Янка Брыль

Праўдалюбы

Радасць цемры ці подласці, якая «сказала праўду»:

— Гэта ж не твае родныя тата і мама, яны цябе толькі ўзялі...

Калі тая ці той сірата зразумее ўсё па-належнаму, наколькі ж вышэй за «праўдалюбца» стане яна ці ён у сваёй ранняй сталасці!

Успамінаецца, што адчулі мае знаёмыя, калі іх дачушка, згубленая ў вайну і выгадаваная чужымі ажно ў Омску, адмовілася ехаць ад сваіх да сваіх. Успамінаецца таксама даўно прачытанае ў газеце, як у падобнай сітуацыі, не могучы падзяліць аднымі выгадаванае, а другімі — нарэшце! — знойдзенае дзіця, дзве чужыя сям’і прыйшлі да мудрага рашэння — парадніцца, узаконіўшы роднасць сваю афіцыйна.

Дзеці «падкідышы», або «пакідышы», якіх я аднойчы многа бачыў у Наваградку, дапамагаў ім пераходзіць цераз кладку каля касцёла, у якім быў ахрышчаны Міцкевіч. Нязручна дый няёмка было іх апярэджваць, і я падхапіў, перанёс адно, яшчэ і яшчэ адно... Яны наперабой ліпнулі да мяне, і цяжка, нельга было адчапіцца. Ад сваіх выхавацельніц, што ў нейкай меры замяняюць ім маці, яны так пяшчотна, так прагна гарнуліся да мяне, мужчыны, сказаў бы, адчуваючы «бацькоўскую недастатковасць».

У Нарыльску, у найлепшым, які мне дагэтуль давялося бачыць, дзіцячым садзе, загадчыца яго, кандыдат педагагічных навук, аўтар спецыяльных дапаможнікаў, чалавек на ўсю душу аддадзены сваёй справе, сказала нам між іншым і такое:

— Самая ідэальная выхавацельніца не зможа ўсіх іх пацалаваць, як маці. Сям’ю, таварышы, нішто не зможа замяніць.

А недзе там над гэтым... не, лепш пад гэтым чуваць «цвярозае», «праўдзівае» гы-гы-гы:

— Гэта ж не твае родныя тата і мама...

1983




Беларуская Палічка: http://knihi.com