Янка Брыль

Заўсёды слова

У наш нялёгкі ды шалёны час чаго-чаго, а палітыкі ўсім хапае. Радыё, тэлевізар, прэса, сходы, чэргі - усюды яна... Кажуць, багатаму не спіцца. Не спіцца і старому. І дзень ад гэтага даўжэйшы. І ўвесь з палітыкай!..

Як быццам не нацешыўшыся ёю, ужо ў пасцелі ўключаю радыё. І раптам - Смактуноўскі1, якога я яшчэ больш палюбіў, калі даведаўся, што ён вясковы хлопец з нялёгкім лёсам, а не з нейкай, як здавалася, рафінаванай інтэлігенцкай сям'і, выдатны артыст Смактуноўскі пачаў чытаць яшчэ выдатнейшага мастака - Пушкінаву «Метель». Як хораша стала на душы, якім гэта святам адчулася!..

Сёння ў мяне такім святочным быў увесь дзень. Без радыё, тэлевізара, без газет, толькі з Коласавай паэзіяй, у яго родных мясцінах, дзе ўсё нагадвае «Новую зямлю» з яе прыродай, жыццёвай красою, душэўнай шчырасцю.

Гэта не азначае, што так вось трэба ўцякаць ад пытанняў гарачай сучаснасці. Я пра тое, што гэтак добра і хочацца палячыць душу высокім, найвышэйшым.

 

* * *

 

Хораша гэта - месца на сваёй зямлі, у родным кутку, стол перад самым акном у любае поле, неба, аддалены лес... І слова сваё, якое трэба сказаць. З упэўненасцю і з сумненнямі: а ці дойдзе яно да людзей будучыні, да твайго народа?.. У Багушэвіча - дайшло.

І на яго радавой сядзібе, у адноўленым доме, з якога робіцца музей, а потым і каля валуна на лясным узвышшы, толькі ў адным месцы прычасанага валуна, дзе па-польску, але пра беларускага паэта Mасіeja Вuraczka сябрамі сказана высакароднае слова братэрства, - усюды там, у Кушлянах, добра, глыбінна думалася. І пра тое, што вось праз дзве сусветныя вайны, праз безліч дзён і начэй, марозных, слотных, сонечных, месячных, словы тыя і мне на семдзесят трэцім годзе іх існавання моўчкі гучаць пра вечнасць.

 

* * *

 

Пра Чорнага мне было жыва, хораша згадалася здалёк, з Польшчы, з Зялёнагурскага ваяводства.

Гаварылі там пра славутых сілезскіх ткачоў - не толькі пра іх умельства, але і пра тое, што ім было цесна ў родных мясцінах і яны ездзілі, а то і хадзілі далёка ў людзі, шукаць работы, месца на Зямлі.

І ў Беларусь траплялі. А потым - і на старонкі яе грунтоўнага таленавітага летапісца.

Праз год, на васьмідзесяцігоддзі Мікалая Карлавіча, у Цімкавічах, я гаварыў пра гэта ў сваім выступленні каля школы, перад землякамі патомнага парабка, якому жорсткі час не даў стаць нашым Бальзаком, гаварыў у яго роднай вёсцы, якой яму прататыпна хапіла б, як ён казаў, на ўсё яго творчае жыццё.

Ён спадзяваўся, вядома, на доўгае, плённае. Не на сорак чатыры гады. Уключна з арыштам, катаваннямі, турмой і немаччу на апошняй свабодзе...

 

* * *

 

Нешта ўвосені сорак пятага года, калі ў мяне было больш сялянскага клёку, я, супрацоўнік «Вожыка», ужо тым часам і пасмялелы ў дэмакратычным рэдакцыйным калектыве, спытаўся ў нашага галоўнага, Крапівы, пра адно сваё неўразуменне.

Добры касец скошвае ў дзень паўгектара ці больш. Працуючы - «як сабе», на ўсю сілу, добрасумленна. Як жа ён можа перавыканаць план?

Кандрат Кандратавіч, - а мы былі толькі ўдвух у пакоі, дарэчы, адным на ўсю рэдакцыю, - паглядзеў на мяне праз свае нетаропкія акуляры і пачаў паволі ды грунтоўна гаварыць штосьці правільнае, што ні мяне не вельмі пераконвала, ні яго самога, думалася мне, таксама. Бо і ён жа ад плуга, ад касы.

А ўлетку пяцьдзесят першага мы з Уладзімірам Калеснікам, перад сваім падарожжам па Наваградчыне, прыйшлі на Камароўскі рынак, каб забраць з рамонту мой (пазычаны) веласіпед. Дома ў мяне нікога не было, жонка з малымі ў вёсцы, а Валодзя наогул божая птушка, аспірант, і мы вырашылі там жа, на рынку, і паабедаць. У драўлянай «чайной» старога рынку нам падалі нейкі «суп», нейкае «ўтарое». Гародніны - анізвання. А цераз нешырокую, спякотна-пясчаную вуліцу яе - можна сказаць, і процьма. Чырвона, жоўта ды зялёна на доўгіх сталах. Але ў чайную гэтай свежасці не перабрацца. Бо толькі ж цераз базы, накладныя, перавозкі, добра прыпсаваўшыся...

Гэтага нам, хлопцам з вёскі ды «заходнікам», таксама, як і са стаханаўскай касьбой, было не зразумець.

І гэта - адзнакай здаровага сэнсу, народнага клёку - помніцца мне чатыры з гакам дзесяцігоддзі.

 

* * *

 

Гэта было б натуральна, каб ён яшчэ жыў, наш Мележ, як жывём і працуем мы, - няхай нямногія ўжо, - яго сябры, равеснікі ды менш ці больш старэйшыя. Была б паўнацэнна завершана і раз, і дза, і тры разы грунтоўна дапрацавана, перад здачай у друк і пры кожным перавыданні, яго «Палеская хроніка». Ажыццявіліся б, новымі адкрыццямі выйшлі б з тайнікоў глыбокай, шчырай душы іншыя задумы. Нібы не цяжка ўявіць, як ён балюча перажываў бы чарнобыльскае гора родных надпрыпяцкіх мясцін, як ён па-сыноўняму, па-грамадзянску, па-чалавечы ўдзельнічаў бы сёння ў жыцці Беларусі, краіны, свету...

Журботна і радасна стаяць на Іванавых кнігах аўтографы і мне. Пачынаючы з першай кнігі, аж надта сціпла выдадзенага зборніка апавяданняў, пад ваеннай назвай «У завіруху», і да апошняга з яго рук падарунка - важкага тома з таксама змястоўнай назвай «Жыццёвыя клопаты». У «капітальным», а ўсё ж няпоўным яшчэ, бо патузаным, пакляваным цэнзурай, дзесяцітомніку з найболыпай цеплынёй бачыцца мне вяршыня ягонай творчасці - тыя сардэчна-запаветныя чатырыста старонак «Людзей на балоце», што былі калісьці і маім хвалюючым адкрыццём, і маёй чытацкай радасцю, што найбольш надзейна застануцца з намі і застануцца пасля нас - як нятленны народны набытак.

 

* * *

 

Музей Алесю Пальчэўскаму зрабілі ў школе добры. Светламу, добраму чалавеку можна трохі і перадаць як пісьменніку - за пакуты яго турэмна-лагерныя, за чалавечнасць, якую адчулі многія. Родная хата і роднае месца апошняга супакаення пад урачыстай засенню спрадвечных дрэў. Адрамантаванай, пафарбаванай хаце нязвычна быць у вясковым бязлюддзі нібы таксама музеем, а помнік, гранітная стэла з прафесійным барэльефам, сярод старых, нават замшэлых, і навейшых, стандартна танных помнікаў па радні і суседзях не выбіваецца нясціпласцю. «Добры быў чалавек, такому не шкада», - скажу за Алесевых землякоў. І не думаю, што памылюся.

 

* * *

 

Папрасілі выступіць у тэлеперадачы, што рыхтуецца да 70-годдзя Веры Палтаран2. Спачатку падумаў: а што я магу сказаць больш пасля таго, што напісаў дзесяць гадоў таму назад? Перачытаў колішняе, і ясней не стала... А пасля падумалася пра той «дэфіцыт», які ў наш час найгалоўнейшы, - недахоп, удушлівы недахоп прыязнасці, дабрыні, узаемаразумення... Дарэчы, і гэта ўжо стала пашлець у моду, і пра гэты недахоп ужо замнога крычаць, стараюцца адзін аднаго апярэдзіць у крыку... А іншыя сціпла маўчаць, нясуць тую святую службу чалавечнасці, якая была для іх заўсёды непрыкметна галоўным. Пра адну з такіх я і сказаў сваё юбілейнае слова.

...Верачка. Якою яна была неўзабаве ў рытуальнай зале крэматорыя. Не «страшная» ад бязмежных пакутаў, а дзіўна, ледзь не хораша спакойная. У дарозе яе крыху раскалыхала ў труне, галава ад гэтага трохі збочылася, легла свабадней. Пасля прамоў і развітання паволі пад ціхую музыку яна - з мноствам кветак - паехала, апусцілася ўніз, у нашу светлую, сумную памяць.

Згадалася, як два... так, ужо два гады таму назад мы наведалі яе ў трагічных Бараўлянах з Міхасём Стральцовым. Дзве блізкія і мне душы. А яго ж - пад музыку жаль удвая - таксама ўжо год і восем месяцаў няма...

Тэлеперадачы пра сябе яна ўжо не бачыла, была ў непрытомнасці.

Яшчэ адзін з бліжэйшых пазваніў мне пасля пахавання, што перадача наша і для яго прагучала як рэквіем...

 

* * *

 

Сакратарыят Саюза пісьменнікаў Беларусі звярнуўся ў ЦК КПБ з пісьмом, больш за дзесяць старонак машынапісу, пра непаладкі з нацыянальным пытаннем у працы дзяржаўнага выдавецтва. Пісаў тое пісьмо ў асноўным Іван Мележ, я збольшага дапамагаў, падпісалі ўсім сакратарыятам, плюс сакратар партыйнай арганізацыі.

Сем чалавек, і немаладых, і нібы вопытных, а пралічыліся ў адным. Кнігі на расейскай мове, выдаваць якія абавязвала Масква, з'ядалі львіную долю нашай паперы. І трэба ж было, каб на той час сярод такіх кніг была і «Молодая гвардия», якую мы ў пераліку назвалі. І таварыш Машэраў знайшоў у гэтым выхад з пікантнай сітуацыі: «Да как они смели?!» Нават як быццам назваў тую кнігу «нашим Евангелием», на якое мы «посягнули»...

На гэтым справа і закончылася.

Гэта было ў пачатку шэсцьдзесят восьмага года. Праз два гады пасля вялікай гутаркі ў ЦК па нацыянальным пытанні. Вялікай гутаркі - з дзесяці гадзін раніцы да васьмі вечара, «чтобы не отвлекаться на обед» - з перакускай на месцы, у цэкоўскім буфеце. З аднаго боку наш прэзідыум, з другога - члены бюро і ўрада. Гаварылася многа, адкрыта. Намі, вядома. Я і сам, якраз вярнуўшыся з пахавання брата, гаварыў на ўсю душу. А ўсё абышлося касметыкай, абяцаннямі, і яшчэ раз ясна стала, што пытанне вырашаецца не ў рэспубліцы... Хоць новы сакратар па ідэалогіі, самападкрэслены беларус Пілатовіч, які толькі што замяніў вялікага маўчуна Шауру, што за паўтара года на знайшоў часу прыняць наш прэзідыум, каб пагаварыць па тым горкім нацыянальным пытанні, здаўся нам тады на штосьці добрае надзейным.

Дарэчы, гэта і спакусіла Мележа, Панчанку і мяне пайсці праз два месяцы ў пісьменніцкі сакратарыят - таксама з надзеяй...

 

* * *

 

Зноў жа ў пачатку шэсцьдзесят восьмага, выступаючы на нарадзе ў ЦК, я гаварыў і пра тое, што дырэктар і загадчык літаратурнай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» - адзінага тады, што выдавала мастацкую літаратуру, - наладзілі, нібы па прыкладзе яжоўскіх «троек», вырашальна безапеляцыйныя «пяцёркі».

Спрэчны рукапіс абмяркоўваўся такім складам: дырэктар, галоўны рэдактар, загадчык літаратурнай рэдакцыі, сакратар партыйнай арганізацыі, хоць сабе і адстаўнік-маёр з нейкай гаспадарчай пасады, і, нарэшце, рэдактар рукапісу, найменшы ў «пяцёрцы». Ён жа потым перадаваў аўтару вырашэнне ягонага лёсу.

Так было, напрыклад, са мною, з «Птушкамі і гнёздамі». Пратакол у мяне захаваўся. Вядома ж, крытычна-адмоўны. І вынесены мне рэдактарам на калідор. Алесь Адамовіч казаў тады, што калі б у яго было сваё выдавецтва, ён выдаў бы маю кнігу з тым пратаколам у канцы. Факт усё-такі гістарычны.

На той цэкоўскай нарадзе гаварыў я і пра Якава Герцовіча3, галоўнага «бракера», ацэншчыка Быкава, Караткевіча і іншых ненадзейных, прыдворнага крытыка і рэцэнзента, «явно и тайно образующе». Назваў яго нават літаратурным рабінам.

І кіраўнік той нарады, ідэалагічны сакратар Пілатовіч, сказаў мне пасля яе заканчэння, сам-насам, што як сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў я не меў права так гаварыць. Не толькі, вядома ж, пра рэбэ...

Я адказаў, - што як толькі калі адчую, што вось і перастаю быць пісьменнікам - адразу ж перастану быць сакратаром.

З такім вырашэннем сваёй пазіцыі было часамі даволі складана, яшчэ ажно тры гады...

 

* * *

 

З трыбуны сходу, скліканага на асуджэнне Пастарнака за «Доктара Жывага», таварыш Б. выступаў, каб з найбольшай ударнай сілай, па-расейску:

- І этат празрэнны Пястрак...

Піліп Сямёнавіч, які з-за глухаватасці сядзеў у першым радзе, пырхнуў смехам, разам з усімі, і з узнятым наперад пальцам павучальна сказаў:

- Акадэмікам трэба выступаць па паперцы!..

Праз некалькі гадоў, у Нарыльску, пасля нашага беларуска-расейскага выступлення па тэлебачанні, да нас, беларусаў, прыйшоў у гасцініцу нарыльчанін, здаецца, бухгалтар, і назваўся братам Б. Даўняя заслуга акадэміка: у канцы трыццатых гадоў ён ад гэтага брата публічна адмовіўся. Сцішнаватае пачужэнне, убачанае і адчутае мною ўпершыню так канкрэтна. Цяжка сказаць, як гэта паварушвалася ў выпетранай рознымі накірункамі душы нашага Б. А яго малодшы, і мы разумелі гэтага чалавека, не меў намеру братацца нанава.

Яшчэ адно, пазнейшае. Абмеркаванне на рэдкалегіі «Полымя» дзённікавых запісаў Івана Мележа. Рэдакцыя, у згодзе з духам часу, патрабавала купюраў. Там, дзе развагі пра культ асобы і штрыхі да вобразаў некаторых, завысока ўзнятых, сучаснікаў. Зноў жа найбольш запомнілася выступленне Б. Ён, вядома, стаяў за купюры.

- Прабачце, - сказаў я, - дык вы ж гэтага рукапісу не чыталі.

Ён - чалавек на восьмым дзесятку - бойка, пачырванела абсек мяне:

- Ну і што з гэтага? А я веру рэдакцыі!

Адхілімся ў пастскрыптум.

Румяна ўсмешлівы філосаф, таксама Б., сказаў тады, што ён «рассматриваемую рукопись тоже не читал, но, уважаемые товарищи, поскольку теперь на Западе...». Як быццам «на Западе» толькі цяпер!.. Словам, і філосаф, хоць і кроў з малаком, і маладая, хітрая ўсмешка, і толькі дальні прыцэл на акадэміка, таксама выказаўся за купюры.

 

* * *

 

Рукапіс пабіты воспай дурных рэдактарскіх і цэнзарскіх заўваг.

У кнізе меціны гэтай немачы прыязны чытач не заўважыць - яны толькі ў горкай памяці аўтара.

 

* * *

 

Патрабаванні бывалі ўсякія - сам такога як быццам і не прыдумаеш.

У апошнім брэжнеўскім годзе галоўны рэдактар партыйнага часопіса, знаёмы з партызанскага лесу, па-сяброўску прасіў мяне ў юбілейным артыкуле пра славутага паэта - ужо ў карэктуры - «дапісаць яшчэ некалькі абзацаў». Навошта? Каб апошняя старонка была запоўнена ніжэй. Паперу трэба лепш выкарыстоўваць. Бо згодна з дэвізам часу «эканоміка павінна быць эканомнай».

Ён не настойваў, ён прасіў, аднак з усёй прафесійнай сур'ёзнасцю, і здзіўлены быў, што я не згадзіўся дапісваць.

 

* * *

 

Мантэнь4, «Вопыты»:

«Честолюбие несовместимо с уединением. Слава и покой не могут ужиться под одной крышей».

Першае, што захацелася выпісаць, бо найбольш яно падыходзіць да майго тут, у вёсцы, жыцця, бо ў гэтым і я знаходжу пункт апоры.

Думаў спачатку чытаць усё падрад, але пасля некалькіх раздзелаў павяло на выбарку, што цікавейшае. Бо ж і нялёгка дый нецікава бясконца лазіць з тэксту ў каментарыі, каб лепш зразумець той далёкі час. Далёкі і агромністы, таямнічы. Ажно навальнічныя хмары згадаліся - з глухім мармытаннем грому, які сваё адгрымеў, але яшчэ ўсё варушыцца, злуецца, як патрывожаны ў берлагу мядзведзь... «Я ведаю толькі тое, што я нічога не ведаю». А пасля таго, як гэта было падумана і сказана, чалавецтва назапасіла такую процьму культуры, што адчуваеш сябе зусім бездапаможным, каб хоць часткова, сяк-так у ёй разабрацца.

...Дзіўна ды цьмяна думалася над Мантэнем пра тое, як чалавецтва жыве ў слове сваіх лепшых сыноў, якія нібы свядома перадаюць адзін аднаму агеньчыкі несмяротнасці, што і мала, і больш пажыўшы як быццам не паміраюць яны - для тых, што былі перад намі, што будуць пасля нас.

...І заўсёды было шмат палітычнай блытаніны, то мутнай, то крывавай, і не ўсім яна перашкаджала паводзіць сябе разумна.

 

* * *

 

Шаламаў5, «Четвертая Вологда». Шчырыя, мудрыя ўспаміны, якія пісаліся «для сябе»... ва ўсякім выпадку без асаблівай надзеі на хуткае ці нават пазнейшае надрукаванне. Подзвіг і катарга сапраўднага інтэлігента, у гэтым выпадку расейскага.

Бог мой, колькі ж яшчэ трэба ўбачыць, пачуць, каб думаць або гаварыць, што ты ведаеш жыццё хоць бы ў пэўнай меры!.. Не толькі ў вялікай літаратуры, але і ў меншай. Вось жа не ведаў я, упершыню пачуў нядаўна пра мовазнаўцу Анатоля Багдановіча, які добра, плённа пачынаў, а потым быў лягчэй за іншых выкінуты з роднага асяроддзя: не застрэлены, не замучаны ў тайзе ці ў шахце, а толькі сасланы туды, куды і вароны нашы не далятаюць, каб там яму вылечыцца ад «беларускага нацыяналізму». Прыжыўся там недзе, як Язэп Пушча расейскім настаўнікам на Ўладзіміршчыне, як Сцяпан Ліхадзіеўскі6 і Сяргей Гайко расейскімі выкладчыкамі ВНУ, адзін у Ташкенце, другі ў Сярове на паўночным Урале... З першымі двума я сустракаўся, памятаю сумную ўсмешку Пушчы, энергію Ліхадзіеўскага. З Гайком, вялікім кніжнікам, мы перапісваліся да яго апошніх дзён...

Пішучы «лягчэй за іншых», я падумаў: а ці такім ужо і лягчэйшым было для іх, пачаўшы з Анатоля Багдановіча, тое выгнанне, тая адчужанасць?..

Многае трэба ўбачыць, уведаць, адчуць.

 

* * *

 

Славак Дамінік Татарка. Па-польску.

Тры ўзоры сапраўднай прозы, асабліва апавяданне «Пеўнік у агоніі», сведчаць пра значнасць гэтага, як ён кажа сам пра сябе, «карпацкага пастуха, які абагаўляе ўсё, што праўдзівае», пра яшчэ адно для мяне радаснае адкрыццё.

А яшчэ прыемна было, на прыкладзе гэтага славака, думаць, як гэта важна - клопат пра родную мову.

І блізка нам тое, што ён гаворыць французу Наэлю:

«Гэта страшна - спісванне ў страты малых народаў. Для каго ён небяспечны, такі малы народ, у якога свая культура, свае традыцыі і імкненні? Вы ведаеце, гэта сапраўды драматычна».

 

* * *

 

«Байкал» Валянціна Распуціна. Учора пачаў, толькі што кончыў. Увесь час адчуваючы розніцу паміж расейскім і «расейскамоўным». І не «расавасць» тут, як крычаць з-за мяжы і дома іхнія падпявалы, а законная арганічнасць. Яна адчуваецца, калі гаварыць пра расейцаў, апроч Распуціна, у Казакова, Бялова, Астаф'ева...

...Па тэлевізары - Нагібін пра Апалона Грыгор'ева. Паслухаў з павагай да эрудыцыі і адданасці справе, што мне даўно імпануе ў Нагібіна, і з зайздрасцю да такой багатай літаратуры.

І паралельна такая думка ішла: гэта ж не выхад - перакантоўвацца ў тую, гатовенькую літаратуру, як гэта робяць некаторыя нашы «расейскамоўнікі», спадзеючыся, што ад гэтага і яны будуць значна большымі самі.

 

* * *

 

Чытаю «Вороненка» Юры Тууліка, падарунак з аўтографам. Зноў прыемнае адкрыццё, зноў сапраўднае слова. І яшчэ што хораша раскрываецца: раней чым па-расейску, гэтая кніга выдадзена ў яго па-фінску. Навошта гігантаманія (ці як тут сказаць ясней?), калі ёсць і такія слаўныя народы, як эстонцы і фіны, такія землі, як Суомі і (Юравы словы) «маленькая Эстония», калі ёсць законнае шчасце быць самім сабою?..

Як жа гэтага не хапае нам, беларусам!..

 

* * *

 

Салжаніцын, «Бодался теленок с дубом». З цікавасцю чытаў і з пэўным здзіўленнем: якія справы адбываліся ў наш час, колькі мужнасці, працавітасці праяўлялася іншымі, пакуль мы не «дацягвалі» на сваім месцы!.. І, разам з тым, думалася і пра тое, што не трэба было яму, няхай сабе і Салжаніцыну, беручы яго ў сённяшнім сусветным вымярэнні, узвышацца над Твардоўскім, які - таксама ж з'ява, значна непаўторная.

 

* * *

 

«Нехта напіша: увайшоў чалавек, і не верыцца, а Гогаль напіша: увайшоў чорт - і верым».

У разумнага, народна вясёлага балгарына Ердана Радзічкава, у кнізе «Успаміны пра коней», бедны дзядзька, чыча па-іхняму, уцякае ад лесніка. Ужо няма куды дзецца, а тут над полем стаіць раскошная вясёлка. І ён пабег па ёй, як па гарбатым мосце над ракою, цераз якую лесніку не пераправіцца. І ўсё было б як найлепш, аднак з рукі, з вясёлкі ўпала сякера... Ах, сякера - як і яе набыць у бядоце няпроста!.. А ляснік задаволены, яму большага і не трэба, падняў і пайшоў у свой лес.

І я, чытач, задаволены - напісана хораша і праўдзіва.

 

* * *

 

«Дзённік» братоў Ганкураў. Куплены ў палавіне шасцідзесятых, гэты мажны двухтомнік, выбранае з 22-х тамоў французскага выдання (!), я пачынаў ужо чытаць неўзабаве пасля набыцця і, здаецца, яшчэ раз пазней, але тады «не пайшло». Цяпер, калі згадаць тое, што мне Лакшын пісаў пра «Поиски слова», я пачаў «выклёўваць» у Ганкураў сваё, бліжэйшае. Смерць Жуля, апісаная Эдмонам, вярнула мяне з канца першага тома да яго пачатку, і пайшло «выклёўванне», з алоўкам на палях. З аднаго боку - духоўнае, агульна-людскае, з другога - пра пісьменнікаў, якіх у пэўнай меры ведаю і я, а яшчэ і сцэны сустрэчаў, цудоўныя навелы, асветленыя высакародствам, як смерць іхняй старой служанкі... Абмінецца ўвагай пры такім выбарачным чытанні і штосьці, напэўна ж, важнае, але і ўсё падрад чытаць я цяпер не магу.

Пераклічка з леташнім Мантэнем.

 

* * *

 

Позні вечар.

У гастраноме каля акна плача малая дзяўчынка. На падваконніку - недаедзеная шакаладка.

Дзяўчынку пацяшаюць нейкая добрая цёця і п'янаваты дзед, хутчэй за ўсё пенсіянер-рабочы.

Дзед грубавата гыркнуў на добрую цёцю, прадаўшчыца ўмяшалася, і пачалася сварка. Сталі збірацца людзі.

Малая расплакалася яшчэ горш. І ўсё толькі паўтарае назву вуліцы, нумар дома і кватэры.

Перагнуўшыся цераз прылавак, прадаўшчыца зашаптала мне, незнаёмаму, што маці дзяўчынкі «зноў з некім на блядаход дадому падалася, сцерва. Дзевачка ім мяшае...».

Прыйшоў міліцыянер, і малая, забраўшы сваю шакаладку, пайшла з ім у аддзяленне.

Жонка, калі я дома расказаў ёй пра гэта, параіла напісаць навелу. Але тут жа сама сябе і паправіла: будзе нетыпова...

Да запісу, зробленага тады, просіцца дата: канец шасцідзесятага.

 

* * *

 

Ніколі не вядома, дзе што згубіш, дзе што знойдзеш.

У наваполацкай гасцініцы, слухаючы па рэпрадуктары абласную радыёперадачу, раптам пачуў ад вясковага дзеда такое акрэсленне нашай «галоснасці» - неціхота.

«А цяпер неціхота такая, дык гэта добра!..»

У народа ёсць усё.

 

* * *

 

У ашчадным банку нестарая бойкая жанчына справядліва абураецца, як марудна ёй афармляюць штосьці ў чэкавай кніжцы.

- Я ноч прастаяла каля станка, і тут яшчэ трэба стаяць? Я вось зараз вазьму!..

І гэтак далей.

Падышла загадчыца, ветліва пачала растлумачваць кліентцы, якая тут у іх сёння загружанасць. А работніца маладая. На сценачку перагародкі загадчыца, і сама маладжавая, усперлася аголенымі да локцяў рукамі і прыстойным бюстам. Кліентка зноў не вытрымала:

- А ты вось не стаяла б ды не лэхтала, а памагла б ёй узяла!..

У нашым «рюскім», а кажуць яшчэ «камароўскім», дыялогу, які не хочацца перадаваць без перакладу, гэтае лэхтанне, пачутае мною ўпершыню, і смешна гучыць, і даўнавата помніцца. Абы зайшоў ды ўбачыў тую загадчыцу.

 

* * *

 

Сціплы, сумнавата ўсмешлівы Сярожа Міхальчук, хлопец з бедным маленствам, з цяжкім салдацкім раненнем, старанны, уважлівы выдавецкі рэдактар. А ўзяў ды ўпёрся на адным слове ў маім рукапісе: зладзяйчук. Карандашныя «птушкі» на полі, і раз, і два, і тры...

- А што? - спытаўся я.

- Па слоўніку трэба зладзюжка.

Пры маладосці яшчэ і рашучасць - ані з месца. Я пачаў гаварыць, як тады гаварылася, што першы пасляваенны расейска-беларускі слоўнік выйшаў пад вырашальным удзелам двух уздзенцаў, Крапівы і Глебкі, і ў іх нямала «зямляцка-мясцовага ўплыву»... Не памагло. Пад руку трапіў яшчэ адзін аргумент:

- Ну сам жа ты, Сяргей, не Міхалюшка, а Міхальчук!

Усміхаецца.

- Давай пазвонім Глебку!

Згадзіўся.

Заўсёды спакойны, мудра-ленаваты, як лічылася, наш эрудыт... Як ён хораша, сумна бачыцца цяпер на фоне хоць бы толькі мнагатомнага збору фальклору, саліднага трыццацітомніка, пачатага ім!.. Яшчэ і вясёлы, Пятро Фёдаравіч выслухаў мяне, за гэты час у галаве яго няспешна і грунтоўна выспеліўся адказ, які мне выразна помніцца ўжо больш за трыццаць гадоў:

- Слоўнік гэты не тлумачальны, па-расейску кажучы - не талковы, і ўсе талковыя хлопцы могуць яго, вядома, дапаўняць, дасканаліць для другога выдання.

- Можа, вы і рэдактару скажаце гэта?

Ён - весялейшым голасам:

- Ну, дай яму трубку, калі ўжо ён так, цераз цябе, не верыць.

Сярожа выслухаў і паверыў.

А ў пяцітомным тлумачальным «зладзейчука» ўсё ж няма. Той самы толькі «зладзюжка». Універсальны.

 

* * *

 

Бела-ружовая пяшчотнасць яблынькі, каля якой стаю. Сябар маленства - шпак сядзіць амаль побач, на краечку шыфернага даху павеці; ён час ад часу, у развод паварушваючы крыллямі, пакрэхтвае, трэба думаць, ад задавальнення. За сеткай агароджы, у зарасніку альховай латачыны - салавей, да якога, як заўсёды здаецца, падаць рукою. Далей, у радкаватай яшчэ лістоце дубоў, таксама час ад часу жаўна падае сваё «тр-р-р!», нібы кіёчкам па штыкетніку. Успомніўся Багдановіч:

 

...а там каля акна

Малінаўка пяе і стукае жаўна.

 

Не стукае, а трашчыць, хоць яна і дзяцел. Празаічная прычэпка?

 

* * *

 

Апавяданні Гарэцкага, якія не пайшлі, бо не маглі ў той час пайсці ў чатырохтомніку, а таксама «Жартаўлівы Пісарэвіч».

Думалася пра мову Максіма Іванавіча, пра тое, як яна адрозніваецца - мастацкая ў апавяданнях і ў «Пустарэвічы», - ад публіцыстычнай у артыкулах і ў крытыцы. У лепшы бок, вядома, бо ён жа перш за ўсё мастак, і калі ўздымаецца да сваёй галоўнай сутнасці, тады і гаворыць сваёю мовай, ускормленай народнасцю.

Так, дарэчы, і ў Ларысы Геніюш - мова яе «Споведзі» даволі прыкра засмечана разнамоўнасцю, а мова вершаў - непараўнана чысцейшая.

 

* * *

 

Неяк пасля вайны я прыехаў у родную вёску. Тады яшчэ з адчуваннем, што не ў госці, а дахаты. На шарай гадзіне, адзін у матчынай хаце, не знайшоў запалак, а праз акно ўбачыў, што цераз вуліцу, на суседскай лаўцы кураць.

Аказалася - дзядзька Кандрат, тады часовы фінагент, і нейкі райупаўнаважаны, незнаёмы. Пакуль я падышоў да іх, дзядзька шапнуў яму пра мяне, і ён, даўшы мне прыкурыць і запрасіўшы прысесці, пачаў:

- Дык што, ты пісацель?

- Ага, - адказалася неахвотна.

- Эпізадыст? Эпізоды апісваеш?

Не памятаю ўжо, што я на гэта адказаў. А яшчэ і такое акрэсленне жанру, якім ахвотна карыстаюся, сяды-тады ўспамінаецца.

 

* * *

 

Хваліць наймалодшых, новае пакаленне літаратараў, трэба ўсё-такі памятаючы, што, пакуль гэтае пакаленне пакажа сябе па-сапраднаму, спакваля астыўшы ад самазахаплення, надыдзе пакаленне новае, з тымі самымі, а то і з большымі прэтэнзіямі на сваю выключнасць.

За многія пасляваенныя гады мы ўжо такое бачылі ў некалькіх варыянтах.

 

* * *

 

Немаўлятка крычыць непрыгожа. Хоць і сваё, але ж плач той - грымаса грымасай.

Сапраўдная радасць прыходзіць да бацькоў, калі яно ўсміхаецца. Ужо адухоўлена.

Гэта - пра наймалодшых у літаратуры. Вось і яшчэ адно пакаленне пачынае са скаргаў, з плачу ды крыку, з грымасаў. Цяпер ужо на тое, што бацькі іх абакралі, пазбавілі роднай мовы!.. Толькі бацькі!.. Сам ён, бачыце, не можа яе а ні як след любіць, а ні вывучыць. Хоць і ганяў футбол на поплаве, побач з бібліятэкай, да васемнаццаці гадоў.

Хочацца іхняй усмешкі - як адзнакі росту.

 

* * *

 

Ацэньваючы таго ці іншага пісьменніка, мы сёння зусім не ўжываем слова «здольны», а замест «таленавіты» гаворым «надзвычай таленавіты», у чым як мне дык і чуецца штосьці накшталт «аж лішне таленавіты». Пакуль што зрэдку, але ўжо дабіраемся, пра жывых гаворачы, да акрэслення «геніяльны», нават «гігант» ды «тытан», прычым «сусветнага маштабу», не чакаючы, што скажа яго вялікасць Час... І вось, чытаючы проста таленавітую кнігу, хочацца выкарыстаць моднае ў моладзі слова «нармальна», сказаць: нармальна таленавіты пісьменнік.

 

* * *

 

«А еще я пою. Теперь же все поют...» Трапна, але і крыху збянтэжана гаворыць такое па тэлевізары сімпатычны юнак, адзін з пасрэдных універсалаў ад усіх відаў мастацтва.

Ад гэтага «все поют», улічваючы і большасць нашых бардаў ды бардзіхаў, бывае проста моташна - ад вякання нейкай рыфмоўкі, глухавата развязнага брынчання, захопленага, як ад козыту, павісквання, хрыпу ажно з утробным бульканнем...

Моладзь часамі пытаецца, ды яшчэ з праведна пераможным падкусваннем, што такое быў «ваш сацрэалізм». Можна адказаць і так.

Нам, калі і мы былі маладыя, убівалі ў галовы, утоптвалі ў душы перакананне, што найважней і перш за ўсё патрэбна ідэйнасць. І мы, хто як мог, таксама вякалі ды хрыпелі, толькі што на паперы, а не пад бедную гітару, - як тая большасць вельмі прыблізных «кампазітараў» ды «паэтаў» у адной асобе, у каго таксама перш за ўсё - ідэйнасць на свой лад, па іншай модзе.

 

* * *

 

Памятаю яго на шаснаццаць гадоў маладзейшым - светла, нават і з захапленнем яго таленавітасцю. І вось, пасля доўгага перапынку, надарылася магчымасць пабываць на яго радзіме, павітацца, сказаць яму штосьці заслужана добрае. І гавару гэта. А ён, заўважаю тым часам, грунтоўна п'яны. Сярод белага дня, на ўрачыстым шматлюддзі, а набраўся, як чоп, ледзь мяне бачыць і чуе...

Можа, і ў гэтага трэба шукаць глыбіннага апраўдання?

А можа, будзе дазволена калі не сказаць, дык падумаць: «Ну і пайшоў ты, хлопча, у хлеў»?..

 

* * *

 

Капуста-шаткаванка і паэма-рыфмаванка. Толькі ж не такая смачная ды спажыўная, як капуста. У паэзіі такой - абы зрыфмаваць, а ў іншай драматургіі - абы «здыялагізаваць», раскласці на шэрую, мляўкую гутарку.

Чытаеш, і ўспамінаюцца самадзейныя, няхай сабе і надрукаваныя, п'ескі ў колішняй Заходняй, аўтары якіх, ушчэнт заблытаўшыся ў сваёй бездапаможнасці, часта канчалі так: «Ну, а цяпер паскачам «Лявоніху»!» І скакалі на радасць публіцы, і ўсё цудоўна завяршалася.

І сёння некаторыя п'есы, з новага сяк-так пашытыя або пераліцаваныя з уласнай ці чужой прозы, хочацца закончыць парадай аўтару:

«Давай, можа, лепей паскачам «Лявоніху»?»

 

* * *

 

Механізатар на пенсіі. Інвалід вайны. Значна старэйшы за свае гады і п'янаваты. На другім годзе ўрадавай пастановы супраць п'янства.

Вяртаемся з санаторыя. І там я неаднойчы бачыў яго пад патаемнай чаркай, з нейкай нягеглай фанабэрыяй вышэйшасці. У нашым купэ яго знайшоў знаёмы па санаторыі, з другога вагона. Пагаварыць яны выйшлі на калідор. Адтуль, цераз прачыненыя дзверы, пачулася, як той знаёмы шаптаў інваліду, хто я. Вярнуўшыся ў купэ адзін, таварыш, крыху памаўчаўшы, спытаўся:

- А вы пісьменнік? Я і не ведаў.

Зноў памаўчаў, а тады, уздыхнуўшы:

- Дурная, браце, работа!

Адкуль ён ведае гэта, я не спытаўся. Аднак бывае, калі прыцісне, і падумаеш: а ці ж не праўда?..

 

* * *

 

Разгарнуў пад вечар таміну «Жизнь животных. Птицы», трапілася на жаваранка, пачаў чытаць пра яго, і стала так добра, журботна на душы.

Колькі ўсяго непазнанага, і не пазнаеш яго як след, пакуль прыйдзецца ўсё пакінуць...

 

* * *

 

Няўжо гэта конча трэба пасля сябе «пакінуць след» - у сэнсе славы нейкай, шырокай вядомасці? А калі проста жыць на радасць і пашану блізкім і трохі далейшым, з кім зводзіла жыццё?

І я такіх ведаў, і шчыра паважаў, і з удзячнасцю ўспамінаю.

 

* * *

 

Чаму я павінен маўчаць, адкладаць на далей свае думкі і пачуцці з нейкіх палітычных меркаванняў, як быццам вышэйшых за маё чалавечае права на свабоду, на адно толькі жыццё?..

 

* * *

 

Калі ты сам сябе - хоць і заслужана, і шчыра - у душы або ўголас называеш дурнем або гадам - гэта яшчэ не канчатковы прысуд. Недзе глыбей затоена перакананне, упэўненасць, што гэта не ўсё або не зусім яшчэ ўсё, што ёсць жа ў цябе, было і штосьці добрае, а застаецца - спрадвечна і назаўсёды - святое, дзіцячае: я больш так не буду.

«Все в табе, все в любве», - чытаў такое зноў жа ў Льва Мікалаевіча, вельмі ўжо даўно. Так проста і мудра гаварыў у яго хтосьці з вясковых сяброў, не памятаю ўжо, Бондараў ці Сютаеў. І словы тыя, з нейкім ці не беларускім налётам, успомніліся цяпер. Як вывад з горкіх пакутаў, гнілых сумненняў, дробнай, зласлівай зайздрасці, падазронасці, незадаволенасці, крыўды...

Усё ў табе, і гэтага ніхто не забярэ, калі яно будзе ў сіле.

 

1960-1992

 

Каментары

 

Друкуецца паводле выд.: «Пішу як жыву», Мн., 1994.

Упершыню - зб. «Пішу як жыву», Мн., 1994.

 

1. Смактуноўскі Інакенці Міхайлавіч (1925-1997) - народны артыст СССР.

2. Палтаран Вера Сямёнаўна (1919-1989) - беларускі празаік, нарысіст.

3. Герцовіч Якаў Бенцыянавіч (1910-1976) - беларускі крытык.

4. Мантэнь Мішэль дэ (1533-1592) - французскі філосаф-гуманіст.

5. Шаламаў Варлам - расейскі пісьменнік.

6. Ліхадзіеўскі Сцяпан Іванавіч (1911-1979) - беларускі паэт, перакладнік, крытык.




Крыніца: Янка Брыль. Выбраныя творы. Менск, МФ «Беллітфонд», 1999.

Беларуская Палічка: http://knihi.com