epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Брыль

Зорка на спражцы

Двор абгароджаны высачэзнымі сценамі трох дамоў. Для дарослых яны — проста пяціпавярховыя. А паспрабуйце зірнуць на іх знізу, ад саменькай зямлі!..

Для дарослых адкрыта дарога і ў той пад’езд, праз які выходзяць на адну вуліцу, і ў тыя вароты, праз якія сюды заходзяць з другой вуліцы машыны. А малым — ну, тым малым, што гуляюць ужо без бабулі ці мамы,— адным на вуліцу з двара выходзіць забаронена.

Праўда, і тут, на іхнім двары, вельмі многа цікавага. І гаражы, і дрэвы, і гурба пяску каля плота, і два сабакі: Лайка з чырвонага дома і Шарык — таго Алёшкі, што Гарыкаў старэйшы брат і называецца Другагоднік.

Ды што ж, калі час цяпер такі, што ўжо не лета, і ўжо не восень, і яшчэ не зіма. І ў пяску ўжо не пагуляеш, і лістоў, нават жоўтых, на дрэвах няма, і снег ніяк не ідзе.

А самае найгоршае... Не, гэта самае найлепшае!.. Словам — гэта музыка, што чуецца адтуль, дзе за высачэзнымі сценамі трох дамоў ёсць плошча і помнік, а на плошчы стаяць або ходзяць салдаты. Гэта — ваенны аркестр, і ён рыхтуецца да кастрычніцкага парада.

Добра таму, каго ўжо аднаго пускаюць і на вуліцу, і на плошчу! Ён там убачыць не толькі салдатаў у шэрых шынялях і шэрых вушанках, не толькі іх бліскучыя, галасістыя трубы. Калі над плошчай грымне радасны марш, дык на скверы з дрэў гулліва цярушыцца першы іней, а белы дзядок, што ледзь, здаецца, тэпае тратуарам, і той пачынае ў такт пастукваць кіёчкам.

Добра таму, хто ўжо вырас!

Зрэшты, вялікім лічыць сябе — прыемна кожнаму. Нават і хлопчык з чырвонага дома — у чорнай шубцы, з якой асабліва прыкметна выраслі яго тонкія ногі ў сініх абціслых штоніках, і рукі, што заўсёды без рукавіц,— нават і ён лічыць сябе вялікім. Так і гаворыць часта: «Калі я быў яшчэ малы...» А самому чацвёрты месяц на пяты год.

Асабліва зручна яму лічыць сябе дарослым побач з кругленькім трохгадовым жэўжыкам у цёплым паліто і з румянымі шчочкамі, што не ўмяшчаюцца ў цыгейкавай шапцы, калі яна завязана пад падбародкам.

Гэта сябры. Яны заўсёды разам.

Той дзядзя Толя, што Святланін тата і жыве ў адным пад’ездзе з Шарыкам, калі ідзе дахаты ці на вуліцу, заўсёды спыніцца каля іх і скажа меншаму:

— Здароў, Саша!

— Я не Сяся.

— А хто ж ты?

— Я Міся.

А большы, не чакаючы:

— Ён Міша, а я, дзядзя, Юрка.

— Ну? — здзіўляецца дзядзя Толя.— Харошыя вы хлопцы, калі аб’ектыўна сказаць. І абодва.

Яшчэ і руку падасць аднаму і другому. І такую вялізную, дужую, цёплую!..

На двор гэты, з трох дамоў, збіраецца, вядома, шмат і хлопчыкаў і дзяўчатак. Але сёння Юрка і Міша выйшлі чамусьці раней за ўсіх.

Па праву большага гульню і сёння прыдумаў Юрка.

— Ты будзеш кракадзілам,— сказаў ён Мішку.— Ты стань на ручкі і на ножкі і рабі роцікам так: хап! хап! гыр!.. А я буду цыклоп, як у кіно, і я буду на цябе нападаць...

Мішка згадзіўся. Але, стаўшы на карачкі, раптам уздумаў, што ён не кракадзіл, а конь... Нават заржаў тоненька — от дзівак!

Слова за слова, і дайшло да сваркі. А потым Юрка піхнуў Мішку, той упаў на жывот і заплакаў, а сам больш спалохаўся і — наўцёкі. Ды зачапіўся неяк і пляснуўся, не дабегшы да ганка. Рукі яшчэ нічога, пабаляць, ды ўсё, але калені — ох!.. Не толькі занылі, але і мокрыя... І што скажа мама, калі і ўчора яна сушыла яго порткі на радыятары, і ўчора, і пазаўчора сварылася! І Юрка заплакаў таксама.

За сценамі недзе грымяць вясёлыя трубы, а два дзівакі равуць дуэтам — адзін стоячы, а другі яшчэ ўсё на жываце.

Ды тут на ганку з’явіўся нейкі незнаёмы дзядзька.

— А гэта што за эпапея, га? — спытаўся ён гучна і грозна.

Малыя сціхлі і ўталопіліся на яго.

Мішка нават устаў.

Яны яшчэ не ведалі, што гэта дзядзька Лапша, водаправодчык, які працуе ў кацельнай на другім двары. Загуляўшыся, яны не заўважылі, як ён прайшоў па двары, спусціўся ў кацельную іхняга дома і выйшаў зноў на ганак. І ім няясна было, адкуль такі з’явіўся — злосны і чужы!..

А для дзядзькі Лапшы ўсё цяпер выглядала і ясна і проста. Ён толькі што выпіў. А не дабраўшы меры, замкнуў сваю «фабрыку» на завалу і прыйшоў сюды, да сябра і калегі, водаправодчыка Кіпеня. Пабалакаць думаў ці, можа, яшчэ што-небудзь... А тут і ў Кіпеня «фабрыка» на замку. Помпы толькі шумяць за дзвярыма. Сарвалася. А назад спяшацца няма чаго — можа хутка надыдзе?..

Дзядзька гэты толькі адразу напалохаў хлопчыкаў. А потым аказалася, што ён вельмі добры. І ручкі ім абцёр, і слёзы Мішку выцер кіпцем і гаворыць:

— У вас, браткі, без паўлітра не разбярэшся, хто вінаваты, а хто не. Ну, ты не плач... Які ж з цябе пасля гэтага можа быць кракадзіл? А музыка, хлопцы, якая! Чуеце? О!

Ён нават заспяваў, размахваючы рукою:

 

Вьется, вьется знамя полковое,

Командиры впереди.

Солдаты, в путь!..

 

— Хар-рошая музыка, хлопцы! У нас, на партызанскім парадзе,— сказаў ён, сядаючы на асфальце каля сцяны,— марш ігралі, праўда, не такі. Трам-та-ра-ра, трам-та-рам!.. Такая, браткі мае, эпапея!.. Вось вы пабіліся, засмэркаліся, і толькі. А ў нас бывала — не дай і не прывядзі! Ты ведаеш, адзін з другім, што такое блакада?

Юрась і Мішка стаялі побач, глядзелі на дзядзьку як зачараваныя. І маўчалі.

— Ды адкуль вам, браточкі, ведаць пра тую блакаду!.. А мы ляжым напрадвесні. У сорак трэцім. Балота, лес. Холад, голад. Навокал немцы. Грошай — ні капейкі... Цьфу!

Ён памаўчаў.

— Там яшчэ нічога,— пачаў пасля.— Адтуль мы вырваліся. Не ўсе, праўда... Але мне на той раз пашанцавала. Затое другі раз мяне джыганула сюды вось. О, так я ляжаў...

Дзядзька прылёг на сухім каля сцяны асфальце і паказаў:

— Ляжу. А потым толькі хацеў ірвануцца ў перабежку, толькі, шануючы вас, казённую частку падняў, а куля — дзык! А другая ў руку! А трэцяя вось тут, у грудзі! Рэшата! Эпапея! Вось, браткі, што такое фашысты і што такое вайна!..

Дзядзька як лёг, так і астаўся ляжаць на сухім. Толькі на бок павярнуўся. І галаву рукою падпёр.

— А цяпер,— сказаў ён,— музыка табе іграе, кроў маладая кіпіць, і хоць бы хны... Тры разы ўрадам адзначаны. А сам папсаваўся ўшчэнт... Драмануць, пакуль той Кіпень прыйдзе, ці што?.. Ну, маладыя людзі, прашу хвілін пятнаццаць цішыні...

Дзядзька заплюшчыў вочы.

Хлопчыкі пастаялі трохі, а потым Юрка, зусім-зусім забыўшыся пра сварку, узяў Мішку за руку, адвёў да плота і шапнуў малому ў самую шчаку:

— Ты тут стой і глядзі... На вось гэтую палку! І стой ды глядзі. А я хутка вярнуся...

А сам пабег у той пад’езд, што на вуліцу.

...Цёця Зоя Пятроўна, тая, што Юркава мама! На гэты раз не карайце вы свайго дзецюка, што ён забыўся на ўсе забароны і абяцанні і сам пайшоў на вуліцу!.. Зрэшты, трэба, вядома, і паўшчуваць, бо да мэты яго — ажно два скрыжаванні, дзе мноства машын. Толькі ж за смеласць, за чулае сэрца...

Юрка ідзе на плошчу, на голас салдацкіх труб.

Шчасліва перабраўшыся цераз адно скрыжаванне, ён пайшоў да другога. Дарослыя кажуць, што гэтай дарогі — адзін толькі квартал. А колькі ж тут цікавага! І магазін, дзе прадаюцца кніжкі, кубікі, каляровыя алоўкі. І дзіцячае кіно, дзе ён глядзеў учора з Анькай пра цыклопа і кракадзіла. І сквер з фантанам, дзе вясною зялёныя каменныя жабы зноў будуць пырскацца з рота вадою. А вунь, на рагу, улетку цёця прадае марожанае...

А хутка будзе другое скрыжаванне, за якім — салдаты.

Але тут...

Ох, так, не ўсё ў жыцці збываецца!..

На тратуары перад Юркам стаяў Святланін тата, дзядзя Толя.

— А ты, браток, куды? — спытаўся ён.— Куды ж гэта ты адзін?

— Там... фашысты дзядзю пакрыўдзілі... Дзядзя харошы, а яны яго кулямі пастралялі! І ён ляжыць...

— Дзе ляжыць? Што ты выдумаў?

— Я не выдумаў. Ён — партызан. Ён праганяў іх, а яны...

— Э, браток, нічога мы з табою тут... Пайшлі на месца злачынства. Вядзі!

Юрка згадзіўся. Калі яго ручка, азяблая без рукавіцы, апынулася ў дужай, цёплай руцэ дзядзі Толі, ён канчаткова адчуў, што справядлівасць хутка пераможа. І без салдат. Бо дзядзя Толя сам вялікі!..

Аднак на дварэ іх чакала поўнае расчараванне.

Дзядзькі таго ўжо не было.

І Мішка ўжо не стаяў каля плота, а ішоў сабе па сцежцы. Нават і без кіёчка.

— Ну? — спытаўся дзядзя Толя, пусціўшы Юркаву руку.— Як ты мне, браток, усё гэта растлумачыш? Дзе твой дзядзя і дзе фашысты?

Юрка стаяў разгублены.

А Мішка стаіць і ўсміхаецца.

— Што, румяны? — спытаўся ў яго дзядзя Толя.— Як жа ты, браце-салдаце, на варце стаяў? Дзе ж ты падзеў таго дзядзьку?

І Мішка расказаў:

— Пгысёў дгугі дзядзя... дзядзя з кацельні і зябгаў дзядзю... Дзядзі пайсі туды!

Ён паказаў рукавіцай на дзверы ў падвал іхняга дома.

— Усё ясна,— сказаў дзядзя Толя.— У Кіпеня госць. А ты тут, Юрка, трывогу ўзняў.

Ды Юрка ўжо адышоў ад разгубленасці.

— А фашысты ж дзядзю пакрыўдзілі!

— Ды гэта, браток, было ўжо даўно. І трэба думаць, што больш не паўторыцца.

— А дзядзя той харошы. Ён партызан! І ён герой!

— Ну, так ужо і герой?

— У яго, дзядзя Толя, зорка на спражцы! Во тут. І вялікая! І Мішка, дзядзя Толя, бачыў!

Дзядзя Толя дастаў з кішэні паліто папяросны карабок і запалкі.

Як гэта добра — быць вялікім!..

Пакуль ён вымаў з карабка папяросу, а потым запальваў запалку, прыкурваў, зацягваўся — за сценамі дома, далёка на плошчы, вясёлым маршам грымелі трубы, а тут за рухамі ягоных рук хадзілі дзве пары вочак. Цікаўных, зайздросных, захопленых!..

— Ну, арлы,— сказаў дзядзя Толя.— Як бы там ні было, а вы, беручы аб’ектыўна, таксама героі. Абараняць пакрыўджаных — гэта па-нашаму. Гуляйце далей. Нават — выходзіць — пад музыку. О, чуеце? Прывітанне!

А ён пайшоў і не ведае, дзядзя Толя, што Юрась і Мішка нават трохі пабіліся...

Ну, і няхай не ведае ніхто.

— Я больш не буду, Мішка, цыклопам,— сказаў старэйшы.— А ты не будзь кракадзілам. Дай мне ручку! Хадзем пад гараж — я табе нештачка пакажу...

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Брыль Янка. Ты жывеш. Апавяданні і мініяцюры. Мн., "Маст. літ", 1973. - с. 131-136
Крыніца: скан