epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Мой зямляк

1

 

Вясной, як толькі сыходзілі крыгі, амаль кожны дзень можна было бачыць, як ён ідзе на раку ці вяртаецца з ракі дахаты. Вудачкі, вуды, начныя шнуры, венцер, восці, сачок - уся гэтая рыбацкая снасць пушчалася ў ход. Зрэбная торба была заўсёды мокрая і поўная. Калі часам не хапала рыбы - на спод торбы ішла трава, а дробнарыбіца зайздросна прыкрывалася зеленаватымі, лычастымі шчупакамі, паласатымі акунямі, язямі... І заўсёды наверх ганарыста тырчаў хвост найбольшай у той дзень «штукі». Да пояса мокры, цяжкай мядзведжай хадой ён чмакаў па залітым лузе, а следам за ім асцярожна хляпала хітранькая сучка.

- Вудзіць дык вудзіш, а вячэраць хрэн будзеш? - спатыкаў яго нехта з суседзяў.

- Сёння, браце, шчупачка ганяў па лузе, - спакойна адказваў ён. - Ніяк, ліха яму! Трэба будзе яшчэ заўтра падысці. Дваццаць чатыры фунты!

- Ха-ха-ха! - рагатаў сусед. - А ты, брат, і зважыў яго, не злавіўшы?

Верная сучка нездаволена вурчала, як сцянны гадзіннік перад боем, а потым злосна брахала - гаў! гаў!..

- Мушка, цыц! - суцішаў яе гаспадар. Мушка вінавата спушчала мутныя вочы і бахкала мокрым хвастом на яго таксама мокрай зрэбнай калашыне.

А ён зусім спакойна пачынаў пра другое.

Ён ніколі не стараўся ўпэўніць іншых у тым, што кажа праўду. Кожны, хто знаў Паўлюка, ведаў, што дзядзька гэты - манюка.

«Ах ты, Паўлюк, што ж ты маніш!» - сарамацілі ў нашай вёсцы лгуноў.

Аднак Паўлюкова мана была адменнай ад простай маны.

Ніхто не ўмеў так «марозіць». І тады, калі звычайнай балбатнёй пагарджалі, - Паўлюк за сваю бескарысную, мастацкую ману быў вядомы далёка. Былі выпадкі, калі яго ноччу, толькі па голасе, пазнавалі ў пятай - дзесятай вёсцы.

І пэўна: шчупак мог быць і ўсіх толькі дзесяць фунтаў, але, ганяючыся за ім па лузе, залітым ад вяснянай паводкі, Паўлюку чамусьці неадчэпна думалася, што «шчупачок» напэўна дваццаць чатыры фунты, таксама як той, што летась увосень папаўся яму на вуду.

Зімой, у душнай накуранай хаце, пры газніцы, мужчыны прасілі:

- Ану, Паўлюк, змарозь што-небудь яшчэ, бо нешта ўсе, як мокрыя, маўчаць.

- Адамовіч сабачку дастаў, - пачынаў Паўлюк, крыху паправіўшы калматую, як воз канюшыны, авечую шапку.

Адамовіч - хутаранін, за пятнаццаць кіламетраў ад нашай вёскі, аднак ніхто з мужчын не дзівіцца таму, што Паўлюк знае ўжо і таго «сабачку».

- Хацеў я ў хату зайсці, дык ён, зараза, стаў на парозе, разгірачыўшыся, ды толькі - ур-р-р...

Мужчын пачынае разварушваць: павінен быць сапраўды цікавы «сабачка», калі нават Паўлюка не паслухаў. Бо заўсёды амаль хапала таго, каб Паўлюк пагудзеў яму, пагладзіў па лабаціне, прыцмокнуў - і зноў новы «сабачка» пакорна чыкаў услед мядзведжым лапцям чарадзея. А гэты, бачыш, - ур-р-р...

- А ноччу, - гудзіць далей Паўлюк, - сядзе сярод двара, натапырыцца і слухае. Пасля гэта - чык-чык-чык - хутар вакол абяжыць, праверыць усюды. І зноў сеў. І так, браце, усю ноч. «Эх, - кажа стары Адамовіч, - каб ён тады ў мяне быў, не звялі б цыганы маю Сіўку». Дваццаць восем пудоў зімкі аддаў за яго...

- Ну ж мы і рагаталі! - кажа нехта з мужчын, хочучы спыніць расказчыка на найвышэйшым напружанні маны.

Гэта - словы самога Паўлюка: калі яму часам і самому ўжо стане моташна ад лішне смелай маны, ён папраўляе на вочы шапку і канчае не зусім удалую казку так: «Ну ж мы і рагаталі».

Мужчыны смяюцца, а Паўлюк сабе толькі маўчыць, хоць бы што. Праўда, дваццаць восем пудоў азімай пшаніцы - гэта амаль каровіна цана, аднак цяжка іначай акрэсліць незвычайную вартасць «сабачкі». Сам Паўлюк, каб і меў тых дваццаць восем пудоў, можа, і не даў бы іх за сабаку, аднак свае два-тры, а то і ўвесь пяток сабачак ён харчуе зімой аўсяным цестам, спаборнічаючы са сваёй Гануляй, якая корміць тады парсюка.

- Цікава толькі, - казаў нехта з мужчын, - як таго сабачку не заб'юць.

Дзядзька Васіль, дзюбаносы, як галка, і з такімі ж, як у галкі, жывенькімі, хітрымі вочкамі, уперад заходзіцца ціхім нутраным смехам, а потым кажа:

- У яго там пасярод двара замест буды тая самая конская печань ляжыць, дык ён пад печань - хоп! І ўсё.

Узнімаецца рогат.

І сам Паўлюк, папраўляючы шапку, спачатку ўхмыляецца, а потым - хэ-хэ-хэ - смяецца здаравеннымі грудзьмі.

А справа з печанню заключалася ў тым, што ў Румыніі, бачыце, ды ў тым палку царскай артылерыі, дзе Паўлюк служыў у сусветную вайну чубатым, галасістым бамбардзірам, былі зусім незвычайныя жарабцы. Калі аднойчы Паўлюковага «жарэбчыка» парвала снарадам, Паўлюк ад наступнага снарада надзейна схаваўся пад ягонай печанню. Пабіла пасля амаль усіх жарэбчыкаў у батарэі, і прыйшлося папаўняць яе румынскімі коньмі. Румынскі конь - «як сабачка», а расейскі хамут, прынамсі, у той батарэі, такі, што Паўлюк праходзіў у яго, прыгнуўшыся не больш, як у дзвярах свае хаты. Навялі румынскіх канюкоў, думалі, думалі, што рабіць, а потым гэта - па два ў хамут, па два ў хамут!..

 

* * *

 

Сабак Паўлюк мяняў не горш, як цыган коней. Кожны чарговы сабачка, трапіўшы да яго, перш за ўсё пазбываўся роднага імені і хутка звыкаўся з тым, што ён ужо не Курта, а Жэўжык ці Жук. Калі ён, высалапіўшы язык, цяхкаў услед за зайцам і не даганяў яго, тады пазбываўся хваста і іншых, лішніх на погляд гаспадара, дробязей. Калі ж і пасля такой палёгкі яму не ўдавалася накрыць «зайчыка», - ён некуды знікаў, а на месца яго неўзабаве паступаў іншы. Варта было навічку быць цікавым і шустрым, - і Паўлюк, ведучы яго дахаты, не тузаў, крый бог, за аборачку, а ўслед за цюцькам цяжка цёпкаў подбегам. Сучкі знікалі тады, калі яны не давалі пажаданага прыплоду. Затое ўдалы вывадак акружаўся проста-такі бацькоўскім клопатам. Сука ела цеста, а цёпленькія, з прэсным пахам, смактуны - малако, на роўных правах з Паўлюковымі дзецьмі. Крывалапы пузачык хлябтаў, а здаравенны Паўлюк кленчыў ці станавіўся ззаду яго ракам і тузаў цюціка за хвост. Давячыся малаком, шчанюк цяўкаў, і, на першыя адзнакі злосці, Паўлюк смяяўся, як малы. Цюцькі вучыліся хапаць за калошы, брахаць на чужых, не чапаць курэй, а ганяцца за свіннямі, станавіцца дыбка, даваць лапу, казыраць да адвіслага вуха і іншае рабіць, не менш патрэбнае. Адзін ці два выдатнікі гэтай вучобы пакідаліся сабе, а рэшта спушчалася ў людзі. Каля плота была вялікая сямейная буда. Калі не сука з сям'ёй, дык проста дзяжурны сабачка званіў кальцом ланцуга на дроце ўздоўж двара. Побач з будой Паўлюк гаспадарліва падсцілаў салому. Вясной ён выклікаў сваю Ганну з-за красён на двор і, паказаўшы на ладны вазок гною, хітра пасміхаючыся, казаў: «А што, глядзі!» Таксама як кожны ўпаляваны зайчык, гэты воз павінен быў давесці, што Паўлюк недарма марнуе на сабак аўсяную муку і высеўкі. Ганна злосна плявала, а ён, дабрадушна пасміхаючыся, вёз гэты новы гатунак угнаення на свой вузкі, гарбаты загон. Услед за ім фанабэрыста, пераможна задраўшы хвасты, беглі адзін-два сабачкі.

...Аднойчы летнім вечарам, калі ад цёплай ракі паднімаецца пара, мы цягалі з ім сетку, удвух. Ціха заходзілі, ціха тапталі нагамі, падводзячы сетку да берага. Пасля паднімалі яе на сябе, адцэджваючы спалоханых са сну плотак, заграбалі іх у мокрыя торбы на шыях і задаволена, смачна пакрэхтвалі. Найбольшай удачай таго вечара быў вялікі, быццам знарок для нас адкормлены, язюк. Ён толькі што ўшыўся тупым рылам у аер і салодка задрамаў, а тут мы яго зачэрпалі! Паўлюк прагна ашчарэпіў яго ўчэпістымі лапамі і шчасліва смяяўся: «А-та-та!..» Увесь час рыбалкі я любаваўся на тое, як з паднятай сеткі гэтаксама, як з вады, струменілася пара, як вочкі сеткі зацягваліся плеўкай, а потым плеўка лопала, і, услед за дзесяткамі іншых кропель, у ваду ападала яшчэ адна кропелька. Гледзячы на Паўлюка, асабліва калі ён задаволена, быццам ужо смакуючы яго, рагатаў над язюком: «Эх, браце, а мы ж цябе ажэнім з паўлітроўкай!» - мне думалася грэшнай справай, што дзядзька далёкі ад маіх пачуццяў бескарыснага захаплення. Аднак ён раптам, ды ў самую адказную хвіліну, калі трэба было заходзіць-заганяць ад берага, спыніўся, заціх, загледзеўся, а потым сказаў:

- Паглядзі, засынае!..

І праўда, рака засынала.

...Вясной трыццаць восьмага года панскія паліцыянты прынеслі ў нашу вёску яшчэ адзін новы загад: звясці ўсіх галубоў. Таму што ў нас, бачыце, «прыгранічная паласа». Паўлюк, вядома, не паслухаў загаду, - і раз, і другі раз. І толькі пасля таго, як яго аштрафавалі і Ганна пачала з ім няшчадную барацьбу за знішчэнне галубоў, - Паўлюк злавіў тры апошнія пары вертуноў, каб завезці іх да сябра ў далёкую вёску, туды, дзе канчалася «прыгранічная паласа». Аднак ён не здолеў зрабіць гэтага. У вёсцы яшчэ развязаў і зняў хустку, якой быў абвязаны кошык. Чубатыя, пярэстыя прыгажуны, пабліскваючы сінню і чырванню сваіх латаў, аслепленыя сонцам, збянтэжана застылі.

- Перад ліхім канцом вар'яцеюць, крукі!

Гэта Паўлюк - пра паліцыю.

Стары голуб-павадыр падняўся першы. Ён патаптаўся кашлатымі і чырвонымі, быццам з морквы, ножкамі, скокнуў на край кошыка, залопаў крыллямі і ўзняўся. За ім узнялася ўся сям'я. Пакуль яны радасна кружылі пад пярэстым ад хмарак блакітам, Паўлюк, загледзеўшыся ўгару, гудзеў:

- Скулу вам, паночкі, не аддам!

Гэтак вось скупа і рэдка выказваў ён свае пачуцці да прыроды.

І толькі раз мне давядося пачуць, як ён іх абараняў.

Нехта з маладых, асабліва старанных гаспадарыкаў упікнуў Паўлюка тым, што ён замест парсюка корміць цестам сабак.

- Сюды-туды і сем пудоў! - усхваляваны загудзеў Паўлюк. - І сем пудоў, і капейка, і скварка на лета!.. А ці ведаеш ты, што такое любоў, хараство? То ж кветачка цвіце, і то... Ды што табе!.. Свінтух сем год не стрыжаны...

Гэта было міжвольнае прызнанне, ужытае ў парадку самаабароны.

 

* * *

 

Толькі паэзія цяжкай гаспадарскай працы была яму, бадай, зусім чужой.

Вось ён вяртаецца з поля, з сярпом ці з касою. Уперадзе, быццам на разведку, бяжыць сабачка, абнюхваючы кожны кусцік шчавука ці асоту і на кожны з іх паднімаючы нагу. За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва члапае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі. Яна наелася за дзень, а ўсё ж час ад часу хапае сівыя мяцёлкі аўса і на вокрык Паўлюка, а то і сама, вінавата трухціць наперад. Другі сабачка, больш любімы ў той час, ідзе збоку, аціраючыся аб калошу Паўлюковых портак. Спераду, на грудзях Паўлюка, звоніць жмут іржавага ланцуга і матляецца шпень: на ланцугу Паўлюк вядзе цялушку. Шырока расставіўшы вушы, цялушка то дэбае спакойна, то раптам трухціць, каб чамусьці панюхаць сабачку або тузануць за бараду адзін з тых трох снапоў аўса, што на спіне гаспадара. Побач з цялушкай, на вяроўцы, ідзе каза. Ззаду - гуллівы козлік, яшчэ безбароды, з маленькімі гузамі рожак, але таксама, як матка, задзёршы хвосцік.

- Здароў, Рабінзон! - спаткаеш яго, як заўсёды з усмешкай.

- Ячмень, браце, жаў. Цэлы дзень! Ажно ў вачах жоўта.

Разыдзешся з ім, яшчэ і яшчэ раз засмяешся, а потым толькі належна раскусіш, колькі бязлітаснай спёкі, ныцця ў паясніцы і лайдацкай пакуты ўложана ў гэтыя словы.

Таксама, як жоўта ў вачах ад ячменю, зялёна бывала ад касы, шэра ад плуга. «Каб рабіць было добра, дык і воўк рабіў бы», - жартам апраўдваўся Паўлюк.

Аднак трэба сказаць, што пры ўсім гэтым ён жыў ніштавата.

Бадай за цэлых два работнікі трапяталася Ганна.

Сам жа ён прырабляў вартаваннем, быў, як гавораць у нас, паплаўнічым.

За вёскай, абапал ракі, да самай пушчы стэпам ляжалі панскія і сялянскі лугі. Вартаваў іх Паўлюк. Вясной над ракою ўставала калматая лазовая буда. Тут паплаўнічы жыў да апошняй атавы. У поўдзень сабачкі ў будцы, ахоўваючы сон гаспадара, злосна бурчалі праз солад дрымоты ці члапалі на дакучлівых мух і аваднёў. А ноччу яны рабілі з Паўлюком абход ці аб'езд на Мышатцы сваіх неабсяжных уладанняў, - шукалі зладзеяў-начлежнікаў. Мышатка шчасліва выпасвалася на мурожным прыволлі, тут і жарабілася, і неўзабаве вакол яе, непакоячы кветкі, з кволым іржаннем гайсаў новы жарабок ці жаробачка. Вечары і раніцы Паўлюк праседжваў над адвоямі, узброены рознакалібернымі вудамі, цярпеннем і вопытам лепшага ў ваколіцы рыбака. І ў сорак - сорак пяць гадоў ён, - паўнакроўны, вясёлы мядзведзь, - ніяк не мог выжыць прывычак сваёй разгульнай маладосці. Былі ночы, калі ён пакідаў сабак і Мышатку адных і плёўся лугамі ў суседнія вёскі па мёд з чужых вулляў... Бывала і так, што гэты мёд - маладзіца ці ўдоўка - сам прыходзіў да мядзведзя пад духмяную засень яго вялай лазовай бярлогі. Здаравенныя боты яшчэ надзіва добра выбівалі чачотачку, а вечарамі, у вясковых хорах, голас яго верхаводзіў па-ранейшаму. Зімой, аб'ехаўшы навакольныя маёнткі і вёскі, Мышатка горда цягнула дахаты мяхі збожжа - плату за вартаванне.

У вартаванні гэтым быў толькі адзін за лета цяжкаваты тыдзень. Перад касавіцай трэба было палажыць на рацэ сезонны мост. Ды і тут Паўлюк уладжваў справу па-свойму. Памагаць яму прыходзіў цесць, яго вечны памочнік, быццам даўжнік, пакутнік за нейкія грахі. Ад берага да берага снавала чайка. Гупала шляга, заганяючы палі. З-пад сякеры на ціхую ваду ападалі сухія яловыя трэскі. І, мусіць, гледзячы на тое, як іх адразу кружыла на месцы, а потым нясло за вадой, у галаве Паўлюка складалася новая казка.

- Ты бачыў шапку ў майго цесця? - гудзеў ён, дачакаўшыся каго-небудзь.- Царская, браце, круглая, як рэшата. Дваццаць гадоў, як Мікалая скінулі, а цесць гэту шапку ніяк не даносіць. Зацягалі мы бэльку на мост. І як ён пакаўзнуўся - ба-бах у ваду. Бэлька, браце, за ім! Шчасце яшчэ, што паспеў схавацца пад ваду: як гапнула, толькі вада слупам! Бэлька выплыла і адплылася, а цесця - няма... Толькі бурбалкі са дна - буль-буль... А потым шапка - выплывае!.. Выплыла, закружылася на месцы, а тады ўжо сам цесць - вылазіць з-пад вады. І адразу ў злосць. «Чаго ты, - кажу, - на мяне, ці ж я цябе папіхаў?..»

Спаважны, ціхі мужчынка - цесць - яшчэ лёгка ступаў па зямлі худымі босымі нагамі, а ўслед за ім пайшла па вёсцы новая казка зяця, - хоць бяры тую «царскую» шапку нарэшце скідай!

 

2

 

З усіх Паўлюковых сабак найлепш я памятаю двух. Адзін быў звычайны гаспадарскі Цюлік. Другі ж быў гончы, хорт, якога Паўлюк горда зваў Ваўкадавам.

Перад летам, як толькі на нашым балоце вывадкі дзікіх качак абрасталі першым пер'ем, Цюлік паказваў свае паляўнічыя здольнасці. Маладыя качкі лятаць яшчэ не маглі. Яны прабіраліся па куп'і, аеры ці асацэ - пехатой, а вадою, вядома, уплаў. Паўлюк заставаўся на грудзе ці брыў следам за Цюлікам так далёка ззаду, каб не перашкаджаць яму. Старыя качкі ўзляталі, а сыты, цяжкі падлётак застываў, прытаіўшыся ў асацэ ці між куп'я, пакуль не трапляўся на нюх Цюліку. Сабачка далікатна паднімаў яго за крылы, паказваючы здобыч гаспадару. Калі ж больш рухавы падлётак з крыкам кідаўся ўцякаць - плысці подлетам па балотнай вадзе, разганяючы раску, - Цюлік абурана кідаўся за ім і даганяў. Дахаты Паўлюк вяртаўся абвешаны жывымі качкамі і горда казаў сваёй Ганне:

- А што, глядзі!

Ваўкадаў вечна снаваў следам за Паўлюком, маркотна апусціўшы да зямлі вострую мызачку.

- Жалезная! - горда казаў Паўлюк пра гэтую мызу. - Як абцугамі бярэ! А ногі, браце, зірні!..

І праўда: абы толькі зайчык папаўся на вочы, Ваўкадаў, распасцёршыся ў пагон, заўсёды насцігаў яго, і на заячую спінку ці гарляк хапала таго, каб ён раз толькі цапнуў зубамі. Хуткасць доўгіх ног і моц «жалезнай» мызы Ваўкадаў найлепш паказаў Паўлюку, злавіўшы за адзін год два лісы, што было, дарэчы кажучы, сурова забаронена для такіх, як Паўлюк.

Аднак ні Цюлік, ні Ваўкадаў не прабылі ў яго лішне доўга. Паўлюк быў верны сваёй натуры: Цюліка ён змяняў, здаецца, на Ваўкадава, а Ваўкадава адступіў пану за іншага сабачку і за некалькі пнёў лесу на новую хату ў прыдачу.

З ліку «сабачак», якія перайшлі цераз Паўлюковы рукі, толькі гэтыя два ў нейкай меры замянілі яму адсутнасць правай рукі паляўнічага - стрэльбы. Праз доўгія дваццаць год панавання пілсудчыкаў Паўлюк мог толькі марыць пра яе.

Незабыўны верасень трыццаць дзевятага года зрабіў яго нарэшце сапраўдным паляўнічым.

 

* * *

 

Пачалася жоўтая восень.

Пад ботамі прыемна шуршала залатое лісцё маладога бярэзніку, сяды-тады патрэскваў сучок, а спакойны мядзведжы голас гудзеў:

- Сустрэў мяне Царучок (сапраўднае прозвішча ляснога хутараніна Царук, але ў Паўлюка ён «Царучок» - таксама, як ваўчок, сабачка, зайчык), - дай, кажа, браце, раду, - усю бульбу перарылі! Ну што ж, я ламаначку ўзяў і пайшоў. Засеў, чакаю. Нешта так і не доўга чакаў. Чую - чухаюць сцежкай адзін за адным. Прымергаваўся я, бачу - ідуць. Першы, браце, здаровы лабач, унурыўся, чэша, а ўслед за ім яшчэ з восем. Задні шляхціц дык зусім яшчэ кныручок. Важак, мусіць, пачуў мяне, ліха яму, бо - гоп! ды - гу-у!..

«Ламаначка» ў Паўлюка за плячыма. Ён раптам спыняецца, разгірачыўшы здаравенныя боты, а рукі настаўляе на падабенства вушэй вепрука.

- Я гэта, браце, яму калі ткнуў! Ён на дыбы ды ўголас! А заднія як чмыхануць! Гэты за імі з гарачкі здорава часаў. Я з сабачкамі ўслед. Каб ты выдах! - толькі досвіткам знайшлі мы яго ў гушчары, у ламаччы. Яшчэ цёпленькі. Кашкануў я яго нагой, дык ён: гу-у! як праз сон. Зарадзіў я ламаначку, яшчэ раз цюкнуў яму, так ён душой і загавеў. «Ну, а цяпер што?» - кажу я на Мурзу. Круціць, падла, хвастом. Думаў я, думаў, мергаваўся, мергаваўся - ніяк. Гляджу - пачаў вепручок пруцянець. Стой жа, - думаю я, - ты сам мне паможаш. Прыўзняў яго за хіб, паставіў і трымаю. Сабачка - аж канчаецца! - то за вуха яго, то за нагу! Пшоў вон! - пусціў я адну руку, замахнуўся. Гляджу - стаіць вепручок, сам стаіць! Пусціў я другую руку, а сам гэта тыц пад яго з галавой. А гэты, ліха яму, за сцягняк яго ззаду - як хваціць. Вепручок так і сеў мне на карак. Свету белага, браце, не бачу, - мызаю ў мох, - ну, думаю, дайшоў Паўлюк. Як узяла мяне злосць, як уляпіўся я за зямлю, як упяўся, - устаў! Цяпер як жа ламанку падняць? «Падай, - кажу, - сукін сын!» Махае, падла, хвастом, падвільвае. Прыгнуўся я, падняў ламаначку, павалок... Аж у вачах, браце, цёмна! Ледзь далез да Царучка. Зваліў, давай будзіць... Дванаццаць, браце, пудоў!..

Мне карціць памагчы Паўлюку кончыць лішне багатую казку вядомым спосабам: «Ну ж мы і рагаталі!», - але я маўчаў. Як не маўчаць! - гэта ж сёння, нарэшце, ён узяў мяне з сабой на вепручкоў. За плячыма ў мяне другая ламаначка, з якой я хутка пальну. Ламаначка таксама Паўлюкова.

І вось мы сядзім у засадзе. На лузе яшчэ дзень, а ў гушчары сутуняецца. Падкурчаныя ногі ныюць, ды я баюся правіць іх, каб не спудзіць дзічыну, якая вось-вось... Першы стрэл - Паўлюкоў, бо на яго, ён кажа, пойдзе вепручок. Калі Паўлюковага стрэлу не хопіць - я павінен «цюкнуць» яшчэ раз. Калі ж ён сядзе адразу - я павінен біць па другім. Разам з Паўлюком за пнём прытаіўся Мурза, вось-вось гатовы скочыць на любога вепручка.

Хвіліны цягнуцца, цягнуцца, ныюць... І раптам - ёсць! Зусім недалёка пачулася «чуханне», затым з-за альховай падсады, за некалькі крокаў ад мяне, паказалася страшэнная лабаціна. Першае, што я паспеў падумаць, было тое, што лабаціна і клыкі - на мяне! Тады я нацэліўся, зажмурыўся і пальнуў!..

Я спадзяваўся на візг і на Паўлюкоў стрэл, аднак... пачуў толькі адчайны брэх Мурзы, які пусціўся ўдагон за дзічынай, і... самы цвёрды, адборны мат...

- Пудоў пятнаццаць штука!.. Цьфу, смаркач!.. Цяпер дагані, пацалуйся!..

...Цямнее. У твар цярушыць стрэчны дожджык. Есці хочацца - падцягнула духі. А на сэрцы зусім такі нясмачна ад няўдачы.

- Таксама вось, як толькі Пілсудскі зайшоў, - гудзе побач Паўлюк, - адбываў я рэзерву ў Пружанах. Канаводам быў у паручніка. Паедзем тыя разы на дзікоў. Што ж, пасядуць паночкі за пнямі ды толькі пах-пах! пах-пах!.. І ўсё на вецер! «Каб вам, - кажу, - ручкі паадсыхалі!» А мне страляць не даюць. Карабіначка, браце, як цацка, французская. Не стрываў я аднойчы: як цяў, дык ён толькі: «Пі!» - і асеў. «Усё роўна, - кажу, - пане паручнік, ён на вас не пайшоў, а мне было вельмі ж з рукі». У пана, браце, рука гуляшчая, пшанічная, - калі зачэрпаў мне па вастрыі - толкі зоры ў вачах захадзілі... Заліўся я юхаю, плюнуў, карабінку аб зямлю! «Каб ты, - кажу, - разам з ім упруцянеў!..»

Я смяюся, ды неяк не зусім. Так і хіліць цікнуць на мядзведжую, жытнюю лапу майго настаўніка. А «вастрыё» ў мяне было тады яшчэ зусім-такі маладое, далікатнае...

Аднак гэта былі толькі словы, якія мусілі акрэсліць горыч ашуканага чакання. З гадзіну пасля гэтага тая самая лапа гасцінна налівала мне «Маскоўскай», падсоўвала хлеб і скавародку з гарачай смажанінай - паласатым, праслоеным салам з «дванаццаціпудовага» вепрука.

 

3

 

Наступны раз частаваў паляваннем я. Было гэта ажно тры гады пасля, увосень сорак трэцяга.

У той час мяне ўжо лічылі нядрэнным камандзірам падрыўной групы. І вось захацелася Паўлюку пайсці са мной на двухногіх ваўкоў.

Браць дзядзьку на адзін падрыў, на два-тры дні, камандзір атрада не дазволіў. Паўлюк быў добрым сувязным, работнікам больш патрэбным пакуль што на месцы, чым у атрадзе, і рызыкаваць яго непадазронасцю дзеля ягонай цікавасці толькі - справа зусім несур'ёзная. Аднак Паўлюк не адставаў.

Нарэшце, нібы выкарыстоўваючы апошні доказ, ён упікнуў мяне даўнейшым доўгам. І праўда, за мной быў ладны даўжок - скрынка патронаў, наган і сёе-тое больш.

Яшчэ ў першыя, змрочныя дні адступлення, калі мы, мясцовая моладзь, апушчалі ў сажалкі і рачныя віры старанна спавітыя кулямёты, вінтоўкі, наганы, - не драмаў і Паўлюк: ён зняў з пакінутай машыны «скрыначку» патронаў і закапаў яе на полі, пра запас.

Што больш - я не ведаў, бо толькі гэта зусім выпадкова прыкмеціў.

Дрэнна, не па-суседску зрабіў я, не пайшоўшы з атрада па гэтую «скрыначку» сам, а паслаўшы сяброў па групе. Быў у нас такі Міхась, што вельмі любіў адводзіць убок ды шаптаць на вуха. Адвёў ён мядзведзя за вугал і шэпча: «У вас, дзядзька, вось так ды гэтак, нам Мікола казаў...» Міколу, вядома, прыдумаў. «А ліха яму, - загудзеў Паўлюк, - такі не змаўчаў! То ж мы з ім разам закопвалі. Я, дурань, адну толькі вінтовачку і ўзяў, а ён жа, хлопцы, кулямётаў, патронаў, гранат!» - «Які Мікола, дзядзька, скажыце...» - натапырыўся Міхась. «Як які? То ж ты кажаш, што вы ад яго!» Што зробіш, прыйшлося хлопцам адказацца ад Міколы. Калі ж Паўлюк дастаў з-пад застрэшша новую «вінтовачку», - ім прыйшлося паверыць яму і падумаць, што я салгаў. Наступны раз паслалі самога мяне. Перш-наперш я, вядома, прызнаўся. «Вось з гэтага трэ было і пачаць, - гудзеў Паўлюк, - а то скалацілі мне, жэўжыкі, ноч. Ну, пайшлі!» Узялі «рыдлёвачку», пайшлі. «А ты, браце, таксама вуж, - гудзеў Паўлюк, ідучы, - і як ты прыкмеціў тады?» Адкапалі мы «скрыначку» - цяжкая. Прыйшлося запрэгчы Мышатку. Другім разам я пачаў адразу з ласкі і атрымаў зусім новы «наганчык», старанна ўквэцаны і спавіты бадай што цэлымі порткамі. Трэцім разам я атрымаў тры гранаты і «жменьку» наганных патронаў. Затым было яшчэ разоў са два «па жменьцы», пакуль Паўлюк не сказаў: «Закрываецца крамка, няма, браце, усё».

Пра гэты вось «даўжок» ён і напомніў мне, зноў просячыся на «жалезку».

- Мне, браце, толькі зірнуць, як ён стане на дыбы!.. - сціпла тлумачыў Паўлюк.

І што ж, прыйшлося нарэшце ўзяць.

- Падумаеш, - параіліся мы, - ходзіць жа дзядзька і так, па заданню, ці проста валочыцца цэлымі днямі. Так ужо конча будзе некаму падумаць, што ён з намі пайшоў. Толькі, хлопцы, каб адна наша група ведала - больш ніхто.

Паўлюк чакаў за вёскай, на ўмоўленым месцы. Калі ён выйшаў на свіст з-за куста, на ім мы ўбачылі... вінтоўку-«дзесятачку», наган, за «ласяком»* - гранату.

* Рэмень з ласінай скуры.

- Э, брат, дык ты маніў, што нічога сабе не пакінуў!

- Што ж, - загудзеў ён у адказ, - без снасці, браце, і вошы не заб'еш.

У дарозе, вылучыўшы момант, калі мы з ім засталіся ззаду, Паўлюк таямніча шапнуў:

- Семачак хочаш?

Я зразумеў справу проста.

- Давай паплюемся, - сказаў я. Наставіў кішэню, і ён мне ўсыпаў... гарцавую «жменьку» наганных «патрончыкаў».

- Зойдзеш калі, яшчэ, можа, знойдуцца шчопці-другія, - шчасліва гудзеў ён у цемры.

Днявалі мы на хутары. Наступная ночка падтасавалася якраз для нашага промысла - цёмная, з дожджыкам. У Засуллі мы ўзялі правадніком Ігната, сувязнога.

- Паўлюк, ці не ты? - прыгледзеўся ў цемры дзядзька Ігнат, калі я вывеў яго на загуменне.

- Я, браце, як маешся?

- Што ж вы, - здзівіліся мы, - знаёмыя, за трыццаць вёрст?

- Мой Цюлік быў адгэтуль... Той, што качкі лавіў. Не забыўся?

...Лёня, Косця і Кныш засталіся ў засадзе. Дзядзька Ігнат, я і Паўлюк падаліся на справу ўтрох. Крокаў больш сотні ад рэек, дакуль быў высечан фашыстамі лес, за прыгоркамі між карчоў мы прыселі, параіліся. Дзядзьку Ігнату я даручыў канец шнура, строга наказаўшы не дакранацца да яго, а самі з Паўлюком папаўзлі. Паўзучы, я разматваў шнур. Час ад часу мы спыняліся, каб прыслухацца: ці не шаркаюць па жвіры, усцяж рэек, падкаваныя боты патруля... А потым паўзлі далей. Спачатку - быў грудок, і пад намі шуршала мокрая ад дажджу шорсткая лясная трава.

Пасля, у лагчынцы каля насыпу, намоклі калені і локці. Пасля мы выпаўзлі на насып. Паўлюк са сваёй «дзесятачкай» урачыста ўталопіўся ў цемру, у той бок, адкуль мы чакалі патруля...

Гэта быў мой шосты падрыў. Дагэтуль рукі прызвычаіліся амаль зусім не дрыжаць ад хвалявання, - я працаваў хутка і спраўна. Выграб ямку пад рэйкай, паміж шпаламі, уставіў тол, тады - найбольш адказная работа, - сабраўшы ўсю асцярожнасць, прывязаў да кручка шнурок і капсуль заправіў у зарад. Мы адпаўзлі, абмінаючы наш папярэдні шлях, каб не крануць як-колечы шнурок.

Чакаць прыйшлося не вельмі доўга.

- І раздабрыўся ж, трасца яму, як на злосць! Ушчэнт раскіснем, - нездаволена мармытаў Паўлюк на дождж. - А той не ідзе, не грукоча, каб ён галавой налажыў!

Я быў у творчым, шчаслівым настроі - трохі ўстрывожаным, трохі гуллівым.

- І наложыць, ты думаеш - не? - шапнуў я ў адказ.

Памаўчалі. А дожджык, і праўда, так і паўзе за каўнер. Крышку правей ад міны, адпаўзаючы, я прыкмеціў велікаваты кусцік. Гэта мой арыенцір. На фоне цёмна-шэрага неба над насыпам ледзь вызначаецца яго сілуэт. Я не зводжу з яго вачэй.

- Як паглядзіш на ўсё, што вырабляюць чэрці, - гудзе, пачакаўшы, Паўлюк, - дык хоць і сёння з вамі ў лес пайшоў бы... І прыйдзецца, мусіць...

- Не ўсім, брат, з намі быць, пачакай, - шапчу я. - Дзядзька Ігнат і ў хаце сядзіць, ля дзяцей, а мы без яго як без рук. А пра сябе - ты ведаеш сам...

Я ўспамінаю пра днёўкі ў Паўлюковым гумне і тое, як нядаўна наш Міхась-шаптун, ранены ў нагу, два месяцы адлежваў на гары Паўлюковай хаты, і пра іншыя «сувязныя» справы майго земляка... І да болю ў вачах пазіраю на куст... Пасля мне раптам робіцца чамусьці вельмі весела.

- Дзядзька, - шапчу я Ігнату, які нахохліўся ад дажджу, - а ці ведаеш ты, навошта тол патрэбен у мірны час?..

- На каросту, - за дзядзьку адказвае Паўлюк.

Зноў цішыня, чаканне. Паўлюк выкарыстоўвае іх на складанне новай казкі - пра тол.

- Пярэськава Тэкля жаліцца мне аднойчы, - пачынае ён, пачакаўшы, - «азадак, Паўлючок, хоць таркаю дзяры...».

- Стой, ідзе, - асякаю я казку.

Застыглі.

- І праўда, - шэпча Ігнат, - ідзе...

Сэрца маё грукаецца бадай што мацней, як цягнік, гэтак ціха ён сунуўся. Быццам на мушку вінтоўкі, я ўзяў яго на куст... Перад сабой паравоз папіхае пустую платформу. Фашыст прывык закрывацца другімі. А мы на гэтую «хітрасць» - вяровачку. Вось... платформа... закрыла... мой куст... вось... паравоз...

- Тузай! -ледзь не падскочыў я.

Так, тады было цёмна, усё разбілася ўмомант, - а ўсё ж і дагэтуль стаіць у вачах тая прагная страсць, з якой Паўлюк тузануў за вяровачку.

 

4

 

Не адной тысячай мокрых ножак па страсе адрыны тупаціць дождж. Соладка, парна пахне цёплая атава, на якой я ляжу, пазіраючы ўверх, на запыленае павуцінне пад лацінамі. Вакол, як хто паспеў паваліцца, спяць нашы хлопцы. Я ж толькі прыкідваюся, што сплю: я слухаю. На ўскраі тарпа сядзіць Паўлюк. Ён бае новую казку дзядзьку-хутараніну, у якога мы спыніліся перадняваць.

- Нарабілі, браце, мяса, - гудзе яго прыцішаны голас. - Падлажылі мы гэтую самую цацку пад рэйку і ляжым. А цёмна - хоць ты на ваўка ўссядзь. Чуем пасля - ідзе. Крадзецца, браце, на пальчыках, босы, баючыся ступіць на шкло. Навучылі паршыўца хадзіць! А тут жа яму пад чэрава як гапне!.. Перакуліўся на спіну, і толькі колы, як жывыя, як лапкамі перабірае, круцяцца... А вагоны цераз галаву, цераз галаву, поныр'ю!.. Падняўся вэрхал, піск - якраз, як гэта пацукоў недзе ў скрыні напрэш...

Ён змаўкае на момант, а потым канчае:

- Сотні дзве наглушылі!..

Я маўчу і думаю:

«Дык вось яна - казка і пра нас. Ды якая тут казка! Гэта - наша партызанская сапраўднасць, абагуленая мастаком. Яна ў нас - як казка, толькі добра расказвай. Нічога, калі заўтра ці пазаўтра ў сённяшні Паўлюкоў расказ паступіць папраўка: наш сувязны, магчыма, данясе ў атрад, што гэтым разам мы пусцілі пад адкос эшалон толькі, скажам, з вуголлем ці з нейкім ломам! Мінулы раз у мяне былі цыстэрны з гаручым - дванаццаць цыстэрн! - а ў Юзіка - «жывая сіла». Чаго ж не было яшчэ ў мяне ці ў яго, тое напэўна будзе. У іншых жа бывае! А Паўлюк - ён па-свойму выказвае нашы жаданні, нашу нянавісць да захопніка, - чым больш набіта будзе «пацукоў», тым лепш...».

- Будзі, братка, - шэпча гаспадар, - а то і гарох астыне...

Адпырхваючыся, праціраючы вочы, мы садзімся на атаве, вакол бяздоннага гаршка гарохавай кашы, лустаў хлеба, салёных гуркоў.

- За вашыя, хлопчыкі, і ручкі, і ножкі, і ўсё... Каб мы, Бог мілы даў, ды прычакалі... - пачынае дзядзька, дастаючы з-пад палы заткнутую лапінкай бутэльку.

У шклянку прыемна забулькаў пяршак.

 

* * *

 

- Дык што, Снапок, мабілізацыяй заняўся, га?..

Іван Кузьміч, з неразлучнай люлькай у зубах, глядзіць на мяне, мнагазначна прыплюшчыўшы вока. А мне - не прыдумаеш проста, як тут выкручвацца.

Ноччу, калі мы праходзілі паўз нашу, маю з Паўлюком, вёску, я сказаў:

- Ну што ж, ідзі ўжо хіба, Паўлюк.

А ён са шчырым здзіўленнем спытаўся:

- Куды?

- Як куды? - у сваю чаргу здзівіўся я. - Дахаты!

- Дахаты? А што яна, у поле збяжыць? Зойдзем за тыднік-другі...

І як тут давесці цяпер камандзіру, што я не хацеў самавольна пераводзіць Паўлюка з сувязнога ў падрыўнікі, што я хацеў толькі сплаціць яму наш доўг, што Паўлюк гэтым падрывам назаўсёды ўрос у маю групу, а з групай - прырос да атрада?

Аднак я тлумачу:

- Таварыш камандзір...

- Я ведаю, што я - «таварыш камандзір», - перабівае Іван Кузьміч, - вось ты дык, відаць, забыўся пра гэта. Самавольства, язві яго душу!..

Іван Кузьміч - з-за лініі фронту, партызан грамадзянскай вайны, сібірак, з неразлучным алтайскім нажом і «язві яго душу». Звыш усіх яго камандзірскіх і чалавечых якасцей, ён - аматар дысцыпліны і знаўца бадай што ўсіх гатункаў табаку.

Я не куру. Для мяне што мультан, што не мультан - адзін чорт. А дысцыпліну я люблю таксама. А потым у мяне адна такая звычка ёсць, што я люблю да сэрца лезці напрасткі. І заўсёды амаль удаецца. Дык вось і цяпер я таксама рвануў:

- Іван Кузыміч, дык вы б хоць зірнулі на яго спачатку. Дальбог, падзякуеце!..

Іван Кузьміч спачатку маўчыць, а потым ледзь прыкметна ўсміхаецца і кажа:

- Ну што ж, давай яго, тваё дзіва, сюды.

Па дарозе ад сталярні, дзе я знайшоў Паўлюка, да камандзірскай зямлянкі я тлумачыў яму, як трымацца, каб адразу прыйсці даспадобы майму начальству. І вось Паўлюк стаіць перад Іванам Кузьмічом «смірна». Ботам унізе прасторна, і яны, па старой артылерыйскай памяці, зусім прыстойна вытрымліваюць статут. Затое галава на шырокіх мажных плячах міжвольна прыгнулася наперад так, як служыць пакатая столь невысокай зямлянкі.

- Таварыш камандзір! - чаканю я, бадай што лепш, як заўсёды. Аднак Іван Кузьміч як быццам не чуе мяне.

- Так, нічога сабе, - кажа ён. - Ну і што, дзе гуляў?

- А я ў Міколы-сталяра сядзеў. Глядзеў, як гэта ён скрыначкі стружа. Спраўны хлапчына!

Сталяру Міколу - пад пяцьдзесят, і мы, маладыя - больш палавіны атрада, - завём гэтага «хлапчыну» - дзядзька Мікалай.

- Што, што ён робіць? - перапытвае, як недачуўшы, Іван Кузьміч.

- Ну, міны, скрыначкі для мін...

- А, вось яно што! Так, ён у нас майстар - няма што казаць. Абы толькі толу хапала.

- А каб гэта са снарадаў паспрабаваць, таварыш камандзір, - пачынае Паўлюк, як быццам ніколі не чуўшы аб тым, што мы выплаўляем шмат толу з валяшчых снарадаў і бомбаў. - Я ведаю адно месцечка...

А я чамусьці гляджу на яго здаравенныя боты. Калені ўжо самавольна прыгнуліся ў паўдарогі са «смірна» на «вольна», і адзін ступак адставіўся ўбок, выразна парушыўшы дысцыпліну.

- Слаўнае месцечка, - гудзе Паўлюк. - Вось вы мне толькі дайце заўтра хлопцаў са два, таварыш камандзір, дык мы падыдзем на Нёман. Там у мяне штук з дзесятак самалётных бомбачак ляжыць на дне. Трэба іх будзе падняць.

- А што, Снапок, - звярнуўся да мяне Іван Кузьміч, - пашлі з ім заўтра пару чалавек, а то і сам, калі хочаш, пайдзі.

Іван Кузьміч увачавідкі мякчэе. Ён бярэ са стала сваю вечную люльку і круглую баначку - прадмет нашай зайздрасці - з надпісам: «Нашым партызанам і партызанкам слава!» Баначку гэтую ён прынёс сюды з Вялікай зямлі разам з мноствам іншых каштоўнасцей. Пакуль ён прывычным рухам скручвае з баначкі вяршок, я зноў гляджу на Паўлюковы боты. Яны ўжо і зусім забыліся пра ўмоўленае «смірна»:

Паўлюк па-сяброўску ступае наперад і кажа:

- А вы майго, таварыш камандзір, мультанчыку... А то вы, гляджу я, нейкую там сабе пацяруху курыце. Эх, і хлопцы ж у вас: каб чаго - табаку не прынесці!..

- Яны толькі за дзеўкамі, язві іх душу, - зусім дабрадушна мармыча Іван Кузьміч, лезучы трыма пальцамі ў Паўлюкоў капшук.

Ён напіхае люльку, тады, не без важнасці, падстаўляе Паўлюку аганёк зайздроснай самапалкі, якая таксама з Вялікай зямлі, потым прыкурвае сам, смачна зацягваецца поўнай зацяжкай і, амаль што зусім захоплена, кажа:

- Язві яго душу - хар-рош!..

Я не куру. Мне мультан не мультан - адзін чорт. Ды якое там, па-мойму, з табаку хараство! Я ўпэўнены, што камандзір гаворыць гэта больш пра Паўлюка.

 

1945

 

Каментары

 

Друкуецца паводле выд: Выбр. тв. У 3 т. Т.1. Мн., 1992; Т.2. Мн., 1993.

Упершыню - час. «Вожык», 1945, No.2, 3.


жнівень 1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Брыль. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беллітфонд», 1999.
Крыніца: невядомая