epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пераправа

Цяпер тут проста брод. Каровы на той бок перапраўляюцца то брыдучы, то крыху плывучы, калі вада пабольшае. А дзеці з прырэчнага пасёлка, калі ідуць іх сустракаць апоўдні і ўвечары, спрытна і весела карыстаюцца «чайкай».

— Дзед, баба сказала, каб ты сказаў, ці можна мне з Інкай паехаць у лодцы па іхнюю Кветку. Дзед, мы з Інкай будзем у лодцы плысці, а кароўка сама. Гэтак во носік наставіць. Я бачыла!..

Унучцы сёмы год, яна зусім гарадская. Яна спяшаецца з просьбай, аж спатыкаецца на словах, нібы гаворыць подбегам. І дзед, што нарадзіўся і вырас у вёсцы, не пястунцы сваёй, а бабе, якая стаіць паблізу, на тым самым зялёным дварэ, і чуе ўнуччыну просьбу яшчэ раз, кажа з вясёлым дакорам:

— Ты што гэта, Сямёнаўна, хочаш пазбавіць малую такога ўспаміну?

У дзеда ўчора падвечар, калі ён адзін прысеў над ракою, быў іншы ўспамін. Далёкі і сумнаваты. Калі ён тут партызаніў, калі на гэтым, бродзе была іх пераправа.

На трох фурманках, узводам, яны ад пушчы ехалі сюды, на гэты бок, у далейшую вёску. Адвячоркам было гэта, у познюю, змрочную восень сорак другога. Яшчэ да ракі не даехалі, калі з кустоў выйшаў мужчына, моўчкі даў знак, каб спыніліся, узяў першага каня за аброць, яшчэ раз паказаў рукою, каб маўчалі, а тады, падышоўшы да воза, ціха сказаў:

— Хлопцы, далей не едзьце — засада.

Ён быў мокры па самыя пахі. Нікому з іх не знаёмы.

І сёння ўжо не дапытаешся, хто гэта быў. Не падзякуеш за жыццё — сваё, сынава, унуччына, за ўсіх таварышаў, хто яшчэ ходзіць або дыхае. Не дапаможаш, калі і сам той чалавек жывы, ці з адзнакай якой, ці хоць даведкай пра сувязь.

З народа выйшаў, у ім і схаваўся.

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан