epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Дажджлівы, сонечны жнівень

* * *

Трэці дзень цвіце мой адзіны жоўты гарлачык паміж талерак-лістоў. Трэці дзень, то седзячы, то лежачы, гляджу на бела-блакітныя бочачкі паплаўкоў. Часцей за ўсё — праз рэдкі частакол абгрызенага каровамі аеру.

Уранні туманец шпарка ішоў за плынню ракі, стараючыся не адстаць. Дзень праяўляўся без чыстага сонца, мяккім святлом. Яшчэ не абсохла раса, а ўжо з сітнягу, у якім я стаяў на мыску, пачалі стартаваць стракозы. Пад несціханы булькат ручаіны, што ўпадае ў Шчару. Бацька бусел ці, можа, маці бусліха з чарнадзюбымі падлеткамі спаважна хадзілі сабе паблізу, не вельмі каб зважаючы на рыбака. Сойка дзерлася на тым баку, у лістоце. Певень у недалёкай вёсцы прастадушна рабіў сваё — кукарэкаў раз-поразу, нібы адзін, той самы ўсё, а не на змену з іншымі.

Добра, спакойна на душы. І цяпер, адвячоркам, калі збіраецца памаленьку на дождж, пагруквае над заходнім даляглядам. І ўранні, калі туманец спяшаўся за плынню. І ўчора, гэтай парой, калі мы, пакінуўшы нарэшце ўпарта нерухомыя паплаўкі, сышліся воддаль ад сваіх завоінак і весела плавалі ў вадзе ды ў сонцы ласкавага вечара.

Большую частку жыцця чалавек праводзіць у адзіноце. Чаму некаторыя людзі баяцца, не любяць яе?..

І яшчэ адно хоча ў блакнот:

Разлука з блізкімі, любімымі, разлука назаўсёды і туга па іх — гэта таксама адчуванне абавязку. Перад галоўным у жыцці. А разам з тым — і абавязак перад тымі, што нас пакінулі. Паколькі я не ў зямлі, а пакуль што наверсе, у шчасці свядомых дзён і хвілін.

Добра вось так пісаць — калі папера і душа ў траве.

* * *

Раніца сёння, пасля начнога дажджу, лагодна свежая, па-святочнаму, хоць і не свята, ціхая, пад шэрай павалокай хмар, якія ці то аддалі ўжо ўсё, што меліся аддаць, ці то яшчэ збіраюцца падсеяць.

Старшыня прыехаў па мяне, як дамаўляліся, у шэсць.

— Эх, дарагі мой, каб вы толькі бачылі — тры ласі на дарозе! Тры асілкі! Якія прыгожыя!..

Ён захапляецца нягучна, з асцярогай,— дом адпачынку калгасны, ды ў ім цяпер адпачывае інтэлігенцыя з дзецьмі. Ён паўтарае сваё захапленне і за рулём «газіка», які з памяркоўным гудзеннем нясе нас па лясной, з асаджаным пылам, дарозе.

— Вось тут стаялі! І я перад імі стаяў!

Радасць яго перадаецца мне. Яшчэ і зайздросна на дадатак, і прыкра, што вось жа мне зноў не пашанцавала. Але і прыкрасць, і зайздрасць — не безнадзейныя, нібы мне жыць яшчэ ды жыць...

Мы ведаем адзін аднаго нядаўна, але як быццам і нядрэнна. Часамі мне здаецца, што ў гутарцы са мной, пісьменнікам, ён крышку пазіруе, паварочваецца лепшым бокам. Тады, для раўнавагі, я дакараю самога сябе пытаннем: «А ты што, мала пазіруеш? І перад ім...» Але часцей мне думаецца, што мы са старшынёй забываемся пра такое, больш міжвольнае, чым свядомае пазіраванне і проста жывём сабе побач, здаволеныя нашымі нячастымі сустрэчамі, ён — ахвотна знаёмячы мяне з тым, чым ён жыве, а я — ахвотна знаёмячыся з гэтым маляўнічым кутом, з новымі людзьмі.

