Янка Брыль

Цяпло

Паміж лесам і полем, на летняй пясчанай дарозе паволі прашастаў чорна-пярэсты маўклівы статак кароў. Адна пры адной, адна за адной, самавіта дзябёлыя, гладкія, шчодрыя. І маўчаць як пра штосьці адно, і ніколі не скажуць, пра што.

Пакуль пастаяў, прапускаючы іх, яшчэ раз за столькі гадоў прыгадалася даўняе. З восені трыццаць дзявятага, з польска-нямецкай вайны.

Дванаццаць дзён, пачынаючы з досвітку першага верасня, мы, батальён марской пяхоты, прасядзелі ў акопах на ўсход ад Гдыні, на граніцы з тэрыторыяй «свабоднага горада» Гданьска, захопленага немцамі загадзя да нападу на Польшчу. Разоў некалькі, асабліва на самым пачатку, мы адбівалі варожыя атакі, а то ўсё гнуліся пад страшным артагнём, то сухапутным, то марскім.

Гэта, відаць, проста грэх — так вось спакойна, коратка, суха гаварыць пра тое, што тады перажывалася ў душы, і ўдзень, і начамі... Але ж я хачу пра адно. Як нас потым знялі з усходняй лініі абароны, як мы дажджлівай ноччу, без шынялёў, пад цяжарам станкавых кулямётаў (бліжэйшыя да мяне, наша рота) доўга і моўчкі ішлі праз шырока раскінуты па ўзгорках, завалены зацямненнем горад на яго заходнюю ўскраіну і далей — у цёмнае поле з цёмнымі вёскамі. Панурая, мокрая, зябкая ноч яшчэ ўсё не канчалася. Насцярожана, зрэдку акажацца далёкім строкатам кулямёта, самотным выбухам гранаты, размерана аднастайным стогнам партавога маяка, моўчкі пасвечвае там-сям бліжэйшымі, далейшымі пажарамі...

Да світання, калі нас паднімуць у наступленне, якое кончыцца не апошнім разгромам, заставалася трохі часу, і нас нечакана, нягучна спынілі ў нейкім маёнтку.

На свежай, чыстай саломе ў доўгім кароўніку ляжала многа спакойных, цёплых кароў. Якой была тая салома, якімі былі каровы — гэта мы, стомленыя, ацэплыя, кожны сам сабе змрочны, хутчэй не ўбачылі, але адчулі. Палёгшы, пападаўшы паміж імі. Задаволена, асцярожна, каб і самому, нарэшце, пагрэцца, і кагосьці не разбудзіць. Хоць і не спалі яны, каровы, а толькі моўчкі, няспынна, мудра жавалі. Зусім далёкія ад чалавечых дзіўных клопатаў.

Нядоўгім было яно, — як мы неўзабаве, у першай хмарнай бачнасці пераканаліся, — тое нязвычна ўтульнае цяпло...




Беларуская Палічка: http://knihi.com