epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Над фотаздымкам

Зроблены ён улетку трыццаць шостага года, пра што гаворыць надпіс на адвароце, у вёсцы Рачканы на Ляхавіччыне, што дадам цяпер.

Гэтую вёску тады я ўжо ведаў: мы з братам хадзілі туды на год раней.

Маці казала, што ў нашых з Мішам паводзінах «усе свечкі загараюцца ад яго, старэйшага». Так было з нечаканым вяртаннем з гімназіі і захапленнем філасофіяй Льва Талстога, з дзіўным і смешным для вёскі вегетарыянствам, так было і з паходам у тыя невядомыя Рачканы, на спатканне з малёванцамі. Уладзімір Кот, наш намнога старэйшы сябар з Міра, добра-такі нагаварыў нам пра тых рачканскіх «аднадумцаў», з якімі ў яго была такая ўжо дружба, што «панская» паліцыя ў сваіх пратаколах, якія захаваліся ў архівах, і самога яго называла малёванцам. Да «свечак», якія і сапраўды шмат у чым загараліся ад схільнага да захапленняў Мішы, трэба дадаць і маё ўзроставае падпарадкаванне яго аўтарытэту, а яшчэ і тую ўласцівасць майго характару, якая праяўлялася ў сяброўстве не толькі з братам: я лёгка, а то і залішне лёгка паддаваўся ўплыву таго, з кім сябраваў і хацеў сябраваць. Так было і паўтаралася пазней, у розных жыццёвых абставінах, а ў маленстве і раннім юнацтве — быў адзін Міша.

З Рачканамі, апроч ягонага ўплыву і сваёй у мяне цікавасці, было яшчэ і жаданне пабачыць свету, выйсці ў новае, вольнае. Наша жыццёвая прастора ў той час распасціралася ў адзін бок, на ўсход, на трыццаць кіламетраў, да павятовых Стоўбцаў, куды я аднойчы вазіў у бальніцу старую цётку, маміну сястру, на захад — на сорак, да ваяводскага Наваградка, дзе і я пакаштаваў гімназіі, на поўнач — у Налібоцкую пушчу, куды мы за дваццаць — дваццаць пяць кіламетраў ездзілі зімой па дровы, дзеравякі або жэрдзе, а на поўдзень — толькі нейкіх дзесяць да вёскі Крышылоўшчына, дзе жыў наш другі, таксама намнога старэйшы сябар-аднадумец, бацька люднай ды небагатай, працавітай сям’і Якаў Ваўчок, кнігалюб, што вучыўся ў мірскім гарадскім вучылішчы, а потым спакваля сабраў нямала добрых кніжак, якімі шчодра пазычаўся. Ну, а тыя Рачканы, што таксама на поўдні і нешта на шэсцьдзесят кіламетраў далей — колькі яшчэ Беларусі, да таго ж у пышнай красе пачатку пагодлівага лета!..

Што ж да Мішы, дык у яго, апроч агульнага для нас абодвух, было яшчэ і толькі сваё, вельмі нялёгкае, што мы з ім аніяк не маглі падзяліць пароўну. Ён толькі што прайшоў прызыўную камісію, якая «здала» яго ў кавалерыю, а туды бралі ўвосені. Яно, хутчэй за ўсё, можа здарыцца якраз у гэтую восень, а ён цвёрда намерыўся адмовіцца ад вайсковай службы як пацыфіст, за што будзе суд і турма... Задумацца было над чым. І ў гэтым нашым паходзе, які хто-небудзь вясёлы мог бы назваць і прошчай, Міша, старэйшы за мяне на тры гады, адчуваў патрэбу больш чым краязнаўчую...

Тое, што ў нас гэтымі днямі, пасля веснавой работы, перад сенакосам, ішло перасыпанне хлявоў, з нанятымі двума цеслямі з суседняй вёскі, не здавалася нам перашкодай. Сёмуха — тры дні свят з дадаткам, «градавой серадой»,— думалі справіцца. На адзін дзень усё ж перабралі, за што нагарэла ад маці, пад справядлівае маўчанне брата Колі, яшчэ не жанатага гаспадара, што ўвосені вярнуўся з вайсковай службы, і пад стрыманае недаўменне цесляў, дарэчы, нашых дваюрадных братоў, старэйшых за нас і сямейных.

Цяпер я тую «распусную» дзіўнасць нашых паводзін бачу нібы нават староннімі вачыма, скрозь пэўную паблажлівасць да юначай наіўнасці думаю, што ў нас тады інакш быць і не магло,— без пошукаў, без імкнення да глыбейшага сэнсу жыцця...

І так — Рачканы.

Секта малёванцаў узнікла ў канцы мінулага стагоддзя на Кіеўшчыне. Душою яе быў Кандрат Аляксеевіч Малёваны (1845—1913), малапісьменны кіеўскі мешчанін-стальмах, рэлігія якога ўся была ў любові да брата-чалавека і да жывых істотаў, адкуль і пайшло і адмаўленне ад службы ў войску, ад удзелу ў любой вайне, а таксама і вегетарыянства. За свае пропаведзі Малёваны доўгімі гадамі пакутаваў у шпіталях для псіхічнахворых, катаваўся царскай паліцыяй, але ў веры сваёй быў нязломны. За яго і ягоных паслядоўнікаў заступіўся Талстой і іншыя прадстаўнікі перадавой рускай інтэлігенцыі, што абумовіла веданне малёванцаў і за мяжою. У чатырохтомным дзённіку «Яснополянские записки» славака Душана Макавіцкага, сябра Льва Мікалаевіча і яго асабістага лекара, Малёваны і малёванцы згадваюцца часта. Талстой высока цаніў этычна-маральны стрыжань веры гэтага прадстаўніка народных нізоў, яго цвярозае адмаўленне ад містыкі, у 1907 годзе ў Яснай Паляне сустракаўся з Кандратам Аляксеевічам, яго вясёлай пявунняй сястрой і талковым сынам, шаўцом, ахвотна і многа, паважліва гутарыў з імі, з прыемнасцю слухаў іх «божественные песни, заунывные, похожие на малороссийские народные». Пры ўсім гэтым вялікі пісьменнік і мысліцель крытычна ставіўся да адмоўнага ў малёванстве, скажам, да іх адмаўлення культуры і да асобы іх кіраўніка, якога паслядоўнікі называлі нават «Спасителем», «Христом», а той не надта супраціўляўся, а да прарочых «писаний» Малёванага наогул адносіўся іранічна.

На Беларусь, зрэшты, толькі ў Рачканы, малёваншчына прыйшла дзякуючы рачканцу па прозвішчы Болтуць, які служыў салдатам у Фаставе пад Кіевам, сустракаўся з малёванцамі і самім Малёваным, і вярнуўся адтуль настолькі апантаным, што захапіў новай верай ці не большую палавіну вялікай паўночна-палескай вёскі. Імя і па бацьку таго Болтуця, якога ў трыццаць пятым ужо не было, я забыўся. Як быццам Іосіф, Юзік. Затое перад вачыма і цяпер стаіць адна незвычайная паперына — надрукаванае і пропісам запоўненае пасведчанне, выдадзенае Болтуцю пра тое, што ён па сваіх рэлігійных перакананнях сапраўды не можа прымаць удзелу ў вайне са зброяй і таму службу ў Чырвонай Арміі павінен адбываць санітарам у заразным шпіталі. Даведка падпісана ўпаўнаважаным па справах веравызнанняў Уладзімірам Чартковым, адным з найбліжэйшых сяброў і аднадумцаў Л. М. Талстога, а законную сілу гэтай даведцы давала надрукаваная на адвароце спасылка на адпаведную пастанову Савета Народных Камісараў ад 4 студзеня 1919 года — што мне запомнілася дакладна — за подпісамі Леніна і Бонч-Бруевіча. Такая вось гісторыя!..

На даўнім ужо, фармаце паштоўкі, здымку ў цэнтры невялікай групы рачканцаў — іхні высокі госць, Іосіф Вігдорчык, публіцыст Бен-Адам, прадстаўнік на Польшчу сусветнага пацыфісцкага «Интернационала противников войны». Са свайго Беластока ён спачатку прыехаў у Мір, да Ката, адтуль да нас з Мішам, у Загора, а тады ўжо ў Рачканы. У нас ён спаў у гумне, на свежым сене (чым не раскоша ў параўнанні з душнай хатай!), аднак прастудзіўся, выглядае па-свойму ссутуленым ды яшчэ вусата-панураватым, хоць па натуры ён дабрадушны, нават крыху сентыментальны і вясёлы.

Гаспадар глінабітнай, пабеленай хаты, на рагу якое сабралася група — адзін са старэйшых, актыўнейшых малёванцаў Вінцусь Вінель, з дзіцем на каленях, лысаваты дзядзька з гогалеўскай усмешкай пад вусамі.

Яго маладзейшага брата Пятра, якога мы з Мішам бачылі годам раней, на здымку няма. Інтэлігентны і майстравіты, прыемны ў гутарцы мужчына са сваёй гаспадарлівай жонкай і яшчэ недарослымі дзецьмі, ён падаўся ў Парагвай. Гаварылася — на разведку. Пачаўшы ці не з Баранавіч, а то і з найбліжэйшай чыгуначнай станцыі Рэйтанава,— на сушы, на моры і на месцы ўжо, у пажаданых, вымараных прэрыях поўнай свабоды,— Пятрусь вёў дзённік. Па-гаспадарску грунтоўна расказваючы ў ім пра ўсё, робячы справаздачу і дапаможнік у падарожжы для тых, хто накіруецца следам за ім. Былі там і шчырыя, паэтычныя адхіленні з гумарам і красою ўсяго пабачанага, да парагвайскіх кветак і матылёў уключна. Гэтыя рускамоўныя запісы ён прыслаў брату Вінцусю ці непасрэдна Вігдорчыку, а той размножыў іх на сваёй нястомнай машынцы. Адна гусценькая, на тоненькай паперы копія таго унікальнага дзённіка цалкам у мяне не захавалася, толькі першыя ды апошнія старонкі, сам не магу ўцяміць, чаму іменна так. А вельмі шкада, бо гэта ж цікава было б апублікаваць, балазе ў нас ёсць ажно тры часопісы пра родную гістарычную мінуўшчыну ды спадчыну.

Вінцусь Вінель пазней падасца таксама за акіян. Сын ягоны, падлетак Казік, які на здымку, да таго часу крыху пасталее, а потым і шчасліва ўратуецца ад злачыннага вайсковага абавязку. Быў і такі разлік у братоў Вінеляў наконт лёсу сыноў, у чым яны абодва нам прызналіся.

Чарнявы Міша Касель, з энергічна складзенымі на грудзях, да лакцёў аголенымі рукамі бондара, стаіць амаль зусім у профіль. Успамінаю наша знаёмства ў той сёмушны дзень.

На малітвенным зборы малёванцаў, якраз у гэтай пабеленай хаце, песні адразу нагадалі мне даўно знаёмае — «сабранія» пяцідзесятнікаў, пасля апісаныя мною ў «Праведніках і зладзеях», іхнія песні і пропаведзі па хатах, у тым ліку і ў нашай вёсцы, а больш у суседніх Маласельцах, дзе ў трыццаць пятым годзе «братья верующие», сярод якіх і добрыя цеслі, столяры былі, пабудавалі ладны малітвенны дом, які, дарэчы, стаіць, на святы гучыць у садзіку і сёння. Толькі ж спявалі рачканцы на свой, як падумалася тады, палескі лад, з большай цягучасцю і пэўным «падвываннем» у канцы. І песні ў іх — не з песеннікаў, якія пяцідзесятнікам прысылаліся з Амерыкі, а са складзенага жонкай Чарткова «Сборника песен и гимнов свободных христиан», там былі, з нотамі, і рускія народныя песні, і даўно любімая мною «Молитва» Лермантава — «В минуту жизни трудную», і ўпершыню пачутая, ледзь не маршава бадзёрая песня на словы Някрасава «Средь мира дольного для сердца вольного есть два пути», і песні на словы іншых, больш ці менш знаёмых паэтаў, рускіх і замежных. Была і песня, аўтар якое не запомніўся,— пра пахаванне Льва Мікалаевіча, што да «мурашак на целе» ўразіла мелодыяй і словамі, найбольш такое страфы:

 

И роет могилу лопата,

и сыплется желтый песок,

и горем полмира объято —

преставился русский пророк...

 

Што яшчэ здзівіла тады, дык гэта мноства рабых ад воспы, «е» замест «ёсць», абсечанасць у назвах: «паехаў у Баранавіч», «быў у Ляхавіч» і сёе-тое іншае. Пяцідзесятнікі, напрыклад, вітаюцца словамі «слава нашаму Госпаду», а малёванцы «слава Богу», звяртаюцца таксама: «брат», «сястра», аднак яшчэ і цалуюцца, як родныя пасля доўгай разлукі.

Людзей у хаце, хоць і не малой, было поўна. Душна і потна. Побач са мною дзябёлая дзеўка, рабая ад воспы, рыжая і шчодра потная, у песнях галёкала як за ўвесь гурт. І Міша Касель, праціснуўшыся да мяне, вельмі дарэчы кіўнуў, каб выйсці, а за парогам прапанаваў прайсціся. Ад хутарское хаты Вінеляў мы памалу, гамонячы, пайшлі ў поле... Ад тых, у каго мы з братам спалі першую ноч, па Евангеллю зайшоўшы ў самую першую ў вёсцы крайнюю хату, я ўжо ведаў, што Касель, на сем гадоў старэйшы за мяне, нядаўна вярнуўся з турмы, дзе адбываў пакаранне за адмову служыць у войску. З яго намёкаў, уздыхаў, усмешак і больш адкрытай шчырасці я адчуў яго пэўнае расчараванне і ў пацыфізме, і яшчэ больш у малёваншчыне, у якой за такімі вось спевамі, братаннем-сястраннем з пацалункамі была і проста вёска, як і ўсе навокал, з шэрай будзённай беднасцю, з нейкім трохі багаццем у адных і зайздрасцю ў другіх, з цемрай і варажнечай, не толькі дробязнай, бабскай, але і больш агіднай у праявах, да боек і судоў уключна...

Праз два гады пасля гэтай гутаркі, наведаўшы Рачканы на веласіпедзе, ды адзін, бо Міша мой сядзеў у турме, я запісаў у блакноце, а дома перапісаў у дзённікавы сшытак, які захаваўся:

«Малёванцаў ужо няма. Засталося некалькі сем’яў вегетарыянцаў, дый то яны спыняюцца толькі на вегетарыянстве, а матэрыяльная няроўнасць ужо не рэжа ім вочы... Чытаюць мала, дзяўчаты зусім не чытаюць. Многія нават не ведаюць, хто такі быў Малёваны. Бібліятэка разабрана, на руках, добрую частку яе Пятрусь Вінель павёз у Парагвай, частка, як хлопцы кажуць, «у музеі М.» (цяпер, цытуючы запіс, не магу ўспомніць, чыё гэта прозвішча), частка ў Вінцуся Вінеля і патаемна рыхтуецца да вывазу ў Парагвай. Ад дзяўчат і маладзейшых хлопцаў аддае пустатой. Старэйшыя хлопцы выйшлі з абшчыны. Мужчыны крывадушнічаюць. Старыя ад Малёванага набраліся адмаўлення навукі, мастацтва, музыкі. Забубёныя «матэрыялісты» і сектанты...

Словам, прыехаўшы да іх з наіўнай надзеяй адпачыць душою, падмацавацца — робіцца сумна і ўзнікае пытанне: «Чым жа вы адрозніваецеся ад усіх людзей? Ці варта ехаць да вас за 60 кіламетраў?.. Паедзе Міша Касель у Парагвай, Вінель — таксама, толькі з-за Пашкі і буду тут калі-небудзь...»

У брэсцкае «więzienie karne», дзе наш Міша з вясны трыццаць сёмага сядзеў, адмовіўшыся ў баранавіцкім пяхотным палку не толькі ўзяць зброю, але і надзець салдацкую форму, пісаць можна было толькі адзін раз у месяц. Таму мае пісьмы яму былі вялікія, пісаў я іх у свабодны ад работы час, на працягу двух-трох вечароў. Па-журналісцку кажучы, цэлая «хроніка бягучых падзеяў», прытым, для большай зручнасці для пана цэнзара, на рускай мове. Пісаў я свайму пакутніку, вядома, і пра расчараванне ў малёванцах, і пра тое, як я падзяліўся гэтым расчараваннем з Вігдорчыкам і як ён мне адказаў. Цытую ў перакладзе:

«Твае заўвагі пра «растайванне» рачканскай абшчыны, пэўна ж, правільныя. Ды гэта, відаць, і непазбежна, і патрэбна. І тое, што адбываецца ў ёй, мусіць, лепш, чым рабіцца чаму-небудзь штучнаму, з намерам утрымаць у цэласці «шкарлупіну» (абшчыну). Уся справа цяпер у тых нешматлікіх паасобных птушанятах, здольных выконваць сваё прызначэнне, якія вылупіліся з яйка (абшчыны). Аднак пры гэтым нам не трэба забывацца, што Богава сіла дзейнічае ў людзях і не заўважна для нас».

Да такіх «птушанят» належаў і Пашка, пра якога я пісаў Мішу:

«Слаўна мы з ім гутарылі начамі ў яго каморцы, куды ён заходзіў «прысыпаць» мяне. Ён мяне любіць, што асабліва паказаў пры развітанні».

Дарэчы, у той каморцы, рана прачнуўшыся, я і запісваў пра сваё расчараванне.

Яшчэ адно «дарэчы» — пра рачканскую бібліятэку. Там былі не ат сабе выпадковыя кнігі, што трапілі, як у нашым Загоры, да паасобных сялян у «мікалаеўскую» вайну, пасля афіцэраў-франтавікоў, і не з маёнткавых пакояў у «свабоду» — кнігі малёванцам, асабліва выданні славутага «Посредника», з абедзвюх серыяў: для простага і для інтэлігентнага чытача, прысылаліся па пошце і дастаўляліся рачканскімі хадакамі з Масквы, магчыма, нават з Яснай Паляны, пачынаючы з гадоў далёка перадваенных і да першых савецкіх, з нейкай яшчэ свабодай кантактаў. У гэтым сэнсе з асаблівай павагай і чуласцю старэйшыя рачканскія малёванцы прыгадвалі імя жонкі Чарткова, Ганны Канстанцінаўны, іх апякункі і заступніцы, жанчыны высакароднай, таленавітай і ў слове, і ў музыцы. З тое іхняй, без перабольшання кажучы, бібліятэкі нам з Мішам, а потым ужо мне аднаму, таксама прыйшлося сім-тым пажывіцца. Між іншым, Касель падарыў мне тады, у трыццаць сёмым, пераплецены том нумароў часопіса «Голос Толстого и Единение» за 1918 год. Але ж, на жаль, наша загорская бібліятэка ўся вайны не прайшла...

Ці не назаўтра пасля майго запісу ў Пашкавай каморцы ён пазнаёміў мяне з яшчэ адным аднавяскоўцам, Янкам Патаповічам, рэвалюцыянерам і літаратарам, таварышам Максіма Танка па Вільні, пра што Максім згадвае ў сваіх «Лістках календара». Не толькі ён адзін. У кнізе публіцыстычнай спадчыны вядомага журналіста Якуба Міско «Маё маўклівае сэрца» змешчана цёплае слова пра Патаповіча, «Хлопец з вёскі Рачканы». З ім Якуб Герасімавіч сябраваў і ў віленскай беларускай гімназіі, і ў рэвалюцыйным падполлі. Не надта моцны паэт з псеўданімам Янка Чабор, Патаповіч у самым пачатку 1934 года быў адказным рэдактарам першага і апошняга нумара часопіса «Літаратурная старонка», легальнага органа «Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў», з-за гэтага апынуўся на Лукішках, а ў роднай вёсцы, пакуль ён сядзеў, сёй-той і пасмейваўся: «За ўсё адказвае Янка Патаповіч». У трыццаць сёмым ён ужо быў на волі, не дасядзеўшы сваіх пяці гадоў да канца, дзякуючы амністыі, аб’яўленай пасля смерці Пілсудскага.

Вось як пісаў я Мішу ў вышэйзгаданым пісьме пра гэтае знаёмства:

«Пазнаёміўся ў Рачканах з выдатнай асобай — Янкам Патаповічам. Шчыры, просты, сімпатычны хлопец! Ён друг Максіма Танка па школе і па ідэі. Чытаў у яго нецэнзурныя Танкавы вершы і знайшоў у іх многа сапраўднай красы і сілы. Але правільных, ясных адносін да жыцця няма, штосьці неакрэсленае, што прызнае і Янка. Прагаварылі мы з ім ноч у Мішы Каселя, а ўдзень у канцылярыі іхняга кааператыва «Społem», у чыстым пакоі ў яблынях, дзе Янка жыве...»

Прачытаў я тады «На этапах», выратаваны з канфіскаванага тыражу экземпляр, падараваны Патаповічу з аўтографам. А наконт «чагосьці неакрэсленага» ў Танкавай паэзіі цяпер магу дадаць толькі тое, што і Максім у пазнейшых, мінскіх гутарках са мною пра Патаповіча гаварыў прыблізна таксама, намякаючы на тое, што сямейны, маляванскі, і шырэйшы, талстоўскі, уплыў на сябра яго маладосці быў усё-такі прыкметны.

Напрадвесні 1988 года мне давялося некалькі дзён пабыць у адной бальнічнай палаце разам з Крапівой. На сваім дзевяноста пятым годзе Кандрат Кандратавіч, зусім аслабелы, сляпы і глухі, любіў пагутарыць пра справу нашага жыцця, па-свойму павольна, удумліва, з яснай галавою. Тады ён мне сказаў: «Зайздрошчу вам, што вы ўсё запісвалі і цяпер запісваеце. А я не запісваў, і вось калі не ўсё, дык большасць усяго і забыўся...»

Запісваў я многа, нямала пісьмаў пісаў і ў юнацтве. Ды вось жа, як на тое, у трыццаць восьмым годзе і дзённік мой заглух, нейкія два-тры кароткія запісы, і пісьмы не захаваліся. Асабліва шкада тых штомесячна-вялікіх ды грунтоўных пісьмаў у брэсцкую турму... І не магу цяпер жыва ўспомніць сваю апошнюю перадваенную паездку ў Рачканы, таксама ў жніўні і на ровары. Каселя ўжо не было, Вінеля таксама, аднак жа былі і Пашка Болтуць, і Патаповіч, былі нашы гутаркі. Я прыязджаў да яго са сваімі рукапісамі, мы іх, трэба думаць, чыталі, абмяркоўвалі маю задуму выдаць зборнік апавяданняў, у чым ён браўся мне дапамагчы, і рэдагаваннем, і віленскімі выдавецкімі знаёмствамі. Ад усяго гэтага ў мяне застаўся толькі рукапіс перакладу апавядання Гаршына «Чатыры дні», які я пасылаў яму і атрымаў, адрэдагаваны па маёй просьбе, з невялічкай рэцэнзіяй у канцы, якую хочацца працытаваць. Як сумна-цёплы напамін пра яшчэ адно сяброўства, абарванае лёсам.

«Паважаны сябра Брыль! Выбач, браток, што так доўга не даваў табе адказу на твой пераклад. Павер, што завалены па вушы рознай работай, ня маю ані хвіліны вольнага часу, проста збоку можна і не паверыць. Але, прачытаўшы тваю сёння паштоўку, адлажыў усё другое набок і перагледзеў твой пераклад, робячы сякія-такія папраўкі. Наогул пераклад нязгоршы. Цэлая бяда ў тым, што ты хацеў і хочаш «упростить» Гаршына, хацеў яго, як сам ты выражаешся, «апрацаваць». І вось іменна гэта выйшла не на карысць перакладу. Бо Гаршын такі просты і надзвычай удала апрацаваны, што кажды, хто бярэцца яго ўпрошчваць, толькі скрывіць простае. Найлепш было б для твайго перакладу, каб ты амаль даслоўна трымаўся арыгіналу. А тваё адыходжання ад арыгіналу было або лішнім, або і не дакладным. Таксама непатрэбна ты ўнікаў некаторых расійскіх слоў, каторыя ўжываюцца і ў беларускай мове, і заступаў тыя словы іншымі, часта горшымі з пункту гледжання таго, што аўтар хацеў імі выразіць. Аб дэталях не буду пісаць, бо на гэта трэба было б шмат часу зужыць. Пры першым спатканні захапі з сабой гэты пераклад, і мы яго абгаворым. На пунктуацыю не зварочваў асаблівае ўвагі з тым намерам, што ты і сам пры перапісцы на чыста — шмат чаго зменіш. Я хацеў бы толькі пачытаць пераклад тады, калі ты ўжо здэцыдуеш друкаваць, г. зн. у апошняй яго рэдакцыі.

Ну і на тым канчаю. Навін асаблівых няма. Пры аказіі перадай прывітанне Кату.

З пашанай

Р-ны, 10 сакавіка 1939 г. Янка Патаповіч».

Праз тыдзень пасля атрымання гэтага рукапісу з рэцэнзіяй-прыпіскай дробненькім почыркам я пайшоў у войска. Пішучы мне, Янка не ведаў, што якраз у адзін з тых дзён, калі ён мною займаўся, я атрымаў «kartę powołania». А ці пісаў я яму з казармаў — не памятаю.

Увосень сямідзесятага года мы з Уладзімірам Калеснікам ездзілі ў Рачканы на машыне,— шукаючы слядоў таго «шчырага, простага, сімпатычнага» хлопца. Пасля вайны я дачуўся, што ён быў вывезены з акулачанымі бацькамі і родзічамі ў саракавым ці сорак першым годзе на ўсход і там, у ссылцы, загадкава прапаў. З дзвюх сем’яў вярнуўся толькі ягоны дзядзька з жонкаю. У іх па-простаму, па-шчыраму гасціннай хаце з прыемным здзіўленнем пачулася, што яны, Патаповічы, на выгнанні пасябравалі сем’ямі з Алесем Пальчэўскім і яго Тамарай Цулукідзе. Хораша гаварылі добрыя, працавітыя людзі, Богу душой невінаватыя пакутнікі, пра іншых, таксама невінаватых, пакутнікаў — пісьменніка-беларуса і артыстку-грузінку. А потым у Мінску і ад Алеся Восіпавіча я пачуў пра гэтых былых малёванцаў словы прыязныя, з ягонай усмешкай належнага разумення. А вось пра Янку дзядзька ягоны, бацькаў брат, нічога асаблівага, не вядомага мне не расказаў.

У нуднаватых восеньскіх Рачканах, распытаўшы Патаповічаў пра рэшткі знаёмых, мне захацелася ўбачыць адну з найбольш мілых, пявучых рачканскіх дзяўчат, Пашкаву сваячку Настуню. Познім адвячоркам мы з Валодзем наведалі яе хутарок, дзе я з ёю, загараванай, запрацаванай удавой, трохі паўспаміналі. А цяпер вось зноў прыгадалася, як мы пад ручку з семнаццацігадовай Настуняй у гурце расспяванай моладзі ішлі з Вінелевага хутара ў вёску, палявой дарогай каля сцяны высокага ельніку, пад буйнымі зоркамі і нашай маладосці...

Але вярнуся да здымка.

Пакуль ехаць у Парагвай, перад гэтым ажаніўшыся, разбагацеўшы на сына, Міша Касель некалькі дзён гасцяваў у нас зімою, на пачатку трыццаць шостага. Паспеў зрабіць хвацкі цабэрак, які яны майстравалі з Мішам удвух, больш гаворачы ды смеючыся, чым тыя клёпкі габлюючы ды складаючы ў абручы. Удвух яны і паспрачаліся з папом і дыяканам, якія прыехалі з Турца «па калядзе» і самі, похапкам адмаліўшыся ў нашай хаце, навязалі «заблудшим толстовчикам» спрэчку на рэлігійныя тэмы. Абодва гарачуны, бондар і памагаты, спрачаліся з бацямі без мяне,— я не любіў такога, тым больш і нашай набожнай маме сынава ды госцева задзірыстасць не спадабалася. «Ну, калі ўжо ты адзін з другім лоба перахрысціць не хочаш, дык хоць жа памаўчы, перачакай...» Так, мне здалося, думала яна на мяне, хоць і я не хрысціўся, крыўдуючы менш. Потым, калі маці, надарыўшы «каляднікаў», кудысьці сышла, мне лепш было пасмяяцца з таго, як наш Касель удала імітаваў то здаравеннага, вахлакаватага бацюшку, то танклявага прыгажуна дыякана з яго падкрэслена рускімі, частымі «допустим» ды «положим», у што мы, рагочучы над стружкамі, укладвалі іншы сэнс, з улікам папоўскіх, не ўсюды зручных, апранахаў...

Потым, калі сказаць карацей, мы некалькі гадоў перапісваліся, Касель пісаў нам і з Рачканаў, і з Парагвая, спачатку абодвум у Загора, потым, адзін раз, Мішу ў турму, калі я ўступіў яму свой месяц, а мне дахаты і ў войска, пакуль нягодніца-вайна не перашкодзіла, пакуль ён у той экзатычнай далечы без пары не памёр, пра што мы пачулі выпадкова і з вялікім спазненнем.

Цяпер, нарэшце, больш пра Пашку, які на здымку ва ўсёй сваёй шаснаццацігадовай сталасці. З Настуняй ён дваюрадны па матках, а па бацьку пляменнік таго Болтуця, з якога пачалася рачканская малёваншчына. На тры гады маладзейшы за мяне, светлы, шчыры хлапчына, якога, як і Каселя, воспавая падзюбанасць не рабіла брыдчэйшым. Мы перапісваліся, ён двойчы наведаў наша Загора, першы раз удвух з Вінелевым Казікам на веласіпедах, а другі раз адзін. На адным з фотаздымкаў, зробленым у Міры, Пашка бачыцца паміж мною і паэтам Алесем Мілюцём,— я рады быў іх пазнаёміць. У канцы сорак чацвёртага года Пашка ваенным трохкутнікам цераз Загора знайшоў мяне ў Мінску, пісаў мне зрэдку, як падпаручнік артылерыі Войска Польскага, а потым пісаў і з Польшчы, дзе застаўся. Напрадвесні семдзесят трэцяга года, гасцюючы ў Лодзі, у свайго польскага сябра, пісьменніка і перакладчыка Мацея Канановіча, я наведаў Пашку ў недалёкім Александрове. І тая наша сустрэча, праз трыццаць дзевяць гадоў, кажучы шчыра ды сумна, прыемнага ўражання на мяне не зрабіла. Ах, вайна,— скажам яшчэ раз,— колькі яна накруціла ды накарэжыла!.. Колішні весела адкрыты, сардэчны Пашка, ляхавіцкі паляшук, ушчэнт ды павярхоўна апалячаны, ператварыўся ў брава-банальнага камбатанта, бяздзетнага ветэрана-пенсіянера, якім яго ў тым гарадку, на той вуліцы ведалі ўсе, у чым мы пераканаліся, распытваючы па назве ды нумары.

Гады праз два мне напісалі пра яго смерць...

У тым самым пісьме, цераз Польшчу, упершыню праз мноства гадоў быў згаданы і той падлетак на фотаздымку, Казік Вінель, які ў Парагваі стаў заможным ранчаўладальнікам, з гордым зямляцкім пералікам раскарчаваных гектараў і багатага пагалоўя. Пра бацьку і дзядзьку Пятра з яго сям’ёю там не было напісана...

Яшчэ аднаго рачканца на здымку, ладнага з выгляду дзецюка, па-будзённаму босага і з прастадушнай усмешкай, не магу прыпомніць.

І вось, яшчэ раз — нарэшце, будзе ў мяне і той, з-за каго і захацелася пісаць гэты ўспамін,— дзевяцігадовы Вігдорчыкаў Уладзік, «плод грешной любви» Іосіфа з нашмат маладзейшай за яго, прыгожай і мілай Нюсяй, машыністкай, што стала яго другою жонкай.

Уладзік, названы так па дружбе бацькі з Уладзімірам Катом, прыгожанькі па маме. Галоўку нахіліў, прыкленчыўшы спераду на адно калена. У нашай хаце з ім спачатку быў клопат — зусім няежны. Пакуль пытанне не вырашылася вельмі проста — славутымі наваградскімі аладкамі (згадаем «Новую зямлю»), якія так прыйшліся гарадскому адзінцу даспадобы, што ён прасіў іх у «бабушки» кожны дзень. Да мяне ён лашчыўся — і цяпер вось жыва адчуліся яго малечыя пацалункі.

У студзені трыццаць восьмага я гасцяваў у Вігдорчыкаў, з Брэста, пасля спаткання з Мішам у турме, «заглянуўшы» ў Беласток. Некалькі дзён зачытваўся то ў Іосіфавым рукапісным архіве, то каля кніжных паліцаў. Гутарыў з ім, ужо ляжачым, глыбока ў душы, шчасліва і сцішнавата ганаручыся тым, што вось жа і не баюся яго туберкулёзу. Удзень Нюся была на працы, Уладзік на вучобе. Калі яны вярталіся, мы ўтраіх пазнавата і сціпла абедалі, а потым гаспадыня пасылала нас удвух прайсціся так сабе або ў кіно. Ён ужо быў першакласнікам-гімназістам, у акуратнай сіняй форме, прыемна і цікава шчабятлівы. І маме дапамагаў. Падмятаючы неяк у суседнім пакоі, ён па-малечы крыкліва спяваў: «И кто со щеткой по квартире шагает, тот никогда и нигде не пропадет!..»

І ў Польшчы моднае тады, савецкае «Легко на сердце от песни веселой». На слове «квартире» спявак, як сёння чую, спатыкнуўся і крыкнуў маме ў кухню, спытаўся, як па-руску «mieszkanie», на што пачуў спакойны адказ сваёй нястомнай, мужнай мамусі. Дома ў іх мова была руская, але ж і польская школа рабіла сваё.

Тры дробязі з дзён іхняга гасцявання ў Загоры.

Калі я адвозіў гасцей на станцыю Гародзей, мы з Іосіфам «восседали» на чорна-цыратавым сядзенні з металічнымі парэнчыкамі, а Уладзік прымасціўся ў перадку, на сене, засланым святочнай дзяругай-перабіранкай. Каля павароткі на гасцінец былі тады старыя глінішчы, парослыя нізенькай густой травою, дзе наша палавіна вёскі пасвіла свіней, з чаго, калі напісаць па-анкетнаму, і я пачынаў сваю працоўную дзейнасць. Убачыўшы статачак, белы, чорны, рабы і розных узростаў, а тым больш тое, як адзін з пастушкоў, нібы спецыяльна, каб пахваліцца перад намі, з’ехаў на сваёй, не задаволенай гэтым, дзюдзі з зялёнага ўзгорачка верхам, Іосіф расчуліўся: «Какая прелесть! Как в сказке братьев Гримм!..» Праз чвэртку веку, пазней, калі ўжо я купіў сваім дачушкам тоўсты грымаўскі том, казкі той не знайшоў, дый не надта шукаў, а расчуленасць помніцца.

Другое — як наша мама гаспадыніла з гарадскімі, шаноўнымі гасцямі. Па адэскай памяці, былі і варэнікі, з вішнямі і з тварагом. І калі я перабраў у сваёй ветлівасці — пачаў накладаць тых варэнікаў на талеркі, яна кіўнула мне выйсці ў кухню-бакоўку і там шапнула: «Гэта ж павінен рабіць кожны сам сабе!..» Не злосна, але з дакорам, строгая ва ўсім.

І трэцяе. У поле мы хадзілі цераз двор Паўлюка Ламана, якога я паапісваў багата: ён і Ячны ў «Забалоцці», і Алісей Цівунчык у «Ніжніх Байдунах», і стары Пятрусь у «Глядзіце на траву». Чалавек каларытны, дасціпны, аптыміст у сваёй шматпакутнасці. У адзін з тых вігдорчыкаўскіх дзён я вяртаўся з поля, а ў Паўлюковым гумне, дзе ішла малацьба ў два цапы, якраз надарылася паўза, відаць, пераварочванне снапоў у пасадзе. Пачуўся голас дзядзькавага сына Колі, па мянушцы Цюліка. Бацька кніжкі чытаў, браў у нас, чалавек бывалы і на службе ў царскай арміі, і на франтах «мікалаеўскай», а Цюлік, трохі старэйшы за мяне, пяць гадоў запар, пакуль зусім не абрыдзела і самому яму, і настаўніку, шнураваў у першы клас. А так ён быў дзяцюк спакойны, цягавіты. Дык вось у паўзе — мне на хаду пачулася з гумна — Цюлік спытаўся: «Тато, а праўды гэто, што кажуць, што гэты, што ў Брылёвых,— жыд?» Бацька або не пачуў яго, або адказаў яму цішэй, а то і адмахнуўся нечым падобным на «ну і хрэн з імі!». Зразумей тут, хто гэта і чаго ён у іх, у гэтых святых дзівакоў. Дый няма калі разбірацца. Цапы загупалі зноў. Работа важная дый неадкладная — падсушанае на прыгуменным сонцы жыта акалочваюць на першы, доўгачаканы хлеб...

Што ж, дробязі ў мяне. У параўнанні з тым, што трэба гаварыць далей.

Толькі ўлетку сорак сёмага года ў Скідзелі я пачуў, як загінулі Уладзік і Нюся. Іосіфа ўжо не было трэці год, калі прыйшоў той векапомны чэрвень сорак першага, і, на шчасце, не было — каб яму не бачыць таго, што адбылося.

Нейкаму немцу не спадабаўся ў натоўпе сагнаных яўрэяў прыгожы юначок, і ён вельмі проста, звычайна застрэліў яго.

А маці ў роспачы кінулася на забойцу...

* * *

Гэта было б і ўсё над даўнім фотаздымкам, каб у мяне, апроч яго, не захаваліся яшчэ і тры старонкі, запоўненыя знаёмым, цяжкаразборлівым почыркам чалавека, у якога ўжо ад нямогласці трэсліся рукі. Тры старонкі чырвоным чарнілам, а тады яшчэ некалькі старонак хімічным алоўкам, дзе мой почырк, тады яшчэ з правым нахілам,— рускія тэксты першых апавяданняў з чырвонай, нязначнай праўкай.

Хочацца напісаць, што Іосіф — нейкі сваяк вядомага рускага скульптара Марка Антакольскага і савецкага паэта Паўла Антакольскага. Калі пра сваяцтва з першым я чуў перад вайной, дык пра другога, што ён таксама скульптару радня, даведаўся толькі ў пяцідзесятых гадах. Нават збіраўся, праўда, не вельмі настойліва, пазнаёміцца з масцітым Паўлам Рыгоравічам, каб спытацца ў яго пра Вігдорчыка. Не сабраўся.

Перад вайной аўтарытэт нашага беластоцкага сябра як літаратара быў для нас з Мішам і так, без спасылкі на знатнае сваяцтва, дастаткова высокі. Ягоны і Валянціна Булгакава, апошняга сакратара Талстога. А ўсё ж і знатны скульптар, пра якога мы чыталі і рэпрадукцыі ягоных твораў бачылі, а тым больш недасяжна вялікі і такі любімы Леў Мікалаевіч значнасць нашых жывых аўтарытэтаў хвалююча падмацоўвалі. З Булгакавым Вігдорчык перапісваўся, пісаў яму ў Чэхаславакію і пра нас, копіі гэтых пісьмаў я бачыў у яго архіве. Ён жа наладзіў нашу перапіску з Валянцінам Фёдаравічам, якая ў мяне працягвалася і пасля вайны, да яго апошніх дзён у Яснай Паляне.

І мне, калі я пачынаў, вельмі хацелася пачуць аўтарытэтнае і, вядома ж, пахвальнае слова пра мае спачатку вершы, а потым і апавяданні. Брата Мішы і сябра Мілюця было мне замала, і я даваў свае рукапісы Ваўчку. Аднак Якаў Марцінавіч, заўсёды важнавата спакойны, сказаў мне толькі пра «некаторыя граматычныя памылкі». Даваў і Кату, але ён, чыгуначны тэхнік па адукацыі, быў ці глухаваты на мастацкае слова, ці вартым чытання лічыў толькі рэлігійную мудрасць. Пасылаў я вершы і на Скідзельшчыну, былому грамадаўцу Данілу Скварнюку; адмысловы пячнік, весела-мудры кнігалюб, ён па-сяброўску арыентаваў мяне на Багдановіча, пра што я ўжо ўдзячна згадваў у «Сваіх старонках» за 1973 год.

І вось у пачатку трыццаць сёмага года — да знаёмства з Янкам Патаповічам — я асмеліўся звярнуцца са сваім дабром і да Вігдорчыка. Паслаў яму першыя варыянты таго, што даўно ўжо друкуецца ў маіх кнігах — апавяданні «Як маленькі», «Проста і ясна», «Сустрэча», для большай зручнасці пераклаўшы іх на рускую мову. Можа, толькі для самога Іосіфа, а то, чаго добрага, і з далейшым прыцэлам — на Булгакава...

Працытую, не перакладаючы, водгук толькі на апавяданне «Як маленькі», якое спачатку называлася «Хараство».

«Красота» — очень хорошо,— пісаў ён.— Очень трогательна жалость к живому существу, хотя бы такому отдаленному от человека, как паук, и душевная боль от того, что приходится разрушать такой огромный труд этого существа. Написано просто, хорошим народным языком. Очень хороши, правдивы слова Ганны, и потому картина вполне естественна, художественна... Очень возможно, что у тебя, Ваня, дарование художественное более всего направлено на простое — первым делом для детей — выражение таких вот картинок любви и жалости. И это очень хорошо было бы, если это так. По присланному тобой с радостью вижу, что у тебя есть внутреннее «чутье», ограждающее тебя от сентиментальности и всякой надуманной жалости. Посоветовал бы тебе работать в этом направлении — собирать материал, записывать слышанное, перерабатывать и самому создавать».

Ён распазнаў, угадаў маё запаветнае, якое я ўжо і сам невытлумачальна радасна адчуваў, падтрымаў мяне ў гэтым — з літаратараў першы.

Не збылося толькі яго пажаданне стаць мне дзіцячым пісьменнікам, чаго я хацеў і сам.


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Дзе скарб ваш: Лірычная проза.-Мн.: Маст. літ., 1997.- с. 5-24
Крыніца: скан