epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Дзве з легенды

«Усім добрым ва мне я абавязаны кнігам». Услед за Горкім так могуць сказаць дый кажуць многія, кожны па-свойму. І я ўжо нямала пра гэта пісаў, аднак сказаў, здаецца часамі, далёка не ўсё. Бо і пра кнігу, як пра маці — зноў жа згадаем Горкага, — можна расказваць бясконца.

Маё маленства прыйшлося на складаны час пасля першай сусветнай і грамадзянскай войнаў, пачатак яго прайшоў у савецкім горадзе, а больш свядомы працяг у заходнебеларускай вёсцы. Чытаць мяне навучылі па-руску, да школы. А школа ў нашым Заторы была тады польская, з рэдкімі беларускімі ўрокамі. Такім чынам — тры мовы, па якіх я пачынаў знаёмства з мастацкім словам.

Польскія кнігі дзецям давалі ў школе. Беларускія былі там для нас як буквары ды чытанкі; іншыя кнігі на роднай мове зрэдку трапляліся па хатах. Рускіх у вёсцы было найбольш. У нашай хаце — частка на лаве за сталом, цэлы іх стосік па покуці, а на гарышчы — яшчэ і ў вялікай чамаданістай карзіне. Той скарб, што бацька, дзякуй яму, прывёз з Адэсы.

І было яшчэ ў нас шкадаванне, сямейная легенда пра дзве надзвычайныя кнігі, якіх мы не здолелі ў вёску давезці. Пры пераездзе граніцы трэба было плаціць, — адтуль мне помнілася грозна-незразумелае слова кантрыбуцыя, — а грошай не хапіла, і ў Мінску, дзе мы адбывалі некалькі дзён каранцін — другое грознае слова, — прыйшлося сёе-тое прадаць, у тым ліку дзве кнігі.

Адна з іх — аднатомнік Гогаля.

На шчасце, такі самы аднатомнік быў, як неўзабаве аказалася, у суседа, застаўся з тых гадоў, калі ў нашай мясцовасці доўга трымалася лінія руска-нямецкага фронту і ў хаце дзядзькі Ёсіпа «стаялі» царскія афіцэры.

Мы пазычалі Гогаля і тады, калі я, найменшы ў хаце, толькі гартаў тую вялікую, тоўстую кнігу, бясконца гледзячы цацкі-малюнкі, тлумачэнні да якіх сяды-тады давалі старэйшыя. Адно па-малечы ўчэпіста, ліпка запаміналася, другое ж трэба было дадумваць у адзіноце, да якое, дарэчы, з самага маяку і мяне спакваля прывучыла кніга. Тарас Бульба ідзе на кулачкі з сынам; свіння ўсадзіла лыч і вушы, усю сваю лабэціну ў маленькае акно, з двара ў хату, і вельмі здзівілася; таўшчэзны Сабакевіч, падвязаўшыся сурвэткай, аберуч узброіўшыся, жарэ сваю вялізную рыбіну... І яшчэ, і яшчэ. Усё ў тым Гогалі ўспрымалася тады на смак, як у галоднага, на дотык, як у сляпога, на зрок, як у азоранага ўпершыню. Успрымалася з тым нечым невымоўна блізкім і вельмі патрэбным, ужо сяк-так адчувальным у малюнках і яшчэ ўсё бясконца загадкавым, панадна таямнічым і ў дробненькай стракатасці, і ў белі старонак тэксту. Адна за адной, адна за адной — за адзін раз ніколі да канца не дагартаешся. І гэта добра так, з тым адчуваннем ціхай, самотнай бясконцасці. Поле белае — снег, якому няма канца, поле шэрае — ралля, якая таксама навокал, куды ні зірнеш. І прадчуванне, незразумела шчаслівае прадчуванне красы і сілы слова.

Пазычалі мы той аднатомнік і тады, калі ўжо і я пачаў чытаць, патроху ўваходзіць у цудоўны гогалеўскі свет.

Здарыўся быў з тою кнігай вялікі канфуз. Калі яна была пазычана богведама які ўжо раз, я не толькі сам вельмі доўга не аддаваў яе, але, каб падзяліцца шчасцем смеху, яшчэ і ў школу ўпотай панёс, ужо ў мястэчка, даў яе пачытаць, узяць дахаты аднаму з найбліжэйшых сяброў. Сусед наш не ведаў пра гэта, яму проста апрыкрала доўга чакаць, і ён у нядзелю зайшоў па Гогаля сам. Салідны, нават суровы, як здавалася, дзядзька Ёсіп, вельмі старанны, працавіты і зборлівы гаспадар. Спачатку мне, нягледзячы на ўсю даросласць сямікласніка, які ўжо і чуб адмысловы адгадаваў, і вершы пісаў, у якога ўжо, як гаворыцца, кнігі ў сумцы, а дзеўкі ў думцы, прыйшлося ганебна схавацца на гарышчы, сёе-тое там перажыць, пасля адчайна спусціцца адтуль на голас хатніх і — прызнацца. А ўжо назаўтра прынесці кнігу са школы і — наша маці, тады ўжо восьмы год удава, была жанчына строгая — ісці з пазыкай і просьбай яшчэ раз прабачыць.

Найгоршае было, аднак, у тым, што больш пазычаць гэты зачараваны аднатомнік я ўжо не асмельваўся, а Гогаля свайго займець прыйшлося гадоў праз пятнаццаць.

Другую кнігу з сямейнай легенды, «Русскую хрестоматию» А. Д. Галахава, убачыў я толькі днямі, праз шэсцьдзесят гадоў пасля таго, калі мог бачыць яе несвядома, вачыма дзіцяці, чаго не памятаю.

У адзін з тых чэрвеньскіх дзён 1922 года, калі тыя кнігі, Гогаля і Галахава... Бог мой, у той легендзе пасля адны імёны так хораша, так недасяжна гучалі!.. Калі наш бацька вырашыў іх прадаць і, узяўшы старэйшага з нашай хлапчукоўскай тройкі, дванаццацігадовага Колю, некуды з кнігамі пайшоў, мы ўдвух з сярэднім братам Мішам, яму восьмы, мне пяты год, залезлі ў чужыя слівы. На той паляне на паўднёвай, козыраўскай ускраіне Мінска, дзе гурбамі ляжалі бежанскія манаткі, выгружаныя з таварнякоў, і ад дажджу ды начное зябкасці паўставалі сякія-такія, з коўдраў ды посцілак, буданчыкі. Гаспадар саду накрыў двух нявопытных шкоднікаў у белых адэскіх панамках і прывёў нас туды, куды мы, румзаючы, паказалі. Тут надышоў і тата (на гарадскі лад — папа), хоць для расправы хапіла б і мамы адной. Аднак ніхто нас, помніцца, не караў, ні па-чужому, ні па-свойму, толькі, відаць, яны ўшчувалі, а мы хімкалі, са страху там ці ад сораму. Найбольш запомнілася, проста-такі да шчымоты на языку, прыкрая кіслата тых цвёрда-зялёных, аскомістых сліў. І яшчэ адно — як мы, мама і я, раней за тыя слівы ці пасля іх, пайшлі купляць хлеб і як, купіўшы, вярталіся. Два незабыўных адчуванні — сіла і цеплыня матчынай рукі і смак свежага, таксама цёплага сітнага хлеба, кавалачак якога я еў на хаду, можа, і ўпершыню такім спосабам: з шурпаценька-духмянаю мукой з-пад ніжняй скарынкі на ніжняй губе.

Праз шэсцьдзесят гадоў... Чаму ж так зацягнулася мая сустрэча з другою кнігай з далёкай, светлай легенды?.. Проста раней, больш ды менш маладому, не думалася пра пачатак жыцця так часта, як цяпер, калі да ўсяго, што калісьці было, цягне прыгледзецца найбліжэй, ва ўсё пранікнуць, усё сабраць у адно, як перад нейкім, найбольш адказным паходам.

У кнігасховішчах найбольшай мінскай бібліятэкі знайсці Галахава было не цяжка. І вось яна ляжыць перада мной — «Русская христоматия» (именна так: христоматия) — з усімі яе «описаниями», «рассуждениями», «антологическими пиесами», з усёй абаяльнасцю «яцяў» і цвёрдых знакаў, што ледзь не казачна пераносяць цябе ў больш за стогадовую даўніну і пакідаюць на нейкі час сам-насам з любімымі, зноў нібы пасля доўгай разлукі. Гэта быў, аднак, не па-гогалеўску тоўсты, важкі аднатомнік, як мне здалёк неаднойчы ўяўлялася, а тры, розных гадоў выдання, паасобныя тамы двухтомніка, кнігі вялікага фармату, але не лішне тоўстыя, бо на тонкай, моцнай паперы. Дзве калонкі, густа запоўненыя тэкстам у падборку.

Каб жа такія два тамы ды ў вёсцы мець — у той далёкі, цёмны час, — гэта ж багацце якое, цэлая бібліятэка вершаў і прозы, і рускіх, і перакладных, прычым падабраных, пададзеных так культурна, з любоўю і веданнем!..

Аднак прызнаюся, што легенда, як толькі яна прыйшла на мой стол, амаль адразу неяк паблекла, ці што, нават ледзь не расчаравала мяне... У гэтай хрэстаматыі, што, як сведчыць энцыклапедыя, «складалася пад уплывам педагагічных і літаратурных поглядаў Бялінскага», з якім Галахаў сябраваў, што папаўнялася і дасканалілася ад выдання да выдання на працягу многіх дзесяцігоддзяў, я не знайшоў амаль нічога, чаго б мне не здаралася, з цікавасцю і захапленнем, сустракаць на іншых старонках — і ў малалецтве, і ў маладосці... А разам з гэтым як быццам расчараваннем было і прыемна, што ўсё значнейшае ў рускай і часткова ў сусветнай літаратуры не абмінула мяне і без Галахава, хоць, паўтараю, я быў бы шчаслівы сустрэцца з ім тады, калі так добра ведаў тугу па кнізе, так прагна шукаў і так няпроста знаходзіў патрэбнае не ў бібліятэках, а ў выпадковых кнігах маёй небагатай і цеснай жыццёвай прасторы.

Было і яшчэ адно адчуванне, з якім я ў сонечнай бібліятэчнай цішыні няспешна гартаў вялікія і тонка-хрумставатыя старонкі даўняй, класічнай хрэстаматыі, — інтымная, бо ў кожнага свая, радасць яшчэ адной сустрэчы з тым ці іншым, што цікавіла, што захапляла калісьці. Абрыўкі, промні, прасторы вялікай паэзіі зноў ажывалі, паўтараліся ў душы, як паўтараюцца шчасліва паасобныя, найярчэйшыя ўсплёскі, абрыўкі найбліжэйшай сэрцу музыкі, што захаваліся ў запасніках нашай памяці і час ад часу выходзяць адтуль, з меншай ці з большай глыбіні, каб пасвяціць ды пагрэць у часамі нялёгкай дарозе жыцця.

Так зноў вярнулася да мяне тая касмічпа высокая, казачна неабсяжная, да светлай сцішнаты прыгожая зімовая ноч, такая чароўная ў Фета, у яго гранічнай скупасці, у сіле прастаты:

 

Чудная картина,

Как ты мне родна:

Белая равнина,

Полная луна,

Свет небес высоких,

И блестящий снег,

И саней далеких

Одинокий бег.

 

Гэтыя сані ажно падкрэсліць захацелася — так яны бачыліся мне калісьці, і заўсёды, і сёння, так яны многа гавораць...

І такая яшчэ неразгадана абаяльная краса і сіла прастаты, жыццёвасці, ужо ў Нікіціна — ужо не ноч зімовая, з яе таямнічай, урачыста бязмежнай беллю і цішынёй, а росквіт летняй раніцы, з яе сакавіта-шматфарбным, сонечным рознагалоссем і стрыманай, па-маладому прытоенай цішынёй:

 

...Дремлет чуткий камыш. Тишь — безлюдье вокруг.

Чуть приметна тропинка росистая.

Куст заденешь плечом, — на лицо тебе вдруг

С листьев брызнет роса серебристая...

 

Як хвалявала такое, як глыбока расчульвала і ўздымала ў той час, калі ты ўваходзіў у жыццё, калі ты чыстым позіркам бачыў так многа і так ясна ў звычайным, што цябе акружала!..

Зрэшты, чаму «хвалявала», «уздымала», «было»? Было і засталося. Скажам, ніколі я не мог і сёння не магу спакойна прачытаць уголас такое простае, скупое, стрыманае ў Пушкіна:

 

...Сейчас отдать я рада

Всю эту ветошь маскарада,

Весь этот блеск, и шум, и чад

За стопку книг, за дикий сад,

За наше бедное жилище,

За те места, где в первый раз,

Онегин, видела я вас...

 

Тут — заўсёды глыбокая, хай сабе мімалётная паўза, каб толькі глыток паветра прыняць, каб дачытаць спакойна да канца:

 

...Да за смиренное кладбище,

Где нынче крест и тень ветвей

Над бедной нянею моей...

 

На два апошнія, зноў жа мною падкрэсленыя, радкі спакою таго ніколі не хапала.

На старонках галахаўскай «христоматии» — у вершы Жукоўскага — я нечакана сустрэўся і з тым, у чым, як падлетак, а потым і юнак, толькі прадчуваў найглыбейшую глыбіню, непазбежную мудрасць, якія цяпер, пасля многіх неадхільных удараў і незваротных страт разумею інакш. Настолькі інакш, што да горкага, незагойнага вопыту, да столькіх ужо варыянтаў яго нават і дакранацца памяццю балюча. Пакуль не пройдзе на гэты раз, пакуль зноў не супакоішся на галоўным.

Вось ён, той верш, увесь у чатырох радках, пад назвай «Воспоминание»:

 

О милых спутниках, которые наш свет

Своим сопутствием для нас животворили,

Не говори с тоской: их нет,

Но с благодарностию: были.

 

Цяпер разумееш, тады прадчуваў... І добра, што прадчуваў. А можа, і ўбачыў, адчуў тады, чаго добрага, наймацней, каб потым вяртацца да тое глыбіні, да таго пранікнення, удзячна асвяжаць душу, з гадамі ды нягодамі ў нечым прытомленую, а ў нечым і апашлелую ад грузу ды мітусні ўсялякай абыдзёншчыны.

Адчуўшы нешта падобнае яшчэ раз, у іншым «Воспоминании», у вершы, якому, здаецца, няма параўнання па глыбіні, да сцішнаты і ўрачыстай, і горкай, і гаючай, я ўспомніў адзін свой запіс паўвекавой даўнасці, з лістапада 1933 года, калі мне было шаснаццаць, калі здавалася, што ты ўжо грунтоўна сталы, бо за табою столькі ўжо ды такога ўсяго перажытага... Дома, вярнуўшыся з бібліятэкі, я знайшоў тоіі юнацкі сшытак і вось цытую самога сябе, і нібы не самога сябе, бо ўжо такога далёкага, цытую трохі з няёмкасцю, больш са стрыманым хваляваннем, ці што:

«Як я люблю адлучацца ад дому! Неяк адпачнеш, асвяжышся. Сёння ездзілі з Мішай у Стоўбцы. Выехалі ноччу. Прыгожая была раніца. Пустыя, узараныя палі, скошаныя і збітыя жывёлай лугі, стог сена і ціхая рэчка. Над лесам займаецца зара. А мне ўсё ўспамінаюцца цудоўныя, задушэўныя і журботныя словы Пушкіна:

 

И, с отвращением читая жизнью мою,

Я трепещу и проклинаю,

И горько жалуюсь, и горько слёзы лью,

Но строк печальных не смываю.

 

У запісе, зробленым для самога сябе, позна ўвечары, калі мы з братам вярнуліся з незвычайнага на той час падарожжа (у павятовы гарадок, на возе, дваццаць восем туды і столькі ж назад), стаіць толькі першы радок заключнай страфы геніяльнага верша. Тры далейшыя радкі я дапісаў цяпер для цэльнасці ўражання. А ёсць жа і чарнавы працяг «Воспоминания», які я не толькі ведаў, але ж і часта, для душы, на адзіноце, паўтараў уголас. Асабліва ўражвалі дзве апошнія страфы:

 

И нет отрады мне — и тихо предо мной Встают два призрака младые,

Две тени милые, — два данные судьбой

Мне ангела во дни былые.

Но оба с крыльями, и с пламенным мечом,

И стерегут, — и мстят мне оба,

И оба говорят мне мёртвым языком

О тайнах счастия и гроба.

 

Цытуючы гэта, я спачатку праверыў сябе па кнізе. А памяць — і трохі здзіўлена, збянтэжана, і яшчэ ўсё ўпарта — трымаецца за іншае слова ў апошнім радку: не счастия, а вечности — «о тайнах вечности и гроба». Можа, так мне здаўна здавалася больш адпаведным, а можа, я яго, той чарнавы працяг,— што вельмі мала верагодна, — так і чытаў калісьці ў старых, дарэвалюцыйных выданнях? Чытаў жа я ў Пушкіна і іншае ў «папраўленым» выглядзе: «что прелестью живой стихов я был полезен» — замест «что в мой жестокий век восславил я свободу». Не папраўляць жа я такога аўтара асмельваўся, хоць пры юначай дзёрзкасці і такое часамі бывае. Ад глыбіннага зместу «Воспоминания», я прынамсі, так мне здавалася, не адхіляўся, а ў чароўнай яго красе быў заўсёды на ўсю душу.

Промахі памяці. Большыя, меншыя. Яны мне, бывала, дарагавата каштавалі. І асмяяным бываў, паспрачаўшыся, і заклады прайграваў. Часамі, праўда, перамагаў і я. Справа не ў гэтым. У нядаўна прачытанай кнізе сяброўскіх успамінаў пра аднаго з нашых значнейшых літаратурных сучаснікаў прыемна было і раз, і два разы сустрэць расказ пра знаёмую і мне прывычку таго таварыша, якога ўжо даўнавата з нами няма. Паэт не быў яшчэ і кампазітарам — ён проста сам складаў мелодыі да ўласных вершаў, любіў іх так спяваць, нават і не самому сабе, а з сябрамі, пры іх дапамозе. Было такое і са мной, з той розніцай, што вершы я мармытаў не толькі свае, а перш за ўсё чужыя, любімыя, і толькі на адзіноце, бо ўжо, калі пры некім ці ў кампаніі, дык толькі ў душы. Памылкі ў словах, промахі нават і маладое памяці былі, але ж было і іншае — шчырая закаханасць.

Адной з такіх, найбольш любімых, песняў было якраз «Воспоминание» — «Когда для смертного умолкнет шумный день...».

На сённяшні вопыт, дык якія ўжо там, у падлетка, маглі быць асабліва «печальные строки» ды «тайны гроба», якія пакуты самааналізу, якое бездапаможнае шкадаванне? Хутчэй проста краса і сіла слова, пачуцця і думкі захаплялі так — з пранікненнем наперад, у тое, што яшчэ будзе перажывацца. Аднак былі, былі яны, пакуты, ужо і тады... Калі памылкі меншыя, дык успрыманне, магчыма, вастрэйшае.

Штосьці такое ж можна сказаць і пра «милых спутников», якіх, на жаль, няма.

Тады, калі я ўпершыню прачытаў гэта ў Жукоўскага, з маіх найбліжэйшых не было ўжо толькі бацькі. Смерць яго была яшчэ зусім свежым успамінам— я назіраў яе зблізку. І як ён нас, трох сваіх найменшых, бласлаўляў апошнім знакам крыжа, які рука яго, цяжка, вяла ўзняўшыся, неяк змагла над намі намахнуць; як галасіла мама, кідаючыся па хаце, пакуль што пустой, у дзве жмені, раз-пораз тузаючы на сабе валасы; як тату мылі, ужо бездапаможна страшнага...

Адыходы іншых блізкіх і найбліжэйшых прыйшлі, адзін за адным, пазней, кожны ў свой час, заўсёды нечакана і балюча, а «тайна гроба» і вечнасці, у маім успрыняцці, як пачаліся тады, так дагэтуль і застаюцца. І з безвыходным «их нет», і з удзячным «были»...

І застаецца таксама здзіўленне перад красой і сілай слова, загадка — таксама на ўсё жыццё.

...Мне было добра над старымі, хрусткімі старонкамі вялікай хрэстаматыі, я светла помню і буду помніць тыя гадзіны ціхай самотнасці за бібліятэчным, а потым яшчэ і за хатнім сталом. Няхай сабе легенда майго малалецтва і раскрылася не зусім так, як чакалася. І ў такім — больш спакойным, калі не сказаць амаль празаічным — раскрыцці яе я адчуў так нямала мінулых радасцей сустрэч з сапраўднай паэзіяй.

Ды не мінулых, а толькі колішніх. Бо вечнае, аднойчы нам адкрыўшыся, застаецца ўжо назаўсёды.

1982


1982

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан