epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пра чалавечнасць

Пачну з вядомага. Улетку чатырнаццатага года Ўладзімір Ільіч і Надзея Канстанцінаўна жылі ў Пароніне. Калі пачалася вайна, аўстрыйскія ўлады па даносу арыштавалі рускага эмігранта Ульянава. Дзякуючы хадайніцтву групы прагрэсіўных палякаў ён быў вызвалены і неўзабаве пераехаў з жонкай у Швейцарыю.

Актыўнае дачыненне да справы вызвалення Леніна ўпрыгожвае біяграфіі трох польскіх літаратараў — Жаромскага, Каспровіча і Оркана.

Адзін з гэтай высакароднай тройкі, сын беднага, непісьменнага польскага хлопа, таленавіты паэт, драматург, філолаг і перакладчык — Ян Каспровіч на сваім шостым дзесятку выпадкова сустрэў ва Львове дваццацігадовую рускую красуню Марыю Буніну, далёкую сваячку пісьменніка, закахаўся ў яе, яна адказала ўзаемнасцю і ўвайшла ў жыццё Каспровіча верным другам і памочніцай.

Нядаўна мне давялося прачытаць «Дзённік» гэтай, па-свойму выдатнай, жанчыны, якую палякі з пашанай і сімпатыяй называюць «пані Маруся». У «Дзённіку» тым я сустрэўся з фактам, які ў нас, у нашым творчым асяроддзі, здаецца мне пакуль што невядомым.

У гады грамадзянскай вайны маці і сястра «пані Марусі» жылі ў Петраградзе і звесткі пра іх доўга не даходзілі да Каспровічаў у Галіцыю. Пакутуючы ад горкай невядомасці, маладая жанчына хапілася за апошняе: з сардэчнай непасрэднасцю напісала пісьмо таму «пану Ульянаву», якога памятала па кароткай сустрэчы ў Пароніне, — таму, як здавалася, такому простаму, звычайнаму чалавеку, што стаў славутым Леніным, правадыром Савецкай краіны. Пісьмо было напісана ў лютым дваццатага года, у дні вайны з белапалякамі, і гэта трэба памятаць, каб лепш адчуць значэнне факта. Хтосьці з польскіх ваенных узяўся «перакінуць» тое пісьмо цераз фронт і, пасля трох месяцаў загадкавых блуканняў, яно нейкім цудам трапіла ў рукі чалавека, што быў тады поўнасцю ахоплены адным — сусветна-гістарычнай справай выратавання першай пралетарскай рэвалюцыі, якая трэці год крывава, гераічна адбівалася ад навалы ўсё новых ды новых ворагаў. І вось вясной дваццатага года «пані Маруся» раптам атрымала тэлеграму, якую яна ў сваёй польскай кнізе прыводзіць у арыгінале:

«Письмо ваше получено мною два дня тому назад. Будут отданы все распоряжения, чтобы облегчить вашим родным выезд из России. Паспорта им уже выданы.

Предсовнаркома Ленин».

Такое нельга чытаць без хвалявання. Яно яшчэ раз гаворыць пра веліч яго культуры, пра яго чалавечнасць.

У семдзесят сёмым годзе, прымерваючыся да задумы аповесці «Золак, убачаны здалёк», я на працягу некалькіх месяцаў прачытаў або перачытаў даволі многа адпаведнай літаратуры, каб як найлепш адчуць патрэбны мне час. У ліку прачытаных кніг і артыкулаў у часопісах было многае з напісанага Леніным у чатырнаццатым — дваццатым гадах. Адтуль, з усяго, што я ўспрыняў як удзячны чытач, жыва і ярка помняцца дзве «залацінкі».

У трэцім пісьме ленінскіх «Писем из далека», дзе гаворка ідзе пра будучую пралетарскую міліцыю, што павінна стаяць на абароне правоў працоўнай беднаты, ёсць словы, якія дазволю сабе працытаваць ва ўласным перакладзе:

«Няўжо пралетарыят Расіі праліваў сваю кроў толькі дзеля таго, каб атрымаць пышныя абяцанні адных толькі палітычных дэмакратычных рэформаў? Няўжо ён не запатрабуе і не даможацца, каб кожны працоўны адразу ж убачыў і адчуў пэўнае палепшанне свайго жыцця? Каб кожная сям’я мела хлеб? Каб кожнае дзіця мела бутэльку добрага малака і каб ніводзін дарослы ў багатай сям’і не смеў узяць лішняга малака, пакуль не забяспечаны дзеці?»

Адзін з маіх добрых сяброў, журналіст Якуб Міско, нешта ў самым пачатку нашай дружбы падараваў мне старое выданне ленінскіх «Писем к родным». За трыццаць з нечым гадоў я ўжо не раз вяртаўся да чалавечай цеплыні гэтай кнігі, адной з першых у маёй сціплай пасляваеннай бібліятэцы.

У адным з замежных пісьмаў да маці Леніна, Марыі Аляксандраўны, Надзея Канстанцінаўна пісала:

«Тут нейкае царства дзяцей. Усе да іх такія ўважлівыя, а дзеткі такія слаўныя, здаровыя. Я бывала ў нашых гарадскіх школах і міжволі параўноўваю, і лічу, што дзецям тут жывецца значна лепш».

У гэтых словах і здаровая, канструктыўная зайздрасць сапраўднай патрыёткі, і заклапочанасць будучага выдатнага педагога, і матчына пяшчотнасць жанчыны ў гутарцы з другой жанчынай.

А ў словах Леніна, працытаваных вышэй, у кантэксце дзелавой, суровай стрыманасці палітыка зусім па-асабліваму красамоўна гучыць тая бутэлька — падкрэслім — добрага малака — яшчэ раз падкрэслім — для кожнага дзіцяці. Сваёю прастатой, сваёю, калі можна так сказаць, практычнасцю яны, тыя словы яго, гавораць вельмі многа, у прастаце, у звычайнасці ленінскіх слоў, у стрыманасці іх — рэвалюцыйна актыўны, дзейсны гуманізм.

І яшчэ адно, што ярка запомнілася мне, хоць і не ўпершыню прачытанае, што свеціць у памяці «залацінкай».

У чацвёртым пісьме «Писем из далека» Ленін гаворыць:

«Няма сумнення, што Горкі — вялізны мастацкі талент, які прынёс і прынясе шмат карысці сусветнаму пралетарскаму руху.

Аднак навошта ж Горкаму брацца за палітыку?»

А трохі вышэй:

«Аўтару гэтых радкоў здаралася, пры сустрэчы на востраве Капры з Горкім, папярэджваць яго і папракаць за яго палітычныя памылкі. Горкі парыраваў гэтыя папрокі сваёй непераймальна-мілай усмешкай і шчырай заявай: «Я ведаю, што я дрэнны марксіст. Да таго ж, усе мы, мастакі, крыху бессвядомыя людзі». Нялёгка спрачацца супраць гэтага».

У гэтых, зноў жа простых, дзелавых і змястоўных словах бачыцца не толькі «непераймальна-мілая» ўсмешка Горкага, але ж і жыццядайная абаяльнасць і творчая глыбіня ленінскага разумення прыроды мастацтва, якасці, што так патрэбны бываюць для тых, хто шчыра шукае і ў пошуках, у разведцы новага можа часамі і памыліцца.

У пэўнай меры ведаю і я, што азначае для нас, для нашай працы кантакт са словам, з думкай Леніна, колькі даюць нам хвіліны роздуму над яго старонкамі, калі мы звяртаемся да іх з унутранай патрэбы, з жаданнем лепш разабрацца ў плюсах і мінусах рэчаіснасці, лепш убачыць тое, што неабходна для будучыні. І я таксама ведаю, як гэта добра — пазнаваць Уладзіміра Ільіча больш ды больш, глыбей ды глыбей, па мностве тых «залацінак», з жывой мазаікі якіх складаецца вобраз Леніна-правадыра, Леніна-мысліцеля, Леніна-чалавека, Леніна-сына, брата і друга, таварыша па справе.


1980

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан