epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Дакор

Слон быў бедны і сумны.

Пра волю ды пра гарачыя джунглі лепш проста не гаварыць: ён іх нават і ўспамінаць не можа, бо нарадзіўся ў звярыным канцлагеры.

Хапае і таго, што вось ён стаіць паміж аблезлых фанерных будак, цесных смярдзючых клетак, перад натоўпам людзей, тырчыць над іх святочным безладам вострым, згорбленым хрыбтом і толькі што не трасецца ад холаду. Скура яго, шэрая, як вясковы, добра-такі зацяганы шарачак, сям-там ажно папраціралася, а ў двух месцах раздзерлася закарэлымі, непрыкрытымі струпамі. Вушы звісаюць абдрыпана, а маленькія вочкі глядзяць на ўсё сумна - да безнадзейнасці...

Чалавек быў шчаслівы і трохі сентыментальны.

Па-свойму, па-чалавечы здаравенны, ён узвышаўся над натоўпам больш чым на галаву. Шэрай салдацкай вушанкай, маладым румянцам шчок, шырокімі плячыма даўгаполага, нядаўна і нарэшце набытага паліто. У вялікіх руках чалавека было па цёплай дзіцячай руцэ. Пацешныя, як важаняты, дзве маленькія кабеціны ў шэрых шубках тэпалі побач з высозным бацькам па мокрым, раскоўзаным снезе, а час ад часу, то на змену, то разам, прасіліся на рукі.

Бяда, дый годзе! І весці малых, і паднімаць іх было нязручна. Перашкаджаў пакунак...

Заапарк прыехаў у горад на гастролі больш за тыдзень таму назад. Увесь гэты час тата збіраўся сюды з дзяўчынкамі, на сон расказваў ім усялякія цуды пра тое, што будзе. І толькі тут, калі падышлі да білетнай касы, ён успомніў, што нічога не ўзяў - ні для мішкі, які за так, вядома, не патанцуе, ні для малпаў, што таксама прывучаны да ласункаў.

Што ж тут рабіць?

Заапарк размясціўся на пустыры, у гэтую восень расчышчаным ад ваенных руін. Паблізу быў толькі адзін ларок. А ў ларку не было цяпер нават якіх-небудзь марных, пазліпаных падушачак. Ашушканая прадаўшчыца параіла смешнаму тату купіць у яе сухафруктаў. Знайшлася газета, мяшэчак быў зроблены з цэлага нумара і ўвесь напоўнены ўшчэнт засушанымі, нават, здаецца, пыльнымі грушкамі і скрылікамі яблыкаў:

Не ўся бяда! Мала таго, што з пакункам і з дзецьмі хадзіць нязручна, дык яшчэ і частавацца з яго ніхто не хоча.

Самы вясёлы мішка, што ажно пысу ўшчэмлівае паміж жалезнымі прэнтамі, просячы цукру, што тупае-танцуе за яго і загадзя і пасля, тыя грушкі ды скрылікі толькі панюхаў.

Не захацелі іх есці і малпы. І малыя, што скрэкаюць ды гойсаюць, бессаромна пабліскваючы круглымі вясёлкамі нібы апараных азадкаў. І тая найбольшая, страшная, зусім падобная на чорнага, валасатага дзядзьку, які вось трымаецца ніколі не мытай рукой за прэнт і нешта ўсё злосна жуе ды сплёўвае, жуе ды сплёўвае, а потым адсоўваецца ў самы куток і, адвярнуўшыся, лаецца шэптам...

Так і дайшлі яны, тата з дзяўчынкамі, да слана. Шчаслівы бацька адчуў яшчэ большае шчасце. Вось ён пачне карміць гэтага здаравілу на радасць сваім «смачненькім». Нібы вялізнага каня з маленькага вядра.

- Тата, а дзе яго роцік?

Бацька смяецца.

І праўда - рот у слана такі, што ні зверху, ні знізу не ўбачыш.

- Затое, дачка, нос які!

- Гэта не нос, гэта хобат, - паправіла, зноў жа на радасць бацьку, яго другая, старэйшая разумніца.

Вясёлы чалавек падставіў мяшэчак слану.

Бацька ведаў, чаго не ведалі дочкі, - што сланоў нос не толькі называецца хобат. На канцы яго ёсць вельмі хітры і спрытны адростак-палец. Адзін, калі слон індыйскі, а два - калі афрыканскі. У гэтага, афрыканскага, два. Гэтымі пальцамі ён можа, кажуць, пакалупацца паміж плітамі тратуара і пліты гэтыя развярнуць, нібы ломікам. А што да спрыту пальцаў, дык, мусіць, і нітку ў іголку зацягне.

Ну, а цяпер ён пачне, на пацеху дзяўчаткам, браць з газеты па грушцы, па скрыліку. Хай бярэ, найдаўжэй, каб радасць расцягнулася.

Маленькія слановыя вочы глядзелі на чалавека не тое каб толькі з пагардай - у іх была яшчэ і паблажлівасць, і трохі здзеку сур'ёзнага над сентыментальным, а найбольш дык бяздоннага і нязбыўнага суму, пакуты, народжаных беспрасветнай няволяй...

Слон працягнуў хобат, цапнуў пальцамі за край газетнага мяшэчка і механічна-спрытным рухам кінуў яго сабе пад нос - туды, дзе быў яго малы, нібы запухлы, рот. Нават і сківіцы, здаецца, не паварушыліся, - проста паехаў пакунак, як па канвееры, у бяздонны рэзервуар невясёлага жывата.

І не маргнуў, не мармытнуў. Як быццам ён табе ласку зрабіў, памог пазбавіцца ад лішняй рэчы, ад няёмкага становішча. Стаіць, маўчыць. Нібыта не з яго гэта смяецца ўвесь натоўп.

...Тыя дзяўчаткі ў шубках сталі тым часам дарослымі. Глядзі, што неўзабаве і ім трэба будзе весці сваіх «смачненькіх» да замкнутых у клеткі звяроў. Тады, вядома, яны зноў успомняць пра той далёкі пасляваенны мяшэчак з нікчэмнымі сухафруктамі. Успомняць - трохі па-іншаму, чым дагэтуль.

Яны выраслі, а бацька адпаведна пастарэў і стаў, здаецца, менш сентыментальны. Можа, да ўнукаў, пакуль што.

Чалавеку ўспамінаюцца часамі маленькія слановыя вочы...

 

1966

 

Каментары

 

Друкуецца паводле выд: Выбр. тв. У 3 т. Т.1. Мн., 1992; Т.2. Мн., 1993.

Упершыню - Зб. тв. У 5 т. Т.1. Мн., 1979.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Брыль. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беллітфонд», 1999.
Крыніца: невядомая