epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Пра наіўнасць

«Наіўны — які не мае, не набыў жыццёвага вопыту, непасрэдны, прастадушны». (Наш Тлумачальны слоўнік.)

«Naiwny — odznaczający się prostotą, szczerością, nie mający doświadczenia, mało uświadomiony, łatwowierny». (Польскі Słownik wyrazów obcych.)

«...Прямой и невинный, простой, простодушный, простосердечный, милый за простоту, привлекательный простотою; ребячески прямой, детски откровенный...» (Непараўнальны Даль.)

* * *

— Ці пан сам разумее тое, што мне гаворыць?

Гэта пачуў я вясной трыццаць сёмага года ў Баранавічах на вакзале, калі з напісаным там заказным пісьмом ткнуўся... у акенца чыгуначнай касы.

Тут, праўда, была ў мяне не святая або цялячая прастата, а вялікае хваляванне, глыбокае абурэнне тым, што ў «арэшце сьледчым» мне не далі спаткацца з братам Мішам. Напісаў яму і пра гэта, і пра тое, што збіраўся сказаць на спатканні, наіўна думаючы, што заказное пісьмо яму не могуць не перадаць.

А месяцы праз два, на судзе, і гэтае маё пісьмо зачытвалася, далучанае да справы ў якасці абвінаваўчага дакумента.

Наіўным, скажам цяпер, было і маё выступленне на тым вайсковым судзе.

Сведкам абвінавачання выступіў дзябёлы плютановы 78-га пяхотнага палка, у нясвежых «драліхах» і начышчаных грукачах-чаравіках. Ён па-службоваму далажыў, што «пабаровы» Брыль Міхал, калі яму было загадана зняць сваё цывільнае адзенне і надзець «сорты мундуровэ», упарта адмовіўся і сказаў, што і зброі таксама не возьме, і ў войску служыць не будзе. Закончыўшы гэтым «не бэндзе», пан плютановы, з не вельмі панскім выглядам, дзергануўся «на бачнасць» і, як і раней, усхапіўшыся для даклада, завучана хлёстка ляснуў абцасамі.

Міша ў нязнятай хатняй вопратцы, але ўжо і праз тры месяцы пасля арышту з нейкім сцішнавата няхатнім выглядам,— не памятаю, ці перад плютановым, ці пасля яго даклада,— спакойна, але паволі і неяк трохі напружана расказаў, чаму ён адмаўляецца служыць,— што гэта — яго перакананні.

Пракурор, каротка-тоўсценькі маёрчык, і ў сваёй абвінаваўчай прамове, і ў рэпліках быў калюча-з’едлівы, прыкметна задаволены сваёй дасціпнасцю. Ну, і ківаў на ўсход, не толькі на Талстога, але яшчэ шырэй, далей, сучасней. Мішын расказ ён перабіў і так:

— Сядзеш у крэпасць — гэта будзе не партрэцікі маляваць, там табе зубкі пачысцяць!..

Спатканне ў тым «арышце», дзе Міша сядзеў да суда, мне другім разам дазволілі, і ён перадаў мне некалькі зробленых там малюнкаў, два з якіх дагэтуль захаваліся. Партрэт алоўкам суседа па камеры — грубаваты валявы твар і разгорнутая кніга на дужай далоні; і не пазіруе чалавек, а сапраўды чытае. Другі малюнак — з памяці, прыемна думаецца, што пра мяне. Каляровымі алоўкамі. Малады сейбіт з поўным хвартухом насення, у белай расшпіленай кашулі, залішне святочных ботах і — яшчэ раз залішне — узнёсла-прыгожы, паэтычны. Даты: 20 і 21 мая. Гэта дапамагло мне ўспомніць, што суд адбыўся ў палавіне чэрвеня.

Малюнкі гэтыя і некалькі іншых, якія памятаю цьмяна, пан пракуратар, вядома ж, бачыў.

Калі мне дазволілі слова, як непрадбачанаму сведку апраўдання (не памятаю, ці быў хоць які адвакат), маё звонка-палкае выступленне ён перабіў таксама:

— Во, будзе яшчэ адзін апостал пана Гандзі!..

Махатму, як і Талстога, Міша называў у сваім выступленні.

Рэплікай карантыш і мяне не спыніў, і смеху ці ўсмешак у важных суддзяў ад гэтага досціпу не прыпамінаю.

Чуецца мне затое голас старшыні таго выязнога (з Брэста ў Баранавічы) суда, пажылога, саліднага палкоўніка, які таксама, як і Міша, спакойна, ды ледзь не са спачуваннем сказаў, што «ў хлопца тут вінаваты яго бедныя пераконанні». Памятаю даслоўна.

Мішу далі васемнаццаць месяцаў вайсковай турмы, роўна столькі, колькі тады служылася ў пяхоце, каб пасля адбыцця тэрміну зноў, як нічога ніякага, паклікаць на службу... Пра гэта на судзе гаворкі не было, з гэтым я забягаю наперад.

Вігдорчык, якому я тое сваё выступленне,— вядома ж, на польскай мове,— па памяці запісанае дома, паслаў, неўзабаве прыслаў мне ў Загора яго машынапісную копію, разам з копіяй па-руску напісанага мною апісання суда, што ён тым часам накіраваў, калі за даўнасцю не памыляюся, у Лондан, дзе быў адпаведны цэнтр «Интернационала противников войны».

Тыя руска-польскія копіі апісання з маім выступленнем, як і нямала другіх значных рэчаў з нашага з братам даваеннага пацыфісцкага архіва, мы ў канцы сорак дзевятага ці ў пачатку пяцідзесятага года, баючыся майго арышту, у які былі прычыны трывожна верыць, спалілі ў Мішынай хаце, дзе ўсё такое ў наіўнай свабодзе захоўвалася.

Праз усю чарнату недарэчных падазрэнняў і «сяброўскіх» паклёпаў я тады шчасліва прайшоў. Колькі ўсё гэта каштавала — тут не буду. Скажу другое:

Як мне хацелася б цяпер перачытаць тую юнацкую наіўнасць!..

* * *

Можа, крыху не да месца, але з усмешкай дадам, што ў тым баранавіцкім прывакзальным рэстаранчыку, дзе я абедаў, здаўшы сваё заказное пісьмо, я ветліва панёс пустыя талеркі туды, адкуль яны былі прынесены не мною. Маладая падавальніца сустрэла мяне якраз у кухонных дзвярах і, засмяяўшыся, спыталася:

— Пан мыслі, жэ так бэндзе таней?

Недзе ў шасцідзесятых, з майго сяброўскага расказу пра даўняе, Алёша Карпюк — таксама па наіўнасці? — выкарыстаў гэта ў сваім апавяданні «Афіцыянтка».


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Дзе скарб ваш: Лірычная проза.-Мн.: Маст. літ., 1997.- с. 25-28
Крыніца: скан