epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Сілуэтна

Дружнай кампаніяй, на дзвюх машынах едзем па летняй Літве. Прывал над Нёманам. Кн тут шырэйшы, чым у нас, нават пад Гроднам, — разлёгся воддаль, ніжэй ад шашы, паблісквае, нібы зусім не быстры, не плыве.

На самым беразе — адзінокая хата, можна падумаць, што рыбакова. На фоне вадзяной прасторы яна сілуэціцца вельмі выразна. Потым з той хаты выйшлі трое: гаспадар, гаспадыня і госць — пасля пачастунку. Здагадацца пра гэта няцяжка, бо развітваюцца яны з абдымкамі — і раз, і два, і яшчэ раз. Адно гаворкі амаль зусім не чутно. Нарэшце гаспадар з гаспадыняй вяртаюцца ў хату, а госць — сілуэтам на самым урэзе зялёнага берага — ідзе ў свой бок. Ды раптам чалавек гэты спыняецца, стаіць і думае: «А чаго я, уласна кажучы, узяў ды пайшоў? Можна ж у добрых людзей і яшчэ пасядзець!..» Пра гэта мы таксама толькі здагадваемся. А чалавек вяртаецца ў хату.

І тут неўзабаве адбываецца рэзка нечаканае. З хаты на госці, можна сказаць, выязджае, ды не памалу, сама гаспадыня. Сілуэтна-нямая карціна агучваецца. Што крычаць — не разбярэшся, проста чуцён, на братняй мове, бабскі высока абураны крык са значна ніжэйшым мужчынскім уторам...

Выгнала, адагнала, вярнулася ў хату. Магчыма, і замкнулася, усё далейшае выгаворваючы свайму.

А нядаўні сардэчны госць, так зганьбаваны ў другім акце надрэчнай ідыліі, стаіць на фоне ўсё той жа сонечнай вады і ўжо не толькі понасу богу, але і нам, праезджым, выказвае сваё абурэнне. Што гэта іменна так, а не інакш, мы мяркуем па тым, што ён не толькі павернуты тварам да нас, але раз-поразу і руку ўздымае то ў неба, то да нас, нібы з арэны ў найвышэйшыя рады трыбунаў. Крычыць ён прыблізна такое: «Што ж ты, дурная баба, ганьбіш мяне? Вунь жа сюды глядзяць курортнікі!..» Слова «курортнікай» мы, як-ніяк, разумеем. Да таго ж яшчэ чалавек, яўна з разлікам на немясцовых, раптам свой маналог падмацоўвае агульнасаюзным, асабліва выразна спелым сярод незразумелых слоў выслоўем.

Не першы раз за дзевятнаццаць год успомнілася гэта зноў. Нават і з загаловачкам, прытчава-павучальным, як для кароткага тэлеспектакля:

Усяму свая мера.

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан