epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Адкрытка

Маладзейшаму вераб’ю вельмі блага. Ёп цяпер далёка. У ціхай глыбінцы, пад роднай апекай, што чалавеку вельмі патрэбна ў жалобе і дэпрэсіі.

І вось якраз цяпер мне хочацца нагадаць яму адно наша агульнае, што было ўжо, як і шмат чаго, даўно або вельмі даўно, што не-не ды зноў усплывае ў памяці нейкай палёгкай.

Нічога асаблівага, толькі нібыта светлы сігнал, які, зноў атрымаўшы яго, можна перадаць другому нават не ў пісьме, а ў адкрытай паштовачцы. Вось так:

Ты памятаеш, як мы з табой, на цэлых пятнаццаць год маладзейшыя, ішлі па вясновай вуліцы далёкага, утульнага гарадка, ішлі ўдвух да нашага трэцяга, што жыве ды працуе тут, на сваім месцы. Пра штосьці мы гаварылі, ужо не памятаю, пра што, — можа, вясёлае, можа, талковае, а то і так сабе, — от, ішлі, гаварылі. А потым заўважылі страшнае. Каля старога мастка, у завадзі невялікай рачулкі моўчкі тапіўся хлопчык. Так, так, — ён не крычаў, відаць, яшчэ не верачы, што гэта — канец, што трэба клікаць на дапамогу. Мы яго выцягнулі, кінуўшыся туды, і — мокры, перапалоханы, белагаловы — ён патрусіў па абочыне вуліцы ў патрэбны яму бок, паспеўшы нам ці самому сабе, а то адразу і сабе, і нам сказаць праз губную-зубную дрыготку:

— Па-бяг-гу д-да цёткі В-ван-ды!..

Мы тады паразважалі на хаду, што, можа, да цёткі малому проста бліжэй, а можа, яна будзе менш крычаць, чым крычалі б адразу дома... Яму відней.

А нам — успамін на двух.

Я ўжо бачу, як ты, мой горкі, трохі ўсміхаешся.

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан