Янка Брыль

Сувенір

Слоніка з сандалавага дрэва падарыў мне ў паўднёвай Індыі Святаслаў Мікалаевіч Рэрых. Сказаўшы пры гэтым, што чым даражэйшы госць, тым меншы павінен быць слонік — звычай такі. Мой — маленькі, магчыма, бываюць і меншыя, але пра радасць знаёмства з абаяльным чалавекам, выдатным мастаком і сынам вялікага мастака мой слонік гаворыць мне многа.

Русалачку, што самотна, зажурана сядзіць на ўзбярэжным валуне, я купіў у адным з падарожжаў сам. І яна мне нагадвае не толькі пра збольшага ўбачаную Данію, яе раскошны Капенгаген, але і пра шчасце майго малечага захаплення казкамі Андэрсена.

Ярка-стракаты гліняны пеўнік прывезены з Партугаліі. За гэтым сімвалічным пеўнікам ва ўспамінах стаіць дарога берагам акіяна, пальмы з соснамі ўперамешку, а пад імі, у сонцы, зусім ужо нечакана, зусім па-нашаму расквітнелы верас. Да пеўніка часта і вельмі ахвотна цягнецца пацешна маленькая рука маёй няўрымсты-ўнучкі. Стаўшы на крэсла, яна яго дастае. Ён ужо двойчы падаў з гэтай ручкі на падлогу. Першы раз адляцела галава, за другім разам адбіўся фанабэрысты хвост. Мы яго, пеўня, склейвалі ўдваіх з малой, і ён стаіць у нас там, дзе стаяў. Дзе стаяць сувеніры з іншых маіх падарожжаў. Нават здаецца часамі, што ён калі-небудзь возьме ды, нарэшце, кукарэкне.

Вясной семдзесят трэцяга года наш цеплаход збіраўся адчаліць з Гамбурга ў далейшы шлях, і нас, удзельнікаў савецка-польска-гэдээраўскага рэйса міру, прыйшлі праводзіць і тыя заходнія немцы, з кім мы сустракаліся, і яшчэ больш тых, што не маглі быць на сустрэчах, але таксама супраць вайны, за разумную дружбу паміж народамі. Нас было чатырыста з нечым чалавек, іх — разоў у тры больш. Бо якраз і выходны быў. Гучалі прамовы, потым цікавы, яркі самадзейны канцэрт. Былі проста гутаркі ў святочна-неспакойным міжнародным натоўпе. І — як заўсёды і ўсюды — абмен сувенірамі.

Адзін з іх спачатку збянтэжыў мяне.

Старая жанчына з рабочай сям’і дала мне... звычайную шчотку. Прыняў, падзякаваў, але ў душы, калі можна так сказаць, паціснуў плячыма...

І вось ён, такі будзённы, па-нямецку практычны, па-людску шчыры падарунак хутка ўжо дзесяць год ляжыць у нашай прыхожай на падлюстэрніку. Часамі нехта з сямейнікаў, выходзячы з дому, папросіць трохі пачысціць яго па лесвічнай пляцоўцы, а калі і сам пра гэта папросіш. А то і так сабе, мімаходзь, зірнеш на невялікую, зручную, вішнёвую колерам дрэва і чорную воласам «кляйдэбірстэ» — шчотку для адзення. Зірнеш — і зноў успомніцца весела, гаманліва шматмоўны натоўп на прасторным пірсе, на палубах белага цеплахода, натоўп людзей, у нейкай меры з’яднаных разуменнем галоўнага, успомніцца нейчая ціхая, працавітая і цярплівая маці з добрай усмешкай, за якою — загадка і мудрасць яшчэ аднаго, можа, нялёгкага ці нават шматпакутнага жыцця...




Беларуская Палічка: http://knihi.com