Сёе-тое я ўжо тут ведаю.

З заатэхнікам Люсяй я, напрыклад, сустракаўся летась, тады яшчэ чуў пра яе. І цяпер, калі мы пасля некалькіх кіламетраў мокрага лесу выязджаем на палявую дарогу, і неўзабаве спыняемся каля крайняга доміка яшчэ соннай вёскі, я пазнаю гэты домік і загадзя, вачыма памяці, бачу яго маладую гаспадыню.

«Газік» наш прыпыніўся каля плота, за якім над мокрымі градамі сям-там тырчаць вялыя ад макрэчы сланечнікі і вішні з рэшткамі нядаўняй вераб’інай раскошы — апошнімі недакляванымі ягадамі.

Люся выходзіць з доміка ці то на стрыманы покліч нашай машыны, ці то заўважыўшы яе цераз акно яшчэ да сігналу.

У накінутай сцёганцы, светлавалосая, у белай хусціне, з прыветлівай усмешкай. Вясёлая і працавітая. Гэтага мала. Такія ўжо бывалі. Таксама, як яе жыллё — ужо не хата з лучынай, а спраўны, пафарбаваны охрай домік пад шыферным дахам, з тэлеантэнай над ім, з электрычнасцю і газам на службе ў гаспадыні,— таксама і гаспадынька — не проста ласкавая, спраўная маладзіца, а загадчыца фермы і студэнтка-завочніца.

Пакуль яны вядуць сваю будзённую, дзелавую гутарку, я, мне здаецца, непрыкметна любуюся Люсяй і ўспамінаю дзве старонкі яе біяграфіі. Выпускны вечар у дзесяцігодцы, «блакітны вальс», калі бойкая выпускніца асмелілася і вывела на круг самога старшыню, такога культурнага, толькі што з раёна. А пасля гутаркі з ім задумалася дзяўчо, ці не застацца ёй і сапраўды ў сваёй вёсцы цялятніцай. І гора маладзенькай цялятніцы ўспомнілася. Як адна з яе падласак па звычаю ўцякла ў гушчар — цяліцца. Трое сутак шукала яе Люся. Спачатку проста хадзіла па лесе, гукала ды плакала, а потым здагадалася і пачала чакаць карову каля вадапою, лясное рачулкі. І дачакалася. Ужо з цяляткам.

Я непрыкметна, здаецца мне, назіраю за тым, якімі добрымі вачыма гэты пажылы, бывалы мужчына, цяжка паранены франтавік глядзіць на маладую, здаровую, вясёлую амаль красуню, і ўспамінаю многіх яго памочніц, у іншых вёсках калгаса. Даяркі, заатэхнікі, учотчыцы, аграномы...

— Мяне часамі,— смяяўся неяк старшыня,— называюць бабскім угоднікам. І сябры, і начальства. Многа, бачыце, у мяне дзяўчат ды маладзіц на самых адказных участках. І праўда — больш, чым мужчын. І кожная, скажу вам, на сваім месцы.

Зноў едзем. Зноў любуюся няяркай, дзікаватай, не надта шчодрай на хлеб красою палёў. Узгоркаватых, з частымі пералескамі, з кустамі ялаўцу і валунамі на абочынах дарогі.

Насустрач нам, па палявой дарозе, ідзе... Неўзабаве становіцца ясна — ідзе малады чалавек. Ледзь не падлетак яшчэ. Без шапкі, светлавалосы. Пакуль мы з ім параўняліся, старшыня паспеў сказаць, што гэта адзін з трох сыноў каваля, старэйшы, дапрызыўнік. Усе тры хлопцы — механізатары. Талковыя. Вось жа работы ў полі сёння няма, свята, так сказаць паняволі, а ён ідзе. Вядома ж, да свайго камбайна.

