epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

На тым баку планеты

 

Спачатку былі два акіяны: блакітны над намі і сіні — глыбока ўнізе.

У гэтай велізарнай, блакітна-сіняй ракавіне сям-там адсвечвалі перламутрам воблакі, а над імі разразала прастору сярэбранае крыло самалёта, што злёгку пагойдвалася, нібы ад радасці за чалавека-творцу.

У падвешанай калысачцы зусім па-хатняму спаў маленькі амерыканец. Бацька ягоны — доўгі, стракаты ад жоўтых вяснушак, які ў Парыжы заходзіў у наш самалёт па-цыркавому пацешна абвешаны клункамі і малечай,— сядзіць побач з мамай, таксама светла-рыжанькай і шчуплай, як падлетак. На каленях у гэтай пары — вясёлае мноства дзяцей.

З-за белых, зачахлёных спінак сядзенняў віднеліся профілі і патыліцы таямнічых лэдзі і джэнтльменаў, звычайных, бязлітасна тоўстых або падкрэслена худых.

Стройненькая, чарнявая сцюардэса з мілым французскім какецтвам дэманстравала нам сваё веданне рускай мовы: «Чай? Кофэ? Шампан? Я люблю вас! Спасибо!..»

Старая чэшская бабічка ў квяцістай вясковай хустцы спачатку снавала з заклапочаным выглядам па даўжэзным праходзе, а потым спыталася ў тых, што гаварылі па-руску: «А дэ сэ ту заходзі?..»

Вышыня — толькі сем з палавінаю кіламетраў. Але і так парою весела здавалася, што мы стаім на месцы, мы сабе тут жывём, а недзе ўнізе пад намі — круціцца Зямля.

У проймах паміж хмарамі, што ішлі нібы крыгі па шырачэзнай рацэ, паказаліся сурова і халодна белыя горы Грэнландыі. Праз нейкі час на сінім дне нашай ракавіны пачалі з'яўляцца айсбергі — смарагдовыя лодкі з белымі ветразямі, што, нібы чайкі, прадвяшчалі блізкі прычал. І сапраўды — вось паказаўся шэры россып астравоў, пасля — шэра-зялёны мармур мацерыка ў бясконцых латках азёраў. Лабрадор. Спакваля, чым далей на поўдзень, часцей заўважаецца след чалавека — спачатку толькі стрэлы дарог, а потым і палі, і будыначкі паселішч.

Прыкметна ідзём на зніжэнне.

Насустрач нам з зямлі люстэркамі пабліскваюць дахі фермаў, пафарбаваныя алюмініевай пудрай. Вясёлы, ужо суцэльны вітраж рознакаляровых і розных па форме палеткаў, над якімі, цягнучы невады сваіх ценяў, паўзуць чароды белых воблакаў. Прывольна разлілася магутная рака. Паказаўся жывы, вялізны макет шчодра зялёнага, акуратна спланаванага горада.

Ніжэй, ніжэй, ніжэй...

І вось яна — зямля, на якую мы ступаем з завоблачнай вышыні.

Адно з самых першых уражанняў:

Яшчэ ж толькі тры дні таму назад быў не бязмежны акіян, не Парыж, не Масква, нават не Мінск, а ціхая лясная вёсачка над Віліяй... Там я пакінуў малога сына. І мне так прыемна бачыцца, што ён цяпер, іменна ў гэты момант, нясе перад сабой заціснуты ў падрапаных катом руках жоўты, крыху шчарбаты збаночак малака, толькі што ад каровы. Басанож, асцярожна ідзе па сцежцы пад соснамі, якія густа стаяць і за дваром і на двары, ідзе праз брамку ў старым частаколе, па сцежачцы паміж кветкамі... Вялікі шлях, ад хлява да хаты, і ў ім, дальбог жа, не менш хвалявання ды важнасці, чым у маім — турысцкім, міжкантынентальным!..

І як жа добра мне глядзець на тую сцежку ажно вось так здалёк — з другога боку планеты!..

Ды гэта — асабістае.

Мы ўжо ідзём па канадскім асфальце — нешырокай і доўгай дарожкай — да гмаху аэрапорта.

Навокал шмат сакавіта-зялёнай травы.

...Бывалыя людзі, члены нашай групы, казалі, што Канада вельмі нагадвае Англію.

Гаварылася пра гэта і ў вялікім прамысловапартовым Манрэалі, з яго шматпавярховым, разрэкламленым цэнтрам, з яго катэджамі і зелянінай на заможных ускраінах, з яго ракою Святога Лаўрэнція, па якой глыбока ў кантынент заходзяць акіянскія караблі. Успаміналі нашы бывальцы пра «горды Альбіён» і ў ціхай, багатай паркамі і вадою Атаве — горадзе банкаў, касцёлаў і дзяржаўных устаноў. Успаміналі і ў невялікім, яшчэ больш зялёным і ціхім Стратфардзе...

Аднак той самы Манрэаль вельмі выразна напамінае і пра Францыю,— мовай мноства жыхароў, мовай газет, рэклам, радыё, тэлебачання, архітэктурай. Есць тут нават і свой Нотр-Дам, раскошная копія парыжскага арыгінала.

Наогул, і ў Манрэалі, і ў іншых мясцінах правінцыі Квебек ёсць многае, што чалавеку, які пабываў хоць у адным толькі Парыжы, настойліва напамінае Францыю.

У Таронта, калі мы аглядалі яго гандлёвы цэнтр з амаль «дарослымі» небаскробамі, гасцінныя гаспадары, жартуючы, але з прыкметнай гордасцю гаварылі:

«А гэта наш Уол-стрыт, а гэта — Брадвей, а гэта...»

Словам, калі ўлічыць яшчэ аўтамашыны, рэкламы амерыканскіх фірмаў, паласатыя сцягі на некаторых будынках і іншыя, хоць бы знешнія адзнакі,— і ў Таронта, і ў іншых мясцінах Канады многа чаго нагадвае ЗША...

Нейкія спецыфічна канадскія рысы жыцця, культуры, побыту заўважыць тут вельмі цяжка.

Магчыма, для гэтага патрэбна не дзесяць турысцкіх дзён, а значна даўжэйшы час больш спакойнага ды грунтоўнага назірання, не тэндэнцыйна абмежаваныя паслугі мясцовых гідаў, а веданне англійскай мовы. І першага, і асабліва другога мне, як і многім у нашай групе, вельмі не хапала...

Калі гаварыць пра пейзаж паўднёва-ўсходніх раёнаў Канады, дык у правінцыі Квебек ён нагадвае нашу Гомельшчыну — яе раўніннае прыволле, лагодны, паступовы пераход да чыста ўкраінскай прыгажосці.

З акна аўтобуса і на фермах, дзе мы бывалі, прыемна было любавацца пірамідальнымі таполямі, дубамі, клёнамі, алешнікам і вербамі над вадою. Толькі трохі дзічэй, чым у нас, толькі сям-там на зеляніне выступае густая кароста вечнай ледніковай камяністасці. Замест залатой збажыны, зялёнастракатых прастораў бульбы, удалай ці няўдалай кукурузы — тут, у гэтых жывёлаводчых раёнах, відаць пераважна яшчэ няспелы (у канцы ліпеня) авёс ды бясконцая цімафееўка. На адкосах дарог густа цвіце блакітны падарожнік, жоўтае купалле, сям-там дзікія ружы. Многа вады — то азёры, то рэкі. І рэдкія фермы.

Далей на захад, у правінцыі Антарыё, асабліва на Ніягарскай паўвыспе, пейзаж амаль украінскі — сады і вінаграднікі.

Зблізку мы аглядалі іх на адной украінскай ферме каля Гамільтона, дзе залацісты рыслінг і буйныя чарэшні каля белай хаты добра напомнілі мне залатое, песеннае наддняпроўе.

А як сумавалі па ім нашы гасцінныя гаспадары, што ў далёкім юнацтве ўцяклі сюды, за акіян, ад суровай дарэвалюцыйнай галечы!..

Такіх тут многа, і не сказаць пра іх,— значыцца, не сказаць пра Канаду, хоць бы пра знешні яе каларыт, вельмі многа.

Апроч былых каланізатараў, якія за даўнасцю год называюцца законнымі ўладальнікамі гэтай багатай зямлі, апроч новых прэтэндэнтаў на гаспадаранне яе лёсам ёсць у Канадзе шмат імігрантаў, у тым ліку славян.

Тры асноўныя стыхіі — англійская, французская і амерыканская — не столькі суіснуюць тут на працягу стагоддзяў, колькі змагаюцца за непадзельнае панаванне. Нягледзячы на тое, што французская мова побач з англійскай з’яўляецца тут дзяржаўнай, французскі ўплыў на жыццё Канады непараўнальна слабейшы за ўплыў англійскі і амерыканскі, якія, калі браць справу ў моўным аспекце, утвараюць амаль адно цэлае.

Імігранты-славяне, каб захаваць свой нацыянальны воблік, увесь час жывуць у змаганні з англасакскім міжкантынентальным шавінізмам. Лепшая, прагрэсіўная частка іміграцыі прымае актыўны ўдзел у агульнапралетарскім змаганні за правы працоўнага чалавека, у агульнанароднай барацьбе за мір. Тут вельмі многа былых прышэльцаў з усходняй Еўропы, многа і наогул, і адносна да насельніцтва іх «новай бацькаўшчыны». Яны жывуць, працуюць там ужо блізу стагоддзе, даўно і трывала стаяць на перадавых пазіцыях, ведучы за сабою другіх, і таму, бясспрэчна, маюць права з законнай гордасцю называць і сябе будаўнікамі эканомікі Канады, гаварыць і пра свой станоўчы ўплыў на яе культуру.

Недаравальна было б не ўспомніць чалавечым словам пра народ, які ўжо не толькі даўно не лічыцца гаспадаром гэтай зямлі, але і згадваецца ў нейкім музейна-запаведніцкім плане...

Індзейцаў турыстам паказваюць тут з сур’ёзнасцю і пашанай куды меншай, чым мы, напрыклад, паказваем белавежскіх зубраў.

У першы наш заакіянскі дзень, адразу пасля Нотр-Дама і шлюзаў Св. Лаўрэнція, нас павезлі, як сказаў гід, у індзейскую вёску Канавагва.

У гэтым крыкліва-экзатычным паселішчы, дзе больш за ўсё было відаць ларкоў з тамагаўкамі, вігвамчыкамі з кары, маскамі, лукамі і іншай сувенірнай дробяззю, нас урачыста сустрэў дзівосна прыбраны ў пер’е правадыр адпаведнага племені, ён жа па сумяшчальніцтву і «файерпокер», ахоўнік вогнішча, нешта накшталт шамана.

Спачатку ён вельмі ахвотна, нібы забыўшыся пра ўсю дыпламатычную значымасць моманту, і сам, і ў абдымку з некаторымі турыстамі пазіраваў перад усімі фотаапаратамі, а потым — пачаў маліцца.

Падпаліў у нейкіх начоўках кару, патупаў вакол дыму, шастаючы бубнам, падобным на мандаліну, поўную гароху, пагудзеў нешта, а тады накрыў сваё вогнішча чорнай, па ідэі — бабровай шкурай. Ідучы насустрач пажаданню гіда, ён растлумачыў нам сэнс малітвы (за наша, вядома, здароўечка), уперамешку з англійскай мовай сказаў некалькі фраз па-іракезску, а потым... потым стаўся нечаканы цуд!..

Свядома ці несвядома грозна-ўрачысты правадыр і ўсемагутны шаман прараніў адно слова... па-польску: «дзенькуе!»

Наша вясёлае меркаванне, што гэты падазрона нясклёпісты, вахлакаваты Манцігома Ястрабіны Кіпець хутчэй за ўсё — адэскі ці бабруйскі сваячок Астапа Бэндара, так сказаць, пацярпела папраўку.

Манцігома, калі я загаварыў з ім па-польску, развёў у зямляцкай усмешцы сваё чырвонае, выпасенае на турысцкай наіўнасці мурло і ахвотна прызнаўся, што ён — адзін з самых прамых ды законных нашчадкаў славутага кантара з Ломжы.

У гэтай пацешнай, непрыдуманай навеле пра яшчэ адну форму бізнесу ёсць свой падтэкст — і глыбокі, і сумны.

Я ўспамінаў ці, лепш сказаць, па-новаму перажываў яго ў Стратфардскім музеі, перад палотнамі Эміліі Кар, напісанымі на індзейскія матывы, з жыцця плямён, ізаляваных у рэзервацыях.

Асабліва запомніліся дзве сасны на вырубе — старыя, самотныя сосны. І надпіс, што прымушае задумацца: «Праклятыя людзьмі, аднак любімыя богам».

Аўтарскі жаль і горкі роздум над лёсам абарыгенаў відаць быў і ў стылізаваным пад народную разьбу вобразе маці-індыянкі, што ратуе ў сваіх — якіх жа бездапаможных — абдымках дзіця, сімвал народнага мастацтва, асуджанага на пагібель...

Хто яго ведае,— ці ратуючы гэтае мастацтва, ці проста, як той Манцігома, толькі што з большым культурным шыкам, робячы на ім фестывальны бізнес,— тут жа, пад дахам музея, працаваў нейкі другі мастак. Здаравенны джэнтльмен у беленькай нейлонавай кашулі і «пад бабачкай», ён з-за вуха, з поўнай абыякавасцю да прысутных, лупіў спецыфічнай сякерай па здаравеннай калодзе канадскага дуба, высякаючы «тотам» — бажышча.

Паблізу ад гэтага джэнтльмена працавала не менш шыкарная лэдзі — вырэзвала з дрэва маскі, без слоў і жэстаў, а толькі стусікамі візітных картачак ці то адказваючы на магчымыя пытанні зацікаўленых, ці то зусім па-дзелавому прапануючы ім свае паслугі.

Сімпатычная работніца музея з важнай аб’ектыўнасцю не зусім яшчэ дарослай міс паведаміла нам, што лэдзі-мастачка — індыянка па бабулі ці нават як быццам па маме...

Больш індзейцаў нам не давялося ўбачыць.

Зрэшты, поўдзень правінцый Квебек і Антарыё, у якіх мы былі,— гэта толькі маленькая частка Канады. Тут, у найгусцей заселеных і найбольш культурных раёнах краіны, індзейцы, як нам вядома было, жывуць у асобых паселішчах, куды, як з галантным жалем паведаміў містэр гід, турыстаў звычайна не возяць...

Яшчэ ў маленстве, ад самога Марка Твэна мы чулі, што ў землякоў яго быў звычай называць свае новыя гарады імёнамі гарадоў еўрапейскіх.

А ўсё ж, і ведаючы гэта, прыемна было з Таронта за нейкіх пару дзесяткаў мінут прыляцець у Лондан, а з Лондана, аўтобусам, таксама менш чым за гадзіну, прыехаць у Стратфард...

Гэта дваццацітысячны гарадок з тэкстыльнай, мэблевай і харчовай прамысловасцю, з невысокімі камяніцамі і ўтульнымі катэджамі ў шчодрай зеляніне, з ідылічнымі сажалкамі, каля берагоў якіх белыя і чарнашыія лебедзі злосна шчыкаюць турыстаў за надакучлівыя фотаапараты.

Атмасфера тут настолькі ўжо англійская, што і гасцініца, у якой мы размяшчаліся, называецца «Віндзор», і ў вестыбюлі яе, на самым алтарным месцы, дыміць цыгарай за шклом бравы сэр Уінстан Чэрчыль.

Але Стратфард, канадскі Стратфард, славен не гэтым.

Пачынаючы з пяцьдзесят трэцяга года тут кожнае лета, з канца чэрвеня да палавіны верасня, адбываюцца шэкспіраўскія фестывалі, слава якіх пераступіла ўжо цераз абодва акіяны.

Душой гэтай справы быў і застаецца прагрэсіўны канадзец англійскага паходжання, энтузіяст Шэкспіра і друг нашай краіны Том Патэрсан — журналіст і грамадскі дзеяч.

Іменна ён, з групай сваіх калег, работнікаў мастацтва, прымаў нас у гэтым арыгінальным тэатры з гасціннасцю сапраўды сяброўскай.

Першыя чатыры сезоны фестываль праходзіў у часовым памяшканні, пад брызентавым дахам, і тэатр у той час насіў імя «тэатра пад тэнтам». Але гэта былі не першыя і не найбольшыя цяжкасці.

У пачатку пяцьдзесят другога года група стратфардскіх шэкспіраўцаў сабрала сто дваццаць пяць долараў і, узброіўшыся ўсім гэтым тэатральным фондам, Том Патэрсан паехаў у Нью-Йорк — на пошукі «зорак», якія згадзіліся б паслужыць высакароднай справе. Вярнуўся з пустымі рукамі. Тады сябры звярнуліся ў Лондан (у той, заакіянскі), да славутага тэатральнага дзеяча Тайрана Гатрые. «Неверагодная мара», як называлі многія ўсю гэтую задуму, пачала нечакана здзяйсняцца. Гатрые загарэўся ідэяй стварэння новага шэкспіраўскага тэатра, згадзіўся стаць яго галоўным рэжысёрам. Ад яго і Патэрсана спакваля пачалі загарацца іншыя — і ў Англіі, і тут, у Канадзе. Знайшліся празорлівыя ўкладчыкі і сапраўдныя работнікі мастацтва, і ўжо ўлетку наступнага года ў старым стратфардскім парку, растрывожыўшы лебядзіную ціш, заігралі традыцыйныя трубы, абвяшчаючы пачатак першага спектакля.

Новы гмах тэатра пабудаваны ў пяцьдзесят шостым годзе.

Здорава ён выглядае — заліты сонцам, лёгкі і светлы, на першы погляд вельмі падобны да вялікага цырка ці, яшчэ больш, да круглага павільёна на нейкай вясёлай, паўднёвай выстаўцы.

Настрой своеасаблівай радаснай устрывожанасці пачынаецца ўжо тады, калі на балконе, які апяразвае гмах паўкругам, з’яўляюцца фанфарысты, што старадаўнімі гукамі рэнесансавай музыкі замяняюць — і ў пачатку, і ў антрактах — сучасныя званкі.

Праз светлае прасторнае фае ты ўваходзіш у глядзельную залу. Вялікая, больш за дзве тысячы месц, яна ўзвышаецца амфітэатрам з трох бакоў. З чацвёртага боку ў гэты раскошны амфітэатр лёгкім узвышэннем з прыступкамі ўкліняецца адкрытая сцэнічная пляцоўка. Па шэкспіраўскай традыцыі — з елізавецінскімі балконамі і арыгінальна прымітыўнымі ўваходамі і выхадамі для артыстаў. Калі адны з іх выходзяць на пляцоўку ці на балкон праз дзверы, так сказаць, звычайныя, дык другія з’яўляюцца на сцэну з тунельных праходаў пад амфітэатрам і туды ж бягуць у роспачы або ў ваяўнічым запале. А трэція дык наогул вылазяць на белы свет з-пад зямлі.

Так, напрыклад, група афінскіх рамеснікаў з камедыі «Сон у летнюю ноч» — усе тыя пацешныя Пігвы, Мілягі, Дудкі і Рылы павылазілі адзін за адным, нібы з хатняга паграбка, прыпадняўшы века патайнога ўвахода на самым цэнтры пляцоўкі, параіліся наконт самадзейнага спектакля, размеркавалі ролі і зноў палезлі ў сваё падполле, па-гаспадарску зачыніўшы над сабою дзверы.

І самае цікавае — усе гэтыя далёкія сярэдневяковыя ўмоўнасці не здаюцца тут дзіўнымі,— так уражае, так зачароўвае непаўторны каларыт эпохі, то суровае, то паэтычна-вясёлае асяроддзе, куды вас адразу ўводзяць і выдатнае афармленне, і таленавітая ігра.

Дарэчы, спектаклі пачынаюцца заўсёды... стрэлам за сцэнай, ад якога ўсе — хоць бы і пяты ці дзесяты раз — нечакана ўздрыгваюць і весела разгамоньваюцца. На нейкі момант — таму, што тут жа трэба ўставаць і ва ўрачыстым маўчанні праслухаць велікабрытанскі гімн.

І яшчэ раз, дарэчы,— стратфардскі тэатр з’яўляецца, на думку знаўцаў, узорам вельмі ўдалага спалучэння шэкспіраўскіх традыцый з сучасным тэхнічным абсталяваннем. Аб гэтым сведчаць і дасканалая акустыка, і багата абсталяваныя майстэрні, і зручныя артыстычныя прыбіральні, і ўтульны кафетэрый.

Мы паглядзелі ўвесь рэпертуар сезона: «Сон у летнюю ноч», «Караля Джона» і «Рамэа і Джульету».

Не ведаючы мовы, вельмі цяжка захапляцца, асабліва тымі п’есамі, якія ты даўнавата чытаў або і не чытаў зусім. Прападае, не даходзіць да цябе ўся раскошная сіла шэкспіраўскага слова — і звонкае яго гучанне, і багаты гумар, і водар падтэксту. Сядзіш, злуешся то на сябе, за невуцтва, то на лёс, што не заўсёды табе спрыяў, то... на самога Шэкспіра, што мала і ў ягоных п’есах дзеяння: выйдуць людзі ці выбегуць, пастануць у позы і толькі бясконца гавораць штосьці — то па адным, то па двух, то гуртам...

Так было ў мяне з «Каралём Джонам», якога я перад тым і не чытаў, і не бачыў на сцэне.

Так было, пакуль не дайшло да першай сцэны чацвёртага акта, дзе суровы Х’юбарт, выконваючы каралеўскі загад, не змог асляпіць юнака Артура. Высокі драматызм і чалавечнасць тэксту ў спалучэнні з таленавітай акцёрскай падачай зрабілі сваё,— разам з усёй канадска-амерыканскай аўдыторыяй, разам з сябрамі і я ад душы біў брава і чарадзею аўтару, і сімпатычнаму падлетку Гэйварду Марзе — Артуру.

Трохі лягчэй было без мовы са шматфарбнай, дасціпнай камедыяй пра дзівосы адной летняй ночы.

А ў яшчэ лепш вядомай, шмат разоў бачанай, найжурботнейшай у свеце аповесці пра каханне пачалі нават заўважацца недахопы ігры. І амерыканка Герыс у ролі Джульеты, і італьянец Джэрусі — Рамэа ігралі без асаблівага бляску. Ён быў проста цьмяны і вялаваты, а яна, замест пяшчотнай абаяльнасці, дэманстравала даволі развязную настойлівасць з нейкім надрыўным крыкам... Нельга сказаць, што мне было вельмі прыемна заўважаць плямы на фестывальных «зорах», але ж не варта замоўчваць і таго харошага пачуцця, з якім тады падумалася пра некаторых нашых айчынных Джульет і Рамэа.

Аднак не лішнім будзе яшчэ раз і з прыемнасцю сказаць, што наогул ігру акцёраў ва ўсіх трох спектаклях можна без перабольшання назваць і добрай і выдатнай.

Яшчэ больш прыемна было, калі ўсе гэтыя шэкспіраўскія дамы, рыцары і каралі, рамеснікі, эльфы і феі сышлі з падмосткаў і балконаў свайго сярэдневякоўя і сталі — на творчай сустрэчы з намі, а потым на хатніх прыёмах — проста цікавымі і мілымі людзьмі.

На сустрэчу з намі ў рэпетыцыйнай зале тэатра апроч драматычных акцёраў сабраліся музыканты фестывальнага аркестра і артысты аперэты.

Трэба сказаць, што стратфардскія фестывалі не абмяжоўваюцца толькі шэкспіраўскімі спектаклямі. Так, сёлета апроч пастаноўкі трох вышэйназваных п’ес у фестывальны комплекс уваходзілі спектаклі аперэты, фестываль кінафільмаў, сімфанічныя канцэрты з удзелам Леапольда Стакоўскага, семінар шэкспіразнаўцаў і міжнародная канферэнцыя кампазітараў.

Сустрэчай нашай кіраваў цяперашні мастацкі дырэктар фестывалю, адзін з самых таленавітых канадскіх рэжысёраў Майкл Ленгхам. З прыемнай прастатой і шчырасцю ён расказаў, як цёпла яго сустракалі нядаўна на нашай савецкай зямлі, пазнаёміў нас коратка з гісторыяй фестывалю і яго перспектыўнымі планамі.

Пасля на невялічкую эстраду ўзышоў любімец публікі, малады барадаты прыгажун, аўстраліец Гары Мосфільд, барытон. Адзін і з залам бліскуча і іскрыста весела ён выканаў некалькі новазеландскіх і канадскіх народных песень.

Прыйшла чарга да гасцей. Калі раней, са словам у адказ дырэктару, цікава выступіў адзін з нашых вядомых вучоных, чалавек абаяльна культурны і сціплы, дык мастацкія магчымасці групы прадставіла эстрадная от сабе балерынка, больш пажылая, чым энергічная. Як на нашу савецкую шчодрасць, атрымалася да няёмкасці скупа...

Сімпатычны Майкл зноў узышоў на эстраду, і з той самай сваёй непасрэднасцю, нават з рукамі ў кішэнях штаноў, расказаў, што ён, салдат другой сусветнай вайны, пакутаваў разам з рускімі ў канцэнтрацыйным лагеры, што ён быў і застаецца пад абаяннем гэтых сапраўдных людзей — верных сваім высакародным ідэалам, мужных, простых і таленавітых. Пабываўшы ў Савецкім Саюзе, ён яшчэ раз пераканаўся ў гэтым. І ён, адкрыта кажучы, не можа сабе ўявіць, каб савецкія людзі ды не маглі заспяваць...

Абяззброеныя такім уступам, мы пачалі самадзейнічаць. Поспеху, праўда, было не вельмі каб шмат, але ж атмасфера стала яшчэ больш непасрэднай.

У доме Майкла Ленгхама нас прымала яго вясёлая гаспадынька, Гелен Бернс, артыстка, якую мы перад гэтым бачылі ў ролі энергічнай афінскай прыгажуні Герміі.

А ў віхрастым Хрыстоферы, які на пару са сваім сябруком дапамагаў маме разносіць у шумным натоўпе гасцей бакалы і сандвічы, госці-турысты весела пазналі яшчэ адну фестывальную «зорку» — хлопчыка на мыліцы каля анжэрскай сцяны ў адной з масавых сцэн «Караля Джона».

Палерма як горад я амаль не запомніў.

За гэтай назвай перад вачыма памяці стаіць пакрытая маладымі дрэвамі зялёная раўніна на паўночным беразе агромністага возера Антарыё і велічная, родная постаць Тараса Шаўчэнкі, які задуменна глядзіць на сонечнае серабро і золата лагодных хваль, за жывым бязмежжам якіх яму бачыцца бацька Дняпро і прасторы духмяных стэпаў...

Шаўчэнкаўскі запаведнік Палерма.

У ліпені пяцьдзесят першага года тут быў пастаўлены першы на амерыканскім кантыненце помнік Кабзару, падарунак прагрэсіўнай украінскай іміграцыі ад Украіны Савецкай.

Штогод у дзень адкрыцця помніка тут адбываюцца мнагалюдныя шаўчэнкаўскія мітынгі — патрыятычна ўрачыстыя і па-ўкраінску звонка вясёлыя.

У тую нядзелю, калі мы прыехалі ў запаведнік, тут адбыўся так званы акруговы пікнік таронцкіх украінцаў, а фактычна — мітынг дружбы, на які сабралася тысячы тры народу.

На зялёнай паляне і ў засені дрэў, каля ўласных машын, сямейнымі ды зямляцкімі групамі размясціліся яны навокал — рабочыя, фермеры, інтэлігенцыя з блізкіх і не вельмі блізкіх ваколіц. Бліжэй да радыёфікаванай эстрады, на якой ужо выступаў прамоўца, стракаты натоўп быў значна гусцейшы.

На гэтым пікніку, як мы пераканаліся даволі хутка, былі не толькі ўкраінцы, беларусы і рускія, але і іншыя прадстаўнікі прагрэсіўнай часткі славянскай іміграцыі — палякі, балгары, славакі, сербы, македонцы... Было тут таксама нямала і неславян.

Пад вечар, выступаючы на ўрачыстым сяброўскім абедзе, канадскі пісьменнік Дайсан Картар пранікнёна сказаў пра значэнне і гэтага запаведніка, як месца падобных сустрэч, і самога Кабзара, як цудоўнага сімвала рэвалюцыйнай дружбы для ўсіх людзей добрай волі.

— Дзве назвы — Стратфард і Палерма, два імёны — Шэкспір і Шаўчэнка — як гэта цудоўна гучыць, дарагія сябры, як добра верыць, што такія сустрэчы, як сёння,— толькі пачатак нашай дружбы!..

Так гаварыў ён, аўтар і ў нашай краіне вядомых раманаў «Будучыня за нас» і «Сыны без бацькоў», цяжка хворы калека, моцны, прыгожы духам чалавек. Так гаварыў, разумна і весела, уздымаючы ў натоўпе ўсплёскі маладога смеху, сусветна вядомы змагар за мір Джэймс Эндзікот. Так гаварылі іншыя іх суайчыннікі — паэт Макдональд, старшыня прафсаюза электрыкаў Джэксан, літаратуразнаўца і перакладчык Шаўчэнкі на англійскую мову Джон Вір (украінец Іван Вэвюрскі). Так гаварылі савецкія госці — маскоўскі хірург Бялова, армянскі эканаміст Шахбазян, беларускі паэт Панчанка.

Так гаварылі мы, кожны па-свойму, на розных мовах, усе — пра адно. Гэта непераможнае адно гучала ў душы светлай і велічнай музыкай увесь той незабыўны дзень.

Пад помнік Тарасу паложана зямля з гары Чарнечай. А побач з музеем яго імя, адкрытым на год пазней, схіліліся тры славутыя вярбы, галінкамі прывезеныя сюды з-над дняпроўскай хвалі.

Колькі пяшчотнага паэтычнага пачуцця, нязмернай адданасці свайму роднаму бачыцца тут на кожным кроку!..

Моўчкі, усхвалявана ходзіш па залах невялікага музея. І ён арганізаваны тут, у канадскім Палерма, пры дапамозе Кіева. Па экспанатах успамінаю кіеўскі і канеўскі музеі.

А вось і сваё, мясцовае.

Пад шклом — драўляная ступа, гэблік, рыдлёўка, рэшата, піла, сякера... Прылады працы, з якімі сюды, яшчэ на схіле мінулага стагоддзя, дабіраліся з-за акіяна «людзі ў кажухах»... Так пагардліва называлі бязмоўных і безабаронных шукальнікаў хлеба махляры і крывасмокі, што прывозілі іх сюды на палубах і ў трумах грузавых параходаў, а потым былі панамі іх працы і жыцця на новай, таксама як і старая, не надта шчодрай на ласку зямлі...

На стэндзе — вялікі разгорнуты альбом з мноствам подпісаў. Гэта — памятная кніга мужных і светлагаловых сыноў імігранцкай кажушнай галечы, гэта подпісы тых украінскіх, беларускіх і рускіх хлапцоў, што выязджалі адгэтуль, з Канады, на дапамогу іспанскім рэспубліканцам. Больш за тысячу іх змагалася ў батальёне імя Мякензі-Папіна, правадыроў канадскага паўстання ў 1837 годзе, у амерыканскіх батальёнах імя Лінкольна і Вашынгтона, у Балканскім батальёне імя Дзімітрова, а найбольш — у XIII інтэрнацыянальнай брыгадзе імя Дамброўскага, дзе была Шаўчэнкаўская сотня.

З хваляваннем думаецца тут пра тых, што са славай хадзілі на крывавага Франка, адкуль многія не вярнуліся... І пра тых, што ў дні другой сусветнай адны добраахвотна змагаліся супраць Гітлера, а другія самаахвярна, ад працы рук сваіх, дапамагалі роднаму савецкаму народу...

Усплываюць на памяць словы з адной канадскай газетнай нататкі:

«Даклад яго, расказ пра тое, што ён бачыў сваімі вачыма і чуў сваімі вушамі ў дарагіх нашаму сэрцу мясцінах, даў нам магчымасць услухацца ў біенне сэрца сваёй Маці і паглядзець у яе светлыя, бясстрашныя вочы».

У гэтай сувязі з прыемнасцю ўспамінаю моцных духам і па-братняму шчырых сяброў — беларусаў, украінцаў, рускіх...

У далёкім мінулым — сыны вясковай і гарадской беднаты, за дзесяткі гадоў самаадданай барацьбы некаторыя з іх сталі тут сапраўднымі гвардзейцамі прагрэсіўнага руху.

З імі мы мелі прыемнасць знаёміцца ў Рускім Народным Доме і ў рэдакцыі «Вестника», у рэдакцыі «Украінського життя» і ў шаўчэнкаўскім запаведніку, у кніжным магазіне «Тройка», у рускай пачатковай школе і ў гасцінных катэджах рабочых ускраін Таронта, дзе мы так многа, шчыра гаварылі, смяяліся, спявалі...

Што да гутаркі — так было ў доме Рыгора Акулевіча, добра загартаванага і разумнага беларуса, грамадскага дзеяча і журналіста, які ў дваццатых гадах, пакінуўшы бедную бацькаву хату на Слонімшчыне, пачаў сваю канадскую кар’еру з сякеры лесаруба.

А што да песень, дык яны гучалі ў другой сям’і. Хоць гаспадыню і называюць часамі Мэры, на стале непераможна дыхалі нетутэйшым цяплом багаты ўкраінскі боршч і грэцкая каша са скваркамі. А гаспадар — Пэтро Краўчук, вядомы публіцыст і сардэчны хлапчына — пачаставаў нас не толькі ўкраінскімі песнямі. Пастаўлены былі і нашы беларускія пласцінкі. Для пачатку, вядома,— бо што нам тэхніка, калі мы і самі, няхай сабе горш, але ж ад душы — і сваё, і суседскае...

Колькі сілы бывае ў насычанай глыбокай праўдай прастаце і колькі прыгажосці ў сарамлівай усмешцы, у няўмелай і грубаватай часамі ласцы чалавека з мазольнымі, непаслухмянымі пальцамі!..

Стары рабочы, што пры цары яшчэ прыехаў сюды з Палесся, тамадзіў за адным калектыўным, у складчыну, даволі людным сталом. Сумленна стомлены з выгляду чалавек, ён не званіў па графіне, не надзяляў прысутных правам на тост, а толькі ціха запрашаў, з харошай бацькоўскай усмешкай:

— Ешце, хлопцы, і піце... Годзе, кажаце. Ну, на здароўе, калі так. Дык давайце хоць пасядзім тут разам ды паглядзім адзін на аднаго...

Калі мы неслі кветкі да помніка Шаўчэнку, на дарожцы парку нас затрымаў старэнькі дзядзька-садоўнік, хоць у канадскім касцюме, але з запарожскімі вусамі. Ён прывітаўся і пачаў уласнаручна прышпільваць да нашых грудзей па ружы. Хораша гэта: пяшчотная кветка,— чырвоная, белая, жоўтая,— агеньчык шчасця ў карэлых ад працы руках старога, роднага чалавека.

А як прыемна, што ружы з нашага поля не вянуць і на чужой, далёкай зямлі.

Работніца Наталка з дымнага антарыйскага Гамільтона, чарнявая маладзіца ў гуцульскім уборы, выйшла ў круг, прывычнай рукой паправіла мікрафон і, як зара, прыгожа і проста ўсміхнулася:

— Дарагія савецкія госці і ўся наша мясцовая, так сказаць, рэгулярная публіка! Пачынаем канцэрт...

Далейшыя яе словы патанулі ў дружным рогаце больш шасцісот чалавек, што яшчэ ўсё сядзелі за бяседнымі сталамі або ўжо стаялі густым натоўпам на вызваленай ад сталоў і крэслаў частцы вялікага павільёна.

Спадабалася ўсім і гэта нечаканае «рэгулярная публіка», а яшчэ на дадатак і тое, што з чародкі дзяцей раптам выскачыла маленькая, светлавалосая дзяўчынка і, падбегшы да мамы-канферансье, аберуч учапілася за яе ўзорыстую спадніцу.

Малую ўгаварылі, пагладзілі і адвялі. Мама Наталка пачала аб’яўляць праграму.

Яна не толькі канферансье. Бойкае слова і звонкі голас — душа вядомага на ўсю славянскую Канаду трыё «Верхавіна».

Абапал Наталкі стаяць дзве Марыі — старэйшая, салідная, і «маладэсэнька та гарнэсэнька» Марыйка з чорнымі, глыбокімі вачыма.

Як хораша, як па-новаму гучаць тут і дасціпныя каламыйкі, і «Падмаскоўныя вечары»!..

Яшчэ раз па-зямляцку стала шкада, што сёння няма разам з намі Алеся і Алёнкі Цехановічаў. З імі мы пазнаёміліся напярэдадні, у гасцях. Ён — адзін з лепшых канадскіх тэнараў, закаханы ў Казлоўскага; яна — таксама спявачка і маці маленькага Сашкі. Абаіх сюды прывезлі дзецьмі перад самым вызваленнем Пружаншчыны, вясной трыццаць дзевятага, і абаім так хочацца на радзіму...

Шкада таксама, што распушчаны на лета хор таронцкага Народнага Дома. Кіраўнік яго, сціплая, з добрай усмешкай дзяўчына, вельмі, кажа, ахвотна пачаставала б нас і «Рэчанькай», і партызанскімі сёстрамі — соснамі...

Што ж, пасля «Верхавіны», па прапанове Наталкі, мы ўсёй шматсоценнай самадзейнай стыхіяй спяваем «Рэве та стогне...».

Як стэп, раздольна і, як гімн, урачыста гучыць яна тут, дзе за вокнамі зорнае неба над хвалямі возера-мора, экзатычная назва якога хвалююча звінела нам — Ан-та-ры-ё! — яшчэ ў індзейскіх, купераўскіх снах маленства...

...Добра быць пасланцом такой Радзімы, як наша, на сабе адчуваць, як яе любяць і паважаюць.

Добра вяртацца з дарогі. І не проста дахаты, а ў дом такі, як наш — савецкі.

Былі такія думкі, хвалявалі ў час вяртання. На досвітку, калі на змену бязмежнай і бяссоннай ночы, за акном самалёта спачатку з’явілася першая зорачка, потым — над чорным, хмарным дном — зара і, нарэшце,— вялікае, роднае сонца.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Збор твораў. У 5-ці т. Т. 4. Свет далёкі і блізкі: Дарожныя нататкі; Пра запаветнае: Артыкулы, эсэ, партрэты.-Мн.: Маст. літ., 1981.- с. 80-95
Крыніца: скан