешча няхай у твой гонар фракійскі Басфор невычэрпны,

Каб авалодаць ты мог зямлёй візантыйскай, якую

Вельмі даўно святары захапілі з турэцкай дзяржавы.

 

Хай верна служыць табе і край недалёкі таўрыйскі,

Што падначалены быў уладарнікам польскім калісьці,

Хай жа шчасліва жывуць яны пры каралі найвышэйшым,

Хай не разносіцца болей у межах сармацкай краіны

Рэха суровай вайны, хай пакрытыя чорнаю ржою

 

Перакуюць на аралы мячы, і даспехі, і шлемы.

Мір усталюецца шчасны тады, век Сатурна30 настане:

Аўстр спякотны, халодны Барэй больш не будуць ніколі

Трэсці зямлю тваю, княжа, ліхой навальніцай і сцюжай,

Феб найяснейшы заззяе над нашай шчаслівай краінай,

 

Толькі лагодным Зефірам напоўнена будзе паветра.

Будзь жа шчаслівы і доўга жыві, за цябе я малюся,

Каб атрымаў ты вялікую славу, якую прынесла

Да піэрыйскага гроту мая Аяніда слабая,

Ты ж дасягнеш, хоць у веку старым, залатога Алімпа.

 

…Мора і неба маўчаць, карабель наш у супрацьстаянні

Хвалям бурлівага мора цяпер берагоў дасягае.

 

КАНЕЦ

 

Ода Яна Вісліцкагада Найяснейшага Уладара Жыгімонта,караля Польшчы і г. д., прысвечаная яго вайне са скіфамі і шчасліва атрыманай перамозе над імі 8 верасня, або ў самы дзень нараджэння /Панны/ Марыі ўгод збавеннага ўцелаўлення Панскага 1514

 

Дзесяцірадкоўе для чытача,чаму ода напісана лірычным памерам

 

Так, як належыць вянок ускладаць на галовы ружовы

    Ў час, як распусціцца квет Ацыдалійкі самой;

Так, як салодкая песня з грудзей вырываецца шчасна

    Тою парой, калі ўсё дыхае цёплай вясной, –

Гэтак належыць ствараць мне лірычную светлую песню:

    Поспех, здабыты ў вайне, кліча і радасны спеў.

Так што, чытач, калі звернеш увагу на гэтыя вершы,

    Ведай: ад лірыкі тут брыдка не будзе табе;

Песня раскажа пра вынік шчаслівы вайны той суровай,

    Дзе ваявалі сармат і сітанійскі1 ваяр.

    Гучыць бязмежнай славы нязмоўчны гімн,

    Паўночны край напоўніў магутны спеў;

        Трыумф усцешны абвяшчае,

            Радасць па ўсёй зямлі разносіць

    Для тых, каму святло залатога дня

    Нясе з вышынь на конях агністых Феб:

        Прамень праліўшы ад усходу,

            Шпарка ляціць да заходніх межаў;

    Для тых, што той далёкі паўночны край

    Законам грозным моцна трымаюць там,

        Дзе востраў Тэла сярод мора,

            У атачэнні цёмнай ночы.

    Там новай светлай радасці галасы,

    Што Польшча ў жорсткай сечы перамагала

        Тваёй дзясніцай, Жыгімонце,

            Моцнага правадыра чужынцаў.

    І гэта ўсім народам на вечны страх,

    Тваім жа воям – гонар вялікі, што

        Малою сілай столькі войска2

            Зрынулі ў цёмныя хвалі Стыкса.

    Няхай цяпер заплача гаротны скіф:

    Сармат узносіць свой пераможны кліч

        І сам развесіць у святыні

            Мноства харугваў, шчытоў і зброі,

    Якую ў дзень Раства Багародзіцы

    Ваяр нязломны выставіў ворагам.

        Літоўскі край! О колькі болю

            Вораг прынёс у твае ўладанні!

    Цяпер жа трупы ворагаў мёртвых скрозь,

    Па ўсіх мясцінах гэтай зямлі ляжаць:

        На плодных нівах і палетках,

            На мурагах і ў глухіх цяснінах.

    О Жыгімонце, кветка сваёй зямлі,

    Ты шчасны ў славе Марсавай гаспадар,

        З трыма трыумфамі ў аздобе3

            Ззяеш па ўсіх краінах свету.

    Ты князя мызаў сам перамог найперш,

    Пасля – намадаў дзікіх ліхую раць,

        Якія часта рабавалі

            Плодныя землі твайго народа.

    Дзясніцай жа ўпакораныя тваёй,

    Не нішчаць сёння польскіх палёў і ніў

        І гарадоў агнём не паляць,

            Шыі табе пад ярмо схіляюць,

    Як быццам козы перад ліхім ільвом

    Або ягняты перад ваўком, якіх

        Шчаслівы лёс пакуль што вырваў

            З іх ненажэрнай крывавай пашчы.

    Цяпер настаў і трэці трыумф, якім

    Пад зоркаю шчасліваю ззяеш ты

        І пераможанага князя

            Гоніш далей у віхуры Марса.

    Калі багіня, глянь, двухаблічная4

    Надасць натхнення з вуснаў прыгожых мне,

        Табе ж прызначыўшы трафеі

            Ў ясным святле, як бачыш, – значыць,

    Драпежных цымярыйцаў далёкі край

    Ці воды Барысфена глыбокага

        І Мэатыйскае балота,

            І Танаіс на схаваюць князя5.

    Ты Збаўцу Вышняму ўзнясі цяпер

    Малітву чыстую й Багародзіцы:

         Яна табе ў свой дзень прынесла

            Гэты трыумф у вайне са скіфам.

    Пераўзышоў ты славай валадароў,

    Якіх успамінае паэт-вяшчун:

        Яны ў стагоддзях пракаветных

            Светлай аздобай трыумфаў ззяюць,

    Ды нікнуць Сцыпіёны перад табой,

    Што, бы маланкі Марса, былі ў вайне,

        І Аўгуста ваенны подзвіг,

            І Ганібала-героя бітвы,

    Неўтаймаваны Пір, Дуліхіец-князь

    І нават Юлій – Марсава слава – ён

        Сусветам цэлым авалодаў

            За Македонцам вялікім следам.

    Хай вешчуны ўсе войны валадароў

    І каралёў магутных подзвігі апяюць

        Да ўсіх вышыняў паднябесных,

            Вечную ім забяспечаць славу, –

    А я, хоць мой Дэлоскі6 слабы запал,

    Ды Музачка мая заспявала ўсім

        Пра поспех твой, хай не стае ёй

            Чыстай вады Аянід свяшчэнных;

    Алкейскім вершам песню складае, каб

    Для ўсіх нашчадкаў подзвіг уславіць той:

        Адчуў рыфейскі люд, як значна

            Сёння здрабнеў ён ад кары Марса;

    Калі сатчэ Атропа даўжэйшы век,

    То і пазней працягне вяшчун спяваць,

        Калі з рукамі за спіною

            Ты Васіля7 завядзеш дахаты,

            Калі з вянком лаўровым на галаве

    Ты ў горад каралеўскі ўвойдзеш сам

        І гэткі ж лёс для ўсіх прызначыш

            Уладароў акіяна й сушы.

 

КАНЕЦ

 

Да найпаважанейшага ў Хрысце айца і пана Пана Пятра Таміцкага з ласкі Божай біскупа Перамышльскага і найшаноўнейшага віцэ-канцлера Каралеўства Польскага архілохавы ямбічны трыметр Яна Вісліцкага дзеля рэкамендацыі яго кніг Каралеўскай Вялікасці

 

Нападам Немезіды злой прыгнечаны,

З нядобрым лёсам, з зоркай неспрыяльнаю,

О, апякун спагадны, найшаноўнейшы,

З грудзей журботных песню выпускаю я,

Як перад смерцю горліца самотная

 

Ці лебедзь – так і я ў суровы гэты час.

Бо, сапраўды, не салавей адзін ці дрозд

Спяваць умеюць – крук таксама каркае.

Вось так, праз доўгі час пасля ліхой вайны

Паэты, што да лебедзяў падобныя, –

 

Іх песціць шчыра Польшча неаглядная, –

Маўчалі пра бліскучы ратны подзвіг той,

Што я апеў, натхнёны Касталійкаю,

Няхай ад польскіх вешчуноў адрозны я,

Недэталёва, недакладна, мо, спяваю тут, –

 

А так, як варварскі вяшчун і як сармат.

Не палічы за грэх мне, о вялебны пан,

Што я, вяліт1, ад Пегасідаў першы дар

Нясу на гонар Бацькаўшчыне і табе,

О найшаноўнейшы і годны Пеліён,

 

Мужоў вучоных, кажуць, шчыры апякун.

Цябе ўзвышае не фартуна зманная,

А цнота… Мо, табе Атропа й не спрадзе

На белым калаўроце нітку доўгую,

Высока не ўзнясе, – ды служкай будзе ёй

Мая вяшчуння-ліра; матчына сястра2

Табе аддасць паклон і шчырай годнасці,

Якой ты ззяеш ясна… Дык прашу, няхай

Трывае ўсцешны для мізэрных звычай твой,

Што ты прашэнні сам заносіш каралю.

То занясі ж яму й мае ты кніжачкі

На славу каралю, рэкамендуй яму

Твайго паэта маладога, о патрон!

 

Элегія да Багародзіцы Панны Марыіз просьбаю пра ўтаймаванне чумы

 

О каралева, нашчадак шаноўнага роду Ісаі,

    Ты ў Палясціне здаўна славай сваёю ўзрасла.

Глянь з паднябесных вышыняў на нашы ліхія нягоды

    І на тужлівы прастор беднай Сармацкай зямлі.

О блаславёная Панна, падай дапамогу палякам,

    Тым, якіх пляміць чума злосным заразным кляймом.

Ліха-чума набрыняла пачварнай атрутай Яхідны;

    Ліха-чума нам на смерць у ненажэрстве сваім.

З нетраў падземных да нас пасылае ліхую Атропу,

    Каб у народа твайго нітку жыцця абарваць.

Гіне няшчасны твой люд у раз’юшаным балі смяротным,

    Ад усялякіх нягод многа сканала жывых.

Не, не шкадуе пачварная Парка ні гожых дзяўчынак,

    Ані прывабных хлапцоў, ані сівенькіх дзядкоў.

Многія сотні цяпер перапоўнілі Оркус жахлівы,

    Нівы, палеткі даюць трупаў багаты ўраджай.

Плодная восень і з ёю зімовае сцюжы часіна

    Многа прынеслі пакут, стратаў народу твайму.

Ды пасля жалю ўзнавілася светлай вясны памяркоўнасць,

    Шчыра прынесла зямлі покрыва свежай травы.

Свет пераменамі дыхае, радасна ззяе навокал,

    І прыгажэе сам Феб гэтай вясновай парой.

Дык пасля гэткай нягоды, чумы ліхадзейнай, страшэннай

    Хай жа суцешыцца гнеў слаўнага Сына твайго.

Чырванню многіх апалаў і ззяннем зялёных смарагдаў

    Цытыс1 арабскі не змог сам улагодзіць яго.

Толькі бязгрэшнае сэрца і ты, міласэрная Панна,

    Пераканаюць яго гнеў на спагаду змяніць.

Ён не адхіліць ніколі пакорлівай матчынай просьбы

    І не адмовіць табе ў міласці шчодрай сваёй;

Разам з табой усміхнецца, малітвы прыхільна пачуўшы,

    Што ты папросіш сама – тое табе ён і дасць.

Бо не шматтысячны збор айцоў найсвяцейшых, о Панна,

    І не тужлівы харал многіх прарокаў сівых

Вывеў таго, хто пакуту прыняў за наш грэх першародны,

    З нетраў Эрэбу і ўзнёс да паднябесных вышынь, –

Гэта ўсё ты, блаславёная, вечна бязгрэшная ў сэрцы

    Панна, што ззяеш заўжды светлай дзявоцкасцю нам.

Той, пра каго гаварылі прарокі, вяшчуння Сібіла,

    Што ён табой без граху мусіць народжаны быць,

Трапіў ва ўлонне бясшкодна, дзе ты яго, Панна, насіла,

    Потым карміла сама чыстым сваім малаком.

Вось я прашу: ты, зрабіўшы так многа для сына, зрабі так,

    Каб свой няўрымслівы гнеў ён ад радзімы адвёў,

Хай са здаровым паветрам Ён сам прынясе нам ратунак,

    Стане спагадным няхай Ён да народа свайго.

Хай жа абернуцца лёсам шчаслівым суровыя церні

    Гэтай чумы, ад якой стогне Сарматыя ўся2.

 

Эпіграма на зайздросніка

 

Што так сурова глядзіш ты на вершы мае, о Заіле,

    Ганьбіш ізноў іх… Чаму? Тыцкаеш пальцам сваім…

Ты ў іх нічога не знойдзеш, хоць гэтак брахаў тут нядаўна:

    Вершы благія, маўляў, дробненькі грош ім цана.

Можа, і ўбачыш ты тут пару хібаў – дык тое, клянуся,

    Грэх выдаўцоў, а не мой. Муза ж мая – без заган.

Хочаш, сядзі й вывучай вунь памылак заўважаных шэраг –

    Песня ж мая й надалей будзе ў бяспецы заўжды.

 

Дадатак

 

Элегія магістра Паўла Кросненскага Русіна да Яна Вісліцкага, аматара Піэрыдаў, вучня, не вартага ўшчування

 

Вельмі я ўсцешаны, Ян, дарагі мой, дазнацца, што сёння

    Вабяць найболей цябе справы свяшчэнных багінь1;

Радасна бачу, што хочаш узняцца да самых вышыняў,

    Каб з красамоўных крыніц вусны сухія паіць.

Бачыш цяпер, што заўжды распускаецца лаўр і што вечна

    Спеў Аянійскіх багінь ладным харалам плыве.

Рад я, што просіш ты Муз сваім голасам, слодычы поўным,

    Ветразям першым тваім вецер спрыяльны падаць.

Талент вітаю, які, як я раіў, задумаў у сэрцы

    З гэткім запалам душы дзевяць багіняў спазнаць.

З вечнай крыніцы2 каня славутага Белерафонта3

    Светлы імкнецца струмень, воды прыносіць табе.

Вунь на Парнаскай гары зеляніна Дэльфійскай4 дубровы

    Лісцем дафнійскім5 сваім шчасна красуецца зноў.

Ткуць для цябе Касталіды святыя ў спаборніцтве роўным

    З лаўраў зялёных вянкі шчодрай дзявочай рукой.

Час неспрыяльны, ліхі хай заззяе галінкамі Феба,

    Ты ж прынясі гэты дар, варты і годны цябе.

Пошум лаўровых лясоў да вушэй тваіх гожа імкнецца,

    З высяў Цырэйскай гары чысты спадае струмень,

Слаўны музыка Грынейскі6 дае табе шчыра кіфару

    З косці слановай, а з ёй – гучныя плектры яшчэ;

Песні салодкія сыпле табе, быццам з рогу дастатку,

    Хоча, каб талент твой плыў рэчышчам вольнай ракі.

Што ж, пачынай і ідзі, куды кліча святое натхненне,

    Лейцы свабодна пусці творчым задумам сваім,

Седзячы, як пераможца, пад стромкай вяршыняю Цыры,

    Можаш не слухаць зусім гвалт неразумных людзей.

Шчодра прырода цябе пачуццём напаўняе глыбокім,

    Гожыя вусны твае поіць салодкім мядком;

Вось праспяваў ты нядаўна пра бітву з тым прускім народам –

    Бітву, што вартай была гукаў смірнейскіх7 саміх.

Пільна сачы, каб не зганьбіў праз хібы нязначныя раптам

    Чорнымі плямамі ты велічных твораў сваіх:

Так, як радзімымі знакамі тварык прывабны псуецца,

    Гэтак ад дробных заўваг твор будзе толькі марнець.

Гэта не ганьба зусім – размяркоўваць склады акуратна,

    Хоць дзесяць пальцаў настаў, іх паўтараючы зноў.

Дый пагарджай балбатнёю тупога, нікчэмнага люду:

    Ён самых мудрых людзей можа лгурамі празваць.

Як жа ён пнецца душу адцягнуць ад высокіх задумаў

    Ды перашкодзіць хоць чым добрым намерам любым!

Марна сакочуць! Паэты свяшчэнныя шлюць нам парады,

    Мудра іх творы для нас словам праўдзівым гучаць;

Лепшым паэмам яны надаюць адмысловыя шаты,

    Праўда, тупым прастакам іх не разгледзець ніяк.

Думкі, адкрытыя іншым, так лёгка зняважыць любому!

    Вось чаму любіць паэт твор свой таемна трымаць.

Тое прыемна найбольш, што здабыта вялікаю працай, –

    Тое, што скрыла зямля ў нетрах бяздонных сваіх.

Перлы з Чырвонага мора і чыстае золата нават

    Стануць каштоўней, калі будуць здабыты на свет.

Пройдуць грымотныя хмары, а з імі сплыве навальніца,

    Неба заззяе ізноў ясным і чыстым святлом,

Так што прымайся хутчэй за служэнне тым сёстрам прарочым,

    Бостваў вялікіх малі сэрцам і шчырай душой.

Смела ідзі, прывыкай на вяршыні высока ўздымацца –

    Музы чароўныя там чыстыя песні пяюць.

Шчыра душой беззаганнай да творчасці вернай імкніся,

    Тояцца, скрытыя ў ёй, вобразы праўды святой.

Час твой аздоблены будзе лаўровым вянком неўвядальным,

    Горда цябе назавуць славаю роднай зямлі.

Добрае ўчыніш жніво ты ў плодных Цырыйскіх далінах,

    І перавысіць яно жоўтага Тага8 дары.

Слаўных задумаў тваіх хай турботы зусім не пужаюць,

    Вернай дарогай сваёй смела ісці пачынай.

Часам пачатак здаецца надзвычай складаным і цяжкім,

    З цягам работы, аднак, вернецца мілы спакой.

Цвёрдае гэтак жалеза дзівоснай прывабнасцю ззяе,

    Адшліфаванае, глянь, – так, быццам срэбра, блішчыць.

Гэтак маленькая іскра падпаліць сухія палеткі,

    Мноства вялікіх дамоў спаліць у попел, ушчэнт.

Каб жа ж зусім не саслаблі, не страцілі сіл твае вочы,

    Каб і напісаны твор не надакучыў табе,

Словы апошнія ўжо даручаю я нашым каменам,

    Музам сваім нацягну лейцы тугія цяпер.

Хваліш мяне ты заўсёды – а сёння табе я складаю

    Шчыра падзяку, прычым на піэрыйскі манер:

Ты ўпадабаў гучным вершам спяваць пра ваенную славу,

    Годны за гэта цяпер ты паэтычных вянкоў.

Славу прыпісваеш мне – яе Вісліцкі варты не меней:

    Новыя песні яго маюць, бясспрэчна, вагу.

Так што прымі мае песні з прыхільнай душою і сэрцам,

    Песні, прасцейшыя, мо, як для Сармацкай зямлі.

Спешна здабыты былі тыя песні нядужым натхненнем,

    Потым запісаны тут гэтым вось хуткім пяром.

 

Верш Валянціна Экія Філірыпалітанскага

 

рэкамендацыі непераможнаму каралю Польшчы Жыгімонту вельмі вопытнага майстра Фебавай ліры Яна Вісліцкага

 

Хто б мог пра Трою пачуць, пра Уліса з Ітакі хто б ведаў,

    Каб саламінскі вяшчун песняў сваіх не стварыў?

Хто б ведаў ратныя дзеі вайскоўцаў змяінага роду?

    Добра, што Стацый апеў іх у паэме сваёй!

Дый правадыр сам дарданскі1 ляжаў бы пад покрывам ночы,

    Каб не пяснярка-труба мужа-андыйца2 таго!

Гэтак, сармацкі кароль, мог бы ты ў забыцці апынуцца,

    Ды запярэчыла ў тым Муза твайго вешчуна.

Гучна спявае яна, як разбіў ты і прусаў, і гетаў,

    Голасам звонкім пяе пра перамогі твае.

Іх ні бязлітасны час, ні зайздроснікаў пашча ліхая,

    Нават і пошасць-чума знішчыць не змогуць ніяк!

Слава твая хай жыве; хай жыве й той, хто піша пра славу:

    Іх абміне назаўжды смерці халоднай павеў.

Ты, о магутны кароль, абавязаны многім паэту:

    Славіць ён дзеі твае песняй салодкай сваёй.

 

Пра сённяшнюю Прускую вайну

Сябар – сябру пра вайну Прусіі

 

Чытач мой! Паглядзі на гэтае германскае войска, якое з гэткаймэтанакіраванасцю сабралася да прускага магістра, якое з вялізнымімпэтам і пагардаю неслася на палякаў, бо верыла, што не раз можаразагнаць непераможныя харугвы наймацнейшага караля! Цяпер, якбачыш, яно да такой ступені адкінута назад, што тысячай адных толькіконнікаў, якія загадзя былі накіраваныя, каб яго стрымліваць, яноразбіта і раскідана ў несупынных атаках. Так што, не чакаючы каралеўскага войска і адкінуўшы тыя свае ганарыстыя задумы, з ганьбаю івялікімі стратамі для сябе яно вымушана было даваць дзёру. Што ж датаго, што непераможны кароль загадаў не ўступаць адразу ў бітву, хацясэрцы ўсіх яго ваяроў палымнелі, то гэта трэба прыпісаць яго дабрачыннасці і разважнасці. Бо хто ж тыя, што выступілі супраць гэтыхворагаў, хто? Яны – хрысціяне, і застануцца імі для сваіх ворагаў нават пасля таго, як аддадуць ім належнае. А яшчэ таму, што карольаддаў перавагу больш цяжкай вайне замест таго, каб паступова адбівацца ў лягчэйшых сутычках; таму што ўмеў даверыць справу ў імклівымнаступе фартуне, якая шмат у чым кіруе вайной; нарэшце, таму, шторазумеў, колькі ж праліваецца хрысціянскай крыві, нават калі б яныбылі знішчаны.

Каралеўскую справядлівасць, мой чытач, спазнай яшчэ і па тым,што, калі ён адваяваў гарады, якія перайшлі да ворагаў як германскія –да германцаў, то аніводнaму месцічу не было ніякай шкоды, а варожаму войску былі дадзены сродкі на ўтрыманне і праваднікі, каб янымаглі бяспечна сысці і, такім чынам, у цэлай гэтай вайне ўсё былозроблена прадумана і памяркоўна ў адносінах да непазбежнага ворага, якога каралеўская літасць заўсёды жадала зноў зрабіць прыхільнымда сябе, а не знішчыць. Звыш таго, вядома, што палякі яшчэ ранейпадпарадкавалі сабе гэты ордэн з добрым імем, і цяпер абаранілі ягонепераможнай рукою. Аднак жа яны, толькі з прычыны сваёй спагаднасці, не адмаўляюць, што германцы славутыя як у любых іншых адносінах, так і ў ваенных справах. Аднак і яны няхай, у сваю чаргу,убачаць, што палякі таксама не мошкі, і няхай яны падумаюць, наколькі ганебна быць пераможанымі тымі, пераможныя рукі якіх нярэдка адчувалі на сабе не толькі яны, але таксама ўсе суседнія народы. Аднак няхай кніга спакваля заспявае.

 

Боскаму Жыгімонту, непераможнаму каралю Польшчы

 

Мудрасць твая і ваенны твой план, о кароль неадольны,

    Вартыя тут і цяпер самай высокай хвалы.

Вопытны ў справах вайны, здолеў ты падтрымаць сваё войска:

    Час, адпаведны найбольш, выбраў для гэтай вайны.

Ты не імкнуўся зусім да напышлівых песняў Непота,

    Проста хацеў пакараць тых, што вайну пачалі.

Ды не дазволіў кагортам1 сысці, бо народ абураўся:

    Ведаў, як вымусіць іх спіны табе паказаць.

Хай сябе знішчыць благая супольнасць, на звычай лапіфаў2:

    Будзе за гэты напад ёй пакаранне пазней.

Маючы тысячы вояў у войску, ты мог бы, бясспрэчна,

    Ворага лёгка разбіць. Хто ж запярэчыць у тым?

З мужнасцю Гектара воі твае іх харугвы прагналі,

     Наступам мужным сваім білі іх ноччу і днём.

Ты ж пажадаў не забойствам – спагадай германцаў адолець,

    Просьбы ціхмянай, мальбы не адцураўся ўладар!

Кажа: “Германец! Ты лепш барані гэты крыж зганьбаваны!”

    Ды: “У вайну не ўступай, польскае войска, пакуль!”

Ганьба! Ці ж плён атрымаў ты ад словаў сваіх ганарыстых?

    Што спарадзілі, скажы, горы-харугвы твае?

Войска аховы3! Цяпер вы разбіты, назад павярнулі.

    Што ж вы хацелі ўчыніць? Нашых сто тысяч змагчы?

Крыжам адзначаны вы і за крыж пачыналі змагацца…

    Самі ж і йдзіце на крыж – горкі, вялікі – цяпер.

Варта б за гэткі напад трохі лепей з табой абысціся!4

    Сёння ж здавольцеся вы ласкай адной караля.

 

На войска германцаў, што ўцякае ад палякаў

Перапрацаваны папярэдні [верш]

 

Тое, што Бог – супраціўнік нягодных задумаў, дазнайся

    Вельмі выразна з падзей, што адбыліся ў наш час.

Хіжы германскі ваяр, ты чакаў абяцаных рабункаў

    І да сармацкай зямлі з гэтаю мэтай прыйшоў.

Ты спадзяваўся здабыць тут шаўкі і каштоўную воўну –

    Чорнай сабеянкі1 дар, тогаў тырыйскіх2 красу.

Ты спадзяваўся, што ў славе здабудзеш даспехі і коней,

    Перлаў, караляў чакаў, золата, зброі – ўсяго!

Быццам які пераможца, дзяліў гарады і ўсе землі,

    Поўны надзеі, пісаў шмат ганарыстых лістоў.

Непераможны ж кароль Жыгімонт, памарудзіўшы мудра,

    Сэрцам нязломным сваім гэта сцярпеў, і найперш

Шчыра да Бога звярнуўся, а ваш ваявода ў ахвяру

    Сілам магічным сябе ды і ўсё войска прынёс.

Бог справядлівых і праведных не пакідае ніколі,

    Ты ж проста ў звычай узвёў часта Яго абражаць,

Ты Яго Цела святое, смяротныя раны, пакуты,

    Кожную частку і член спляміў злачынствам сваім.

Згодна з прызваннем, адзін Ён кіруе падзеямі свету:

    Зробіцца пэўна ў свой час тое, што Ён загадаў.

Позіркам высакародным зірнуў Ён на роўныя часткі,

    Вухам прыхільным прыняў просьбы дастойных людзей.

Сполах раптоўна наслаў Ён на гэты народ ганарысты,

    Сціснуўшы сэрцы яму страхам ганебным, ліхім.

Так што і наступ бяздумны, і ўзнёслыя словы, і пыха,

    Вострыя дзіды, мячы, грошы – усё надарма!

Ты быў так часта разбіты і столькі разоў паланёны, –

    Выгнаны ўрэшце зусім, войскам разбіты малым.

Чорную скуру табе падарыў замест чорных сабейцаў

    Вогнішчаў ратных павеў, горкіх пажарышчаў дым.

Бачыш, галеча насустрач ідзе замест золата, перлаў,

    Вернай сяброўкай табе будзе ў паходзе яна.

Ты па германскіх мястэчках хацела пранесціся конна?

    Хоць бы цяпер ты, жабрак, здолеў пайсці пехатой!

Голы, нягеглы, няшчасны, адзеты ў рыззё, у нястачы,

    Страціўшы славу сваю, з ганьбай бяжыш ты адсюль.

Толькі нядаўна дзяліў гарады і маёнткі, а сёння

    Стаўся выгнаннікам ты. Дзе твой прытулак? Нідзе!

Так і гіганты аднойчы Юпітэра з вышняга трону

    Скінуць хацелі, і што? Ясна, што з імі было.

Гэтак, пыхлівец, ты Осу злучыў з Пеліёнам. А сёння

     Падаеш долу: удар грознай маланкі адчуў.

Хто загадаў табе кінуцца бегчы ад жменькі палякаў?

    Хто загадаў адысці з Прускай краіны табе?

Вер, гэта Бог, Ён усё мудра ўзважыць на шалях праўдзівых,

    Планам напышлівым Ён ажыццявіцца не дасць.

Можаш ісці, выхваляцца, што ты і брытанцаў, і галаў,

    Нават і рымлян саміх пераўзыходзіў раней!

Дзе ж твая слава, калі ты ўцякаеш ад межаў сармацкіх?

    Што там за гонар цяпер суправаджае цябе?

Зведай народжаных тут, пад халоднай Палярнаю зоркай,

    Моцных мужоў, ад якіх ты адцураўся раней.

Столькі разоў яны білі маскоўцаў, і скіфаў, і гетаў,

    З імі і сёння яшчэ Марсавы войны вядуць.

Вось і цябе яны прэч адганяюць, каб жыць у спакоі,

    Даць не збаяцца адпор ворагам злосным Крыжа.

Тыя, хто мусілі б вечна ахоўваць той Крыж, – занядбалі,

    Хоць абавязкам святым звязаны ў веры сваёй!

Супраць варожых Крыжу аб’ядналіся, Крыж гэты носяць,

    Толькі не ў душах сваіх, – звонку, на шатах адно!

Выступіў Бог справядлівы цяпер, пераследнік злачынцаў,

    Ён і прымусіў цябе гэтак ганебна ўцякаць!

 

Каментарыі да перакладу

 

Заахвочвальны верш да Музы магістра Паўла з Кросна

 

1 …славяць бясконца таго… – г. зн. кентаўра Хірона.

2 …гэтым вось “Прусам” маім… – пад “Прусамі” трэба разумець паэму Яна Вісліцкага “Пруская вайна”.

3 …песні дапіша яна… – маецца на ўвазе Тэрпсіхора (гл. 33-i радок гэтага верша).

4 У першадруку пасля “Заахвочвальнага верша” надрукавана “Элегія магістра Паўла Кросненскага Яну Вісліцкаму”, якая змешчана ў дадатку гэтага выдання.

 

Прадмова “Шаноўнаму і славутаму мужу, магістру Кракаўскага універсітэта Паўлу Кросненскаму”

1 …з апісаннем яе… – г. зн. перамогі ў Грунвальдскай бітве.

2 …я прысвяціў яе.. – г. зн. паэму.

3 Энкомій – жанр антычнай паэзіі; хвалебная, гераічная песня ў гонар багоў або людзей.

4 У першадруку пасля прадмовы да Паўла з Кросна надрукаваны верш Валянціна Экія, які змешчаны ў дадатку гэтага выдання.

 

Аргументы кніг “Прускай вайны”

1 Аргументы – тут: кароткі змест, фабула.

2 …Крака ўслаўляе… – тут і паўсюдна ў паэме Вісліцкі называе Крака Гракхам у адпаведнасці з літаратурнай традыцыяй таго часу [гл.: Pauli 1887, 170]. Гракхі – знакаміты патрыцыянскі род Старажытнага Рыма.

 

Ода чытачу

1 Паэтычны памер верша – алкеева страфа.

2 …багіні свяшчэнныя… – Музы.

 

Паэма “Пруская вайна”. Кніга першая

1 У гэтым годзе паэма “Пруская вайна”, адпраўленая яшчэ раней Паўлу Кросненскаму для карэктуры, была аддадзена паэтам у друкарню, аднак толькі ў наступным 1616 г. яна была надрукавана ў Кракаве Янам Галерам і прадстаўлена чытачам.

2 … мужнага продка… – г. зн. караля Ягайлы-Уладзіслава.

3 … о, патрон найяснейшы… – маецца на ўвазе святы Станіслаў. Пра тое, якім чынам ён дапамог войскам Ягайлы і Вітаўта, гл. у вершах 276–298 другой кнігі “Прускай вайны”.

4 … вісяць у твой гонар штандары… – 56 штандараў былі вывешаны блізу грабніцы Святога Станіслава ў касцёле Вавельскага замка або, як паведамляюць іншыя крыніцы, у больш вялікім касцёле Святога Станіслава [гл.: Pauli 1887, 175].

5 … твайго санавітага бацькі… – караля Казіміра Ягайлавіча.

6 … землі траякіх русінаў… – у сярэднявечнай літаратуры было распаўсюджана ўяўленне пра “траістую” – Белую, Чорную і Чырвоную – Русь. Адпаведна, “траякія русіны” – жыхары гэтых зямель.

7 … прастор Герцынійскага лесу… – Б. Кручкевіч даводзіць, што так называецца ў цэлым горны ланцуг і лес, што распасціраўся з захаду на ўсход ад паўднёвай Германіі праз Чэхію, Польшчу, Вялікае княства Літоўскае аж да межаў Маскоўскай дзяржавы [гл.: Pauli 1887, 179]. Цікава, што “Герцынійскі лес” упамінае ў сваіх “Нататках пра Гальскую вайну” Гай Юлій Цэзар, адзначаючы, што грэцкім вучоным ён вядомы пад назваю Аркінскага. Далей Цэзар піша: “Герцынійскі лес цягнецца ў шырыню на дзевяць дзён шляху для добрага вандроўніка… Лес гэты пачынаецца на мяжы гельветаў, няметаў і раўрыкаў і цягнецца паралельна з ракою Данубіем (Дунаем) да краіны дакаў і анартаў; адсюль жа ён забірае налева, у бок ад ракі і пры сваёй вялізнай працягласці праходзіць праз землі многіх народаў” [Casar. Comment. VI. 25].

8 Кракаў высока шануе адвечныя творы Платона – З гэтых слоў можна зрабіць слушную выснову, што дыялогі Платона і яго філасофія былі ў ліку тых дысцыплін, якія вывучаліся ў Кракаўскім універсітэце ў канцы ХV – пачатку ХVІ ст. Б. Кручкевіч прыгадвае той факт, што каля 1440 г. у Фларэнцыі Козіма Медзічы заснаваў славутую платонаўскую Акадэмію. Тым не менш менавіта прафесары Ягелонскага універсітэта аднымі з першых пачалі карыстацца лацінскімі перакладамі твораў Платона. Б. Кручкевіч абвяргае меркаванне аднаго з даследчыкаў “Прускай вайны”, які сцвярджаў, што з вышэйпрыведзеных слоў вынікае факт існавання ў Кракаве агульнадаступнай навучальнай установы, падобнай да платонаўскай Акадэміі [гл.: Pauli 1887, 179].

9 …уладар, спадкаемец германскага роду… – Б. Кручкевіч прыводзіць сведчанне з “Польскай гісторыі” Яна Длугаша (Франкфурт, 1711), што гэтым уладаром быў Рытагар Альманскі.

10 Князевы ты аддзяляеш муры ад муроў каралеўскіх – Муры Кракава (горада князя Крака) ад муроў Казімежы Вялікай (горада караля Казіміра) [гл.: Pauli 1887, 181].

11 …Тумбы славутай… – Б. Кручкевіч каменцiруе гэтую назву наступным чынам: “Назваю ‘Tumba’ паэт пазначае Магілу, якая ў тыя часы на народнай латыні называлася ‘Claratumba’” [гл.: Pauli 1887, 181].

12 …убачыць Халцыду… – Гэтай назвай паэт пазначае Кумы, горад у Італіі, калонію жыхароў Халцыды, куды, згодна з антычнай міфалогіяй, уцёк Дэдал.

13 …Хааспавы бераг… – Хаасп – рака ў Сузіянскай зямлі, вядомая чыстай і смачнай вадой, якую персідскія цары звычайна пілі ў сваіх паходах, захоўваючы ў срэбных сасудах.

 

Паэма “Пруская вайна”. Кніга другая

1 …масагеты суровыя… – Хутчэй за ўсё, як даводзіць Б. Кручкевіч са спасылкай на трактат Энея Сільвія, пад масагетамі маюцца на ўвазе жамойты [гл.: Pauli 1887, 184].

2 …мудрага князя… – вялікага князя Ягайлу.

3 …Конрада, што валадарыў у землях куяваў… – Па ўсім відаць, што маецца на ўвазе Конрад Алясніцкі, удзельны князь з ліку князёў Шлёнскіх. Алясніца (Olesnica) – горад недалёка ад Вроцлава.

4 Нашыя продкі звычайна тых ворагаў гетамі звалі – Недастаткова ясна, чаму паэт лічыць, што ў старажытнасці прусаў называлі гетамі. Так, напрыклад, Мацей Мяхоўскі ў сваім творы “Tractatus de duabus Sarmatiis” (“Трактат пра дзве Сарматыі”; Кракаў, 1521) піша, што геты насялялі калісьці землі Еўрапейскай Сарматыі – тэрыторыі паміж Танаісам (Донам) і Віслай [гл.: Подосинов 1995, 437]. З гэтага пункту гледжання лагічней было б меркаваць, што геты жылі пераважна на тэрыторыі сучасных Украіны, Беларусі і Польшчы.

5 …каб суняць той народ, што да рокашаў лютых імкнуўся… – У 1409 г. з ініцыятывы вялікага князя Вітаўта ўспыхнула антыкрыжацкае народнае паўстанне ў Жамойці, у выніку чаго ўвесь гэты край быў вызвалены з-пад улады крыжакоў. Ягайла праявіў сваю зацікаўленасць у гэтай справе, што фактычна і паслужыла прычынай абвяшчэння вайны каралю Ягайлу магістрам Ульрыкам фон Юнгінгенам.

6 Чутка крылатая тут даляцела да князя… – Тут, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе Конрад Мазавецкі.

7 …прывяла іх да князя… – Размова, верагодна, ізноў ідзе пра Конрада Алясніцкага.

8 …народы Габрыты… – Б. Кручкевіч лічыць, што пад гэтай назвай маецца на ўвазе лясны масіў Цюрынгіі [гл.: Pauli 1887, 189]. М. Езяніцкі даводіць, што Габрыта – гэта Чэхія [гл.: Jezienicki 1888, 200].

9 …(народы) Густалістай Луны… – даслоўна “Касматай Луны” (“Lunae Comosae”). Б. Кручкевіч каменцiруе гэты выраз як незыдэнтыфікаваны тапонім [гл.: Pauli 1887, 189]. М. Езяніцкі, аднак, сцвярджае, што азначэнне “Luna silva” (“Лунны лес”) адпавядае сённяшняму Манхартсбергу, горнаму ланцугу ў Аўстрыі. Слова “comosa”, на думку даследчыка, ужыта тут замест слова “silva” і адносіцца як да “Lunae”, так і да “Gabritae” [гл.: Jezienicki 1888, 200].

10 Светлая біскупа здань… – Маецца на ўвазе святы бiскуп Станiслаў, якi лiчыцца нябесным апекуном Польшчы.

11 Ну, а цяпер, Аянійкі, нябесныя слаўныя панны – Гэты радок у першадруку памылкова змешчаны перад 347-м радком.

12 Б. Кручкевіч лічыць, што, хутчэй за ўсё, 438 – 441-ы радкі складзены паэтам на падставе нейкага народнага падання, бо iмя таго чалавека, які забіў Ульрыка фон Юнгiнгена, магiстра крыжакоў, i пазбавiў яго зброi, невядомаe, i можна сумнявацца ў тым, цi было яно вядома самому паэту [гл.: Pauli 1887, 200].

13 …мазаікі гэткай аздобу… – У дадзеным выпадку слова “мазаiка” (у арыгiнале – asarota) паэт выкарыстоўвае для пазначэння рознага кшталту зброi, даспехаў i ўпрыгожванняў, захопленых у ворага, што былi вывешаны на сцяне храма разам з iншымi кляйнотамi.

14 Туфы шурпатыя зверху над ім навісаюць… – Шурпатымi туфамi, як лічыць Б. Кручкевіч, паэт называе порыстыя скалы, на якiх, напэўна, раслі дрэвы [гл.: Pauli 1887, 202].

15 Так, як і дзікае племя валахаў… або як суровыя вельмі намады… як і Васіль… – У 483–492-м радках паэт прыгадвае тры перамогi Жыгiмонта I над валахамi (малдаванамі) у 1509, над татарамi – у 1512, над маскавiтамi (пад Оршай) – у 1514 г. Гэты “траісты трыумф” узгадваецца Вісліцкім таксама ў “Одзе Жыгімонту”.

 

Паэма “Пруская вайна”. Кніга трэцяя

1 Добрыя лёсы – у хуткай часіне, ліхія – здалёку – Лёсы, пра якія паведаміў Юпітэр, былі ўжо вызначанымі і нязменнымі, і спрыяльныя (якія вызначалі нашчадкаў Ягайлы і яго славу) павінны былі здзейсніцца ў хуткім часе, нешчаслівыя (якія прадракалі смерць Уладзіслава, гл. в. 114) – у больш аддалены тэрмін.

2 Тая мядзведзіца… – У арыгінале – Парасійская Мядзведзіца (Ursa Parrhasis): сузор’е Вялікай Мядзведзіцы, якую называюць Парасійскай або Аркадскай ад Каліста, дачкі цара Аркадзіі Лікаона, якая, як кажуць, была пераўтворана ў мядзведзіцу і далучана да ліку сузор’яў.

3 Хоць паспытаў ужо тройчы ў жыцці ён твой шлюб, Гіменэю – Пасля смерці каралевы Ядзвігі ў 1399 г. Ягайла быў у шлюбе з Ганнай, дачкой Вільгельма, намесніка Цыленскага, унучкай Казіміра Вялікага, пасля – з Эльжбетай Граноўскай, дачкой Атона з Пільча, і, нарэшце, – з Соф’яй, з беларускага княжацкага роду Гальшанскіх.

4 …фесцэнінскія ўцехі… – тут: любоўныя. “Фесцэнінскімі песнямі” антычныя аўтары называлі народныя сатырычныя вершы эратычнага зместу.

5 Бог з непахіснай хадою… – старажытнарымскі бог вайны Марс.

6 Ён з каралеўскай аздобай адновіць і родны свой горад – Гэтыя словы, як лічыць Б. Кручкевіч, адносяцца да 1508 г., калі Жыгімонт, запрасіўшы мастакоў і майстроў з Італіі, аднавіў і цудоўна аздобіў Кракаўскі каралеўскі замак [гл.: Pauli 1887, 205].

7 Імем адметным – Соф’яй – яе суайчыннікі клічуць – Маецца на ўвазе Соф’я з роду беларускіх князёў Гальшанскіх, дачка князя Андрэя.

8 …каралеўства паўночнае пад Валапасам… – Сузор’е Валапаса паблізу сузор’я Вялікай Мядзведзіцы таксама, як і апошняе, служыла паэтычным пазначэннем поўначы.

9 …дзевяць ён будзе таптаць пяцігоддзяў зямлю пад нагамі… – Казімір, малодшы сын Ягайлы, уладарыў у Рэчы Паспалітай 45 год: з 1447 да 1492 г. Значыць, у гэтым месцы ідзе гаворка пра гады праўлення, а не жыцця.

10 …вартая вершаў паэта-андыйца – г. зн. Вергілія, які нарадзіўся ў вёсцы Анды блізу Мантуі.

11 Ночы падоўжанай волата, Амфітрыёнава сына – г. зн. ночы, калі Юпітэрам быў зачаты Геракл. Грамавержац з’явіўся да Алкмены, маці Геракла, у вобразе яе мужа Амфітрыёна. Згодна з міфам гэтая ноч была падоўжана па загадзе Юпітэра.

12 Люты тады Гамурат… – Турэцкі хан Гамурат або Мурат ІІ правіў у 1421–1451 гг.

13 …таго юнака… – старэйшага сына Ягайлы, Уладзіслава, які, стаўшы ў 1440 г. каралём Венгрыі, у 1443–1444 гг. арганізаваў крыжовы паход супраць туркаў і здабыў перамогу, але ў наступнай бітве пад Варнай пацярпеў паражэнне і загінуў.

14 …кароль Казімір, што ўтаймоўваў у бітве суровай // Прусаў мяцежных… – Кароль Казімір Ягайлавіч ваяваў з крыжакамі на працягу 14 год. Гэтая вайна скончылася заключэннем мірнага Торуньскага пагаднення ў 1466 г., згодна з якiм многія землі Ордэна былі далучаны да Рэчы Паспалітай.

15 З жонкай аўстрыйскай сваёй нарадзіў сыноў знакамітых – Кароль Казімір ажаніўся з Лізаветай, малодшай дачкой Альбрэхта II, імператара Германіі, аўстрыйскага князя, з якой меў шэсць сыноў і сем дачок.

16 …о, Багіня… – Муза.

17 Не захацела, аднак, некаторым з іх славу падоўжыць // Бледная смерць… – Б. Кручкевіч, спасылаючыся на трактат Мацея Мяхоўскага, паведамляе наступнае. З сямі дачок Казіміра старэйшая, Ядзвіга, была заручана з Баварскім князем Георгіем, другая, Соф’я, была жонкай Яна Мархіёна Брандэнбургскага, пятая, Ганна, жонкай Багуслава, князя Стоўпенскага і Шчэцінскага, шостая, Барбара, жонкай Георгія, князя Мішненскага, апошняя з іх, Лізавета, была жонкай князя Легніцкага. Тая ж Лізавета, якая нарадзілася трэцяй, памерла, не дасягнуўшы сталага ўзросту. Падобна ёй і чацвёртая дачка Лізавета памерла ў дзяцінстве [гл.: Pauli 1887, 210].

18 …хаця пад нядобраю зоркай… – Ян Альберт (Альбрэхт) валадарыў у 1492–1501 гг. Час яго праўлення быў адзначаны амаль аднымі няшчасцямі. У першую чаргу гэта несправядлівы мір 1494 г. з маскоўскім царом Іванам ІІІ. Войска Яна Альберта было разбіта падчас малдаўскай кампаніі 1497 г. у лясах Букавіны. Перажыўшы глыбокае расчараванне, кароль пачаў рыхтавацца да вайны з крыжакамі, але памёр, так і не давёўшы справу да канца.

19 …цвярдыня пад Клецкам – Так паэт называе ўмацаваны лагер татараў каля Клецка. Усё татарскае войска, якое налічвала 15 ці болей тысяч вояў, было разбіта ўшчэнт блізу Клецка незадоўга да смерці караля ў 1506 г.

20 …Уладзіслаў найшаноўнейшы… – Уладзіслаў, сын караля Казіміра Ягайлавіча, правіў у Багеміі з 1471, у Венгрыі – з 1491 г.

21 …сын яго слаўны, Людовік … – Сын Уладзіслава Казіміравіча, Людовік II, успадкаеміў ад бацькі багемскае і венгерскае валадарства. Б. Кручкевіч паведамляе, што ён быў забіты ў 1526 г. туркамі ў бітве пад Мохачам [гл.: Pauli 1887, 212].

22 Быў Фрэдэрык… – Па звестках Б. Кручкевіча, апошні сын Казіміра Ягайлавіча, Фрэдэрык, быў кардыналам, архіепіскапам Гнёзненскім і епіскапам Кракаўскім [гл.: Pauli 1887, 212].

23 У 214–220-м радках распавядаецца пра Казіміра, другога сына Казіміра, які памёр ад сухотаў і быў пахаваны ў Вільні. Б. Кручкевіч са спасылкай на трактат Мацея Мяхоўскага паведамляе, што за сваё набожнае жыццё Казімір быў прызнаны святым цудатворцам. Памёр ён у 1484-м, далучаны да ліку святых у 1560 г. [гл.: Pauli 1887, 212]..

24 Што з маскавітамі грознымі ў бітвах змагаецца лютых – У гэтых радках паэт першы раз намякае на войны Жыгімонта І з Маскоўскай дзяржавай.

25 …нібыта з руном залатым… – Маецца на ўвазе залатое руно, на здабычу якога, згодна з антычным міфам, выправіліся арганаўты на чале з Ясонам.

26 Скіфскія турмы… – Так называе Ян Вісліцкі войска маскавітаў, якое 30 ліпеня 1514 г. захапіла Смаленск.

27 Потым той верасень быў… – 8 верасня 1514 г. маскоўскае войска было разбіта пад Оршай; гэтую перамогу паэт апеў у сваёй одзе, прысвечанай каралю Жыгімонту.

28 Многа варожых харугваў з палоннымі хутка даставіў // Ты да высокіх муроў тваёй велічнай Вільні Літоўскай – Здабыўшы перамогу пад Оршай, Жыгімонт I 22 верасня з трыумфам увайшоў у Вільню. Варожыя штандары, захопленыя ў бітве, кароль размясціў у Віленскім кафедральным саборы.

29 Хай дасылаюць галіну аліўкі… – Галіна аліўкі ў антычнай культуры была сімвалам міру.

30 …век Сатурна настане – г. зн. “залаты” век.

 

 

Ода да караля Жыгімонта

1 …і сітанійскі ваяр – Сітанійскі – ад імя Сітона, міфічнага ўладара Херсанеса Фракійскага. Б. Кручкевіч мяркуе, што Ян Вісліцкі называе маскавітаў “сітанійцамі”, а не “скіфамі”, як гэта было прынята ў тагачаснай паэзіі, следам за Плініем Старшым, які карыстаецца тым жа эпітэтам у IV кнізе сваёй “Натуральнай гісторыі” [гл.: Pauli 1887, р.216].

2 …столькі войска – У бітве пад Оршай загінула, паводле розных гістарычных крыніц, ад 30 да 40 тысяч маскавітаў. У палон трапілі 10 маскоўскіх ваяводаў, 17 іншых военачальнікаў, 2 тысячы «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тысячы воінаў.

3 З трыма трыумфамі ў аздобе – Тры трыумфы, пра якія піша Ян Вісліцкі, – гэта тры ваенныя перамогі караля Жыгімонта Старога. Першая з іх была атрымана над князем валахаў Багданам у 1509 г. У гэтай бітве праславілася войска кароннага гетмана Мікалая Камянецкага. Другі трыумф – перамога аб’яднанага войска кароннага гетмана Камянецкага і літоўскага гетмана Канстанціна Іванавіча Астрожскага ў бітве з дваццацічатырохтысячным войскам татараў 28 красавіка 1512 г. пад Вішняўцом, у выніку якой 8 тысяч татар былі забіты, 10 тысяч узяты ў палон. Нарэшце, трэцім трыумфам Жыгімонта паэт лічыць перамогу пад Оршай войска гетмана Астрожскага над войскам маскоўскага князя Васілія Іванавіча.

4 …багіня… двухаблічная – Б. Кручкевіч мяркуе, што гэта Луна, якую, праўда, часцей называлі не двухаблічнай, а двурогай (гл.: Kruczkiewicz 1887, 218). М. Езяніцкі аспрэчвае гэтую думку, разумеючы пад “двухаблічнай багіняй” Мінерву, якая спалучала ў сабе дзве асноўныя функцыі (багіня мудрасці і вайны) (гл.: Jezienicki 1888. Z.3, 202). Другая версія падаецца больш слушнай, паколькі далей ідзе гаворка якраз пра тое, чаго Ян Вісліцкі чакае ад “двухаблічнай багіні”: паэтычнага натхнення – для сябе і ваенных трафеяў – для караля.

 

5 …князя – маскоўскага князя Васілія Іванавіча.

6 …Дэлоскі… – апалонаўскі або паэтычны.

7 Ты Васіля завядзеш дахаты – Маецца на ўвазе Маскоўскі князь Васілій Іванавіч.

 

Верш да Пятра Таміцкага

1 Вяліт – лёгкаўзброены жаўнер, прызначаны для пазалінейных сутычак (застрэльшчык).

2 …матчына сястра – Б. Кручкевіч дапускае, што словам “matertera” (“сястра маці”) паэт называе Музу, паколькі паводле міфалагічных уяўленняў і Паркі (ад якіх, як ад маці, залежыць жыццё людзей), і Музы лічыліся дочкамі Юпітэра. З іншага боку, вучоны лічыць верагодным, што гэтым словам паэт называе родную зямлю, айчыну, ужываючы пры гэтым некласічную форму “tera” (“зямля”), адзначаную рымскім граматыкам Маркам Варонам [Pauli 1887, 221]. Тым не менш М. Езяніцкі лічыць выраз “matertera” памылковым, які паўстаў на грунце перастаноўкі слоў “ter atque quater”, і адпаведны радок вучоны прапануе чытаць наступным чынам: “Erit chelys ter atque quater plausus dabit” [Jezienicki 1888. Z.3, 203].

 

Элегія да Багародзіцы Панны Марыі

1 Цытыс арабскі… – востраў блізу Аравійскага паўвострава.

2 Пасля “Элегіі да Багародзіцы Панны Марыі” ў зборніку “Пруская вайна” змешчаны спіс памылак пад загалоўкам “Памылкі, дапушчаныя пры надрукаванні, выпраўленыя так, як відаць ніжэй” [Bellum 1516, p.57 n.n.].

 

 

Дадатак. Элегія магістра Паўла Кросненскага Русіна да Яна Вісліцкага

1 …свяшчэнных багінь – г. зн. Музаў.

2 З вечнай крыніцы… – Маецца на ўвазе крыніца Гіпакрэна.

3 …каня… Белерафонта – г. зн. Пегаса.

4 …Дэльфійскай дубровы… – тут: апалонавай. Эпітэт “дэльфійскі” паходзіць ад назвы цэнтральнага свяцілішча Апалона – Дэльфаў.

5 Лісцем дафнійскім – г. зн. лаўровым (ад імя німфы Дафны, якая, уцякаючы ад Апалона, пераўтварылася ў лаўровы куст).

6 …музыка Грынейскі – Апалон. Эпітэт “Грынейскі” паходзіць ад назвы горада Грынія, у якім быў храм Апалона.

7 …гукаў смірнейскіх – тут: гамераўскіх.

8 Таг – рака ў Іспаніі.

 

Дадатак. Верш Валянціна Экія

1 …правадыр дарданскі… – Эней.

2 …мужа-андыйца – г. зн. Вергілія, аўтара славутага паэтычнага эпасу “Энеіда”.

 

 

Дадатак.Пра сённяшнюю Прускую вайну Боскаму Жыгімонту, непераможнаму каралю Польшчы

1 …кагортам – г. зн. варожаму (тэўтонскаму) войску.

2 На звычай лапіфаў… – алюзія на вядомую ў антычнай міфалогіі бітву кентаўраў з лапіфамі. З кентаўрамі атаясамліваюцца ў дадзеным выпадку тэўтонцы.

3 Войска аховы – Крыжакі называлі сябе метафарычна “Хрыстовым войскам” або “войскам ахоўнікаў Хрыста”.

4 Варта б за гэткі напад трохі лепей з табой абысціся! – іронія.

 

Дадатак.На войска германцаў, што ўцякае ад палякаў

1 Чорнай сабеянкі дар… – Каштоўнымі тканінамі і камянямі, згодна з антычнымi аўтарамi, былі багатыя рэгіёны Аравійскага паўвострава (Arabia Felix), дзе жылі цёмнаскурыя сабейцы.

2 …тогаў тырыйскіх красу – г. зн. тогаў жыхароў Тыра – прыморскага горада-дзяржавы ў Фінікіі (сучасны Сур у Ліване).

 

Кароткі слоўнік антычных і сярэднявечных намінацый*

* Для тапонімаў, гiдронiмаў і этнонімаў указваецца лацінская форма.

 

Айнід – Мелеагр, сын Айнэя і Алтэі, удзельнік паходу арганаўтаў, які праславіўся поспехамі ў калідонскім паляванні.

Аквілон – бог паўночнага ветру ў рымскай міфалогіі.

Альба (у тэксце: ripaе Albaе – “берагі Альбы”) – старажытная назва ракі Эльбы.

Аматунтка – Венера, багіня прыгажосці і кахання ў рымскай міфалогіі.

Анхізіяд – Эней, сын траянца Анхіза і Венеры, легендарны “родапачынальнік” рымскага народа; цэнтральны герой старажытнарымскага гераічнага эпасу. У “Энеідзе” Вергілія ён выяўляецца як яркае ўвасабленне лепшых маральных якасцяў: вернасць абавязку, прыстойнасць і любоў да дзяцей.

Архілох – старажытнагрэцкі паэт, стваральнік ямбічнага верша і жанру ямба – жартаўліва-з’едлівага верша, напісанага ямбічным памерам.

Арыён – у грэцкай міфалогіі пачварны волат-паляўнічы, які валодаў здольнасцю хадзіць па моры.

Атланта горы (colles Atlantis): Атлант – у грэцкай міфалогіі тытан. Паводле аднаго з міфаў, Персей пераўтварыў Атланта ў скалу, паказаўшы яму галаву Гаргоны; адсюль уяўленне пра Атланта – гару ў Афрыцы.

Атропа – адна з трох паркаў, якая ткала нітку жыцця.

Атыка (Attica) – вобласць Старажытнай Элады з галоўным горадам Афінамі – культурным і навуковым цэнтрам антычнага свету.

Аўгуст (23.09.63 да Р.Х. – 19.08.14) – першы імператар Старажытнага Рыма.

Аўліда (Aulis, idis) – партовы горад у Беотыі (вобласці Цэнтральнай Грэцыі), месца збору грэчаскага (данайскага) флоту перад паходам на Трою.

Аўстр – бог паўднёвага ветру ў грэцкай міфалогіі.

Ахат – адзін са спадарожнікаў Энея.

Ахіл – сын Пелея і Фетыды, адзін з найславуцейшых герояў Траянскай вайны, які нарадзіўся ў фесалійскім горадзе Ларысе (Larissa).

Ацыдалійка – Венера, у рымскім пантэоне багіня кахання і прыгажосці; у Ацыдалійскай крыніцы купаліся тры Грацыі – дочкі Венеры.

Аяніды, Аянійкі – Музы, апякункі навук, мастацтваў і ўсёй творчай дзейнасці. У рымскі перыяд ушаноўваліся дзевяць Муз: Эрато – лірычнай паэзіі і эратычных вершаў, Эўтэрпа – лірычных вершаў, Каліопа – эпічнай паэзіі; Кліо – гісторыі; Мельпамена – трагедыі, Палігімнія – танца, музыкі; Тэрпсіхора – танца; Талія – камедыі, Уранія – астраноміі. Перыфрастычна Музы называліся Аянідамі, паколькі жылі на гары Гелікон у Аоніі (Беотыі), вобласці Цэнтральнай Грэцыі.

Бакх (Вакх, Бахус) – бог віна ў старажытных рымлян.

Барбіт – шматструнная ліра.

Барысфен (Borysthenis) – назва ракі Днепр у антычнай і сярэднявечнай лацінскай літаратуры.

Барэй – бог паўночнага ветру ў грэцкай міфалогіі.

Басфор (Bosporus): Фракійскі (Threicius) – сучасны праліў Басфор;

Цымярыйскі (Cimmerius) – сучасны Керчанскі праліў.

Белерафонт – антычны герой, сын цара Глаўка. Існуе паданне пра тое, як Белерафонт хацеў трапіць на неба на крылатым кані Пегасе, аднак конь скінуў яго.

Бромій – маецца на ўвазе Бакх.

Бронт і Стэроп – цыклопы, што працавалі ў майстэрнях Вулкана, рымскага бога агню.

Ванда – легендарная польская каралева, дачка Крака.

Варна (Varna) – горад у Балгарыі, за Дунаем, паблізу ад якога адбылася бітва паміж войскамі 20-гадовага Уладзіслава Ягайлавіча, караля Рэчы Паспалітай і Венгрыі, і войскамі турэцкага султана Гамурата 20 лістапада 1444 г. У гэтай бітве кароль Уладзіслаў загінуў.

Верпы (ад “verpus” – абрэзаны) – габрэі.

Веспер – вячэрняя зорка.

Вістула (Vistula) – старажытная назва ракі Вісла. Гл. таксама Істула.

Віяд (Viadus) – старажытная назва ракі Одэр.

Вольскі (Volsci) – старажытнаіталійскае (окскае) племя, што насяляла поўдзень гістарычнай вобласці Лацый (цэнтральная частка Апенінскага паўвострава).

Вяледа – славутая старажытная прадказальніца з германскага племя бруктэраў.

Вясталкі – жрыцы старажытнарымскай багіні Весты, якія павінны былі захоўваць дзявоцтва на працягу 30 гадоў.

Гадэс (Gades) – сучасны іспанскі горад Кадзіс.

Гамурат (Мурат ІІ) – турэцкі султан, правіў у 1421–1451 гг.; перамог караля Уладзіслава пад Варнай.

Ганібал (247/246 – 183 да Р.Х.) – сын Гамількара Баркі, знакаміты карфагенскі палкаводзец.

Гараманты (Garamantes) – старажытнае берберыйскае племя ўнутранай Лівіі.

Гдан (Gdanus) – Гданьск, буйны горад на поўначы Польшчы.

Гектар – сын Прыама і Гекубы, славуты герой Траянскай вайны.

Гелеспонт (Hellespontus) – сучасны праліў Дарданелы.

Геліканіды – Музы (гл. Аяніды), якія жылі на гары Гелікон.

Геліконская гара – абагульненая назва гор у Цэнтральнай Грэцыі, месца жыхарства Муз.

Гельветы (Helvetii) – старажытны кельцкі народ, тэрыторыя рассялення якога прыкладна адпавядае сучасным межам Швейцарыі.

Гем (Haemus) – горны ланцуг у паўночнай Македоніі і Фракіі (сёння – Балканы).

Геманійская зямля (ora Haemonia) – Фесалія, вобласць на паўночным усходзе Грэцыі.

Герцынійскі (Герцынскі) лес (nemus Hercinium) – лясісты горны ланцуг у Германіі, які цягнецца ад Рэйна да Карпат. Паводле рымскіх уяўленняў, яго працягласць вымяралася 60-дзённым пераходам. У пазнейшы час пад Герцынійскім лесам мелі на ўвазе Цюрынгскі лес і Рудныя горы.

Гіменей – старажытнагрэцкі бог шлюбу.

Гіпакрэна (гл. Пегасіды) – цудадзейная крыніца паэзіі.

Дарыда – дачка Акіяна, паэтычная метафара мора.

Дуліхіец – Уліс (Адысей), адзін з герояў Траянскай вайны; галоўны герой паэмы Гамера “Адысея”. Яго спадчынным уладаннем, згодна з паданнем, быў востраў Дуліхія.

Дэлос (Delos) – востраў у Эгейскім моры, дзе, паводле падання, Латона нарадзіла Апалона і Дыяну.

Дэцыі, Камілы, Фабіі – славутыя патрыцыянскія роды Старажытнага Рыма.

Жыгімонт Першы (1467 – 1548) – вялікі князь літоўскі і кароль Польшчы (1506 – 1548), сын Казіміра Ягайлавіча.

Заіл – грэчаскі аратар і сафіст (4 ст. да Р.Х.), які жорстка крытыкаваў Гамера. У лацінскай паэзіі эпохі Рэнесансу гэтае імя становіцца агульным найменнем зайздросніка і несправядлівага крытыка.

Зефір – бог заходняга ветру ў грэцкай міфалогіі.

Іберы (Hiberi) – насельніцтва старажытнай Іспаніі; iберыйскі – іспанскі.

Іліён (Ilium; Ilion) – другая назва Троі, паводле якой атрымала назву “Іліяда” Гамера.

Істр (Ister) – старажытная назва Дуная.

Істула (Istula) – старажытная назва Віслы. Гл. таксама Вістула.

Ітака – гл. Уліс.

Каліопа – адна з дзевяці Муз (гл. Аяніды).

Каміла – легендарная дачка цара вольскаў, забітая Энеем.

Камілы – гл. Дэцыі.

Касталійка, Касталіда – Муза (гл. Аяніды). Перыфрастычнае найменне Муз – “Касталійкі (Касталіды)” – паходзіць ад назвы Кастальскай крыніцы на гары Парнас, якая лічылася сімвалам паэзіі.

Кіпрыда – Венера.

Кір – персідскі цар.

Конрад Алясніцкі – польскі ўдзельны князь, які восенню 1409 г. уступіў у саюз з крыжакамі.

Конрад Мазавецкі (1191–1247) – польскі ўдзельны князь, уладар Мазовіі і Куявіі. Пры актыўнай падтрымцы каталіцкай царквы вёў доўгую барацьбу за падначаленне земляў прусаў; у 1226 г. з мэтаю заваявання прусаў прызваў Тэўтонскі ордэн, перадаўшы нямецкім рыцарам вобласць Хелмна і ў якасці “лена” ўсе прускія землі на ўсход ад ніжняга цячэння Віслы.

Крак (Кракус) – адзін з першых міфічных уладароў Польшчы, які лічыцца заснавальнікам Кракава.

Ксант (Xanthus) – эпітэт ракі Скамандр у Траядзе, дзе разгортваліся асноўныя падзеі Траянскай вайны.

Куявія (arva Cujava) – гістарычная вобласць паўночна-заходняй Польшчы.

Лапіфы – у старагрэцкай міфалогіі шматлікае племя гігантаў, якія перамаглі ў вайне з кентаўрамі.

Леда – маці чароўнай Алены. Леда нарадзіла Алену ад Зеўса, які з’явіўся да яе ў вобразе лебедзя. Менавіта з-за Алены, выкрадзенай Парысам, пачалася Траянская вайна.

Лех – легендарны заснавальнік польскай дзяржавы, брат Чэха і Руса.

Леўкадзійскія воды (profundum Leucadium): Леўкадзія – востраў і горад блізу заходняга ўзбярэжжа Акарнаніі – заходняй прыбярэжнай вобласці Цэнтральнай Грэцыі.

Лікаонская Мядзведзіца – сузор’е Вялікай Мядзведзіцы.

Лікійская зямля, Лікія (ora Lycia) – вобласць у Малой Азіі.

Магамет (Мухамед; каля 570–632 гг.) – рэлігійны прапаведнік, які лічыцца заснавальнікам ісламу.

Мазовія (Masovia) – гістарычная назва часткі польскіх земляў у сярэднім цячэнні Віслы. Тэрыторыя Мазовіі ў асноўным адпавядае тэрыторыі сучаснага Варшаўскага ваяводства.

Македонец – Аляксандр ІІІ Македонскі (356–10.06.323 да P.Х.), сын цара Філіпа ІІ; адзін з вялікіх антычных палкаводцаў і заваёўнікаў; выхаванец Арыстоцеля.

Маласійскія псы – вельмі жорсткія і бязлітасныя, якіх бралі на паляванне ў антычныя часы.

Малея (Malea) – мыс у межах Лаконікі, небяспечны для караблёў.

Марцэл – прадстаўнік плябейскага адгалінавання патрыцыянскага роду Клаўдзіяў. Тут, хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе Марцэл Клаўдзій. У 213–212 гг. да Р.Х. ён камандаваў арміяй, якая захапіла Сіракузы; у 207 г. загінуў у бітве з Ганібалам.

Масагеты (Massagetae) – у антычнасці так называлі ваяўнічае племя, якое качавала паміж Каспійскім і Аральскім морамі.

Меатыйскае балота (Maeotis palus) – Азоўскае мора.

Мемфіс (Memphis) – сталіца старажытнага Егіпта.

Менетыяд – Патрокл, сябар Ахіла, удзельнік Траянскай вайны.

Мінерва (у грэцкай міфалогіі – Афіна) – старажытнарымская багіня, апякунка мастацтваў, рамёстваў, а таксама багіня вайны і мудрасці.

Мінос – у грэцкай міфалогіі магутны, справядлівы цар Крыта, сын Зеўса і Еўропы. Загадаў Дзедалу пабудаваць лабірынт для Мінатаўра.

Мызы (Mysi) – так у сярэднявечнай літаратуры называлі румынаў і малдаван.

Назамоны (Nasamones) – старажытныя жыхары Лівіі.

Намады (Nomades) – антычная назва качэўных плямёнаў. У сярэднявечнай лацінскай літаратуры так называлі татараў.

Непот Карнелій (каля 100 г. – пасля 32 г. да Р.Х.) – рымскі пісьменнік, гісторык, аўтар шматлікіх біяграфій выдатных дзяржаўных і ваенных дзеячаў.

Оркус – адна з назваў падземнага каралеўства.

Оса (Ossa) – гара ў паўночна-ўсходняй Фесаліі, радзіма кентаўра Хірона; разам з Алімпам і Пеліёнам утварае горны ланцуг, што аддзяляе фе-салійскую даліну ад Эгейскага мора.

Палада – грэчаскі эпітэт Мінервы.

Палінодыя – паўтор старой песні або проста паэтычны твор.

Панонская краіна (Pannonicum regnum) – рэгіён у басейне сярэдняга цячэння Дуная і яго правых прытокаў Дравы і Савы, тэрытарыяльна большай часткай супадае з сучаснай Венгрыяй.

Парма – невялікі круглы шчыт.

Парфяне (Part(h)i) – старажытнае сцяпное племя, якое жыло на поўдзень ад Каспійскага мора.

Патрон – абаронца, заступнік, мецэнат.

Пегасіды – Музы (гл. Аяніды). Перыфрастычнае найменне “Пегасіды” звязана з уяўленнем пра крыніцу Гіпакрэну на гары Гелікон, якая ўтварылася ад удару капытом крылатага каня Пегаса. Разам з Касталійскай крыніцай Гіпакрэна была сімвалам паэзіі.

Пеласгі (Pelasgi) – грэкі.

Пелід – маецца на ўвазе Ахіл.

Пеліён (Pelion) – гара на востраве Магнэзія (цяпер Петрас).

Пергам (Pergamum; Pergamus) – старажытны горад у Малой Азіі, сталіца Пергамскага царства; тут – паэтычная лакалізацыя Троі.

Пілоскі старац – гамераўскі Нестар, самы старшы ўдзельнік Траянскай вайны. Ён здабыў сабе славу красамоўствам і мудрасцю.

Пір (319–272 да Р.Х.) – валадар Эпіра, старажытнай вобласці Міжземнамор’я. Атрымаў шэраг ваенных перамог над рымлянамі, аднак ганебную вядомасць набыла яго перамога пры Аускуле ў 279 г., калі ён страціў амаль усё сваё войска (“Пірава перамога”).

Піэрый – паэт; піэрыйскі – паэтычны.

Плектр – палачка, з дапамогай якой гралі на кіфары.

Понт Эўксінскі (pelagus Euxinus) – антычная назва Чорнага мора.

Прыам – легендарны цар Троі.

Прэнестынская багіня – Фартуна, багіня лёсу.

Пталемаідa (Ptolemais, idis) – назва шэрага гарадоў у Егіпце і Малой Азіі.

Пунійцы (Poeni) – жыхары Карфагена – буйнейшага горада-дзяржавы ў антычным Міжземнамор’і, з якім Рым доўгі час вёў войны.

Ростра – нос карабля.

Рыфейскі (Riphaeus) – паўночны; Рыфейскімі гарамі (Riphaei montes) на сярэднявечных картах Усходняй Еўропы звычайна называлі Уральскія горы.

Рэтэйскі – траянскі.

Саблоз (Sablosus) – незыдэнтыфікаваны тапонім; магчыма, рака Заблоцце, левы прыток Днястра.

Сарматы (Sarmati) – старажытнае племя іранскага паходжання, якое качавала на ўсход ад Дона. Пазней яны распаўсюдзіліся далей на захад да нізін Дуная. Паводле адной з тэорый этнагенезу, сарматы перамяшаліся са славянамі, у выніку чаго ў еўрапейскай традыцыі (прынамсі, літаратурнай) сарматамі сталі называць жыхароў Цэнтральнай і часткова Усходняй Еўропы. Згодна з гэтай традыцыяй, у XV–XVI стст. сарматамі называлі сябе падданыя Ягелонаў.

Сарматыя (Sarmatia) – назва розных частак Еўразіі. Адрознівалі Еўрапейскую і Азіяцкую Сарматыю. Еўрапейская Сарматыя ахоплівала тэрыторыю сучаснай Цэнтральнай і часткова Усходняй Еўропы. У XVI ст. гэтая назва трывала замацавалася за дзяржавай Ягелонаў.

Сафо (нарадз. каля 650 г. да Р.Х.) – славутая старажытнагрэцкая паэтэса, якая нібыта кінулася ў мора са скалы з-за няшчаснага кахання.

Свебы (Suebi) – вялікая група заходнегерманскіх народаў, плямёны якіх з I ст. да Р.Х. распаўсюдзіліся ад Паўночнай і Паўднёвай Германіі да Цэнтральнага Дуная.

Сібіла – вяшчуння; з ліку старажытнарымскіх сібіл найбольш славутай была Кумская (Эўбейская), якая, паводле падання, дажыла да неверагодна старога ўзросту.

Сідон (Sidon) – партовы горад на Міжземным моры. У гэтым горадзе нарадзілася Дзідона, міфічная карфагенская царыца, якая закахалася ў Энея.

Сірыус – зорка ў сузор’і Вялікага Пса.

Скамандр (Scamander) – рака ў Траядзе (цяпер Мендэрэсу).

Скіфы (Scythae) – зборная назва плямёнаў, што жылі ў старажытныя часы ў Прычарнамор’і, на Доне, Дняпры і Дунаі. У XVI ст. у лацінамоўнай літаратуры скіфамі называлі жыхароў Маскоўскай дзяржавы. Сама гэтая дзяржава адпаведна называлася Скіфія (Scythia).

Стацый Публій Папіній (каля 40–96 г.) – старажытнарымскі паэт і педагог. Праславіўся сваім эпасам “Фіваіда” ў 12 кнігах, дзе апісваецца вядомы паход “семярых супраць Фіваў”.

Стрымон (Strymon) – рака на тэрыторыі сучаснай Балгарыі.

Стыгійскія воды, Стыкс – рака ў падземным каралеўстве памерлых.

Стэнтар – адзін з удзельнікаў Траянскай вайны, які адрозніваўся магутным голасам.

Сцыпіёны – вядомы патрыцыянскі род у Старажытным Рыме. Найбольшую вядомасць у гісторыі атрымалі два Сцыпіёны: 1) Публій Карнэлій Сцыпіён (235–183 гг. да Р.Х.), герой 2-й Пунічнай вайны; за ўдалую высадку войска ў Афрыцы атрымаў мянушку Афрыканскі Старшы; 2) Публій Карнэлій Сцыпіён Эміліян (185–129 гг. да Р.Х.), праславіўся сваімі ваеннымі подзвігамі пры Підне, у Іспаніі і Афрыцы. Менавіта пад яго камандаваннем быў разбураны Карфаген, за што ён атрымаў мянушку Афрыканскі Малодшы.

Тамірыс – царыца скіфскага племя масагетаў, якая перамагла персідскага цара Кіра.

Танаіс (Tanais) – назва ракі Дон у антычнай і сярэднявечнай літаратуры.

Таўрыйскі край (Taurica ora) – Крым.

Троя (Іліён) – старажытны горад на паўночным захадзе Малой Азіі. У вершах антычных паэтаў апяваецца дзесяцігадовая аблога і захоп Троі грэкамі, які адбыўся каля 1200 г. да Р.Х.

Тула (Thule) – напаўлегендарная астраўная краіна на крайняй поўначы Еўропы.

Турма – назва коннага атрада з 30 або 40 вершнікаў у рымскім войску.

Тызіфона – адна з трох фурый, рымскіх багінь помсты.

Тымбрэец – маецца на ўвазе Апалон. У гістарычнай вобласці Тымбра, на рацэ Тымбрыі, у антычныя часы знаходзілася свяцілішча Апалона.

Тырынфіец – Геркулес (Геракл), сын Зеўса і Алкмены, антычны герой, які праславіўся дванаццаццю подзвігамі.

Тыфіс – легендарны стырнавы арганаўтаў, удзельнікаў пахода ў Калхіду на караблі “Арго” за залатым руном.

Тыяра – грэцкая назва знака свецкай або царкоўнай улады (кароны, дыядэмы або іншага галаўнога ўбору адпаведнай семантыкі).

Тэгеец – Меркурый, бог гандлю ў рымскай міфалогіі, веснік Алімпійскіх багоў.

Тэнарыйская гарачка – вар’яцтва, часцей за ўсё – ад кахання.

Тэспіяды – Музы (гл. Аяніды). Перыфрастычнае найменне “Тэспіяды” паходзіць ад назвы горада Тэспій, які знаходзіўся на гары Гелікон і славіўся культам Муз.

Тэрпсіхора – адна з дзевяці Муз (гл. Аяніды).

Тэўтонцы (Teutoni) – старажытныя плямёны, відаць, германскага паходжання, якія першапачаткова насялялі раён ніжняга цячэння Эльбы і паўвостраў Ютландыю. Пазней слова “тэўтоны” ўжывалася для пазначэння германцаў наогул і рыцараў Тэўтонскага ордэна ў прыватнасці.

Уліс (Адысей) – у грэцкай міфалогіі храбры і дасціпны герой, цар Ітакі, сын Лаэрта і Антыклеі.

Фабіі – гл. Дэцыі.

Фартуна – старажытнарымская багіня шчасця, шчаслівага лёсу і шанцу.

Фацыда (Phocis, idis) – вобласць у сярэдняй Грэцыі, дзе знаходзіліся горы Парнас і Гелікон – месца знаходжання муз.

Фаэтон – у грэцкай міфалогіі сын бога сонца Геліоса, які згарэў, няўмела кіруючы бацькавай вогненнай калясніцай. Пазней гэтае імя атаясамлівалася з самім богам сонца.

Феб – другое імя Апалона, бога сонечнага святла, гармоніі, духоўнай дзейнасці і мастацтваў.

Фівы (Thebae) – буйнейшы горад Беотыі (вобласці Цэнтральнай Грэцыі), месца, звязанае са шматлікімі грэцкімі легендамі і міфалагічнымі паданнямі.

Філірыд – кентаўр Хірон, сын Кронаса і Філіры, выхавацель Ахіла і Патрокла.

Фінікійцы (Phoenices) – сямітамоўнае насельніцтва сірыйскага ўзбярэжжа, якое пазней рассялілася па ўсім Міжземнамор’і.

Флегетонт – вогненная рака ў падземным каралеўстве.

Фрыгія (Phrygia) – гістарычная вобласць у цэнтральнай частцы Малой Азіі.

Фрызы (Frisii) – племя на марскім узбярэжжы паміж Рэйнам і Aмізіяй.

Фрэдэрык (Фрыдрых) ІІ Гогенштаўфен (1194 – 1250) – імператар “Свяшчэннай Рымскай імперыі” ў 1212 – 1250 гг.

Цыклады (Cyclades) – група астравоў у Эгейскім моры.

Цымба – род лодкі, чоўна.

Цымбрыйцы, цымбры (Cimbri) – германскае племя, што жыло ў Ютландыі.

Цымярыйскі Басфор – гл. Басфор.

Цымярыйцы (Cimmerii) – жыхары Крыма.

Цынтыец – Апалон (гл. Феб).

Цыра (Cirrha) – прыстань Дэльфаў у заліве Крыса (Фацыда); метанімічнае пазначэнне дэльфійскага аракула.

Цэрэра – багіня земляробства ў старажытнарымскай міфалогіі.

Эліза – Дзідона, гл. Сідон.

Эней – у антычнай міфалогіі сын траянца Анхіза і Афрадыты. Лічыцца міфічным родапачынальнікам рымлян.

Эол – бог вятроў.

Эпідаўрыйская навука – медыцына; Эпідаўр – партовы горад у Старажытнай Грэцыі, славуты размешчаным паблізу свяцілішчам Асклепія, да якога здалёк прыходзілі хворыя з надзеяй на ацаленне.

Эрэб – адна з назваў падземнага каралеўства.

Эўбейская сібіла – гл. Сібіла.

Эўменіды – другая назва эрыній, якія лічыліся багінямі помсты.

Этон – адзін з коней бога сонца Геліоса.

Этэокл – сын фіванскага цара Эдыпа, удзельнік паходу “сямі супраць Фіваў”.

Эўр – бог усходняга ветру ў грэцкай міфалогіі.

Эякід фесалійскі – маецца на ўвазе Ахіл, які быў унукам Эяка, сына Зеўса і Эгіны.

Югер – мера зямельнай плошчы = 2519 кв. м.

Юлій – Гай Юлій Цэзар (13.07.100–15.03.44 да Р.Х.), вялікі рымскі палітычны дзеяч і палкаводзец; атрымаў шэраг славутых перамог як над сваімі палітычнымі праціўнікамі, так і над знешнімі ворагамі Рыма.


1514-1515

Пераклад: Жанна Некрашэвіч-Кароткая
Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая