Янка Брыль

Штрыхі

«Чорт з голаду і мухі еў».

А бывалы дзядзька Ігнат расказваў, як ён — яшчэ да рэвалюцыі — вяртаючыся з нейкіх заработкаў, недзе каля Маладзечна ці Вілейкі... ледзь не наеўся «жытнікаў».

Гаспадыня, калі ён зайшоў ды папрасіў есці, гасцінна сказала: «А я вам, чалавеча, крупніку з жытнічкамі!..» — «Ого, давай, падумаў я, — расказваў дзядзька. — Наліла на прыпеку, з печы дастаўшы, паставіла на стол. Павярнуў я лыжкай, а там — аблупленыя мышы... Каб не галодны быў, дык і сарвала б. А так толькі хлеба лусту ўзяў, падзякаваў, ды за шапку».

«А чаму яны, дзядзька, жытнічкі?» — пыталіся мы, хлапчукі.

«Бо мышы палявыя».

...Другі дзядзька, Макар, у якога на агародзе было тры яблыні. Ён іх мазаў знізу да самага голля дзёгцем, каб мы, чужыя дзеці, не лазілі, калі дома нікога не будзе. Пакуль тыя яблыні не пасохлі.

Страшэнна працавіты, гаспадарлівы. Купляў у пана патроху зямлю, зусім, здавалася, пустое поле, і гноем — з году у год — даводзіў яго да ўраджайнасці. Калі хто паліў увосені, пырнік на сваім полі, дык дзядзька спыніцца ў плузе і крычыць: «Пачакай! Не палі! Давай я забяру!» Забіраў, трусіў у баразну і заворваў.

Малога ўнучка, ад дачкі, што была за бедным замужам у суседняй вёсцы, лішне малога Колю дзед прымушаў аднойчы гнаць каровы. Спрабаваў, як толькі трохі развяснела, ці будзе ўжо свой, ненаняты пастух. А Коля ўцёк і схаваўся за нашым гумном. Плача, унурыўшыся, хімкае, а дзед стаіць над ім і гугніць. Убачыў, што я цікую з-за вугла, і да мяне:

— Ты бачыш, Мішачка? — Заўсёды блытаў нас з братам, нібы не могучы разабрацца. — Гэта ж, Мішачка, пазаўчора было вяліканне, і наша баба дала во нашаму Коліку, — тут ішла смешна-суцэльная скорагаворка, — пірага-бабкі-малака-яец чырвоненькіх-каўбасы-сыра-сала-масла і мяса, а ён во, Мішачка, каровы гнаць не хоча!..

Прыдурванпе, як нейкая вельмі патрэбная ў гаспадарцы мудрасць.

...Яшчэ і дзядзька Пятрусь, у якога была поўная хата непрыгожых, беспасажных дачок. Разбурчыцца на печы на долю сваю — не супакоіць нічым. А цётка Алена, ласкавая, гаваркая жанчына, тыц яму туды малыя начовачкі гарачай бульбы ў лупінах — ён і супакоіцца. Хукае там ды чаўкае.

Штовечара збіралася поўная хата вячорнікаў. І цётка нібы жартам сватала сваіх дзяўчат:

«Бяры, Баядэра, Жэню. Гаспадыню будзеш мець!..»

Як яно помніцца ўсё так выразна — з малечай памяці. Я тады хадзіў у чацвёрты клас местачковай школы і зімою быў на кватэры ў цёткі Алены, нашай далёкай сваячкі. Помніцца — з нейкім затоена-значным сэнсам.




Беларуская Палічка: http://knihi.com