Мы спыніліся. Яны здароўкаюцца, як дарослыя, юнец і пажылы, і пачынаюць гутарку. Зноў дзелавую. І я зноў заўважаю ў позірку старшыні, як і з Люсяй было, стрыманую бацькоўскую закаханасць. І сапраўды — прыемны хлапчына, гэты камбайнер. Ладная, відаць, сям’я ў таго не знаёмага мне каваля. Меншы яшчэ не дарос да камбайнера, ездзіць са старэйшым братам, вось гэтым, за памочніка. Пра гэта я даведаўся цяпер, з гутаркі, якую слухаю. І неяк цёпла ад нямоцнага жадання спытацца ў дзецюка ды пачуць у адказ, што той, які малы яшчэ, вядома ж, спіць сабе цяпер, законна папаўняючы пад дождж сваё штодзённае недасыпанне.

Мы снедаем у хаце старшыні, удвух. За вялікім акном, у садзе і ў агародзе дождж. Свята да вечара. Шчыра кажучы, нам не пашкодзіла б узяць па маленькай, аднак мы паедзем далей, гаспадар за рулём, а госць адзін не прывык, дый на душы ў яго добра і так, сваім ходам, без чаркі.

Я слухаю гаспадароў расказ пра тое, як на паседжанні праўлення калгаса нядаўна разглядалася адна вельмі ж ужо непрыгожая справа. Сын адмовіўся даглядаць сваю адзінокую, старэнькую маці, якая жыве асобна.

— І мы сказалі яму: ты не варты таго, каб называцца сынам гэтай жанчыны. Яна ж столькі папрацавала на сваім вяку, столькі пагаравала. Два сыны яе, два браты гэтага булавы, загінулі на вайне. Гэта што — колькі слёз? «Не плачце, мама,— сказалі мы ёй на праўленні.— Мы вашу старасць дагледзім. Мы ў састаянні вам...»

Мне ўжо не здаецца, што я любуюся субяседнікам непрыкметна для яго,— я заўважаю ў вачах яго слёзы і думаю, гледзячы ў гэтыя, крыху стомленыя, крыху журботныя вочы:

«Харошы ты, патрэбны, дружа мой, чалавек!..»

* * *

Позняя ноч. Цішыня. Старонкі добрай кнігі.

А за акном майго пакоя на другім паверсе, у саснова-дубовай цемры раптам зноў, як часта паўтараецца ўдзень, заклекаталі на гняздзе буслы.

Нібы воплескі пасля маўклівага слухання.

Сваё жыццё, свая радасць.

* * *

Узыходзіць сонца, а на ўвесь хмарны захад — вясёлка. З-за яе толькі варта ўставаць у чатыры, брысці сюды тры кіламетры, цярпліва, часта беспаспяхова сядзець над паплаўкамі.

Толькі што адзудзелі камары, супакоіўся пад аерным берагам бабёр, а ўжо над альховым кустам, за якім я, прытаіўшыся, сяджу, загаманіла звонкая пчолка.

Нядаўна над ціхай ракой праляцеў — важны, як паліцэйскі чын — каршун.

Дождж трохі падзубаў валавяную роўнядзь вады, і вось вясёлка, што нядаўна знікла, зноў выядрылася, на ўсю сваю красу. І на небе, і, левым краем, у вадзе.

Дождж зноў зашастаў па лісці, парабацініўся навокал паплаўкоў. Відаць, збярэцца-такі, і добры. Раз-поразу чуваць грудное, стрыманае грукатанне грому. Захад зусім перамог — неба абложана там грунтоўна, сіняя цемра налазіць сюды, грыміць ужо над самай галавой...

Густа зашастала на тым беразе па алешніку. Пайшло па Шчары плюскатам, кружочкамі ды пухірамі. Гэта — дождж!

...Так і прагнаў нас дахаты. Апошняе пра яго, папярэдні абзац, запісваю ўжо на стале.

* * *

Якім бы пустым, нецікавым ні быў гэты чалавек, я не хачу, не магу забыцца, што ён — той адзіны таварыш, з якім мы зімовым вечарам сорак першага года радасна абняліся на адзіноце, пачуўшы пра разгром фашыстаў пад Масквой.

* * *

Учора была навальніца. З громам, ад якога расколвалася неба. З ветрам, ад якога стагналі на ўзлессі дубы і лівень насіла, як завіруха носіць снег. З градам, што і траву, і пясок, усыпаныя шышкамі, пакрыў ледзяной шурпатасцю.

Ад ракі мы ледзь паспелі дабегчы да эстраднай ракавіны, дзе прасядзелі нягоду. Вярнуліся адтуль,— у сандалетах на босую нагу, у безрукавачках,— як тыя японцы ў нечакана ды небывала суровыя замаразкі, што нядаўна былі напалі на іх.

Цяпер зноў сонечны поўдзень.

І добрая вестка пра тое, што град прайшоў амаль зусім не над полем, дзе яшчэ грэчка ды авёс.

* * *

На ўскраіне лясное вёсачкі, крыху адсунуўшы далей сасоннік, бялеецца сценамі ферма. Пабудаваная нядаўна, «па апошняму слову тэхнікі». У доўгім, светлым кароўніку хоць і не душна, але пах стаіць густы. Для нас, хто ад зямлі, гэта не лічыцца смуродам. «Пачухай мяне за рагамі»,— моўчкі просіцца сытая і сумнаватая на прывязі карова. Над пылам дарогі, прыбітым пасля дажджу, сырадой у цыстэрне. Пах мокрае зямлі і пах замкнутага ў метале малака... Праўда — толькі ўяўны, міжволі спалучаны з успамінамі пра маміну даёнку.

Дзед Міронавіч. З-за яго і запісваю гэта, бо ўжо не адзін такі кароўнік здаваўся мне звычайным дзівам у новым побыце заходнебеларускай вёскі. Дзед — у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада ажно з сівага надзелень, і раскошная, як у прарока. Перад вайной, зарабіўшы многа долараў у Канадзе,— легенда кажа: ажно трыста тысяч,— ён прывёз іх сюды, у сваю лясную бядоту. А тут іх узялі ды ўкралі. І ён памяшаўся. Ціха, няшкодна.

Цяпер дзед задаволены, што грошы яго не згінулі марна, што гэта за іх пабудавана ўся тая прыгажосць — цагляны кароўнік, з механізаванай падачай кармоў, з электрадойкаю, з чырвоным кутком для даярак у белых халаціках...

— А прыдсядацель многа сабе не ўзяў,— па-змоўніцку шаптаў мне дзед, калі мы на нейкі час засталіся адны.— Толькі жане на плаццячка. Шаўковае. Праўда, толькі адно, дый то скромненькае. Але яму, скажу вам, не жалка. Бо чалавек ён харошы — поўнасцю за рабочы народ!..

* * *

Калі мы пад вечар, нашай малой ды дружнай кампаніяй, пайшлі прайсціся лесам і молада выпрабоўвалі рэха, я зноў успомніў верасень сорак першага года, мае ўцёкі з палону, першы начлег у разгубленай беларускай вёсцы.

У небагатай хаце, дзе сушылася духмяная процьма баравікоў, дзе зусім незнаёмая цётка, маці вялікай сям’і, раненька напякла для аднаго мяне аладак, напаіла мяне сырадоем, потым сама зноў пайшла па грыбы, а я — далей на свой усход.

Хутка і доўга ішоў імглістым, духмяным лесам і, нібы блазнюк, радасна перагукваўся з нябачнымі грыбнікамі.

Рэха маё незабыўнае...

* * *

Барвовы маладзічок над паўднёвым захадам. Палоска адхоннага берага, а ў рацэ мядзяная дарожка ад месяца, як быццам яго падпорка, праткнутая праз гэты адхонны бераг.

Поўная пасля дажджоў, гладкая, хоць і быстрая рака.

Сяджу на абрывістым беразе, гляджу то на месяц, то на паплавок, які ўсё горш ды горш прыкметны.

Потым пачулася невыразная гутарка за паваротам, затым галасы і члапанне вёслаў сталі рабіцца ўсё больш ды больш выразнымі. Байдарка. Двое. Параўняліся. Па-руску, але з нярускім акцэнтам павіталіся са мной:

— Добрый вечер.

— Добрый вечер. Куда путь держите?

— В Каунас.

Нямала ўжо бачыў я такіх турыстаў за трэцяе лета ў гэтых мясцінах. З Літвы спускаюцца ў вярхоўе Шчары, да станцыі Даманава, па чыгунцы, а адтуль, на вёслах, паволі ды з прываламі, па гэтай лёгкай вадзе, а потым па таксама быстрым Нёмане бяруцца ўніз, на родную поўнач.

— Шчасліва вам!

— І вам таксама!

Больш нічога. Моцная плынь нясе і так, а яны ж яшчэ і вяслуюць. Сказаць ім яшчэ што-небудзь можна толькі крыкам наўздагон. Ну, а навошта? І так жа цёпла на душы.

А ўсё так проста, нічога нам не каштуе.

* * *

Каб рыба крычала — як ён дзёрся б на кручку, а потым на кукане, мой вялікі лешч!..

Любуюся красой, маўчу і, як драпежнік, палюю.

А ці любуецца шчупак, каршун?

* * *

 

Каля рэчкі, каля броду

там галубкі пілі воду...

 

І гэта ў песні — не прыдумана.

На пясочку над бродам, на самым стыку вады з беражком, насупраць якога мы, на гэтым беразе, або сядзім з вудамі, або ходзім,— уранні, апоўдні, увечары,— галубы п’юць ваду, часта прылятаючы сюды, на свой, аказваецца, пастаянны вадапой.

Яны то калектыўна какетнічаюць — раптам палохаюцца немаведама чаго і, дружна залопаўшы ў крылле, уздымаюцца і шыбуюць над ракой, над лугам і лесам, каб зноў прыляцець і асесці на бродзе, то два ці тры з іх, а не ўсе чамусьці вяртаюцца і, прызямліўшыся, тэпаюць-калываюцца да вады і цягнуць, п’юць яе, яшчэ раз апраўдваючы трапнасць народнага параўнання: «Добра п’еш, браце, цягнеш, як голуб!..»

На гэтым бродзе часамі хлюпка топчуцца ў спёку папутаныя коні. То ратуюцца ад заедзі, пастаўшы па двое, побач, адзін аднаму галавой да махала-хваста, то цэдзяць праз губы ваду, нібы з адчаю, нехаця п’ючы.

Прыходзіць сюды і статак кароў. Спакайнейшы. П’юць ды стаяць на бродзе таксама доўга. А то і лажацца на мелкім.

Ды гэта ўжо з іншай, не з галубінай песні.

* * *

...Аддайце маю цішыню. Не прымушайце мяне рабіць тое, ад чаго яна не будзе чыстай.

Так думаў днямі, над ракой. Нават здавалася гэта глыбокаю тэмай, з гатоваю назвай: «Аддайце маю цішыню».

Можа, яшчэ і вярнуся да гэтай тэмы. А цяпер вось, пахмурнай ноччу, далёка да раніцы, зноў думаю пра тое самае.

Добры мой дружа, ты ўчора скардзіўся, што зноў прыйшла бяссонніца, што дождж, які шумеў да раніцы, ты палічыў ад першай да апошняй кропелькі. Лічачы горыч памылак, боль незаслужаных крыўдаў, лічачы тое, чаго не здолеў зрабіць, мала знаходзячы палёгкі ў тым, што зроблена...

Няўжо ёсць людзі, якія ў сваёй адзіноце палежваюць, паседжваюць, пахаджаюць ды толькі радуюцца, успамінаючы, як яны хораша, як яны правільна, як яны плённа прайшлі свой шлях?

У гэтай думцы — з’едлівай, пра «чысценькіх» — пацехі і апраўдання мала...

* * *

За тыдзень «Масквіч» застаяўся пад соснамі, застыў. Не заводзіцца. Скрыгіча толькі, чыркае ды зумкае напуста, не абуджаючы «божай іскры».

Дзядзька Міхась, які за рулём, успрымае гэта, здаецца, без асаблівага хвалявання. З выгляду ён, як заўсёды, спакойны, часцей за ўсё з добрай усмешкай.

«Іменна з выгляду»,— думаю я, сведка дарослы.

Два падшыванцы, якія ўжо хутка, можа нават праз год, будуць крыўдзіцца за такое акрэсленне іхняга ўзросту, думаюць, мне здаецца, што дзядзька Міхась зусім-такі не хвалюецца. Зрэшты, у хлопцаў свой клопат — разлука: адзін едзе ў горад, дахаты, другі астаецца тут, у лесе. Яны даволі важна ды сумна маўчаць, можа трохі і ад звычайнай ветлівасці цярпліва.

І вось — матор нарэшце ажыў.

Даўшы яму сагрэцца трохі і яшчэ памармытаць, дзядзька Міхась, вадзіцель-аматар, ён жа вядомы вучоны, выйшаў, стаў перад хлопцамі і, хоць сам ужо даўно не маладзён, засмяяўся — сціпла, добра, але і пераможна:

— Што, думалі — не завядзецца?

У адказ яны, нібы зачакаўшыся гэтага моманту, дружна пырхнулі смехам.

Думалі ўсё-такі, падшыванцы.

* * *

У глыбокай даліне, нібы прытаіўшыся,— хутар з вялікім садам і стогадовай хатай.

Гасцей запрашаюць спачатку чамусьці ў чорную кухню, адтуль у чысцейшую хату, дзе чуваць яшчэ кухонная кіслая затхласць, а тады ўжо — у зусім чыстую, прыстойную святліцу.

На гэтым хутары, свядома пакінутым, не перацягнутым у вёску, стаіць найбольшая калгасная пасека, жыве яшчэ адзін цікавы дзед.

З’явіўся ён перад намі ў самым несвяточным выглядзе. Прыехаў аднекуль верхам, цяжка ссунуўся жыватом з каня, чарнаногі, лахматы, расхрыстаны. Ажно падумалася: «І як яго, такога, пчолы падпускаюць?» А цану сабе ведае: «Школа — што? Трэба практыка». Старшыня расказваў нам у дарозе, што сюды, да дзеда, ён пасылае дзяўчат пасля пчалярскай школы. Падвучыцца. Мудрай народнай цярплівасці, любві да справы.

Дзед прыкметна збянтэжыўся свайго выгляду, выйшаў, пакінуўшы нас у святліцы, а неўзабаве вярнуўся ў чыстай кашулі, зашпілены на ўсе гузікі, у іншых портках, ногі схаваўшы ў боты. Тады вось і сказаў ён сваё, поўнае заслужанай годнасці: «Школа — што?»

У вялікім садзе мноства вулляў. Заўсёды яны... амаль хвалююць мяне сваёй шматфарбнасцю, як у маленстве хвалявалі рознакаляровыя алоўкі. Навошта вуллі фарбуюць па-рознаму — для пчол ці для нашага, чалавечага, вока? Шкада, не спытаўся ў старога, успомніў пра гэта толькі пасля.

Вуллі маўчаць, адно каля ляткоў руплівіцы снуюць ды трохі лётаюць. Здаецца, вялыя ад вогкай хмарнасці. Колькі тут звону бывае пры сонцы! А колькі мёду — для ўсіх! Наіўнае, прыемнае, нібы новае адчуванне.

Упершыню пачуў тут, калі сядзелі за сталом, што апошняя чарка называецца расхадуха. Стары разварушыўся, многа расказваў пра свае паляванні — пры цару, пры панах і цяпер. Зайцы ды курапаткі — хто яе, тую драбноту, лічыў? Былі ваўкі, дзікі, ласі, было браканьерства, прэміі, усялякая свежаніна. Быў і дагэтуль яшчэ застаўся азарт.

У гэтай стогадовай хаце, моцнай яшчэ на дзесяткі гадоў, пры вялізным, як жарон, бохане хлеба свае выпечкі, пры чарцы, так сказаць, падпольнай, але жывучай ды з мёдам, падумалася і такое. На нашай зямлі беларускай, не такой ужо і вялікай, старанна, у густую клетачку прачасанай трактарамі ды аўтамашынамі, абходжанай меліяратарамі ды геолагамі, нізенька аблятанай сельскагаспадарчымі самалётамі, можна, аказваецца, наткнуцца і на такі старасвецкі хутар, на такога спрадвечнага дзеда. Хоць Чорнаму яго, хоць Караткевічу — у самы густы «несучасны» раман.

У заключэнне нашай сустрэчы мы фатаграфаваліся. Бо і сонца, вельмі дарэчы, паказалася. Дзед стаў там, дзе яго папрасілі стаяць — на фоне саду з вуллямі. Абапал — дочкі, тая рэшта сям’і, што захавалася каля дому. Пажылая, рухавая гаспадыня і сімпатычная студэнтка медінстытута. А спераду — унучка, светленькая няўрымста. Ды тут, па прыкладу старэйшых, яна супакоілася, застыла, перастала нават усміхацца, для большай пэўнасці шмаргануўшы носам.

Толькі студэнтачка ўсміхнулася ў самы апошні момант. Хораша. Трошкі какетліва. Ну, але як жа без гэтага?

* * *

У сем гадзін, заспаўшы, пайшоў для праходкі са спінінгам.

Царства імглы і расы. Неўзабаве праз тоўшчу імглы паказалася сонца — бледны, лагодны дыск. Добра плюхаць у гумавых ботах уздоўж нізкага берага, па вадзе, што яшчэ ўсё вялікая пасля дажджоў, хоць і паменшала яе прыкметна.

Круцячы катушку, заўважыў у аеры... нейкую (брыдка — не ведаю, якую) кветку на высокім, тонкім, зялёным старчаку. Цэлы букет, карона бела-фіялетавых кветачак. А на ёй — росная сетка павуціны, прыгожая — як сняжынка.

Толькі ўчора з абеду выпагадзілася, а як яны, павукі, паспелі здорава адзначыць гэтае свята.

Гадзіны праз паўтары, вяртаючыся дахаты па расяным і ўжо толькі злёгку імглістым царстве, павуцінне-сняжынкі бачыў на маленькіх елачках, на стромкіх кусціках ялаўцу, на верасе... Папрацавалі ўчора павукі!

* * *

Радасны клёкат буслоў — высока, высока над намі. Ажно ўсміхнешся, зноў і зноў пачуўшы. Як быццам заражаешся іхнім настроем: «Ах ты, бог мой, як весела!..»

У старыцы, на адкрытым месцы і далей, у алешніку, раптам дружна загаманілі жабы. Як па камандзе якой. «Каб вы падохлі — от разышліся!» — сказаў бы вясёлы дзядзька. Першы раз, як толькі мы прыйшлі пасля снедання на бераг, пачатак гэтага гоману супаў з голасам радыё, бо хтосьці каля дома якраз тады ўключыў на слупе рэпрадуктар. Другі раз, пасля буслінага клёкату пад аблокамі, у сонечнай надрэчнай цішыні жабы рванулі сваё алілуя зноў зусім нечакана і дружна. Ажно мы з сябрам зарагаталі, кожны на сваім гатку.

Першы раз чую такія дзівосы, такую капэлу.

* * *

Учора жабы ведалі, чаго паднімалі вэрхал. Зноў холад, зноў не клюе. Зноў думаецца пра далёкі родны дом, дзе ўжо, відаць, сумуе твой пісьмовы стол...

1970


1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Янка. Ты жывеш. Апавяданні і мініяцюры. Мн., "Маст. літ", 1973. - с. 253-264
Крыніца: скан