epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Шапка

У чалавека вялікая галава. Вечныя клопаты з тым, што называюць галаўным уборам. Улетку можна і без нічога, а то ж зіма ўжо, вецер, снег і мароз, і чалавеку холадна ў берэце. Зноў сунуўся ён у адзін, у другі магазін — нічога не падыходзіць. Не вытрываў — пайшоў да самога дырэктара універмага.

Стаіць, нібы дакладвае, бо той, з-за свайго вялікага пісьмовага стала, прысесці не запрасіў. Выслухаў і спытаўся:

— Кім работаеце?

У чалавека ледзь-ледзь праз горла пралезла.

— Пісьменнік.

Дырэктар падумаў і вырашыў:

— Выша кроліка не зможам. Ды і кролікаў пака няма.

У вачах чалавека пачалі загарацца слёзы.

— Каб вы ведалі, як мне прыемна з вамі гаварыць,— сказаў ён і пайшоў.

Для справядлівасці дадамо: дырэктар потым пісьменніку пазваніў. Што ёсць «кролік», што можна зайсці. Ды той ужо штосьці тым часам дастаў, — падзякаваў і не зайшоў.

І яшчэ адзін эпілог. Калі мы з сябрам наведалі ў бальніцы аднаго з нашых найбольш паважаных старэйшын і засталі там аднаго з адказных за ўзровень літаратуры, я расказаў пра гэтае сваё здарэнне з шапкай. Усе мы смяяліся. Толькі адзін чамусьці неяк стрымана, як не паверыўшы...

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан