epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Сумленніца

Новая хата, у якой мы часова жывём, чыстая і абстаўлена, як і ў многіх у гэтым пасёлку, «па-гарадскому»: з сервантам, канапай, тэлевізарам. На вялікіх вокнах — крухмальная пругкасць і снегавая бель гардзінаў, за якімі высока чырванеюць вяргіні, а далей відаць зялёнае — грады, яблыні, лес.

Туды, па чабор, найшлі мае жанчыны, жонка з малою ўнучкай. А я сяджу, нарэшце, за сталом. Як быццам пішацца, нешта жывое пачаў...

І не пачуў, як хтосьці за сцяною ўвайшоў, двойчы лёгка рыпнуўшы дзвярыма, з двара на ганак, а з ганка ў кухню. Пачуў я ўжо толькі голас адтуль, жаночы:

— Ёсць тут хто ці нікога няма?

З прыкрасцю адарваўшыся ад работы, выходжу насустрач. Незнаёмая цётка, хутчэй бабуля, з кошыкам яек. Вітаемся.

— Ваша хадзяйка да мяне, на мой хутар, заходзіла. Заплаціла за чатыры дзесяткі, а толькі два ўзяла, бо якраз не было. Курачкі зноў наняслі, а яна не ідзе колькі дзён. Дык я во свежанькіх, яшчэ два дзясяткі.

Па цётцы відаць, што ёй не толькі трэба доўг аддаць, але ж і пагаварыць — і ёсць пра што, і хочацца. І праўда, не паспеў я запрасіць яе прысесці па белай табурэтцы каля кухоннага стала, пакрытага вясёленькай цыратай, як цётка прысела сама і мне сказала, нібы гаспадыня:

— Сядзь, мой родны, ды паслухайце мяне.

Адразу так — і на «ты», і на «вы».

— Цяпер яно во як — вы чулі, відаць, — калі ў каго па фронце нехта загінуў, дык да пенсіі пяць рублёў дадаюць. Я са сваім жыла за польскім часам тры гады нявенчаная. Тыя разы казалі пра мяне: «Вунь пайшла сумленніца». Мы з Іванам нейкія трохі сваякі былі, ужо далёкія, можна было павянчаць. А поп то вянчае, то не вянчае. Мы з дзедам жылі Іванавым, такі ўжо стары, што хоць запалкі ад яго хавай. Павязем таго дзеда да бацюшкі, а дзед усё лічыць і далічыцца не можа, трэцяя мы стрэча ці другая. І ўжо толькі тады... Не, перад гэтым яшчэ, як Саветы прыйшлі першы раз, улетку мы павянчаліся.

Гаворыць цётка — як сабе самой, пра сёе-тое трэба здагадвацца. І я, тутэйшы, здагадваюся. «Прыйшлі першы раз» — гэта верасень трыццаць дзявятага, другі раз — ліпень сорак чацвёртага, другое вызваленне.

Значыцца, павянчаліся.

— Дык на табе, — вядзе цётка далей, як загадзя падрыхтаваўшыся да гутаркі са мной, — цяпер тое кнігі царкоўнае ў загсе няма! Няма во, не знайшлі. Майго забілі не там, дзе на той Берлін ішлі, а збоку. Ён са шваграм Яўхімам быў, кулямётчыкі. Швагра пад вечар ранілі, сем месяцаў у госпіталі праляжаў. А мой яшчэ зранку крыкнуў яму: «Я ўжо гатоў!..» А звяшчэння я ніякага, мой родны, не палучыла. Сяджу ў таго ваянкома. Маёр такі. Харошы, відаць, чалавек. Колькі ж гэта во, кажу, пасля вайны ўжо? Трыццаць пяць гадоў, кажа ён. А божачка, кажу, я за гэты час зарабіла сабе пенсію, дваццаць восем рублёў, а ён колькі там зарабіў, мой Іван? Пяць рублёў мне прыслаў. Дый тыя я, тую дабаўку, пакуль палучаць буду, колькі яшчэ валакіты! А ён жа ў мяне во і ў грудку калісьці быў...

Тлумачэнне патрэбна зноў. «Быў у грудку» — значыцца, у гуртку стотысячнай Сялянска-работніцкай грамады. Дый потым, відаць, калі пілсудчыкі разграмілі яе, чалавек усё волі хацеў, жыцця чалавечага.

— Ён усе кнігі чытаў. І тоненькія, і таўсцейшыя. Араць паедзе, ляжа пад возам ды чытае. Або ноччу слепіцца, газоўку на акне паставіўшы. Колькі яго, мой родны, у тым пастарунку біла паліцыя! А цяпер я сказала б яму: «Во заслужыў, Іванка, — пяць рублёў. Ды яшчэ і хадзіць колькі трэба!..»

Дзве няўвязкі з гэтай дабаўкай: двух дакументаў няма. Аднаго — што не толькі яна жыла з мужам, як гаварылася ў той далёкі ўжо час «напавер», але ж і ўзаконіла потым сваю любоў, сваю дружбу вянцом. Пра такую ўзвышанасць — любоў ды дружба — яна не гаворыць. Не называе, не можа назваць і тую паперку, што так звычайна, калі яна ёсць, называецца: «Пасведчанне аб шлюбе». А тую страшную паперыну, якую цётка з фронту чамусьці не атрымала, як іншыя салдаткі, яна называе «звяшчэннем». Таксама не можа яе прад’явіць — няма і гэтага дакумента.

— Дурная баба, што вы хочаце, — з крывой усмешкай прыплачу кажа яна. Нават і торкае сябе пальцам у лоб, ужо ў баразёнках, пад белай хусцінай, завязанай «пад бараду». — Кажу во я таму суддзі: я ж у Карэлічах, колькі жыву, ні разочку раней не была. Хай сабе сорак кіламетраў, але ж аўтобусы цяпер. А тады ж, за польскім часам, толькі на возе ці пехам. Тыя разы не пра Карэлічы, а пра паш Мір, дзесяць тых кіламетраў, і то малому табе кажуць: «Чаго ты прэшся, чаго кавэнчышся на той кірмаш? Там жа, хто першы раз прыедзе, трэба, гэта ж во, пацалаваць старую, замурзаную Гнэсю, што каламазь прадае...» Кажу я так, а ён смяецца, той суддзя. Харошы, відаць, чалавек. А на дзевак тых накрычаў: «Чаго вы бабу гэтую валнуеце! Дайце ёй спраўку!» І далі, нябось. А то ж не давалі! Кожная ж хоча цяпер, каб ёй што даў, ці цукерак якіх, ці грошай сунуў...

Цётка змоўкла, як быццам сказаўшы ўсё. Здаецца, пойдзе ўжо. А яна памаўчала, сама сабе ўсміхнулася і зноў:

— Сяджу. І ты сабе думаеш: а чаго яна, гэтая баба, расселася? Там жа ж карова з ранак прыйдзе, на веснікі будзе раўсці. І свінчо галоднае заскавычацца.

— А вы што — адна жывяце?

— Адна, мой родны.

Зноў памаўчала. А потым:

— Дачка ў мяне... Ужо ж і пра гэта вам раскажу. Гэта калі вайна пачалася, дык той дзіцячы дом, што быў тут у нас, дзе раней панаў маёнтак быў, увесь разбегся. Дзеткі сабе, і тыя, што іх даглядалі, сабе. А малая дзевачка адбілася ад усіх, адна хадзіла па хатах. Хто што дасць. І не просіць, а стане, беднае, і глядзіць, і маўчыць... Летам дык яно ж кожны кусцік начаваць пусціць, а пачалася восень — ніхто малую ўзяць не хоча. У каго і сваіх хапае, а хто і баіцца, каб немцы не прычапіліся. Яны ж, і самі вы, мой родны, можа, ведаеце, чапляліся да ўсяго. Ні за што, ні пра што чалавека застрэляць або здароўе адбяруць. І яны, і тыя іхнія паліцаі. Мой таксама ж баяўся, можа, больш за каго. Усё праз тыя свае грудкі ды праз кнігі — што камуніст. Але ж ён будзе мне так казаць: «Як гэта — каб дзіця, ды так пакутавала!..» А я, не буду вам ілгаць, я браць чужое не хацела. Яшчэ ўсё думала, што будуць і свае. Бо колькі ж мы былі пражыўшы — толькі два гады. А потым узялі. І ён наважыў, і я ўжо згадзілася. Божачка ж мой, пакуль я яе ад тых вошай, ад той каросты адмыла, адмазала!.. А такое ж, мой родны, дзіцятка было! «Папка» ды «мамка»... Усё паможа табе. Сама ніколі нічога не возьме. Маруся...

Цётка змаўкае, як не ўсё сказаўшы. То нібы ледзь не заплакала, то зноў вось усміхаецца. І я пытаюся:

— А дзе ж яна цяпер?

— Дзе, кажаце, цяпер? Дзе ўсе. Мая ж не горшая за ўсіх — у Мінску. Медсястрою! У той бальніцы робіць, што адразу, як з аўтобуса. Грэх, мой родны, сказаць што на яе. У каго дык і роднае не такое. Калі дома, са мною была, дык і ў хаце ўсё, і ў агародзе, і ў калхоз, калі трэба, хадзіла. Прыеду цяперака да іх, дык не ведае, дзе мяне пасадзіць, чым мяне частаваць. Целавізяр гляджу, дык яна мне талерку нясе або чай, каб я ўжо не адрывалася. І дзеткі да мяне, і Лёня, і Жаначка, і сам яе чалавек вельмі добры. Валодзя. Слесарам ён. Самастаяцельны такі, спакойны, і чарцы не жадзён, як гэта сённячы другія. Хораша жывуць.

— Вас да сябе не клічуць?

— Каб раз! Але сама я не хачу. Чаго мне там, у той скварэшні іхняй, над саменькім небам? Ці ў вочарадзі той таўчыся? Не ведаю, можа, калі і паеду. А то ж, пакуль яшчэ трохі здаровіцца, я сама сабе пані.

— А да ўнукаў не хочацца?

— Яны ж да мяне прыязджаюць. Гэта во ўжо цяпер, як выраслі, дык Жаначка недзе ў той Крым. Студэнтка ўжо яна, дык разам з усімі, у нейкі там саўхоз. Вінаград, кажа, будзем ірваць, ды ў моры хоць накупаюся. А Лёнік на афіцэра ж вучыцца, курсант. Ён — калі пусцяць. Аж у Сібіры недзе. А як малыя былі, дык жа кожнае лецечка ў бабы. І поле тут, і лес, і па траўцы, і малако. Дый у вёску ж недалёка, і да Нёмана...

— А Маруся з Валодзем?

— Бываюць. Бываюць...

Памаўчала сумленніца. А тады:

— Маглі б і часцей прыязджаць. Не толькі ўлетку або раз ці два зімой. Але ж яно, мой родны, кожнаму сваё, свой клопат... Ну, я такі пайшла. Не гоніце, дык я й сама. Напляла тут табе кашалёў. Бывайце здаровенькі!

1983


1983

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Я. Сёння і памяць: Апавяданні, мініяцюры, эсэ. - Мн.: Маст. літ., 1985. - 317 с., 317 л.
Крыніца: скан