epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Два словы

У чэрвені трыццаць першага года я быў у вялікім падарожжы — ехаў аўтобусам у Наваградак, ажно за трыццаць дзевяць кіламетраў, здаваць экзамены ў гімназію. У Карэлічах пажылы, салідны шафёр (якая гэта была тады рэдкая прафесія, якая фігура — шафёр!), перакусваючы на прыпынку, гаварыў камусьці з дзвярэй адчыненай кабіны:

— Бочек — объядение...

Ён еў «бочэк» — сёння мы кажам: карэйка — з сітніцай; я гэта бачыў, стоячы за тым, каму гаварылася. Смачна!..

Позняй дажджлівай восенню ў тым самым годзе шафёрскі вучань Міша, таксама фігура ў нашай зачуханай вёсцы, прынёс з Баранавіч страшную вестку. Па прыгавору «дарáзьнага», палявога суда пазаўчора там павесілі дзевяць падпольшчыкаў-камуністаў. Сярод іх — Шурку, таго пажылога, шаноўна-саліднага шафёра з чырвона-белага аўтобуса «Крэсавянка».

Шурку я памятаю толькі праз тое, што бачыў і чуў. Аднак — памятаю.

Нядаўна ў аўтобусе Мінск — Вільнюс мне яго жыва нагадаў таксама пажылы і маўкліва салідны, культурны шафёр-літовец. Нагадаў і незвычайны ў тым далёкім заходнебеларускім асяроддзі «бочек — объядение», і жудасную вестку пра павешанне, прынесеную ў вёску з горада. Нагадаў і словы яго, Шуркавай, маленькай дачкі: «I сонейка будзе свяціць, і месячык, а татуся майго не будзе...» Гаварылася гэта па-польску, — і малая так гаварыла, і Міша так паўтараў, а ўсе мы слухалі і разумелі моўчкі. І суседзі, і маці Мішава, ціхая працавітая цётка Таццяна.

Яна вельмі доўга дамагалася пенсіі за мужа, забітага на «мікалаеўскай» вайне, а атрымаўшы яе ажно за ўсе чатырнаццаць гадоў адразу, паслала свайго сірату вучыцца ў Стоўбцах на шафёра.

Міша быў старэйшы за мяне на тры гады, але мы сябравалі і дома, і ў школе, і на пашы, пакуль ён не пайшоў у людзі, а з маёй гімназіі нічога не атрымалася. Празывалі Мішу Хвальком, з самага малку, і гэта праўда была, — ён і наручны гадзіннік усё правяраў, то да вачэй, то да вуха, і руку, танцуючы, так задзіраў, каб відаць быў гадзіннік. І пра вучобу сваю хваліўся нямала. Але тады, расказваючы, ён быў зусім не такі, як заўсёды, бо Шурку таго ён ведаў, пад кіраўніцтвам яго і вучыўся. Ён расказваў, а цётка Таццяна глядзела на хлопца свайго, слухала моўчкі і плакала...

Праз чвэртку веку пасля таго жахлівага вечара, светлым летнім адвячоркам Рафаіл Сяржант, мужны і светлы чалавек, расказваў мне ў нумары баранавіцкай гасцініцы аповесць свайго бурнага і цяжкага жыцця, што стала ў мяце нарысам «Партрэт старэйшага таварыша». Расказваў ён часцей за ўсё паасобнымі фрагментамі, як яно ўспаміналася яму, па пэўнай унутранай сувязі. А я запісваў тыя фрагменты, уважліва, а то і ўсхвалявана ідучы за плынню яго расказу. Польскія гарады называліся толькі як турмы, бо так ён іх бачыў, назвы іх значылі этапы яго пакутніцкага шляху.

— У Равічы сядзеў я з Паўлам Валошыным, членам ЦК статысячнай Грамады, паслом польскага сейма ад рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла беларускай нацыянальнай фракцыі... —Гэта не я цяпер, а ён, расказчык, так гаварыў, няспешна чаканячы сваю дакладнасць. — Любіў я гэтага чалавека, мы сябравалі. Класічны тып беларуса. Гаварылі пра Тарашкевіча. Тарашкевічаў бацька, шкадуючы сына, пытаўся: «Броня, як ты думаеш, народ наш ужо дарос да таго, каб за яго галаву аддаваць?» А сын яму: «За яго заўсёды можна было і трэба было аддаваць галаву».

Другі фрагмент, пасля хвілін маўчання:

— Кожнага падпольшчыка пілсудчыкі намагаліся зрабіць шпіёнам, шпегам, паставіць яго па-за законам. «Нема венкшэго ўрога, ніж шпег». «Сонд доразьны», сто адзінаццаты артыкул яшчэ царскага кодэкса з тысяча дзевяцьсот трэцяга года. На гміне, на тэлеграфных слупах вывешваліся адозвы: хто выдасць шпіёна — тысяча злотых. А гектар зямлі быў тады дзвесце-трыста-чатырыста злотых. Увосень трыццаць першага года тут, у Баранавічах, было павешана дзевяць чалавек — за шпіянаж. Кат Мацееўскі атрымліваў чатырыста злотых у месяц і па сто злотых ад галавы. У Польшчы было тады дванаццаць чыноўных разрадаў, у ката — дзявяты разрад. Белыя пальчаткі, новыя для кожнага. Занятак на цэлы дзень. І фраза, што была крылатай: «Справедлівóсьці стало сень зàдосць» — справядлівасць задаволена.

Пра гэтае павешанне было ў газеце ІКЦ. «Ілюстраваны кур’ер цодзенны», адной з самых санацыйных. Чытаў я пра павешанне ва Ўронках.

Зноў паўза і роздум на высокім ілбе чалавека, якому так многа давялося думаць за чатырнаццаць гадоў турмы, з якіх дзесяць у адзіночцы. А пасля паўзы — зноў, як з Валошыным і Тарашкевічам, грунтоўна ўзважанае слова пра блізкага чалавека:

— Сярод тых дзевяці быў Аляксандр Скачко. Шафёр з аўтобуса «Крэсавянка», на трасе Стоўбцы — Наваградак.

Запісваў я гэта ўлетку пяцьдзесят восьмага, — з таго часу прайшла другая чвэртка стагоддзя. Запісы тыя, не ўсе выкарыстаныя ў маім нарысе, днямі я перачытваў: чытаюцца як штосьці новае, бо сёе-тое ўжо і забылася.

Аднак успамін пра шафёра, Мішаў расказ пра павешанне вярнуўся да мяне не ад запісаў, — ад незвычайнага польскага «бочек», які, у рускім акрэсленні, «объядение»...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан