epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Яшчэ Гарэцкі

1
2


1

Побач з залай, дзе мы святкуем, у холе наладжана невялікая, але вельмі цікавая фотавыстаўка — пра юбіляра і яго найбліжэйшых. Мяне там найбольш уразіў той здымак, дзе наш другі Максім, тады салдат «мікалаеўскай» вайны, паранены ва Ўсходняй Прусіі, ляжыць на шпітальным ложку. Твар такі просты, і падбародак, і губы, і нейкія вусікі, як у вясковага дзецюка, а вочы — паэта, мысліцеля. Яшчэ юнак, ён быў ужо аўтарам першага зборніка свежых, яркіх апавяданняў, у душы яго ўжо выспявала сусветнай значнасці аповесць «На імперыялістычнай вайне».

Пачаў Гарэцкі рана і адразу ўпэўнена. Гэтым ён хораша нагадвае нашага першага Максіма — Багдановіча. Абодва яны пачалі і рана, і адразу стала, і ў слове абодвух, у кожнага па-свойму, спалучалася высокая агульналюдская культура і глыбока беларуская народнасць.

З народнасцю Максіму Багдановічу было цяжэй. Здалёк, з іншага асяроддзя ён прабіваўся да яе, да скарбаў роднай мовы напорам сваёй апантанай душы, сваёй нястомнай, дапытлівай думкай. А Максім Гарэцкі, сказаўшы амаль па-ягонаму, увесь быў у родным карэнні змалку.

Сёння ўранні з думкай пра выступленне, я зноў перачытваў Гарэцкага. Апавяданні, такія шэдэўры, як «Рускі», «Чарнічка», «Пад’езд», мініяцюры «Палонны», «Лёкай камунара», «Максімава зязюля»... Праз гэтыя старонкі бачыў я перад сабой салдата на шпітальным ложку, рана ўзмужнелага і памудрэлага ў суровым выпрабаванні, ужо тады, у самым сваім пачатку пісьменніка з тых, каго хочацца перачытваць. Проза яго — не займальная чытаніна, яе немагчыма за адзін раз прачытаць да дна. Вяртаючыся да тых старонак час ад часу, зноў ды зноў удзячна хвалюешся ад здзіўлення, што вось жа зноў амаль зусім як новае!..

У нашай усесаюзнай крытыцы нямала ўжо нагаворана пра значнасць прозы дакументальнай, пра дабратворны, нават вырашальны ўплыў яе на прозу, так сказаць, чыста мастацкую. А ідэал, здаецца, якраз у шчаслівым спалучэнні гэтых двух пачаткаў, у спалучэнні, імя якому — проза праўдзіва-мастацкая.

Максім Гарэцкі — кажучы словамі Талстога пра Чэхава — мастак жыцця, мастак жыццёвай праўды. Адтуль яго розум і сэрца, адтуль ён відушчы, шчыры і просты, у гэтым сіла яго даўгавечнасці.

Ужо тым часам нямала ў нас і напісана пра Гарэцкага. Тут і манаграфія Дзмітрыя Бугаёва, і эсэ Міхася Стральцова, і выдатная праца Алеся Адамовіча «Браму скарбаў сваіх адчыняю...», тут і артыкулы іншых даследчыкаў, старэйшых і, што яшчэ прыемней, маладых, у пошуках якіх трапляюцца і паўторы, аднак ёсць і новае.

А перш за ўсё — вельмі добра, што неўзабаве будзе ў нас збор твораў Максіма Гарэцкага, што гэта парадуе не толькі даўніх і сённяшніх прыхільнікаў яго таленту,— Гарэцкі прыйдзе да новага чытача, да новай змены чытацкіх пакаленняў, якія будуць яго ахвотна, зацікаўлена чытаць, якім ён будзе па-сяброўску адкрываць сваю высока адораную чалавечнасць, разлічаную на многіх і надоўга.

Новыя чытачы і новыя даследчыкі скажуць яшчэ — з большай далечыні, чым мы, але з няменшай сардэчнасцю — дзякуй роднай зямлі, што нарадзіла такога сына.

2

У адным з нядаўніх нумароў «Литературной газеты» паэт Геворг Эмін размову пра значэнне пісьменніцкага прафесіяналізму пачаў з такога прыкладу.

Уільям Сараян, выдатны амерыканскі пісьменнік армянскага паходжання, вяртаўся з Ерэвана ў ЗША цераз Адэсу, морам. Да Адэсы суправаджаў яго адзін з ерэванскіх літаратараў. У тры гадзіны ночы, страшэнна стомленыя складаным пералётам, яны, нарэшце, апынуліся ў гасцінічным двухпакаёвым люксе. Спаць, толькі спаць!.. Ды вось таварыша, які суправаджаў высокага госця, праз сон пачаў непакоіць незразумелы, назойлівы строкат. Сяк-так расклеіўшы вочы, ён паглядзеў, уцяміў, што да чаго, і вельмі здзівіўся. Сямідзесяцігадовы госць, які стаміўся, вядома, больш за яго, сядзеў за пішучай машынкай. Ён, аказалася, запісваў уражанні перажытага дня, не адкладаючы гэтага на пасля, добра ведаючы, што тады яны, яго думкі, нават на свежую галаву, абавязкова страцяць штосьці істотнае.

На творчым шляху Максіма Гарэцкага люксаў было вельмі мала, можна сказаць — і зусім не было. Ва ўсіх, самых розных жыццёвых умовах, часцей за ўсё зусім неадпаведных для літаратурнай працы, Гарэцкі заставаўся, быў пісьменнікам-прафесіяналам. Ён заўсёды запісваў усё, што ўражала яго глыбокі розум і чулае сэрца, усім яго творам, і больш і менш закончаным, абавязкова папярэднічала вялікая падрыхтоўчая праца. Па гэтай падрыхтоўцы, па запісах непасрэдных уражанняў, думак, планаў, сумненняў, пошукаў, расчараванняў і зноў настойлівых пошукаў можна зайздросна меркаваць, як добра ведаў ён жыццё, як нястомна шукаў галоўнае ў мастацтве слова — праўду.

Збор твораў Максіма Гарэцкага, нарэшце, рыхтуецца. Ён выйдзе пакуль што няпоўным. Не будзе ў ім і той раскошы каментарыяў, розначытанняў, якую мы ўдзячна прымаем у зборах твораў, скажам, Талстога, Чэхава, Дастаеўскага... Як добра яны чытаюцца, тыя грунтоўныя каментарыі, жывыя старонкі гісторыі літаратуры, які гэта выдатны матэрыял для пажыццёвай самаадукацыі! Таварышы, якія працуюць над падрыхтоўкай да выдання спадчыны Гарэцкага, павінны памятаць, што і творчасць, і вобраз гэтага пісьменніка ўсе мы павінны, абавязаны захаваць і надаць чытачу ва ўсім гучанні яго шматграннай паўнацэннасці. Адно зробіцца сёння, другое заўтра, для больш поўнага выдання, аднак яно павінна рабіцца з усёй грамадзянскай адказнасцю перад нашай гісторыяй, перад нашым народам, перад светлай памяццю аднаго з нашых найзначнейшых пісьменнікаў.

З Максімам Гарэцкім добра на людзях, вось як і сёння, на гэтай акадэмічнай канферэнцыі, у сяброўскай атмасферы дзелавога свята. З ім добра таксама і на адзіноце, сам-насам з яго старонкамі — і друкаванымі, і рукапіснымі. Мы гэта ведаем, не раз ужо адчувалі і будзем яшчэ адчуваць. Кожны раз зноў жа, як гэта і бывае з класікай, па-новаму, са свежым, яшчэ раз удзячна захопленым пранікненнем у сутнасць сапраўднага паэтычнага слова.

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан