epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Усмешка

Толькі што адшумела навальніца, і па вуліцы вёскі бягуць вясёлыя мутныя раўчукі.

Я стаю каля варот бацькоўскага двара, і мне вельмі хочацца зняць свае модныя туфлі, прайсціся па быстрай дажджавой вадзе, памясіць нагамі цёплую, пухкую гразь...

Мяркуючы па тым, што я яшчэ не зрабіў гэтага, а толькі раздумваю - я ўжо даўно не малы. Ды я не адчуваю чамусьці ні цяжару гадоў, ні адказнасці за свае паводзіны: я проста рад, можа, нават не менш, чым рады бываюць у такі час малыя.

На захадзе з-за хмар выглянула сонца. З узгорка ўніз па вуліцы ідзе белы, зусім сухі і чысты бычок, а на бычку сядзіць гадоў пяці-шасці дзяўчынка, што таксама не была пад дажджом.

Бычок ідзе паволі, нават салідна, упарта і горда несучы наперад свой шырокі пародзісты лоб з тупымі шэрымі рожкамі.

Дзяўчынка сядзіць на бычку не так, як хлопцы, а бокам, спіной да мяне, нібы знарок схаваўшы свой твар, напэўна, шчасліва і смешна сур'ёзны, свае, вядома ж, загарэлыя ножкі.

Сонца прасвечвае цераз мокрае, бліскучае лісце бяроз, і на мелкай гразі, нядаўна затупанай слядамі каровіных капытоў, на гаманлівай вадзе і на шэрых штакетах за раўчуком ляжыць рухавая сетка ценю. Калі бычок са сваёй амазонкай уваходзіць у гэты цень, па іх гуляюць сонечныя зайчыкі.

На ўсходзе, куды накіравалася, яшчэ не ўсё аддаўшы, цёмна-сіняя хмара, красуецца вясёлка. Пад вялізную арку яе ідзе вясковая вуліца, а па вуліцы, нібы ў краіну казачнай радасці, едзе светлагаловая дзяўчынка, гулліва пастукваючы пятамі па баку свайго верхавіка.

Трохі воддаль за імі ідзе, таксама босы, бацька дзяўчынкі. Ідзе і ўсміхаецца, бо думае, відаць, што дзіця - заўсёды дзіця, заўсёды радасць, ці хлопец гэта, ці дзеўка.

Але дзяўчынка тым часам праехала міма мяне і там, дзе шумлівы, пеністы раўчук ад плота разліўся на сярэдзіну вуліцы, пачала раптам з'язджаць з хрыбта свайго бычка і, пакуль я сабраўся бегчы ёй на дапамогу, з'ехала і шлёпнулася, села ў мелкую ваду!..

Пакуль мы з бацькам малое падбеглі туды, паспела адбыцца самае цікавае, самае вясёлае ў гэтай гісторыі.

Белы бычок прыгнуў лабастую галаву, наблізіў вільготную казытлівую пысу да твару свае сяброўкі і панюхаў яго, а дзяўчынка працягнула загарэлыя рукі, узялася за рогі бычка, адкінула назад светлавалосую галаву і, смеючыся, устала.

- Ой, татачка! - гаварыла яна і, не могучы дакончыць, звонка смяялася і паўтарала: - Ой, татачка! Ой!

І мы смяяліся ўтраіх, - так весела, так непаўторна молада, што я не вытрымаў больш і... прачнуўся.

 

1956

 

Каментары

 

Друкуецца паводле выд: Выбр. тв. У 3 т. Т.1. Мн., 1992; Т.2. Мн., 1993.

Упершыню - час. «Полымя», 1961, No.11.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Янка Брыль. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беллітфонд», 1999.
Крыніца: невядомая