epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

"А-я-я-я!.."

Пад абрывам, бліжэй да ракі, высяцца старыя, дзябёла ўпасвеныя алешыны, шырока і нізка аплываюць косамі вербы, страката бялеюць-зелянеюць тры смялейшыя бярозы, цямнеецца, пабліскваючы шышкамі, адна яліна. Далей, вышэй ад вады, бярозаў больш, пракідваюцца нават сухапутныя красуні сосны. Над дрэвамі густа, пякуча тоіцца крапіва, буяе чырванню гронак каліна, стаяць сабе па-малечы пацешныя рабінка з нясмелымі ягадамі і стромкі кусцік ялаўцу. На самым краі высокага абрыву соснаў больш. Гаспадаром рассеўся добра-такі сталы дуб. Зялёным воблакам узвышаюцца пад блакітам ліпы, звесіўшы голле, ужо без цвету, над гладкай сцежкай у траве.

Там, наверсе, — платы, садочкі з вуллямі, светлыя вокны, грады, лагодная прастора яшчэ зусім зялёнага бульбяніку, за якім дарога, у спёку пыльная, а за дарогай — лес.

Стаўшы на сцежцы плячыма да лесу, добра глядзіцца зверху, з-паміж дрэў, на Нёман, які, хоць не дарма завецца быстрым, люструецца вельмі спакойна, нібы зусім не плыве. За ракой — лугі, за якімі, на даляглядзе, пушча. Лугі пакошаны ў пару, месяц таму назад, і ўжо добра тым часам падмалёваны атавай, на якой застылі ў спакойным чаканні парыжэлыя ўжо стагі, што будуць перавезены адтуль на фермы зімой. Сям-там відаць цёмна-зялёныя астраўкі яшчэ нярослага дубняку і дубы-адзінцы. Каля стагоў і дрэў рака, то ў лазняку, то голая, пятляе нібы знарок так гулліва — каб зверху гэта выглядала весела.

Росна і сонечна. Над найкруцейшай, найбольш капрызнай пятлёй ракі ўздымаецца варухлівы туманец — пара не пара, дымок не дымок, — як быццам недзе там ціхенька варыцца ранняе снеданне.

Дрэвы з абрыву і бліжэйшыя дрэвы на лузе заціхлі ў заспакоена ўрачыстым сузіранні, глядзяць адны на адных і маўчаць. Моўчкі стаяць багатыя стагі. А на адным з іх, найбліжэй да Нёмана, бела-чорна-чырвона значыцца сціплы бывалец бусел. Яшчэ два стаяць на атавіста светла-зялёнай пакошы, кожны сабе. Таксама проста стаяць ды глядзяць. Той, што на стозе, дык і крылы склаў неяк наперакос, апусціўшы іх, расслабіўшыся ў поўным адпачыне. Пасля ён не вытрымаў такой раскошы моўчкі — задзёр працавітую дзюбу і радасна заклекатаў. І тут жа яму адказалі сябры на траве — бліжэйшы, а за ім і той, што далей.

Ах, колькі радасці!..

А потым зноў урачыстая, сонечна-росная цішыня і прастора. І ў вышыню, і навокал.

...Гарадскі рыбак, якога адразу, яшчэ здалёк пазнаеш па адпаведнай вопратцы і грунтоўным рыштунку, разлічаным на тую вялікую рыбіну, што павінна ж, нарэшце, злавіцца, — ён стаяў на высокім беразе, сышоўшы са сцежкі на саменькі зялёны край абрыву, дзе сяды-тады спыняюся і я. Чалавек кіраваўся кудысьці далей, тут ён проста спыніўся, застыў, залюбаваўся шчаслівай жнівеньскай раніцай. Падыходзячы да яго, я ўжо хацеў павітацца, але ён апярэдзіў мяне «добрым днём». Здалося, што і начэкваў з адкрыта-прыязнай усмешкай, зусім незнаёмы, што і ва ўсмешцы гэтай было здзіўленне: «Хораша тут у вас!..»

Пагаварылі. Таксама мінчанін. Рабочы-электразваршчык. Праз год і восем месяцаў на пенсію. «Па-бабску, у пяцьдзесят пяць гадоў», бо ў іх жа, электразваршчыкаў, шкодная прафесія. Будзе сто трыццаць два рублі. І падлічыў ужо, відаць, даўно, нібы салдат, што пад канец бясконцай службы ведае, колькі яму засталося гадзін ды мінут. Цяпер ён на бальнічным. Астма. Спытаўся ў доктара, ці можна хоць на рыбалку паехаць, бо ўсё роўна ж, дзе тыя таблеткі глытаць, і доктар сказаў, што можна. «Пахаджу, падыхаю, пераначую дзе пад стогам. А заўтра зяць прыедзе, забярэ». Я памагаю яго радасці, пытаюся: «На «Жыгулях»? — «Ага, увосень купіў». — «І цесць, вядома, трохі далажыўся?» Ён усміхаецца: «Хлопец харошы. Няхай здаровы жывуць. Тут не шкада, калі ўсё ладам, калі не ахламон які ці не алкаш».

Астма ў таварыша пачалася не ўчора, не пазаўчора, і ўсё ён ведае ўжо — і пра Місхор, і пра Вялічку. Больш таго — нават і пра славутую спявачку, якая была ўжо і ў той польскай Вялічцы, у саляным, алергалагічным санаторыі глыбока над зямлёй, а што да Місхора, дык яна ж і на гастролі лётае найбольш з таго Крыма, хоць сама і 'не тамашняя. Гаворыць ён пра гэтую, яшчэ ўсё свежую славутасць як пра знаёмую ці нават блізкую, спачатку называе толькі прозвішча, а потым яна ўжо і проста Соня. Гляджу на яго прасцецкую, не так гарадскую, як яшчэ ўсё вясковую шчырую ўсмешку і нібы гадаю: колькі ж тут вінавата іх агульная астма, а колькі голас яе, добра знаёмы і мне, яе маладая, непераможная радасць?.. Нават пытаюся:

— Вы што, знаёмыя?

— Па тэлевізары, — зноў усміхаецца ён. — Люблю паслухаць, паглядзець,

— I я люблю. Калі народныя.

Мы маўчым, заглядзеўшыся на раку і зарэчча. А потым я — нечакана, але не дзіўна — напаўголасу паўтараю далёкі песенны ўзлёт, што светла махнуўся ў памяці:

 

Ветерочек парус гонит,

От разлуки сердце стонет...

 

Бачу той белы ветразь на хвалістым бязмежжы вясновай, шырока разлітай Волгі. Сваяк таго, што і ў маёй душы сяды-тады самотна і ясна бялеецца ў марскім блакітным тумане.

— Спяваць любіце? — усміхаецца рыбак. — Мо і ў ансамблі якім?

— Не. Прыгадалася адно...

Што прыгадалася, я не расказваю, бо не раскажаш так, як яно хутка і ярка з’явілася ў памяці. Амаль праз паўвека, з тых дзён, калі я толькі-толькі ўваходзіў у юнацтва.

Гэты самы Нёман, але не сонечным жнівеньскім ранкам, а насцярожана і ўрачыста белым, марозным досвіткам. Рака пад лёдам, на лёдзе тоўста снегу, дарога добра ўезджана. Коні дружна бягуць адзін за адным — улегцы весела, дый грэюцца бегма. Я мякка сяджу на мяху з сенам, знізу няхоладна, кажух, шапка, боты надзейныя. А да таго ж і маладосць, што пачынаецца, патаемная радасць ці гордасць заўчасна сталага работніка, гаспадара, ну і паэта глыбока ў душы, якому заўсёды ўсё нова ды незвычайна. І белае рэчышча, што віляе паміж кустамі, не зусім схаванымі пад снегам, і дрэвы, што знізу, ад снегу, цёмна лезуць ажно пад неба над табой. І першы знак новага дня — агнявая палоска зары над далёкім грэбенем лесу, зары нясмелай яшчэ, якая ці то ўжо бачыцца табе, ці то ўспамінаецца з пазаўчарашняй паездкі. Такой самай, у пушчу па дровы. З адчуваннем таксама хвалюючым, насцярожаным. Так і здаецца: вось, вось яно прыйдзе — штосьці даўно чаканае, добрае! Нават і капыты так выстукваюць: вось, вось, вось!..

Коні — як былі лёгка ўзняліся на рысь, так і ашляхлі, спакваля перайшлі на ступý, — спачатку першы ці першая (чый там сённячы конь ці кабыла чыя?), а потым і ўсе, увесь маўклівы парожні абоз. Хай падыдуць. Яшчэ не позна, хоць і не блізка яшчэ.

І тут за мною, ззаду і збоку, мякка і хутка пачулася рыпенне снегу пад хадакамі. Дзядзька Міхаль, сусед, які ехаў следам, дагнаў мае сані і гупнуў-сеў перада мною ў нагах. Чалавек ён маўклівы, калі не пануры, і цягавіты, поўная хата дзяцей — маўчы ды думай, як іх на ногі падняць. А тут яму закарцела чагосьці, як блазну да блазна,— прыбег. Не закурыць, не пакурыць, пацягнуць разоў колькі, бо мы абодва не курым. Пагаварыць пра што пільнае? Не, ён сядзіць і маўчыць.

Маўчаў нядоўга. А памаўчаўшы не гаварыць пачаў, а раптам, як і я цяпер, пры выпадковым сустрэчным, заспяваў. Глуха, прыцішана, можна сказаць, безгалоса. І не песня была гэта, а толькі ўрывачак яе, адзін узлёт — з тым самым белым ветразем па Волзе.

Што за дзіва, чаму?

Вельмі проста — калі яно проста, — учора дзядзька Міхаль заходзіў да нас увечары, і я, разняўшы навушнікі дэтэктарнага радыёпрыёмнічка на двух, пачаставаў яго песняй. Ажно з Масквы, цераз граніцу...

— Соня, здаецца, гэтую не спявае, — гаворыць рыбак.

— Не, гэта даўняе. Была такая Вольга Кавалёва. Збірала і выконвала рускія народныя песні. І сама нават трохі песні пісала. І гэтую, што я пачаў, яна напісала сама.

Пра белы ветразь на Волзе я ўспомніў яшчэ і таму, што днямі, у радыёперадачы, ён прыйшоў да мяне вельмі патрэбна паглыбленым у народнасць расказам пра тую слаўную спявачку, што была спачатку, задоўга да Кастрычніка, маленькай рускай Ольгушкай, якая з печы, тварыкам па хату, зачаравана слухала, як спяваў, працуючы каля акна, яе дзядзька Якаў, вясковы ўмелец-кушнер. Дзяўчынка слухала і, нібы ў прадчуванні свайго вялікага лёсу, заплакала ад любасці да людзей — упершыню, ад усёй чысціні дзіцячага сэрца. Так яна потым успамінала.

— I я люблю, калі Соня не моднае нешта, а па-ўкраінску што ці па-малдаўску. Слухалі?

— Ну, — адказваю я.

— Пра што там, калі па-малдаўску, я не ведаю. Але ж вельмі яно неяк весела. Як ад якое радасці. З эстрады тое сыдзе ў залу, тупае лёгенька па праходзе, і шнур той вядзе за сабою, паміж людзей. Мікрафон у руцэ, а ўсё роўна — рукі раз-пораз узняўшы. У ладкі плешча, ды ўжо не песню, а толькі адзін прыпеў. Чулі? «А-я-я-я! А-я-я-я!..» Так не паўторыш, не. Голыя рукі тонкія, і з твару благая, а вочы свецяцца, гараць. І так смяецца, усміхаецца, што і самому... І людзі ўсе, што ў зале той, усе за ёю ў лад тое «а-я-я-я!» — так апладзіруюць. Аж хочацца самому заспяваць, каб мог. Як гэта добра, калі чалавек вясёлы! Вы гэта чулі?

Ён не пытае, а перапытвае. І так па-свойску, па-вясковаму ўсміхаецца. І я яшчэ раз гавару, што чуў, што весела было і мне.

Не дадаю адно, што добра не толькі тады, калі чалавек, які можа спяваць, вясёлы. Добра, калі ён мужны, калі ты ведаеш, што такое далося яму не так сабе, а праз пакуты. Мне здаецца, што гэта нам зразумела абодвум і так.

Мы маўчым і глядзім.

І я чакаю — даўнім, юнацкім чаканнем, — што за ракою, на стозе і на пакошы, за нас і нашай радасцю вось-вось запляскаюць-заклякочуць у яснае неба буслы.


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан